Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— Ага, — матнуў я галавою, ведаючы, што давядзецца ўжо з тыдзень не падысці да Янакавай «Явы».

Оля шпарка падбегла да акна, расчыніла яго, перагнулася:

— Янак?

— У-У, — пачуўся яго голас.

— Дзякуй за падарунак! Не забыўся: сёння ў мяне дзень нараджэння!

— За які падарунак? — Янакаў голас пачуўся бліжэй. — Нічога не разумею.

— Ой, не ведаеш! — Оля паківала галавою. — От хлусы сабраліся! I малы, i вялікі.

Не дачакаўшыся Янакавага адказу, Оля падбегла да мяне, падняла мой падбародак i цмокнула ў шчаку.

Калі мы з ёю выходзілі з хаты, я ўбачыў, што Янак сядзеў у сваім дварэ i корпаўся ў матацыкле.

«I што ён там робіць? Нядаўна хваліўся, што „Ява“ спраўная».

— Пайшлі на рэчку, хлус! — пазвала яго Оля.

— Я памыўся ўжо, — сказаў Янак, не паварочваючыся.

— Памыўся! Калі ты паспеў! — засмяялася Оля.

Яна зайшла ў суседскі двор, да Янака, паваліла яго на спіну.

— Пайшлі!

— Я ж быў…— расплыўся нарэшце ва ўсмешцы i Янак.

— Ах ты манюка! — Оля нагнулася, валасы апалі на Янакаву галаву. Я ўбачыў, што яна пацалавала суседа.

«I Янаку цяпер добра».

Оля ўскочыла, схапіла маю руку, i мы пабеглі. Я азірнуўся. Янак стаяў i глядзеў нам услед.

Рэчка ў нас неглыбокая. Некалі не было відаць i дна, гаварыў мой бацька, але як пракапалі, каб асушыць балота, вада спала, звялася i рыба.

— Пецік, ты купайся за тым кустом, а я тут буду. Усё ж ты хлопец, — пажартавала Оля.

Праз лісце алешніку я зірнуў i ўбачыў, як яна сцягвала цераз галаву світэр. Апускаючы на ногі спадніцу, яна цікнула на мяне.

— Швагра! Не глядзі!

«Што маленькая… Саромеецца».

Я хуценька распрануўся, скокнуў у ваду, на хвіліну ад задавальнення заплюшчыў вочы, пасля пачаў плюскацца. Гонячы перад сабою вялікія, адзін за адным кругі, падплыла i Оля, моцна б’ючы па вадзе.

«I плаваць добра не ўмее. Я лепей…»

Оля апырскала мой твар вадой, пачала біць па вадзе далонню. I пакуль я засланяў рукамі твар ад пырскаў, яна прыцягнула мяне да сябе. Я пачаў адхінацца, але Оля трымала моцна. Тады я ўшчыпнуў яе за жывот, яна войкнула i села ў ваду. А я выскачыў на бераг.

— Няможна так, — паскардзілася яна. — Пецік, не ўцякай… Я жартам…

Пасля яна вылезла з вады, прыкрыла грудзі рукамi. Прысела. Папрасіла, каб я расчэсваў ёй валасы. Доўгія, на ўсю спіну, мяккія-мяккія, прыгожыя. Калі я працягваў зверху грэбенем, Оля зажмурвалася. На яе спіну зляталі з грэбня кроплі вады, ад ix Оля аж выгінала спіну.

— Пецька, ты любіш мяне?

— Не ведаю, — засаромеўся я.

— Як гэта ты не ведаеш? Не любіш, значыць, — яна, мусіць, пакрыўдзілася. — А скажы, Янак любіць мяне?

Я паціснуў плячыма.

— А ты Янака любіш? — зірнула на мяне неяк з не цярплівасцю.

— Люблю, — адразу адказаў я.

— A Казіка? Любіш ты Казіка?

— Не ведаю, — паціснуў я плячыма.

— I я не ведаю, ці люблю Казіка, — Оля сказала i змоўкла, пасля прытуліла мяне да сябе, пачала гладзіць па мокрай галаве. — I я Янака больш люблю, мне за яго трэба было замуж ісці, але, — яна ўздыхнула, — ты гэтага яшчэ не зразумееш! А цябе я, дурненькі, вельмі люблю. Больш, як Казіка, як Янака, як тату. Сіротка мая… Ты добры, Пецька, толькі нешта хаваеш ад мяне, недагаворваеш. Чаго ты ўчора за мною ішоў, калі я да Ані вечарам выходзіла?

Я апусціў галаву i маўчаў, мне стала сорамна, што Оля здагадалася, што я за ёй трохі падпільноўваю.

— Сама цяжка, калі бачыш, што нехта табе не верыць. Значыць, не любіць цябе, зневажае… Цяжка, аж плакаць хочацца…

— Я, я… люблю цябе…

— Я не пра цябе, Пецька. Я пра яго, пра свайго… — Яна стала бокам да мяне, пачала адзявацца. — Ужо i ў школу хутка табе. Заўтра мы, можа, паедзем у раён. Касцюмчык, туфелькі новыя табе пастараемся…

Ідучы дамоў, мы згледзелі Казіка. Оля кінула мяне i пабегла да яго, высокага, з пышнымі бакенбардамі. Кінулася на грудзіну, абхапіла шыю рукамі.

— Пачакай, — адштурхнуў яе Казік, — дай штаны ачысціць, а то — як вахлак хаджу.

Оля адскочыла ад яго, адвярнулася i закрыла твар рукамі.

— Ладна, кінь крыўды. Будзь прасцей, — абняў яе Казік, зірнуў на мяне. — А ты тут чаго? Кыш адсюль…

Я адбегся i азірнуўся. Казік i Оля цалаваліся.

«I Казіку цяпер добра. Бач, як доўга цалуюцца, хочуць, каб паболей хораша было».

…Вечарам, сустрэўшы на вуліцы хмурага Янака, я пацягнуў яго за руку ў наш двор. Ён здзіўлена пазіраў на мяие. Я паказаў яму на высокую яблыню: пад ёю на разасланай дзяружцы ляжала Оля, а збоку сядзеў ля яе Казік.

— Мазалі на тваіх руках… — гаварыў Казік. — Вёдры цягаеш? Не цягай.

— Шкода твайго бацькі,— прашаптала Оля, — мужчына, а…

— Шкода, шкода… Падумаеш, мне вялікі гонар, што мая жонка свіныя вёдры носіць… Паедзем са мной. А то здзічэеш тут, сярод свіней. Сорам будзе людзям паказаць.

— Глядзі, глядзі! — тузануў я Янака за рукаў.

— От! Другі раз вушы абарву, калі будзеш лезці не ў сваё, — адпіхнуў мяне злосна Янак i пайшоў.

— Ну, як? — злавіў мяне пасля вячэры аднаго на дварэ Казік. — Яны, гэтага… не цмокаліся?

— Не, — утаіў я.

— Ты, пацан, праўду гавары!

— Далібог, не бачыў,— сказаў я.

— Ціх! — сыкнуў на мяне Казік. — Яна, можа, стаіць дзе i падслухоўвае. Ты мо i не думаў глядзець за імі?

— Дальбог, глядзеў…

— Ну, ладна. Малайчына! — пагладзіў Казік па маёй галаве. — А касцюмчык табе Оля купіць. Ведай маю дабрату! Ты, брат, пільнуй. Ты мала каму вер на гэтым свеце. Пацан, салага ты яшчэ, некалі ўбачыш…

Я так i не зразумеў тады, што ён мне хацеў сказаць, але толькі не паслухаўся яго, па-колішняму верыў тату, Янаку, Олі, а яму… Сапраўды, чамусьці Казіку мне не хацелася верыць.

Нядзелі я ніяк не мог прычакаць. У гэты дзень медпункт не працаваў, i Оля мелася быць дома. Яна падакляравала мне касцюм, а яшчэ сказала, што пачастуе марожаным, якога я дагэтуль i ў вочы ніколі не бачыў.

Устаў я раненька, раней за ўсіх. Дапамог Олі падмесці двор, знёс кошыкамі ў поле смецце, а пасля прынёс сырога, жоўтага пяску i густа высыпаў сцежку.

Пазней мужчыны, што прыходзілі падстрыгацца да майго бацькі, страшылі мяне, што я адаб’юся ў горадзе ад Олі, буду бегаць i плакаць адзін. Але я не баяўся: ведаў, што яны жартуюць.

Поделиться с друзьями: