Страчаная спадчына
Шрифт:
Шклоў пачаў сваё існаванне на высокім і крутым беразе рэчкі Шклоўкі, там, дзе зараз захавалася гарадзішча Гарадок. Загароджаная з напольнага заходняга боку высокім, да 7 м, земляным валам пляцоўка гарадзішча формы чатырохвугольніка (60 х 64 х 30 х 57) мае невялікі ўхіл з захаду на ўсход. Яна ўзвышаецца над водамі рэчкі, якая працякае ля падэшвы гары, на 15–17 м. З поўначы, усходу і поўдня дастаткова крутыя і высокія схілы пазбаўлялі жыхароў ад лішняй і працаёмкай фартыфікацыйнай работы. Шлях жа на гарадзішча ішоў па самаму краю пляцоўкі, кантраляваўся з верху абарончага вала. Параметры вала (шырыня ў аснаванні да 20 м, на вяршыні — 4,5–5 м) дазвалялі тут размяшчаць як абарончыя сцены, так і вежы. Пазней, у XVІ ст., відаць, тут стаяла артылерыя.
Археолагі даўно звярнулі ўвагу на гэта гарадзішча і сінхроннае яму селішча, дзе былі знойдзены як матэрыялы ХІІ-ХІІІ стст., так і больш позняга часу. Можна з упэўненасцю гаварыць толькі пра канец XVІ ст. як апошні этап існавання Старога Шклова. Першае ўпамінанне пра яго сустракаецца ў 1535 г., калі войскі маскоўскага ваяводы Шуйскага, спаліўшы ўсё вакол Шклова, спалілі і яго. Да 1542 г. Шклоў належаў роду Гаштольдаў (Гастаўтаў), які хутка згас, а затым перайшоў да роду Хадкевічаў. Адзін з іх — Іеранім насіў тытул графа і называў свае валоданні вакол Шклова графствам. З сярэдзіны XVІ ст., з моманту перахода горада да Хадкевічаў, яго лёс раздваіўся. Магнаты Хадкевічы, уладальнікі вельмі вялікіх зямельных латыфундый, людзі адукаваныя, якія добра разбіраліся ў тагачасным палітычным і гаспадарчым жыцці, не маглі не бачыць усіх выгод ад Дняпра, што працякаў праз іх валоданні. Гэтая важнейшая гандлёвая артэрыя, відаць, навяла іх на думку стварыць непасрэдна на беразе магутнай ракі новае паселішча, якое атрымала ў спадчыну добра вядомую ў акрузе і за яе ваколіцамі назву «Шклоў». Абодва паселішчы некаторы час існавалі сінхронна. Каб іх адрозніць, ужываліся назвы «место Шкловское» для новага горада і «Старый Шклов» для ранейшага радаслоўнага і гістарычнага гнязда. Дзесьці ў 70-ых гг. XVІ ст. амаль адначасова з Магілевам Шклоў атрымаў магдэбургскае права.
Хоць Шклоў і знаходзіўся ў баку ад старой ваеннай дарогі Дуброўна-Ворша-Менск-Вільня, аднак войны наведвалі і яго. У 1562 і 1580 гг., у час Інфлянцкай вайны, яго двойчы спалілі маскоўскія войскі. Калі пасля 1562 г. Стары Шклоў як горад яшчэ згадваецца, то пасля 1580 г. ён знікае са старонак дакументаў. Спачатку жыццё «на два Шкловы», відаць, задавальняла іх уладальнікаў. Пад апекай Старога Шклова новае «место Шкловское» паступова расло і развівалася, ператварыўшыся ў адзін з буйнейшых гарадоў Беларусі. Знішчэнне іх у час Інфлянцкай вайны ў 1580 г. зняло дылему пра два Шкловы. Хутчэй за ўсё было вырашана Стары Шклоў не аднаўляць, а засярэдзіць усю ўвагу на новым горадзе. З гэтага часу гісторыя ўжо пісалася толькі для сучаснага Шклова, удала размешчанага на ажыўленай сухапутнай і воднай гандлёвай дарозе. Знаходзячыся ў цэнтры густанаселенага рэгіёна, дзе пераважала грашовая рэнта і была слабай фальварачная гаспадарка, Шклоў да таго ж стаў рэдкім прыватнаўладальніцкім горадам, дзе адсутнічала мытная камора. Гэта прываблівала замежных і мясцовых гандляроў і давала вялікія прыбыткі ўладальніку горада і яго магістрату.
Тэрытарыяльнаму, эканамічнаму росту і ваеннай магутнасці горада таксама садзейнічала моцная ўлада гарадскога самакіравання. У першай палове XVІІ ст. эканоміка Шклова квітнела. Ён займаў сёмае месца па памерах і колькасці жыхароў пасля Вільні, Магілева, Берасця, Слуцка, Менска і Полацка.
Горад развіваўся пад абаронаю магутных умацаванняў, умела былі выкарыстаны штучныя і прыродныя водныя рубяжы. З усходу горад надзейна прыкрываў Дняпро, які і цяпер дасягае шырыні больш за 150 м. З поўдня і захаду, дзе працякала р. Шклоўка, дзякуючы дамбе з плацінаю ўзнікла вялікае возера. Яно прыкрывала Шклоў і яго новы замак, што стаяў на мысе ля зліцця рэк. Згодна інвентару 1643 г., яго абарончы роў запаўняўся вадой р. Шклоўкі, названай у дакуменце «ракою Язонаю». Праз раку быў перакінуты мост на «ізбіцах», які надводзіў да брамы з «узводам» — пад ёмным мостам «на чопах жалезных з рэфамі жалезнымі». Увесь пабудаваны з дрэва замак з аднаго боку ад ракі прыкрываў паркан, з другога боку — вастракол. Горад абкружаў магутны земляны вал, на якім стаяў «паркан из дерева, построенный избицами, с баштами и брамами». Гэтыя сведчанні дапаўняюцца дадзенымі з падарожных запісак князя Багуслава Радзівіла, які наведаў у 1647 г. Шклоў і адзначыў у Шклоўскім замку наяўнасць дзвюх вежаў. Да гэтага неабходна дадаць і замкавую браму інвентару 1643 г., усе чатыры брамы горада Копыскую, Магілеўскую, з Галоўчына, Астроўскую.
Толькі з аднаго паўночнага боку Шклоў не меў натуральных умацаванняў, таму тут, акрамя землянога вала, быў змайстраваны абарончы роў. За яго межамі знаходзілася прадмесце Заперакопскае. Напярэдадні вайны Расеі з Рэччу Паспалітай у 1654–1667 гг. Шклоў уяўляў сабой вялікі горад, які меў шэраг прадмесцяў — Аршанскае, Шклоўскае, Рышкоўскае, Заперакопскае і сама шматлюднае — Задняпроўскае.
Са жніўня 1654 г. у ходзе вайны Расеі з Рэччу Паспалітай Шклоў апынуўся ў гушчы ваенных падзей. У пачатку месяца пад горадам адбылася бітва паміж войскамі гетмана Януша Радзівіла і маскоўскага ваяводы Я.І.Чаркаскага. Радзівіл прайграў бітву і адступіў да Барысава. Да асады Шклова тады справа не дайшла. Яна пачалася толькі 20 жніўня пасля прыходу сюды войскаў ваяводы А. Н. Трубяцкога.
Пасля няўдалых перамоваў ратным людзям 26 жніўня загадана было браць Шклоў «зажогом и приступом и шкловские… сидельцы выдержали над собою… ратных людей промысел и из крепости не отступили». У другім данясенні ад 4 верасня А. Н. Трубяцкі піша цару, відаць, яшчэ пра адзін прыступ 27 жніўня: «августа 27 числа приступали они к Шклову. И в те поры шкловцы в осаде отсиделись. После тово приступу велели делать шанцы к городу близко того городу и в город по хоромам из наряду и из ружья велели стрелять беспрестанно и тесноту городским людям учинили большую и к приступу со всем изготовились». Абстрэл горада працягваўся. Нягледзячы на тое што ўсе жыхары прадмесцяў перайшлі пад абарону ўмацаванняў, шматдзённы абстрэл горада і нават прыступ каштавалі шклоўцам усяго восем чалавек забітых. Пасля дэбатаў магістрат Шклова прыняў рашэнне здаць горад. 31 жніўня «шкловцы, не дожидая другова приступу, государю добили челом и город здали и бояре и воевода в город с ратными людьми вошли».
Тады ж умацаванні горада былі ўпершыню агледжаны, падноўлены і апісаны царскімі ваяводамі: «С приходной стороны, с севера выкопали новый ров и поставили надолбы, которые шли от Днепра до Заугольной башни». Агульная даўжыня гарадскіх умацаванняў раўнялася 1050 сажняў. Сярод умацаванняў называецца і тайнік.
Паўторна апісанне абарончых збудаванняў Шклова было зроблена даволі падрабязна ў 1657 г. ваяводам І.М. Талачанавым. Згодна гэтаму вопісу, горад абараняўся 26 драўлянымі вежамі розных памераў і рознай канструкцыі. З іх уласна вежаў было 14, у тым ліку тры брамы. Праўда, назва гарадскіх брам адрозніваецца ад назваў 1647 г. Так, брама Копыская названа «Днепровскими проезжими воротами», брама Астроўская — «башней Тесной», Галоўчынская — «Песочной» і толькі Магілеўская брама захавала сваю назву. Астроўская брама наогул не названая, але ёсць праезжая вежа Цесная. Гэта, відаць, адно і тое ж. Дзейнічалі толькі двое варотаў: Дняпроўскія (Копыльскія) і Пясочныя (Галоўчынскія). Магілеўскія вароты былі наглуха засыпаны зямлёй. Найбольшай магутнасцю выдзяляўся ўсходні напольны бок абароны, якая цягнулася ад вусця Шклоўкі ўверх, уздоўж правага берага Дняпра. Тут мелася 8 вялікіх і 8 малых вежаў — «выводов».
Вежа «Ўгорская Рябковская», якая знаходзілася на мысе пры зліцці рэк, была чатырох'яруснай, з трыма «мостами», рубленая ў «две стены». Аснову вежа мела чатырохвугольную, з узроўню другога яруса пераходзіла ў васьміграннік, зроблены «в одну стену». Далей, уверх па Дняпру, ішло прасла сцяны даўжынёй у 55 сажняў (117,3 м. — М.Т.), якое падводзіла да «мерницы» (верагодна, «важніца». — М.Т.), за якой прасла ў 107 сажняў даўжынёй (2228,3 м) упіралася ў вежу «села Дивного». Гэта была пабудова, зрубленая ў восем вуглоў з двума мастамі. Даўжыня аднаго яе боку раўнялася 4,5 сажня (каля 9,6 м), страха была васьмісхільная.
Ад гэтай вежы «звено города» ў 32 сажні (62,2 м. — М.Т.) падходзіла да Дняпроўскай (Копыскай) брамы, якая, безумоўна, выдзялялася сваімі памерамі сярод астатніх вежаў горада. Яна мела страху ў чатыры схілы, чатыры «моста», г. зн. пяціярусная, знізу чатырохвугольная, з другога яруса — васьмівугольная. Даўжыня сцяны ў аснаванні дасягала 6,5 сажня (13,7 м). На другім паверсе брамы размяшчалася палкавая гармата. Калі прыняць сярэднюю вышыню кожнага яруса за 4 м, вышыня яе разам са страхою дасягала не менш за 25 м.
За Дняпроўскімі варотамі ўверх па рацэ ішло прасла сцяны ў 30 сажняў (каля 64 м), якое змыкалася з глухой чатырохвугольнай вежай. Сцяна яе была «мерою 3 сажня без полуаршина» (каля 6,0 м). Яна была «ниская, мосту ни одного нет», вынесена «за город», накрыта чатырохсхільнай страхой. Далей, на адлегласці 67 сажняў (каля 143 м), стаяла над Дняпром шасцівугольная чатырохярусная Падлазная вежа. У ёй меліся «воротечка подлазные», якія пры неабходнасці скрытна выводзілі да берага ракі. Даўжыня адной грані вежы дасягала 3 сажняў (каля 6,4 м).
Далей на ўчастку абароны горада даўжынёй у 242 сажні праз прамежкі ў 25-36-28-24 сажні размяшчалася восем невялікіх чатырохвугольных вежаў — «выводов» у асноўным памерам 2 х 2 сажні (4,26 х 4,26 м). Толькі адна мела трохі большыя памеры (5 х 5 м). Як правіла, яны былі трох'ярусныя, на іх размяшчаліся гарматы. Дакумент адзначае, што яны выступалі за лінію сцен — «за город же, к Днепру», г. зн. вялі фланкіраванне сцен. Два «вывода» былі здвоены і абодва «с ряду рублены тако ж, яко и городовая стена». Яны мелі падэшвенны бой, з боку ракі іх абараняў «прислон стоячий». На адлегласці 69 сажняў (каля 147 м) ад гэтых вывадаў размяшчалася адна Падлазная вежа, за ёй праз 64,5 сажня (137,5 м) — другая. Абедзве вежы мелі аднолькавыя памеры і канструкцыйна былі падобныя: чатырохвугольныя ў аснаванні памерам 3х3 сажні (каля 6,4 х 6,4 м), трох'ярусныя, з двума «мостами», мелі падлазныя вароты да Дняпра. На адной з іх стаяла жалезная «гроховница». «Звено города» ў 60 сажняў (каля 128 м) заканчвала прыдняпроўскую лінію абароны, змыкалася на павароце вала на захад з вуглавой Тайнічнай вежай. Яе памеры 3,5 х 3,5 сажня (7,1 х 7,1 м). Па тайніку можна было спускацца за вадой да Дняпра. Заходні ўчастак абароны Шклова меў працягласць 124 сажні (264,5 м) і ўключаў у сябе акрамя вуглавой Тайнічнай вежы яшчэ тры вежы — Цесную, Выводзячую і Казлоўскую. Цесная вежа была пастаўлена блізка да Тайнічнай, стаяла ад яе ўсяго толькі на 3,5 сажня (7,1 м) і, верагодна, з-за такога размяшчэння атрымала сваю назву. Але гэта была, відаць, прадумана створаная «цесната» з тым, каб агнём з вежы прыкрываць жыццёва важны ўчастак абароны, які даваў выхад да вады. Да таго ж яна раней была праезжай, але вароты ў 1657 г. наглуха засыпалі зямлёй. Напэўна, і Тайнічная вежа ў сваю чаргу дапамагала ў абароне варотаў горада, фланкіруючы подступы да яе. Цесная вежа была ў плане квадратнай памерам 3,5 х 3,5 сажня (7,1 х 7,1 м), але з другога паверха пераходзіла ў васьміграннік. На ёй стаялі тры жалезныя пішчалі — «гроховницы». Наступная вежа заходняга ўчастка абароны горада Вывадная стаяла ад Цеснай на адлегласці 53 сажні (103 м). Яна мела ў аснове чатырохвугольнік памерам 3 х 3 сажні (6,4 х 6,4 м), тры ярусы боя, а таксама «бой земляной, спущенный ниже городовой стены». Вежу моцна высунулі за лінію сцен («…и та башня выведена за город»), што, верагодна, і паслужыла повадам для яе назвы. У ёй размяшчаліся пішчаль і адна «гроховница». Апошняе звяно горада, якое дасягала даўжыні 51 сажань (108,7 м), падводзіла да вялікай вуглавой Казлоўскай вежы. Знізу да верху вежу зрубілі васьміграннай. Даўжыня аднаго боку 6 сажняў (12,8 м). Вежа мела два «масты», г. зн. была трохяруснай. Ад Казлоўскай вежы пачынаўся і ішоў у бок Магілеўскіх варотаў тайнік з двайнымі дзвярамі. На вежы «на верхнем мосту» знаходзіліся «пищаль и гроховница».