Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса
Шрифт:
Пачалася доўгая паўза.
– І гэта ўсё?- баязліва спыталася дзяўчынка.
– Так. Гэта ўсё!- адказаў Ханьці-Данці.- Бывай!
Гэта прагучала настолькі нечакана, што спачатку Аліса разгубілася, але вырашыла, што ёй падобным чынам паказваюць, што болей не жадаюць яе бачыць, і заставацца тут далей не надта шляхетна. Таму паднялася і працягнула яму руку.
– Да хуткай сустрэчы!- як мага больш вясёлым тонам прамовіла яна.
– Нават калі мы сустрэнемся зноў, не ўпэўнены, што пазнаю цябе,- незадаволена адказаў Ханьці, працягваючы дзяўчынцы толькі адзін палец,- вы людзі так падобныя адно да аднаго.
– Але ж твары ў нас розныя.- задумліва прамовіла Аліса.
– Не кажы ерунды,- адказаў ён.- Усе вашы твары выглядаюць заўжды аднолькава - два вока (ён намаляваў іх у паветры пальцам), пасярэдзіне нос, а пад ім рот. Заўсёды адно і тое ж. Але, калі б у цябе абодвы вокі былі з аднаго боку ад носа, альбо рот на ілбе... пазнаць цябе было б даволі лёгка.
– Гэта выглядала б даволі брыдка,- заўважыла дзяўчынка. Але Ханьці-Данці толькі заплюшчыў вочы і спытаў:
– А хіба ж ты спрабавала?
Аліса крыху пастаяла, каб упэўніцца, што з ёй больш не размаўляюць. Але паколькі вочы Ханьці больш не расплюшчваліся, і здавалася, што ён забыўся аб дзяўчынцы, яна яшчэ раз развіталася і, не атрымаўшы аніякага адказу, спакойна пайшла прэч, разважаючы сам-насам:
– Ён самы непрыемнейшы!- Аліса сказала гэта громка, адчуваючы задавальненне ад таго, што ужывае гэткае доўгае слова,- самы брыдотнейшы з тых, каго я колісь сустракала...
Яна не паспела скончыць сваю думку, паколькі адчула ў лесе мацнейшы гук нечага падзення.
Раздзел VII
Леў і Аднарог
Праз імгненне Аліса ўбачыла, што лес пачаў запаўняцца салдатамі: спачатку прабег адзін, потым два, тры, а потым дзесяць, а то і дваццаць адначасова. Урэшце рэшт яны пабеглі па лесе цэлымі батальёнамі. Дзяўчынцы, нават, прыйшлося схавацца за дрэва, каб яе не затапталі, і ўжо адтуль назіраць за тым, што робіцца.
Ніколі ў жыцці яна не бачыла салдат, якія б так блага трымаліся на нагах: яны увесь час куляліся, і як толькі падаў адзін, аб яго спатыкаліся яшчэ колькі. Таму ў лесе сям-там ладзілася куча мала, толькі замест малых, у ёй ўдзельнічалі дарослыя мужчыны.
А за імі следам з’явіліся вершнікі. Іх коні мелі чатыры нагі і былі больш устойлівыя за тых, хто рухаўся пехам, але ж і яны спатыкаліся ад часу і здавалася, што асноўным правілам для вершікаў было, адразу ж перакуліцца з каня на зямлю. З кожай хвілінаю становішча згоршвалася ўсё мацней, таму Аліса ўздыхнула з палёгкай, калі нарэшце выбралася з лесу. Тут яна ўбачыла Белага Караля, які сядзеў на зямлі і штосьці пісаў у сваім блакноце.
– Я адаслаў усіх да шчэнту!- захоплена ўсклікнуў ён, убачыўшы дзяўчынку.- Ты, напэўна сустрэла салдат, мая даражэнькая, калі выходзіла з лесу?
– Так,- адказала яна,- іх там напэўна колькі тысячаў!
– Чатыры тысячы дзвесці сем, калі быць дакладным,- прамовіў Кароль, паглядзеўшы ў свой блакнот.- Я не змог даслаць ўсіх вершнікаў, бо два павінны ўдзельнічаць у гульне. А таксама не дасылаў двух сваіх лістаношаў, паколькі абодва зараз у горадзе. Паглядзі, калі ласка, на дарогу і адкажы, ці ты бачыш там каго?
– Нікога,- адказала Аліса.
– А, каб мне гэткія вочы,- з тугою заўважыў Кароль.- Пабачыць Нікога! На гэткай адлегласці! Пры гэткім асвятленні, я з цяжкасцю бачу і тых, хто паблізу.
Увесь гэты час дзяўчынка стаяла і глядзела на дарогу, прытуліўшы далонь да ілбу.
– А вось зараз я кагосьці бачу!- усклікнула яна.- але ж ён набліжаецца даволі павольна... і неяк дзіўна! (Ён рухаўся скокамі і пры гэтам выкручваўся як той вугор, да таго ж раскінуўшы свае вялізныя рукі, нібы два вееры.)
– Не звяртай увагі!- сказаў Кароль.- Ён жа ж Англа-Саксонскі Лістанош... з усімі іхнымі закідонамі. Асабліва, калі ён зашчаслівы. Яго клічуць Зайча.
– Майго каханага клічуць на літару “З”,- не устрымалася Аліса,- Мне да спадобы, калі ён Зашчаслівы. Мне блага, калі ён Зафанабэрысты. Я частую яго... Зразамі і Зёлкамі. Яго клічуць Зайча, а жыве ён...
– Ён жыве За лесам,- дадаў Кароль, нібы так і трэба, хаця ён не прымаў ўдзелу ў гульне, напэўна ён стаміўся чакаць пакуль дзяўчынка прыпомніць назву якойсь мясцовасці на “З”.- А іншага майго лістаноша клічуць Капялюша. Я маю двух: адзін нясе лісты туды, а іншы адтуль.
– Прабачце,- сказала дзяўчынка.
– Навошта? Ты яшчэ нічога не зрабіла!- заўважыў Белы Кароль.
– Я толькі хацела сказаць, што не зразумела,- патлумачыла яна.- навошта адзін нясе лісты туды, а другі адтуль?
– А што тут не зразумелага,- шпарка адказаў Кароль.- Іх усё роўна два... дзеля адпраўкі лістоў і дзеля іх атрымання. Вось так вось: адзін нясе, другі прыносіць паштоўкі.
У той жа момант аб’явіўся лістанош. Ён настолькі запыхаўся, што не мог вымавіць аніслова, таму толькі шпарка махаў рукамі і крывіў морды перапалоханаму Каралю.
– Ты вельмі спадабаўся гэтай юнай асобе, таму што тваё імя пачынаецца з літары “З”,- сказаў валадар, звяртаючы ўвагу Лістаноша на Алісу, каб адцягнуць яе ад сябе, але выніку гэта не прынесла. Яго англасаксонскія закідоны рабіліся яшчэ больш дзівоснымі з кожным імгненнем, а вочы пашырыліся і дзіка бегалі з боку ў бок.
– Ты палохаеш мяне!- заявіў Кароль.- Мне з цябе моташна... Лепш дай мне зразаў!
Лістанош, вельмі пры гэтам здзівіўшы Алісу, адчыніў сваю паштовую торбу і выцягнуў з яе талерку са зразамі, якая яшчэ дымілася, і падаў яе свайму валадару, які ў імгнененне ўсё пад’еў.
– Дай яшчэ!- запатрабаваў той.
– Засталіся толькі зёлкі,- адказаў Лістанош, заглядваючы ў торбу.
– Ну тады давай зёлкі,- прамармытаў Белы Кароль слабым шэптам.
На вачах у Алісы да яго вярнуліся былыя сілы.
– Лепшы сродак дзеля вяртання сілаў, гэта менавіта зёлкі,- заўважыў Кароль дзяўчынцы, яшчэ працягваючы жаваць.
– Лічу, што ад пырскання на вас вадой,- не згадзілася з ім Аліса,- ці карыстання нюхацельнай соллю, было б больш карысці!
– Я і не казаў, што зёлкі самы карысны сродак,- адказаў той.- я казаў, што ён лепшы!
Тут ужо дзяўчынцы няма было чым запярэчыць.
– Ты бачыў каго, пакуль ішоў?- спытаўся Кароль, бяручы з рук Лістаноша яшчэ зёлак.