Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

…Гэтых двух маладжавых мужчын — высокага, чарнявага, гарбаносага на шырокім загарэлым твары i маларослага, рыжаватага, дробненькага па твары, у гумовых высотах ботах i фуфайках, — якія ішлі не па блізкай, тупкай пасля дажджу дарозе, a ціха, зладзеявата азіраючыся, падаліся лесам, Губаты ўбачыў першы.

Ён стаяў у яшчэ макраватым, парным алешніку i скуб лісце. Як лавіў ротам галінку i цягнуў да сябе, заплюшчваўся: дрэва траслося i абкідвала густымі кроплямі, ад якіх у яго была ўжо вільготная спіна. Убачыўшы мужчын, якія неслі ў апушчаных руках стрэльбы, паскі ад якіх амаль цягнуліся па зямлі, чапляліся за кусцікі, ён ужо не думаў выбягаць насустрач, але i не збіраўся ўцякаць. Паразважаў: няхай ідуць сабе на здароўе, куды ім трэба.

— Гавораць, што недзе во тут, у гэтым алехавым гайку, ходзіць той падлетак, ідзе да людзей…

— Страшнавата неяк, халера… — дрыготкім голасам прамовіў маларослы. — Закон жа ест строгі!..

— Бо ідзеш так у першы раз… — хіхікнуў высокі, змахваючы вольнаю рукою з твару мокрае павуцінне i паднімаючы вышэй стрэльбу. — Але паўплятаеш на поўную губу раз-другі дармавога смачнага мяса — i варанага, i паранага, i катлетак, i шметак, — то асмелішся, яшчэ панясешся ў лес… Стой! — Ён раптам стаў, як укамянеў, схапіў за плячо спадарожніка. — Дальбуг, вунь ён стаіць…

— Дзе? — пытаўся той, плюшчыў маленькія вочкі.

— Па кубельцу, брат, будзя… — прашаптаў высокі, ціха здымаючы з плечука сумку i апускаючы яе долу, падымаючы стрэльбу. — Так што не лгалі людзі, бачылі-такі…

Губаты ўсё стаяў i пазіраў, здзіўляючыся, што самі нарэшце ідуць да яго людзі, углядаюцца; ён пачуў пагрозлівы порахавы пах ca ствалоў, але не збаяўся, помніў, што яшчэ чуйней пахла i леснікова стрэльба, якая ніколі не зрабіла яму нічога благога.

— Э-э, стралок! — грэбліва прашаптаў высокі мужчына меншаму. — Ды ў цябе рукі калоцяцца i губы дрыжаць, як у зайца… То я пальну… Калі не ўкладу, то ты тады бі…— i паволі, стараючыся не шумець, не рабіць лішніх рухаў, сціснуў поўныя вусны, што яны пасінелі, прыціснуў прыклад да плечука, прыплюшчыў левае вока, паварочваючыся сам i ведучы ў яго бок ствалом.

Губаты дажаваў лісце, губляючы долу зялёную сліну, хацеў падацца адгэтуль i толькі сабраўся адводзіць галаву, як на міг пачуў, што нешта моцна ляснула, а пасля асляпіла, зваліла з ног, i больш ужо ён нічога пе мог уцяміць: яго ахутала глухая цемната…

Ліст да Олі

У нашай старой, нядаўна перацягнутай з хутара хаце, днямі вымытай, паклеенай шпалерамі, была вялікая радасць: жаніўся мой старэйшы брат Казік. Праўда, з намі ён цяпер не жыў, давучваўся, прыйшоўшы з войска, але тата папрасіў яго справіць вяселле дома, а не ў горадзе, згуляць па старых законах, па-людску. Бацька сказаў, што ў касцёл шлюб браць ні яго, ні яе не гоніць i не будзе злавацца, калі не паедуць: цяпер усе маладыя без шлюбу жывуць.

Я болей радаваўся б, каб жаніўся наш сусед, Янак. Да яго я прывык болей, як да Казіка. I не таму, што Казік, закончыўшы васьмігодку, рэдка бываў дома, блытаўся недзе па свеце i я да яго не прывык. Не. Казікам чамусьці найболей ганарыліся ў сям’і, хвалілі яго, хацелі вывучыць на «вялікага чалавека». I ён пыжыўся, задзіраў высока нос, рос трутнем, звальваючы ўсю дамашнюю работу на нас, меншых, а то i ўпотай крыўдзіў нас. Яго перасталі хваліць, калі ён не пайшоў у дзевяты клас, a паехаў у горад вучыцца на шафёра, пазлаваліся, калі бацьку выклікалі ў вучылішча — Казік адпусціў доўгія валасы, стаў курыць, піць, запусціў вучобу. Былі рады, калі яго забралі служыць: думалі, што ў арміі ён паразумнее. Але не вельмі ён паразумнеў. Ад яго i цяпер рэдка калі пачуеш добрае слова, Янака ён абзывае «рабацягам», мяне — «старым» ці «шпінгалетам», а то i яшчэ горш — «салагаю». Калі бывае ласкавы, дык ведай: трэба хуценька збегаць у краму па віно ці цыгарэты.

Тады зрання пачалі збірацца госці. Добрая палавіна прыехала з горада. Павыходзіўшы з аўтобуса, сябры Казіка цмокалі: «Славное местечко. Еще бы жинку с хорошей тещей, домик, деньжат!..» I смяяліся. Ціснулі да болю маю руку: «Здароў, здароў, стары!», траслі бацькаву: «Привет, хозяин!» Шмат гасцей прыкаціла на матацыклах i на вазах, напакаваных сенам, з блізкіх мястэчак.

Гарадскія госці, у дарагіх чорных касцюмах, у модных туфлях i пры гальштуках, не саромеліся прызнацца, што прыехалі нашча, i адразу паселі за стол, пілі, елі, без супынку хвалілі катлеты, галубцы, піва.

Іншыя — нашы, янкавіцкія i з Налібак, у зашпіленых на ўсе гузікі кашулях, без гальштукаў, падстрыжаныя пад польку, таксама на вяселлі шмат пілі, чарка за чаркаю, мала закусвалі, толькі выціралі губы рукою. Яны быццам адчувалі сябе лішнімі на гэтым вяселлі, найболей паглядалі на сваіх жонак з пазатыканымі ў рукавы хустачкамі. Негаваркія яшчэ жанчыны каштавалі катлеты, булкі, сухарыкі, ківалі сваім мужчынам на яду, шапталі на вуха: «Закусвай, закусвай, каб не давялося валачы цябе дадому!»

Я стаяў са сваімі аднагодкамі за стаяком i цікаваў за вясельнікамі. Мяне таксама пасадзілі б за стол, можа, ля маладых, але было мала месца. Бацька сказаў, што я не такі вялікі госць, a Казік загадаў мне пільнаваць, каб «падшыванцы», гэта значыць мае сябры, не палазілі па кішэнях скінутага гасцямі адзення. Мне было брыдка перад сваімі хлопцамі, i я сказаў, што не буду пільнаваць. Казік зазлаваў, а потым махнуў рукою, толькі прыстрашыў, што адлупцуе.

Я не зводзіў вачэй з будучай братавай — Олі. Яна моўчкі, апусціўшы вочы, сядзела на покуці ля Казіка, які раз-пораз чокаўся чаркай з усімі праз стол, піў, лічы, не закусваючы. Ён, здаецца, не зважаў на Олю — тая не піла i не ела, а нечага плакала, выціраючы вочы i нос белай хустачкаю.

Олю я ўжо крыху ведаў, яна рабіла на прудскім медпункце, i мяне туды вазілі летась, калі я парэзаў палец. Бачыў яшчэ, як раз у нядзелю катаў яе на «Яве» Казік. Ён амаль кожную нядзелю катаў новых дзяўчат, маладых i ў гадах, а пасля на вечар кудысьці прападаў. Варочаўся толькі раніцай, сонны, з прыпухлымі вачыма. Хапаў сваю сумку i, папрасіўшы ў бацькі грошай, бег на аўтобус.

Я прывык да гэтага, думаў, што ўсе дзяўчаты закаханы ў майго старэйшага брата.

Я ўяўляў, што, падцягнуўшыся ў росце, таксама буду вазіць дзяўчат, можа, на «Яве» ці на «Іжы», а то i на легкавой: Казік заробіць на машыну грошай i купіць мне. Аднойчы суседскую ганарлівую Стасю я правёз на веласіпедзе з горкі, але ў шасцярню ўкруцілася калашына, i мы паваліліся. Стася абабіла нагу, заплакала, сыпанула на мяне пяском i ўцякла. Я быў кінуўся наўздагон, але не дагнаў.

Я ўбачыў, што мяне шукае вачыма Янак. Калі я падышоў да яго, ён паказаў мне пальцам на Олю. Яна рабіла знакі: маўляў, ёсць месца. Пасля неяк дзіўна зірнула на Янака, а ён на яе, i абое ў адну хвіліну апусцілі вочы.

Я выйшаў на двор i праз адчыненае акно ўлез у хату, Оля крышачку пасунулася да Казіка, вяла ўсміхаючыся, пасадзіла мяне ля сябе.

— Чаму ты схаваўся i не хочаш паказацца? — шапнула яна мне на вуха. — Мне гэтак сумна… Давай з табой вып’ем крышачку. Добра?

— Ды ён — здаровы малец! — мусіць, першы раз навёў на Олю п’яныя, бліскучыя вочы Казік. — Блатняга! Ён i шклянку кульне. I не зморшчыцца.

— От, не абгаворвай мне хлопца! — не паднімаючы на яго вачэй, мусіць, наўмысна зласнавата сказала яму Оля i пагладзіла мяне па галаве, а пасля палажыла на плячо сваю лёгкую, шорсткую ад шоўку руку. Я, мусіць, зачырванеўся, бо ўсе вясельныя зірнулі на мяне, падміргнулі, a адзін з вусікамі пажартаваў: «Бач ты яго, дзе прымасціўся! Ты, Казік, глядзі…»

— Музыканцікі! — усміхнуўшыся, Казік ляснуў далонямі.— Не паснулі яшчэ?

— Січас, січас, — выціраючы губы хустачкаю, падняў з каленяў скрыпку дзядзька Валюсь.

Маладыя хлопцы i дзяўчаты, не слухаючыся ўгавораў старэйшых, пачалі вылазіць. Хлопцы далікатна прапускалі дзяўчат, падтрымліваючы ix за локці. Палез да дзвярэй i Казік, махнуў рукою Олі: «Пайшлі, чаго расселася!»

Старэйшыя мужчыны засталіся за сталамі, уволю цяпер курылі, наперабой гаварылі пра вайну, палітыку, дымілі на ўсю хату.

Поделиться с друзьями: