Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Ад Казлоўскай вежы лінія гарадскіх умацаванняў паварочвала на поўдзень і ішла ўздоўж «Высокага поля», затым уздоўж вялікай сажалкі на р. Шклоўцы на працягу 23 сажняў (49 м). Вежа стаяла на бастыёне — гарматным вывадзе з трыма гарматамі. Адлегласць ад Казлоўскай вежы да суседняй Магілеўскай (Крывой) брамы (праезжай вежы) займала гарадская сцяна даўжынёй 70 сажняў (149 м). Магілеўская брама, у той час засыпаная зямлёй, была чатырохвугольная ў плане памерам 5 х 5 сажняў (10,6 х 10,6 м), двух'ярусная, з двума варотамі. З узбраення тут мелася «пушечка полковая медная».

У інвентары нічога не гаворыцца пра тое, як маглі раней трапляць у Магілеўскую браму, аднак той факт, што перад умацаваннямі размяшчалася сажалка, дазваляе дапусціць, што перад ёй меўся мост.

Амаль побач з Магілеўскай брамай на адлегласці 5,5 сажня каля лініі гарадскіх сцен знаходзіўся «двор ксенжеский». Далей праз 40 сажняў (85,3 м) стаяла вежа Вывадная. Вывадная вежа была чатырохвугольная памерам 3,5 х 3,5 сажня (7,4 х 7,4 м), моцна выступала за перыметр сцен («выведена за город к пруду») мела пад сабой «земляной бой».

Далей ішоў адрэзак сцен даўжынёй у 44 сажні (каля 94 м), «вывод» (9,5 х 9,5 м) з меднай гарадавой гарматаю на ім і зноў адрэзак сцяны ў 40 сажняў (85 м), які прымыкаў да магутнай Пясочнай вежы — праезжых варотаў. Відаць, гэта Галоўчынская брама. Яна была значных памераў, у плане шасцігранная пры даўжыні адной грані ў 6 сажняў (каля 12,8 м). З вышыні ніжняга «моста» вежа пераходзіла ў васьмярык. Усяго ў ёй было чатыры «моста», г. зн. пяць ярусаў. Гэта збліжае яе з Дняпроўскай брамай, аднак ёсць між імі і розніца: вакол Пясочнай брамы былі пароблены «перила» — кругавая баявая галерэя на ўзроўню другога яруса, дзе размяшчаліся гарматы. Вежа мела васьмісхільнае пакрыццё. Подступы да вежы праз сажалку ішлі, верагодна, па мосце.

За Пясочнай вежай ішоў у 80 сажняў (170,5 м) адрэзак сцяны, што падыходзіў да Шклоўскага замка, апісання якога няма. Называецца толькі «звено города от угла до угла» даўжынёю ў 25,5 сажня (54,4 м). Не ясна, сутыкаліся сцены замка са сценамі горада ці іх падзяляў роў, што верагодней за ўсё, але далей зноў працягваліся гарадскія ўмацаванні — 30 сажняў (каля 64 м) сцен і «вывод». Пад ім меўся закрыты наглуха тайнік. Згодна вопісу, дадзены «вывод» уяўляў сабой адрэзак сцяны, магчыма, і бастыён, які размяшчаўся каля Рабкоўскай вежы, працягласцю ў 25 сажняў і 2 аршыны, і відаць, знаходзіўся блізка да вады. Зрублены гэты «вывод» быў «по городовому», г. зн. у дзве сцяны. Ён злучаўся з вуглавой «Угорскай» (Рабкоўскай) вежай «у мельницы по конец пруда».

Як відаць з вопісу 1657 г., Шклоў сапраўды быў буйным горадам, агульная даўжыня ўмацаванняў якога перавышала 2,25 км. Акрамя праязных, глухіх і невялікіх вежаў — «выводов», тут меліся і вывады зусім другога тыпу — «выводы пушечные» — бастыёны, якія звычайна прыкрывалі вялікія вежы ля іх падножжа. Асабліва гэта датычыць вуглавых вежаў — Тайнічнай, Казлоўскай і Ўгорскай (Рабкоўскай).

