Руны Перуновы
Шрифт:
ЗЯЗЮЛЕНЬКА БАРАВАЯ
МАЛІТВА МАТЧЫНА Гаючыя словы малітвы Матчынай, Якія Ён шаптаў перад сном, Ісус паўтараў на крыжы, Як на няўлоўнай мяжы, Між чорнай ноччу і белым днём, Світаннем святое крыві пазначанай. І ў кожным з нас нерастрачанай спадчынай Жывуць, ратуючы нашыя дні, Вяртаючы душы да вышыні, Балючыя словы малітвы матчынай. ЧАКАЕ… За мной цікавалі і грэх, і брэх. Сяброў і дарог мне было ўсё мала. Сябе даганяў я, Спазняўся, бег. А мама мяне чакала. Мой сум саладзее, Гарчэе смех. Сяброў забірае дарога глухая. Сябе не дагнаў я, Прыстаў мой спех. А мама мяне чакае… ДАЎНЯЕ Луг вывернуў кажух Сушыць пасля дажджу. Апала неба хмаркай ускалмачанай. Даўно яно было, а я дасюль гляджу На свет Праз прызбу Хаты матчынай. ПАКЛОН Б’ю чалом вам Да самае чорнай зямлі, Спаконвечныя дрэвы, Бо зялёнымі вуснамі моліцеся, Слязамі жоўтымі плачаце, Перазяблымі кстамі жагнаецеся Над самотнай магілай Мамы… ВЕДЫ Малапісьменная Паводле дадзеных глухіх анкет, Мама смела Ведала свет. Дзіўлюся рознабаковасці ведаў Маці — Ведала, што да чаго На небе, У лузе, У хаце. Ведала тэалогію — На памяць малітвы шаптала: Абнясі, Божа, тынам Ад зямлі да неба, Сахрані мяне, Божа, Адныні давеку. Ведала астраномію — Па зорках дарогу шукала, Калі пад страхой нябеснай Перапёлкаю начавала. Ведала аграномію — Што сеяць, Калі і дзе. Ведала магію светлую — Як словам дапамагчы бядзе. Была і ўрачом дзіцячым, І цвёрдым на руку ветэрынарам — Цялят прымала, Карову гарэлкай грэла, Сына — адварам, Ведала замовы Ад вока злога, Ведала, Як нешта зварыць з нічога. Калі ў печы ўсе дагарала, Кацёл дакарала: Чорт бы на цябе гаварыў, Каб ты варыў Заўсягды, Як на Дзяды! Была філолагам З выключным слыхам — Умела дзяліцца радасцю кволаю, Цвяліцца з ліхам. Умела ладзіць з ялінай калючай, Са спёкай, з золлю. Словы лушчыла, Як у прыпол фасолю: Новае сітца, Пакуль навісіцца, А як навісіцца, Дык і пад лаўкай наляжыцца. Ведала міфалогію Паганскае даўніны, Старых святых, а ўсе яны, Як і суседзі, Малацілі і веялі Зярняты спагады, надзеі, Заклапочаныя, ды не хмурыя Міколы ды Юр'і, Варвары ды Аўдакеі. Хоць да Міколы Ні зімы, ні лета ніколі. Нішто, што Варвары Начы ўварвалі. Праўда, маме Шмат чаго не ставала: Спаць не магла да святла, На шарэнніку ўставала. П'янела ад лебяды, ад кропу. Яшчэ заблытвала Прагноз гараскопу: Застаўшыся з вайны ўдавою, І жаўранкам была, І савою. Калі і еменкай і семенкай — Паранка, Устанеш раней за жаўранка. Не раскруціўшы турботаў сувоі, І ўдзень паляціш бяссоннай савою. Яшчэ не ўмела ў горы хіліцца, Яшчэ не ўмела Маці хваліцца. Так і не спасцігла Цяжкой навукі — Стаяць рукі ў бокі, Сядзець склаўшы рукі. Пакуль рукі ей не сашчапіла, Пакуль адпачыць не ўзяла магіла. Гэта і ў сшытку неба Занатавана зорамі,— Каб чытаў я да скону ў сораме, Што не ведаю нічога без мамы, Што без мамы Я — непісьменны самы! МЫ ЎСЕ Мы ўсе жывем пад зоркамі матуль. І гэты свет Сагрэлі нам матулі. Сны нашы – Дабравеснікі адтуль, Дзе злыбяду матулі прыгарнулі, Прыспалі, Каб не кратала сыноў Пасланніца эпохі лесуноў. У неба зорнае зірні ўначы, Дык гэта ж – ніва, На якой матулі, Рупліва жыта цёмнае жнучы, Абначавалі, Прысмерку не ўчулі. Вязалі долі нашае снапы, А кожны сноп на зерне не скупы. Мы позіркам чыім На свет глядзім? Хто ясніць нашай роспачы аблокі? Пад зоркамі матуль Нам відна ўсім. Свет без сузор’я роднага бязвокі. Зямное мітусні пусты хатуль Напоўнім чым Пад зоркамі матуль? ДА ЎСХОДУ СОНЦА На хутары Верасовачка У Чысты Чэцвер Мама мяне будзіла Памыцца бягучай вадой з крыніцы, Што шчабятала ў валуна за спіной. Памыцца, каб змыць Пыл яшчэ негусты наіўных грахоў. А за пагоркамі згорбленымі У Ваўчэнскім возеры, З якога ўцякала З уначэлай вадою рэчка Крывуха, Дзяцей сваіх купаў пан груган, Каб іхная чарната блішчэла. На Святое Вялічка да ўсходу сонца Твар абмыць і прасырыць вочы Стаяла з вадою міса, А ў вадзе ляжала яечка чырвонае, Каб, як сонейка, аблічча свяцілася. Да ўсходу сонца памыцца, Каб з сонцам разам Клапаціцца ўвесь белы дзень Не толькі з чыстай душою… НА СЁМУХУ На Сёмуху мама на свет прыйшла, На ўгодную Богу Тройцу. Свет даў у пасаг Маме локаць святла, І лёс падшукаў закройцу. Закройца глянуў: Дый на хвартух Пасагу ўсяго не хапае. З-пад шустрых нажніцаў Ластавак-шчабятух Хусцінка выйшла скупая. Хусцінка, выкраеная са святла, І грэла, й свяціла ў змроку. Да Сёмухі з ёй гаспадыня пайшла, Каб выцерці вочы Прароку… ШТО ЗАБЛУКАЛА… Уранні мама кажа мне: – Сынок падласенькі ў Лысоні Знайшоўся… Бачыцца спрасоння Цень круталобы на сцяне. Было, здаецца, гэта сёння – Снег і малодзіва, На дне Мядзянай конаўкі ільдзінкі, І смех каляднае сцяжынкі, Што заблукала ў снежыне…... БОЖАНЬКА – Божанька! – Мама на вуснах сваіх Кунежыла ймя святое. Божанька бачыўся мне То шчодрым сяўцом З лазовай сявенькай, То хадаком сівенькім У белай даўгой кашулі, Падперазанай нетутэйшай пашанай Паясом з кутасамі. Ні гарачай жарствы, Ні травы разучай Не баяліся ногі босыя. У руцэ хадака наўяў Як не спяваў відушчы посах, Вядома, з вушацкай ляшчыніны. І перад посахам і хадаком Свет увесь быў расчынены. А змрок Дрыжэў пад нябачным замком, Як зарок… * * * – Відаць, я з лёдам разам пайду, – Адчула мама адлегу. І праганяла песняй бяду, І сум, як малога, пялегавала. Яшчэ далёка было да дня, І лёду было багата. І песня была Пра зару й каня, Пра свата была, Пра свята. Завея згубіла ў полі ймя, Падкова здрадзіла полазу. …Гарыць зара без полымя, І плача конь без голасу… Поделиться с друзьями: