Станаўленне
Шрифт:
— I я буду кальміць… — паўтарыла за ім дзяўчынка, гэтаксама з папрокам пазіраючы на маўклівага, як вінаватага бацьку сваімі вялікімі вачамі, поўнымі слёз. — Ты нядоблі, татусь…
— Добра вы робіце, дзеці, i нядобра… — зморшчыўся, нарэшце азваўся ён. — Хораша i люба, што гледзіцё так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер i павінен жыць у лесе. Там яго дом… Пасцель, яда, воля… Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаць людзі… Гора бывае, бяда… Я ж ведаю…
Губаты, нічога не баючыся, падхапіўся, гарцануў i пабег да яшчэ аднаго сябрука — да цяляці. За ім, не слухаючы, а можа, зусім не разумеючы сталых, сур’ёзных бацькавых слоў, памчаліся i шчаслівыя дзеці.
4
Губаты — так ужо выйшла — застаўся ў лесніковай гаспадарцы. Летам i ранняй восенню ненавязаны пасвіўся з цялём на выгане, бегаў у лес паласавацца лісцем i карою, прывык да вёскі, да машын, людзей, аббегаў усе ваколіцы, i да яго прывыклі, надта дзеці. Начаваў у падпаветцы.
На зіму яго паставілі ў невялікую загарадку ў хляве, да якога ён доўга не мог прывыкнуць: неяк муляла суседства з каровай i свіннямі. Тыя не хацелі падружыцца з ім — надта ж палахліва свінні рохкалі і пудзіліся яго, — цяжка было пераносіць пах гною i цеснату ў маленькай загарадцы, усё ж у душы яму хацелася волі, прастору, бегатні, чаго яму даводзілася мець вельмі рэдка i не памногу, толькі тады, калі выганялі паіць яго з каровай i цялём да абмёрзлай лёдам студні.
За зіму ён зусім змяніўся — выцягнуўся, пастрайнеў i памацнеў у нагах, ударам капытоў мог ужо адбіваць жэрдкі, падаўжэў у спіне ды пацяжэў, аброс густой, доўгай, амаль чорнай поўсцю, адчуў неспакойны сверб у галаве вышэй ілба — там, няйначай, раслі, касцянелі рогі.
Вясною, калі спала талая вада, патужэла вільготная халодная зямля i пачала ядрана пахнуць яшчэ нябачная маладая лістота, Губаты засумаваў, не мог больш стаяць у паменшанай ад гною загарадцы, многа есці, спаць ці паціху хадзіць па двары, як хадзілі цяжкая, сытая, палінялая карова i падрослы, пазласнелы i не такі ўжо сябрук бычок-выхваляка, а яго зноў, але мацней, як восенню, завабілі воля, прастор, лес i яшчэ нейкія незразумелыя жаданні, завабілі больш, калі адчуў, што i ён, падрослы, не так ужо цягнуўся дурэць з дзецьмі i тыя за зіму неяк да яго пахаладнелі, пачалі баяцца яго штуршкоў, ад якіх яны адляталі, як снапы.
I ён, калі апынаўся на двары, нервова хадзіў на ім, цёрся ля высокага плота, пакідаючы на стрэмках пабурэлую ўжо поўсць, а аднойчы пад’юшчыла гэтая самота, жаданне волі — i ён разагнаўся, стукнуўшыся галёнкай, перагойснуў загарод i радасна пабег па знаёмым выгане ў лес.
…Ляснік, як сонца паднялося над хатай, разліло маладое цяпло на сінім небе, уехаў у двор з калясьмі, увайшоў сюды, у хлеў, пагладзіў Губатага, якому надакучыла стаяць аднаму ў загарадцы, па шыі, а пасля амаль пячутна завязаў на яе пастронак i за яго, адч’ыніўшы перакошаныя варотцы, вывеў з пустога хлява на двор, прывязаў да калёс. Ён тыцнуўся да воза, панюхаў сена, галінкі з альховым i лазовым лісцем, шчыпнуў, але з неспакоем адчуў, што гаспадар сёння задумаў зрабіць з ім нешта дасюль яшчэ не вядомае.
Да воза падышлі гаспадыня, дзеці, моўчкі пазіралі на ix.
Гаспадар гэтаксама моўчкі сеў на воз, пацягнуў за лейцы — i маленькі рудаваты конік з белаватымі нагамі крануўся. Пастронак нацягнуўся — i павалок за сабою. Губаты, непакоячыся, але не адчуваючы яшчэ ніякага страху, нехаця падаўся, здзіўляючыся, куды яго вядуць: спяшаўся за возам i не мог азірнуцца, убачыць, што гаспадыня з дзецьмі выйшлі на вуліцу i развітальна махаюць рукамі…
У лесе ляснік прыпыніўся, неяк крадучыся, падышоў, прылашчыў, даючы ўзяты з кішэні выкачаны ў махорку акраец хлеба, i нечакана накінуў яму на галаву мех. Ён спачатку спалохаўся неспадзяванай цемнаты, чакаючы раптоўнага ўдару па галаве, затрапятаўся, ірвануўся, але пастронак пераціснуў горла, i ён ледзь не задыхнуўся.
— Не бойся, Губаты, — заспакоіў яго ляснік. — Ніц благога я табе не зраблю… — зноў паехаў, прымусіўшы яго бегчы ўслед.
Ехалі яны так доўга. I па мяккай, i па тупкай, з карэннямі дарозе, у адным месцы перамінулі мост — Губаты там вельмі насцярожыўся, ішоў баязліва — пасля яшчэ многа, можа, гадзіны са тры, падаваліся то ўлева, то ўправа, затым паехалі лесам, па сухім імху i верасе, што Губаты некалькі разоў спатыкаўся аб пні i ў вырытых, мусіць, дзікамі ямінках.
Нарэшце ляснік прыпыніўся, падышоў да яго, зняў мех, ад якога ўвапрэлі галава i карак, адвязаў пастронак. Губаты паварочаў мызай, зафыркаў і адышоўся. Ляснік у гэты час махнуў вяроўчынай: уцякай, маўляў, вось твой дом, у якім ты цяпер павінен жыць!
Губаты не спалохаўся гэтага ўзмаху, ведаючы, што гаспадар ніколі яго не біў, але яшчэ далей адышоўся, аддуваючы нядобрую перамену да сябе, стаў i пачаў глядзець, што ж будзе далей, убачыў, што чалавек зноў садзіцца на воз i ад’язджае. Ён памкнуўся следам, не хочучы заставацца тут, у незнаемым лесе, адзін, але мужчына спыніўся, нагнуўся, падняў тоўстую, з аблезлай карой галіну i запусціў у яго.
— Пайшоў! — закрычаў ён, а пасля — ужо ціха — сказаў сабе: — Пайшоў, родны… Цяпер не прападзеш. Гэта летась, як быў малы i я шкадаваў разам з дзецьмі, баяўся, што не ўцалееш… Каб ты не прыбег, я наўмысля выпусціў не за нашымі Янковічамі, а прывёз сюды, у Налібацкую пушчу… Жыві тут сабе на здароўе… У нас табе не жыце… I нам клапатэ з табою…
Губаты, пакрыўдзіўшыся, больш не памкнуўся наўздагон, адстаў, адвярнуўся i паціху пакрочыў па чужым, ціхім, зусім далёкім ад вёсак лесе, чуючы, як аддаляецца ляскат колаў. Але ён наўмысна, не ўслухоўваючыся, ішоў, куды вялі погі.
…Ужо к вечару ён, не раз пад’еўшы i напіўшыся ў невялікай лужынцы зеленаватай нясмачнай вады, спалохаўшы зайца, сямейку цецерукоў, набіўся на лася.
Той, высокі, буры, рагаты, стаяў уперадзе і, падняўшы галаву, чакаў яго, а пасля злосна зафыркаў, грабянуў стройнаю дужаю нагою зямлю. Губаты i спалохаўся, i радасна памкнуўся да свайго ляснога аднакрэвіча, але той, моцна раздзімаючы ноздры, грозна насупіўся, апусціў рагатую галаву, а пасля, бачачы, што аднаго яго пагрознага выгляду мала, подбегам падаўся насустрач. Губаты ледзь паспеў адскочыцца, ухіліцца ад вострых цвёрдых рогаў, зразумеўшы, што ён тут чужы, лішні, замінае, бо — хоць у лесе ўсяго шмат i ўсім любога хопіць — гэтаксама хоча мець тут нязводны харч, быць гаспадаром удалай мясціны… Таму вось так не хочуць, каб яшчэ быў i ён, ці, можа, i не супраць, каб быў, але каб блукаў недзе падалёку, у горшых мясцінах…
Губаты мусіў уцячы з багатага на лісце i траву глухога кутка, вярнуцца ў стары, а ля яго i малады сасновы лес, куды яго прывёў ляснік, думаючы, што трэба ўсё яшчэ шукаць i сабе лепшага прытулку. Нервова патаптаўся, здзіўляючыся i абураючыся, што яго тут так непрыхільна сустрэлі, а пасля зашыўся ў густую папараць i лёг, спрабуючы заснуць. Але не мог. Спачатку здавалася, што вельмі мулка ляжаць, ён шмат круціўся, поўзаў, выбіраючы мякчэйшае месца, пасля стала холадна, стыла ад зямлі, што ў яго збеглася, пакрылася буйнымі зярняткамі скура. А з густою, як ад накрытага на лес вялізнага гаршка, цемнатою прыйшоў страх — сполах ад адзіноты, ад савінага прарэзлівага крыку, — i ён засумаваў па цёплым хляве, па маленькай загарадцы, якіх яшчэ ўчора патаемна недалюбліваў, а цяпер так помніў, шкадаваў, хацеў зноў трапіць туды.
Яму не цярпелася ўскочыць i пабегчы туды, да людзей, i калі гэтая думка, ад якой аж зашумела ў галаве i нечым гарачым аблілося сэрца, ледзь не падняла на ногі, нечакана прыйшла другая, цвярозая, халодная, ад якой адліла кроў ад галавы i сэрца: падумалася, што можна не знайсці туды дарогі i — самае важнае — там ён зусім непатрэбны…
5
Прывыкаючы да лесу, кожнага мігу шукаючы ў ім сабе сябра, але ўсё яшчэ пастаянна ратуючыся бегам ад таго бурага i другіх вялікіх аднакрэвічаў, толькі маладой смеласцю ўрываючы ў іхніх кутках крыху лісця i травы, Губаты пачаў жыць у пушчы.
Ён пачаў накрысе дзічэць. Можа, i зусім здзічэў бы, вырас у дужага вялікага лася, заваяваў бы пакрысе сабе добрае для харчу, сну, гулянак, сям’і месца, меў бы сярод ласёў славу, калі б не людзі.
Губаты не мог яшчэ зусім ад ix адвыкнуць. Аднойчы, як пачуў неспадзявана дадёкія людскія галасы, ён, усхваляваны, радасны, нават адурнелы ад шчасця, пабег да ix на злом галавы праз стары лес. Знайшоў, убачыўшы некалькі жанчын у гумовых ботах, з клункамі i граблямі. Чакаючы смачнага хлеба i аж пускаючы слінкі, кінуўся да ix, падбрыкваючы ад радасці нагамі, але яны, пачуўшы яго тупат, азірнуліся, нарабілі дзікага піску i сыпанулі хто куды. I як ён ні стараўся дагнаць якую кабету, прылашчыцца, усе ад яго ўцякалі, нема крычалі, азіраючыся (твары ix аж пасінелі ад страху), а пасля, асмеліўшыся, сабраліся разам, схаваліся за тоўстую хвою, злосна махалі на яго граблямі, кідалі галлё, зямлю…