У час ваенных дзеянняў 1654–1667 гг. Шклоў не раз трапляў у эпіцэнтр вайны. Пасля поспехаў войскаў Рэчы Паспалітай зімой 1654/55 года ён быў адным з нямногіх падняпроўскіх гарадоў Беларусі, якія засталіся ў руках маскоўскіх войскаў, і ператварыўся ў буйную ваенную базу. Сюды перавозілі артылерыю і боепрыпасы з Копысі, пазней поўнасцю спаленай. Між тым у пачатку студзеня 1654 г., у перыяд актыўных дзеянняў войскаў Рэчы Паспалітай, ваяводы паведамілі цару, што «шкловцы, государь, по распросным речам… к литовским людям от себя писали же, что они хотят Шклов город здать». Але справа да гэтага тады не дайшла ў сувязі з поспехамі маскоўскіх войскаў. Летам 1655 г. тут знаходзілася царская стаўка. У кастрычніку 1660 г. войскі Сапегі, Палубенскага і Чарнецкага, не без згоды гараджан, лёгка авалодалі Шкловам, пакінуўшы тут усяго 200 драгунаў на чале з капітанам. Відаць, адной з прычын хуткага захопу Шклова паслужыў вываз адсюль маскоўскімі войскамі амаль усёй артылерыі. 20 чэрвеня 1660 г. тут налічвалася ўсяго «9 пищалей средних, 5 пищалей полковых в станках, пищаль небольшая на вертлуге». З прыходам войск Сапегі артылерыйскі парк павялічыўся.

Князь Ю. Даўгарукі двойчы пісаў лісты да войта, бурмістраў, райцаў, лаўнікаў і мяшчан, «чтоб они, оставя ляцкие прелести…город Шклов нам сдали вскоре безо всякого кровопролития». У выпадку адмовы абяцаў, што за гэта «учинится им какое кровопролитие, и то им будет самим от себя». 11 лістапада 1660 г. да горада падступіла войска П. А. Даўгарукага і М. Рцішчава. У данясенні цару адзін з ваявод пісаў пра свае дзеянні: «…учиня шанцы, велел стрелять из пушек и всякие промыслы чинить опричь приступу, призывая сдаваться». Аднак «шкловские осадные де сидельцы почали слободы жечь и вышли на вылазку по сю сторону реки Днепра многие люди и русские изменники, и с твоими ратными людьми был бой с 2-го часа дня 6 час… и твои ратные люди многих шкловцев на той вылазке побили и переранили и в город прогнали, и в слободах многих дворов выжечь не дали, и в шкловской де слободе почали строиться обозами твои ратные люди и делать шанцы». Пасля сутыкнення на левым беразе Дняпра войскаў маскоўскіх ваявод з узначаленымі Ліпніцкім і Баброўніцкім войскамі Рэчы Паспалітай апошнія адступілі назад у горад. Паколькі ваяводам стала вядома, што шклоўцы, «жилецкие люди, осаду крепят и хотят сидеть в осаде накрепко», яны адступілі да Магілева.

Дзеянні шклоўцаў прывялі да рашэння вялікага князя і сойма Рэчы Паспалітай у 1661 г. даць «…мяшчанам шклоўскім… генеральную амністыю (за здачу горада ў 1654 г. — М.Т.) і на 4 гады вызваліць ад падаткаў за выключэннем падатку салянога, чопавага і мыта старога».

У тым жа годзе быў зноў складзены пасля працяглага перапынку інвентар замкаў у Шклове. З яго вынікае, што за перыяд вайны ў структуры ўмацаванняў змен амаль не адбылося і апісанне іх ў асноўным ідэнтычна інвентару 1643 г.: тут былі кругавы вал з драўлянымі сценамі і вежамі вакол горада і замак з яго ўмацаваннямі. Пасярод замка стаяла высокая драўляная вежа, з якой вёўся абстрэл наваколля.

У 1666 г., выкарыстаўшы напружаныя палітычныя абставіны ў Рэчы Паспалітай, выкліканыя паўстаннем Е. Любамірскага супраць вялікага князя і караля, Расея перапыніла мірныя перамовы і зноў пачала ваенныя дзеянні. Летам 1666 г. маскоўскія войскі пад камандаваннем Я. К. Чаркаскага, І.С. Празароўскага, І.А. Варатынскага занялі Шклоў і Копысь, паспрабавалі ўзяць Магілеў, але былі адбіты. Шклоўскую шляхту па загаду цара саслалі ў Казань. Між тым вайна закончылася Андрусаўскім перамір'ем. Вынік яе для Шклова быў сумным. Інвентар 1661 г. зафіксаваў, што з 1220 дамоў, якія былі ў горадзе ў 1650 г., да 1661 г. захавалася толькі 490, а насельніцтва зменшылася з 8540 да 4375 чалавек. Да 1693 г. колькасць жыхароў узрасла да 7210 чалавек, але Паўночная вайна, якая затым пачалася, зрабіла сваю справу. У 1715 г. тут налічвалася толькі 6210 жыхароў.

Магілеўская кроніка сведчыць, што ў 1690 г. у Шклове адбыўся моцны пажар, які знішчыў «амаль увесь замак і вялікую вежу», а таксама гандлёвыя лаўкі і фарны касцёл. Аднак умацаванні яго былі пазней адноўлены і Шклоў лічыўся ў канцы XVІІ ст. моцнай парубежнай крэпасцю.

У час пажару 1769 г. у горадзе згарэла 300 дамоў. Пасля гэтага адбылася грандыёзная перапланіроўка горада, якая, відаць, закранула таксама лініі гарадскіх умацаванняў. Сведчанні XVІІІ ст. паведамляюць, што тады гарадскія ўмацаванні складаліся з вала, пяці драўляных вежаў і сямі рэдутаў. Агульная даўжыня гарадской фартыфікацыйнай лініі складала каля 2750 м. Рэшткі гэтых умацаванняў існавалі да канца XVІІІ ст., часткова захаваліся і мелі значэнне яшчэ ў пачатку XX ст. Зараз у прыдняпроўскай частцы горада яшчэ відаць сляды бастыённых умацаванняў.

Міхась Ткачоў

Храмы. Зруйнаваныя святыні

Гісторыя хрысціянскага храмавага будаўніцтвна Беларусі налічвае каля 1000 гадоў. Яго развіццё адбывалася ў рэчышчы агульнаэўрапейскай мастацка-стылістычнай эвалюцыі. Аднак асаблівасці палітычнай і рэлігійнай гісторыі нашага краю спрыялі выпрацоўцы самабытных мясцовых архітэктурна-будаўнічых прыёмаў і традыцый, дзе арганічна спалучаліся заходне- і ўсходнеэўрапейскія мастацкія ўплывы.

У той час, калі беларускае сакральнае дойлідства паслядоўна ішло па шляху сінтэзу процілеглых мастацкіх уплываў, пануючая грамадская ідэалогія, якая за гэты час неаднаразова радыкальна мянялася, наадварот, імкнулася да іх раз'яднання.

Стала ўжо агульнавядомай і прызнанай талерантнасць беларусаў. Але гэта тычыцца пераважна простага люду, шырокіх пластоў насельніцтва. У вышэйшых царкоўных і свецкіх колах грамадства на працягу стагоддзяў не сціхала вострая палітычная, эканамічная і ідэалагічная барацьба паміж рознымі канфесіямі. У выніку шматвяковай сацыяльнай нестабільнасці і адсутнасці агульнанацыянальнага веравызнання асабліва моцна пацярпела манументальная культавая архітэктура, якая з усіх іншых відаў мастацтва вызначаецца найбольшай ідэалагічнай завостранасцю і залежнасцю ад духоўнага жыцця грамадства.

Поделиться с друзьями: