ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

А некаторыя парабіліся начнымі вартаўнікамі; яны навучыліся дудзець у ражок, рабіць начны абыход і будзіць мінулае, якое даўно ўжо спачыла.

Пяць выслоўяў з старых паданняў чуў я ўчора ўначы каля садовага мура: ад стомленых, панурых, усохлых начных вартаўнікоў:

«Як на Айца, дык Ён не дужа клапоціцца пра сваіх дзяцей, у людзей айцы куды лепшыя!»

«Ён надта стары! І зусім ужо не клапоціцца пра сваіх дзяцей», — адказаў другі вандроўнік.

«Хіба ў іх ёсць дзеці? Ніхто не можа гэтага даказаць, калі ўжо і Ён сам гэтага не даказвае! Мне хацелася б, каб Ён хоць раз прывёў пераканаўчы доказ».

«Доказ? Ды калі тое было! Не дужа гладка ў Яго з доказамі — яму важней, каб Яму верылі!»

«Так, так! Вера робіць Яго праведным — вера ў Яго. Так было павялося ў нашых бацькоў! так яно ідзе і ў нас!»

Так гутарылі два начныя вартаўнікі, якія баяліся святла, і потым паныла задудзелі ў свае ражкі: было гэта ўчора ўначы каля садовага мура.

А ўва мне сэрца калацілася ад смеху, і хацела вырвацца, і не ведала куды, і апусцілася ў маю нутробу.

І праўда, я памру, бадай што, зайшоўшыся смехам, бачачы, як аслы ўпіваюцца, а начныя вартаўнікі запаняверваюцца ў Бозе.

Хіба не прайшоў даўным-даўно час на такія паняверкі? Хто яшчэ можа будзіць гэтую спачылую, светлабоязную даўніну!

Даўно ўжо пакончана са старымі божышчамі; і праўда — добры, вясёлы канец выпаў на іхнюю долю!

Не «поцемкамі» давялі яны сябе да смерці — гэта мана! Наадварот: яны так рагаталі аднаго разу, што паўміралі ад смеху!

Гэта адбылося, калі сама бязбожнае слова было прамоўлена нейкім богам: «Адзін Гасподзь! Хай не будзе ў цябе іншых багоў, апрача Мяне!»

— стары, раўнівы, злосны барадач аж настолькі забыўся, што ўсе багі засмяяліся і, пагушкваючыся на сваіх тронах, казалі: «Ці не ў тым боскасць, што ёсць багі, ды няма ніякага Бога?»

Хто мае вушы, хай чуе!»

Так сказаў Заратустра ў горадзе, які ён любіў і які называўся Пярэстая Карова. Адгэтуль заставалася яшчэ два дні дарогі да пячоры, да вяртання да ягоных звяроў; і душа яго парадавалася блізкаму вяртанню.

Вяртанне

«О адлюдненасць! Ты — мая Айчына Адлюдненасць! Надта доўга жыў я закінуты на чужыне, каб са слязьмі не вярнуцца да цябе!

Пагразі мне пальцам, як грозіць маці, усміхніся мне, як маці ўсміхаецца, і скажы: «А хто колісь нібы віхура паляцеў ад мяне?»

Хто на развітанне крыкнуў: «Надта доўга я быў у адзіноце і адвык маўчаць». Цяпер ты, вядома, навучыўся?

О Заратустра, я ведаю ўсё: і тое, што сярод мноства людскога ты быў больш пакінуты, чым раней са мною!

Адно — пакінутасць, другое — адлюдненасць: гэтаму ты навучыўся цяпер! І таму, што сярод людзей ты заўсёды будзеш ім чужы і дзікі:

— нават калі яны любіцьмуць цябе: бо яны найперш хочуць, каб іх шкадавалі!

А тут ты ў сябе дома, на радзіме; тут ты можаш гаварыць усё і адкрыць сваю душу, ніхто тут не саромеецца схаваных і скупых пачуццяў.

Тут усе рэчы, лашчачыся, набліжаюцца да тваёй прамовы і дагаджаюць табе: так хочацца ім паездзіць на тваёй спіне! На любой прыпавесці ты дапнеш да ўсякай ісціны.

Тут проста і шчыра можаш гутарыць з усімі рэчамі; і праўда, пахвалою здаецца іхняму слыху, што нехта гаворыць з ім шчыра!

А быць пакінутым — зусім іншае нешта. Ці памятаеш ты, Заратустра? Калі ў лесе над тваёй галавой крычала птушка, а ты нерашуча стаяў побач з мёртвым і не ведаў, куды ісці.

Калі ты казаў: «Хай мае звяры вядуць мяне! Я адчуваю, што мне больш небяспечна быць сярод людзей, чым сярод звяроў». Гэта была пакінутасць.

А ці памятаеш ты яшчэ вось што, Заратустра? Калі ты быў на сваёй выспе, ты — крыніца віна сярод пустых вёдраў, раздаючы сябе спрагненым, даруючы і раздорваючы,

— пакуль, нарэшце, не застаўся ў адзіноце, спрагнены сярод п'яных, пакуль не пачаў скардзіцца начамі:

Ці не большая асалода ў тым, каб браць, чым даваць?

І красці, чым браць? Гэта была пакінутасць! Ці памятаеш такое, Заратустра? Калі да цябе наблізілася твая Цішыня, якая адагнала цябе ад самога сябе, і злосна нашэптвала: «Скажы і рабіся!»

— і калі зрабіла табе болем тваё чаканне і маўчанне і паныласцю тваю ўпакораную мужнасць. Гэта была пакінутасць!»

О адлюдненасць! Ты, мая Айчына, Адлюдненасць! З якой шчаслівай пяшчотай звястуе мне твой голас!

Мы не пытаемся адно ў аднога, мы не скардзімся адно аднаму: мы ідзем разам у адчыненыя дзверы.

Бо ў цябе ўсё адчынена і светла, і тут лягчэй бягуць ногі часу, бо ў цемры час цісне мацней, чым на святле.

Тут мне раскрываюцца словы пра быццё, быццам скрынкі, раскрываюцца мне словы пра ўсё сутнае: усё сутнае хоча стаць словам, усякае станаўленне хоча навучыцца ў мяне гаварыць.

А там, унізе, любая казань марная! Там «забыць і прайсці міма» — найлепшая мудрасць: гэтаму я цяпер навучыўся!

Хто хоча ў людзей зразумець усё, павінен да ўсяго дакрануцца. Але на гэта ў мяне занадта чыстыя рукі.

Я ўжо не магу дыхаць з імі адным паветрам; о, навошта я жыў так доўга ў шуме і ў іх смярдзючым дыханні!

О шчаслівая цішыня вакол мяне! О чыстыя пахі! Як глыбока і чыста дыхае цішыня! Як учуваецца яна, шчаслівая!

А там, унізе, — там усё гаворыць і ўсё застаецца не пачутым. Хоць званамі абвяшчай мудрасць сваю: гандляры на рынку ўсё роўна заглушаць яе звонам медзі!

Усё ў іх гаворыць, а разумець усе адвыклі. Усё ў іх валіцца з рук, але нічога не трапляе больш у глыбокія крыніцы.

Усё ў іх гаворыць, усё растурзана словамі. Тое, што яшчэ ўчора было цвёрдае і не па зубах самому часу, сёння — згрызенае і абгрызенае — звісае з зяпы людзей цяпершчыны.

Усё ў іх гаворыць, усё агалошваецца. Тое, што калісьці было схавана і таямніцай глыбокіх душаў, сёння належыць вулічным трубачам і ўсякім легкакрылым кузакам.

Дзівосная рэч — чалавечая істота! Ты, шум цёмных вуліц, ты зноў за мною! Найвялікшая небяспека мая засталася за мною!

Поделиться с друзьями: