Станаўленне
Шрифт:
Танцавалі на вымеценым дварэ — нешта знаёмае, павольна, як кожную нядзелю ў клубе пасля кіно. Але калі да музыкантаў падышоў Казік, дык яны разанулі штосьці хуткае i такое вясёлае.
— Глядзі, чарлістон!
— Гэта ліпсі, ліпсі, цётка.
— А, каб вы пагарэлі са сваімі танцамі!
— I маладая дае! Вось папалася Янукевічу танцорка! — кабеты паказвалі пальцамі, смяяліся.
— Mo i ты, Манька, пусцілася б! — таўханула ў бок сваю суседку Пётрыкава Зося. — Далібог, сумееш так круціць. Ці баішся рассыпацца? Не ведаю, як яны зжывуцца! Ты чула, Манька?.. — Зося нагнулася да яе i зашаптала, што сусед наш, Янак, да Олі хадзіў.
— A Казік сілаю яе… Дык i бярэ цяпер. Мо судом прыстрашыла: цяпер сама знаеш, з гэтым дзелам надта… А Янак… Любіць яе. Моцна любіць: мая Яня мне гаварыла. Ой, i будзе ў Янукевічаў вайна! Хіба стары як супакоіць… Але хіба ўпільнуе ён? Казік то ў горад паедзе, а яна з Янакам… Цяпер не разбярэш, што на свеце робіцца…
— Э, не тое! — выбег раптам на круг і махнуў рукою сват Міхал, палажыў баяністу руку на баян. — Не тыя танцы! Калі вы, маладыя, хочаце такіх, то, проша прабачыць, пачакайце. Паспееце — нагуляецеся. Эй, Валюсь! Браток, сыпні полечку! Ды нашу, беларускую! Нашу, браток…
Дзядзька Міхал падхапіў Олю (Казік нават не паспеў нічога сказаць), выскачыў на сярэдзіну:
Эх, дзевачка, Чаму ты тоненькая? Пагуляй са мной, Будзеш ры-рай-рай-рай… Эх, ха-ха-ха!— Ну і таўсцюк! Што падмецены скача! — засмяялася Зося. — Так, здаецца, ледзь жывот свой валачэ, а на танцы — спец, каб ты праваліўся.
Зося не паспела дагаварыць: яе падхапіў i закруціў другі сват, дзядзька Антон.
— Танцы знайшлі! Цьфу! — плюнуў Казік. — Цэлы вечар цяпер сваімі полькамі ды падыспанамі зоймуць. I гэты скача, рад вельмі! — гэта сказаў ён, мусіць, пра Янака.
Я ўвесь вечар не зводзіў з Олі вачэй. Тое, што яна будзе жыць з сённяшняй ночы з намі, радавала мяне i крыху палохала.
…Казіка ў горад праводзіў з Оляю i я. Калі паказаўся чырвоны з белымі фіранкамі на вокнах аўтобус, Казік сунуў мне ў кішэню тры рублі.
— Цукеркі купляй, — прашаптаў.— А то ты на мяне гэтакі злосны… Калі Янак сыдзецца з Оляй, то ты не адыходзь, будзь з імі. Добра?
Я радасна кіўнуў галавою.
Казік ускочыў у перапоўнены аўтобус, махнуў мне рукою, потым прыклаў руку да вуснаў — для Олі.
Мы павярнуліся i пайшлі. Оля была нейкая сумная, не смяялася i не хацела жартаваць са мной.
Вяселле адшумела, адзвінела, аб ім ужо i не ўспаміналі. Спярша мне здавалася, што ў нашай хаце нічога не перамянілася: бацька па-ранейшаму паднімаўся на світанку — даіў сам карову, працэджваў малако, карміў свіней. Рана раскатурхваў i мяне выганяць на пашу карову.
Калі я вяртаўся дахаты, хадзіў па сваім дварэ i Янак. Ён з’язджаў на цэлы дзень — карчаваў недзе за Налібакамі алешнік i зарабляў няблага. Я пасля Янакавай палучкі набіваў кішэні цукеркамі i пернікамі.
З Оляю Янак бачыўся рэдка. Павітаецца i стараецца адысці. Оля вечарамі штосьці чытала ці пісала Казіку лісты — з хаты не выходзіла.
На другі тыдзень пасля вяселля я прачнуўся раней, чым звычайна. Брынчалі вёдры, лілася вада: упаў з лавы кубак. Канечне, там гаспадарыла Оля. Я чуў, як яна ўчора расказвала бацьку, што сама таксама з вёскі, скончыла медвучылішча, хацела падавацца вучыцца далей, але не ўдалося.
— Тата, тата?.. Гэта ты пабудзіў Олю? — шэптам спытаў я ў бацькі — ён ляжаў побач.
— Уга! Сама, — таксама ціха прашаптаў ён. — Кажа: «Спіце, тата. Хіба ваша гэта работа з каровамі i свіннямі пэцкацца? I карову сама падганю, хай падрэмле яшчэ Пецька». Далібог, так i сказала. Кажа, што падніме нас, калі снеданне згатуецца.
Бацька мігам схаваў галаву, стаіўся i я: сюды ішла Оля. Я чуў — сцягнула з маёй галавы коўдру, дыхнула цяплом, мусіць, ад печы, i сціснула мой нос. Я не ўтрымаўся, каб не ўсміхнуцца.
— Спіш, швагрусёк? — прашаптала яна i прыгарнула мяне да сябе, прыткнуўшы сваю шчаку да маёй. — Ну, паспі яшчэ трошачкі,— накрыла мяне i адышла.
Мне стала лёгка-лёгка i радасна, здаецца, намнога вальней забілася сэрца.
Калі мы паснедалі, Оля паехала на бацькавым веласіпедзе ў медпункт. Панеслася што віхор.
— От галаву яшчэ дзе скруціць! — усміхнуўся сабе пад нос бацька. — Хоць бы цішэй крыху…
«Во! — падумалася мне. — Каб я так насіўся на тваім веласіпедзе, то скора забраў бы i накруціў бы вушы. I на Казіка насварыўся б. А на Олю — не…»
Заўважыў я, што раней звычайнага пачаў прыязджаць з работы Янак. Ён несся на «Яве» што чорт, аж крычалі i ляцелі ў свае двары куры, a бабулькі спалохана падбіралі ca сцежак малых дзяцей.
— Слухай, Оля ўжо вярнулася? — спытаў ён аднаго дня, нечага чырванеючы.
— Не, — шчыра прызнаўся я. — A які ў цябе да Олі інтарэс?
— Дваякі! — ён даў мне ў лоб пстрычку i засмяяўся. — Менш старайся ў свае гады ведаць! Слухай, — Янак пацішэў,— хадзі сюды. Ну, не бойся. Гэта во — табе. А гэты кулёк аддасі Олі. Скажаш, што ты купіў за свае грошы, — ён прыплюшчыў вока. — Я чуў, што бразгаюць капейкі ў цябе. Ці не Казік раздабрухаўся?
— Не, — зманіў я i адчуў, што запалалі шчокі.— Тата даў. А чаму ты сам ёй не хочаш даць? Чаго ты яе баішся? Вось я…
— Ну, аддасі?
Не паспеў я пакаштаваць i першай цукеркі, як на веласіпедзе ўляцела ў двор Оля. Саскочыла з яго, падбегла да мяне. Бегла босая i таму на пятках — калоўся пясок. Яна падхапіла мяне пад пахі i памчала ў хату. Я не бараніўся i адчуваў сябе неяк няёмка, саромеўся. Відаць, ад таго, што я гэтак мала пазнаў цяпла i ласкі матчыных рук: яна памерла, калі мне не было i года.
— Ведаеш што, Пецька? — Оля прыціснула мяне да грудзей. — Зараз пабяжым купацца. Спацела я! Запылела! Ой! — яна апусціла мяне на падлогу. — I ногі ж у цябе! Хоць рэпу сей. Каб бачыла раней, то не захацела б сябраваць з табой.
— Я памыюся сёння, — мне стала сорамна перад Оляю. — На, — не паднімаючы вачэй, падаў ёй кулёк з цукеркамі.
— Цукеркі? — яна засмяялася, разарваўшы кулёк, усыпала мне за пазуху цэлую жменю. — А табе хто даў?
— Янак.
— Янак?
— Ну, — я раптам адчуў, што прагаварыўся. — Гэта я пасмяяўся. Я сам купіў.
— Ты? А дзе ж ты гэтулькі грошай узяў?
— Казік даў.
— Ой, Пецька, любанькі, не мані,— яна паківала галавою. — Няможна. Ну, скажы праўду. Янак купіў, га?