ЖАНРЫ

Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса

Кэрролл Льюис

Шрифт:

– Здагадайся!- шпарка усклікнуў Аднарог.- Ты нават не ўяўляеш... Я і сам не зразумеў!

– Ну не ведаю,- адказаў ён, стомлена гледзячы на Алісу і пазіхаючы пасля кожнага слова,- Мо жывёла... мо гародніна... мо мінерал?

– Ані, гэта казачная пачвара!- закрычаў Аднарог, перш чым Аліса паспела штось вымавіць.

– Раздай нам пірага, Пачвара,- прамовіў Леў, кладучы галаву на лапы.- А вы сядайце,- звярнуся ён да Караля з Аднарогам,- пакуль істота возіцца з пірагом.

Каралю, пэўна было не надта лагодна сядзець паміж двума пачварамі, але іншага месца не было.

– А якая б зараз магла атрымацца выдатная бойка за карону?!- прамовіў Аднарог, гледзячы на сымвал каралеўскай улады, якая ледзьве трымалася ў таго на галаве, бо Караля ад сполаху прабралі дрыжыкі.

– Я б лёгка цябе перамог,- заўважыў Леў.

– Гэта яшчэ, хто каго,- не згадзіўся Аднарог.

– Я ганяў цябе сёння па ўсім горадзе, як тое кураня,- сувора заўважыў Леў, прыпадымаючыся.

Кароль зараз жа перарваў нанова пачынаючуюся спрэчку. Ад нервавання яго голас дрыжаў.

– Па ўсім горадзе, кажаш,- прамовіў ён.- Гэта ж надта вялікая адлегласць. Вы беглі па Старому Масту, ці праз Кірмаш? З моста такі файны краявід...

– Не памятаю,- гыркнуў Леў і зноў лёг на зямлю.- Там было запыльна, каб штось разгледзіць. Нешта Пачвара доўга возіцца з пірагом!

Аліса сядзела на беразе невялічкага ручая, трымаючы талерку на каленях і старанна рэзала пірог.

– Нічога не разумею,- адказала яна Льву (дзяўчынка ўжо прызвычалася да таго, што ён кліча яе Пачварай).- Я рэзала яго колькі разоў, але ж ён зрастаецца наноў!

– Ты папросту не ўмееш упраўляцца з Люстранымі Пірагамі,- заўважыў Аднарог.- Спачатку трэба раздаць яго, а потым ўжо і рэзаць.

Гэта гучала, як поўная лухта, тым не менш Аліса паднялася і панесла пірог па коле. Як толькі яна гэта зрабіла, пірог адразу ж раздзяліўся на тры кавалкі. Калі яна адышла ад іх, Леў сказаў, што цяпер яна можа яго рэзаць.

– Няветліва!- ускрычаў Аднарог, калі Аліса узяла нож у рукі і азадачана рэзала пустую талерку.- Пачвара дала Льву ўдвая большы кавала, чым мне!

– Але ж яна не ўзяла анікавалка сабе,- заўважыў Леў.- Ці ж ты не любіш пірагі, Пачвара?

Але перш чым дзяўчынка штось адказала, пачуўся грукат барабанаў.

Адкуль даносіўся гук, яна не разумела, здавалася грукатала само паветра. Праз колькі часу Алісе здалося, што яна аглохла. Яна паднялася на ногі і напалохана перапрыгнула праз ручай...

Яна яшчэ бачыла, як Леў з Аднарогам падняліся на ногі, раззлаваныя тым, што перарвалі іх вячэру. Перш чым прызямліцца, яна заціснула вушы, каб супыніць жахлівы грукат, што разносіўся па наваколлі.

– Калі гэта не пагоніць іх з гораду,- казала яна сабе,- яны давеку яго не пакінуць!

Раздзел VIII

Гэта - мая ўласная вынаходка

Праз колькі часу грукат паступова пачаў сціхаць, пакуль не надыйшла мёртвая цішыня. Аліса напалохана падняла галаву. Яна не заўважыла анічога і спачатку вырашыла, што прысніла, і Льва, і Аднарога, і Лістаношаў... Але тут яна заўважыла талерку, на якой быў слодыч і нож.

– Тады ўсё адбылося насамрэч,- вырашыла яна,- калі... калі гэта толькі не працяг сну. І я спадзяюся, што сон мой, а не Чорнага Караля! Мне не да спадобы быць часткай нечага сну,- а потым тужліва прамовіла,- Як жа ж мне хочацца пайсці і разбудзіць яго, каб паглядзець што атрымаецца?

Раптам, яе разважанні перарваў чыйсьці крык:

– Гэй! Супыніся! Шах!- з гэтымі словамі, трымаючы па-над галавою вялізную булаву, на паляну выскачыў Вершнік, апрануты ў бліскуча-чорны панцыр. Калі яго конь дасягнуў Алісы, ён спыніўся, і Вершнік кульнуўся на зямлю з крыкам,- Цяпер ты мая... нявольніца!

Дзяўчынка напалохана адскочыла, хаця спалохалася яна хутчэй за Вершніка, чым за сябе. Таму яна ўважліва сачыла, як той зноў падымаецца вершкі. Уладкаваўшыся, ён пачаў зноў:

– Цяпер ты ма...

– Гэй на кані! Шах!- супыніў яго нечый крык , Аліса здзіўлена азірнулася, каб убачыць новага супраціўніка!

На паляну выскачыў Белы Вершнік. Ён пад’ехаў да дзяўчынцы, спыніўся і кульнуўся з каня, як хвіліну таму Чорны. Потым падняўся вершкі і глянуў на супраціўніка. Нейкі час абодва Вершніка сядзелі на канях і моўчкі глядзелі адно на аднаго, а Аліса здзіўлена назірала за абодвума.

Каб ты ведаў, яна мая нявольніца!- урэшце вымавіў Чорны.

– Так, але ж я прыскочыў і ўратаваў яе!- адказаў Белы.

– Выдатна! Тады трэба распачаць бойку!- сказаў Чорны Вершнік, апранаючы на галаву шлем, што вісеў з боку сядла і сваім выглядам нагадваў канячую галаву.

– Зразумела, спадзяюся вы ведаеце Правілы Змагання!- адказаў яму супраціўнік, таксама апранаючы шлем.

– Лепш за ўсіх! І да таго заўжды іх саблюдаю,- заявіў Чорны. Яны пачалі лупіць булаву аб булаву так шалёна, што Аліса была вымушаная схавацца за дрэвам, каб па ёй не патрапілі.

– Цікава, а якія ў іх правілы змагання?- падумала яна, калі назірала за Вершнікамі, баязліва выглядаючы са свайго сховішча.- Першае, пэўна: “Калі адзін Вершнік трапляе па другому, яны адодва абавязаны кульнуцца на зямлю. Другое: “Булаву трэба трымаць абедзвюма рукамі, як гэта робяць батлеечныя лялькі”... Які ж грукат стаіць, калі яны куляюцца! Быццам ад колькі камінных прыладаў, якія адначасова кінулі аб жалезныя краты! А якія ж у іх паслухмяныя коні, нібы драўляныя! Вершнікі столькі разоў куляюцца і забіраюцца на іх наноў, што анікожны жывы б вытрымаў!

Яшчэ адным Правілам Змагання, якое Аліса заўважыла, было падаць выключна на галаву і бойка ўрэшце скончылася тым, што абодвы гэткім чынам і зваліліся, кожны ў свой бок. Калі яны падняліся наноў, яны паціснулі адзін аднаму рукі, Чорны Вершнік забраўся на каня і ад’ехаў.

– Гэта была найвыдатнейшая перамога!- заявіў Белы Вершнік, запыхаўшыся падыходзячы да дзяўчынкі.

– Я не ведаю!- сумняваючыся прамовіла тая.- Але ж мне не хацелася быць чыёйсьці нявольніцай. Я хачу быць Каралеваю!

– Будзеш, калі перасячэш апошні ручай,- адказаў Вершнік.- А я буду абараняць цябе на тваім шляху праз лес... а потым я павінен вярнуцца назад. Гэта і ёсць мой ход!

– Вельмі ўдзячная!- сказала Аліса.- Ці не дапамагчы Вам зняць шлем?- Ён быў такі вялізны, што Вершнік сам-насам з ім бы не зладзіў. Толькі разам яны змаглі ўправіцца.

– Цяпер дыхаць будзе значна лягчэй,- прамовіў Вершнік, папраўляючы сваю кудлатую фрэзуру абедзвюма рукамі і гледзячы на Алісу сваімі вялікімі лагоднымі вачыма на ціхім твары. Дзяўчынка вырашыла, што аніколі ў жыцці яна не бачыла гэтак дзівосна выглядаючага ваяра.

Поделиться с друзьями: