Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— Не трэба, пані,— падняў галаву, сам каўтнуў сліну стары немец, — вам самім няма чаго, не тое што нам яшчэ… Нас жа кормяць у лагеры, мы ўжо цёплай вады з травою напіліся б ды пагрэліся б. I на тым дзякуй вам вялікае…

— Пасёрбайце, — сказала маці.

— I ў вас, пані, i ў людзей вашых добрае сэрца… — прамовіў стары, беручы ў рукі міску i бульбіны. — Ён, малы, яшчэ не бачыў гэтага, як не бачаць i каторыя старэйшыя, кажуць, што цяпер нам помсціць будуць…

— Вы гаворыце пра нашу пом сту ды злосць… — азваўся бацька. — Каб вы прыйшлі не з вінтоўкамі, не біць ды паліць нас, a прыйшлі ў госці, па-добраму, дык мы б вас i пакармілі i напаілі б… I песні разам паспявалі б. А так — якая нам радасць ад вас? Гора ды бяда толькі…

— Так, пан, так, — са згодаю заківаў галавою стары, перавярнуў на трубе анучы, якія пачалі падгараць.

У хаце запахла гарэлаю адзежынаю. Даўка было i ад жалезнай трубы, што пахла не па-цаглянаму мякка i ўтульна, як пліта, а дыхала па-свойму — суха i дзярката. Трубу гэтую маці штотыдня бяліла мелам, але бель адразу, як толькі труба награвалася, рудзела, а праз дзень-другі i адвальвалася.

— Можна, пані, я вазьму самавар? — стары аддаў міску i бульбіны падлетку, а сам злез з печы.

— Бярыце, — адказала маці.

— Дзякую, — прамовіў ён i босы пайшоў па халоднай гліне да парогa, наліў з вядра ў «самавар» — невялікі пусты снарадны патрон — вады i паставіў яго, адкінуўшы ўбок верхні маленькі кружочак, на пліту, зноў палез на печ.

У гэтым «самавары» грэла сабе гарбату i маці. Гарбата гэтая, праўда, вельмі доўга пахла жалезам i порахам, але цяпер «самавар» добра абварыўся i больш пе гаркавіў вады.

Калі вада закіпела, стары ўзяў з кішэні свайго шыняля загорнуты ў сінюю анучку скрутачак, разгарнуў яго. У ім была нейкая сухая рыжая трава. Ён адарваў ад пучка пекалькі лапак, разламаў ix i апусціў у вар. Тады дастаў з кішэні пінжака-мундзіра маленькую шкляную бутэльку, заткнутую гумовым коркам, адкаркаваў яе i высыпаў на далопь белых «пігулак» — сахарыну.

Стары трымаў сахарын на далоні i чакаў, пакуль высербае саладуху малады i калі настоіцца навар. Малады немец трымаў у руках міску, бульбіны, еў i стараўся не выпусціць з лыжкі ніводнай кропелькі. Калі нёс лыжку да рота, дык пад яе падстаўляў далонь i кропельку, што падала на яе, адразу ж злізваў.

Казік ужо здаволіўся, стаміўся сёрбаць, хоць i адчуваў, што не вельмі прагнаў голад. Поўны жывот, бурчыць у ім, але есці ўсё роўна хочацца.

Пачакаўшы, калі вада ў «самавары» пачала бурачковіцца, стары адліў з яго настою ў кубак, укінуў сахарыну, размяшаў лыжачкаю. Заплюшчваў вочы, бо кубак пёк рукі, а вада — рот, але піў маленькімі глыткамі, гучна, на ўсю хату, сёрбаючы.

— Сахарын блага на вочы, — гаварыў ён, — але гарачае надта добра для здароўя. I трава гэтая, маліннік, добра. У вас надта многа ўсякіх ягад ды траў, грыбоў. У вас усяго многа, вы надта багатыя на ўсё — на лес, на ваду, на сена, на поле… Толькі мір вам трэба, рукі ды машыны… Некалі вы будзеце добра жыць…

Малады немец, апаражніўшы амаль усю міску, толькі тады прыпыніўся сёрбаць, падсунуў яе старому, падаў яму паўбульбіны.

— Еш сам, хлопец, — махнуў той рукою, — табе трэба расці, дык i есці трэба болей. А я стары… Дзякуй во добрым людзям… — далей ён, павярнуўшыся да маладога, пачаў гаварыць нешта па-свойму — малады пазіраў на яго, услухоўваўся.

Казіку i бацьку маці наліла гарбаты, настоенай з сушаных чарніц: яна заўсёды, калі ядуць саладуху, робіць навар з чорных ягад — каб не балеў жывот. Казік i бацька пачалі сёрбаць гарачую чарнаватую, зусім не салодкую ваду, a маці паставіла на падаконнік астуджвацца свой кубак i ўзялася выціраць стол.

Падлетак слухаў ды слухаў старога, а пасля хутка злез з печы, з сорамам падышоў да маці, злавіў яе правую мокрую руку i прыпаў да яе вуснамі.

— Данкэ шэн, гнэдыгэ фраў…— прашаптаў ён, пазіраў на маці з вялікаю падзякаю, як яна ўсё роўна выратавала яго ад смерці.— Данкэ шэн!.. [12]

12

Шчыра дзякую, ласкавая пані.. Вялікае дзякуй! (ням.)

— Не трэба так… — засаромелася, аж успыхнула чырванню маці i выхапіла руку, схавала яе за спіну. — Не трэба…

Падлетак збянтэжыўся, вярнуўся на печ, да старога, які адліў з «самавара» яшчэ вады, падсаладзіў, пачаў піць. Стары яшчэ нешта доўга па-свойму гаварыў маладому, той з увагаго слухаў i пазіраў на Казіка i на яго бацьку. I сёння, здаецца, нічога не было ў гэтым позірку спалоханага i дзікаватага, а ён, гэты позірк, выдаваў звычайным дзіцячым позіркам.

…На дварэ, падняўшыся над лесам, бліснула вялікае чырванаватае сонца, ружова i калюча засвяціла ў аброслыя намараззю вокны, i ад яго святла відаць было, як плыве па хаце дробненькі залацісты пыл, кратаецца цёплае паветра ля пліты. Гэтае позняе сакавіцкае сонца было яшчэ халоднае, бо рана было яму яшчэ быць цёплым за доўгую сцюдзёную зіму, не грэла праз цёмныя шыбы, праз стылае, астуджанае паветра, але раз паказалася, адчулася, дык пара ішла да цяпла…

1974–1977

Дарога

1

Палуднёвая пара.

Ліпеньскае сонца — не круглае ды маленечкае, як у звычайны цёплы дзень, a нібы расплаўленае, разлітае шырокім кругам — вісіць сама высока на пабялелым, амаль без блакіту небе. Гарачынёю дыхаюць зямля, каменні, нібы пераліваецца-мітусіцца блакітнае паветра; ад спякоты, здаецца, агнём гараць голыя плечы, на лобе буйнымі кроплямі выступіў пот. Ён цячэ струменьчыкамі па шчоках, трапляе на вусны — i ў перасохлым роце робіцца солана.

Я, абуты ў цяжкія ялавыя, з белымі жалезнымі заклёпкамі чаравікі, у выцягнутых на каленях картовых штанах, пад поясам якіх вільготна ад поту, у газетным капелюшы, ужо каторую пару — з раніцы, калі было яшчэ свежа i халаднавата ад расы, — дубасіў сырой тоўстай мятровай калодкай па каменнях, забіваў ix у цвёрды грунт. Тыя каменні, што я ўжо ўбіў, здаецца, лезлі ў зямлю з ахвотаю, але вось гэты — тоўсты, пляскаты — ніяк не лезе, толькі ўціскае, моршчыць пад сабою тугі пясок. Ад працы гараць, пацеюць у рукаўках далоні, ныюць локці i плечы, агортвае стома, i я, спадзеючыся на кароценькі адпачынак, зірнуў на другога трамбоўшчыка, на свайго аднавяскоўца Антона, старэйшага на гады тры, ніжэйшага, але болей плячыстага: ён, як i гадзіну-дзве назад, усё гэтак, здаецца, ціха i без спеху таўчэ i таўчэ ўсё новыя i новыя каменні, аж калоцяцца мускулы рук, i не думае адпачываць. Хоць стаміўся i ён: цячэ вунь ручайком з лоба пот, збіраецца на доўгім носе i падае кропелькамі долу, але Антон не спыняецца, усё трамбуе, калі-нікалі паварочвае галаву то да аднаго, то да другога плечука i выцірае аб ix пот з носа.

Я нарэшце пе вытрываў, не збаяўся, што з мяне, такога рабочага, пасмяюцца маладыя языкастыя дзяўчаты — яны падносілі нам з крушняў каменне. Я прыпыніўся, абапёрся грудзінай па калодку i прыбітую да яе зверху круглую невялікую, на паўметра, палку-ручку, за канцы якой я абедзвюма рукамі паднімаў i апускаў дасюль калодку, аддыхваўся, чуючы, як сохне, моршчыцца ад сонечнай гарачыні спіна, як торгае кроў у скронях,

Падышлі дзяўчаты — у выцвілых сініх трыко-штанах i ў кедах, у выпаленых сонцам белых станіках i хустках, — прынеслі перад сабою на апушчаных руках каменне. Здаецца, нават не зірнулі на мяне, прамаўчалі. Відаць, гэтаксама стаміліся. Моўчкі кінулі ля нас каменне i адышліся.

Я павярнуў грудзінай калодку, сам павярнуўся i ca стомаю паглядзеў на прымлелы наш, янкоўскі, лес, на новую, у вёрст пяць, дарогу. Яе мы брукуем ад Дзераўной замест старой, выбоіністай, мясцінамі вельмі пясчанай, сыпкай улетку, мокрай ды гразістай увосень. Глядзеў, бачыў i чуў непадалёку нашу дарожную тэхніку: з бліскучымі вальцамі цяжкія каткі, што поўзалі па дарозе то ўперад, то назад i ўціскалі пясок, за каткамі гудзеў грэйдэр, што адвалам распіхваў кучы пяску, засыпаў яміны, раўняў дарогу, i далёка ўперадзе, ля самага лесу, там, дзе надта пералівалася-мітусілася паветра, кратаўся скрэпер — зразаў грунт на пагорках. Ад мройлівага паветра ні вадзіцеля самага далёкага адсюль скрэпера, Васіля, ні брыгадзіра, дзядзькі Стася — самага сталага чалавека нашай маладой брыгады, — не было відаць, як i зусім не відаць за імі i акоранай сасновай жэрдкі праз усю дарогу. На жэрдцы пасярэдзіне вісіць жоўты трохкутнік з чырвоным абадком, а на трохкутніку намаляваны сагнуты чалавек, што ўпіхвае ў грудку пяску лапату. Такі самы знак стаіць i ля дзераўнянскай павароткі, там, адкуль мы пачалі ўкладаць брук. Яшчэ ў нашай брыгадзе дзве грузавыя машыны, адна з ix, самазвал, возіць пясок з кар’ера, дзе стаіць наш экскаватар, другая дастаўляе з блізкіх i далёкіх палёў каменне.

Поделиться с друзьями: