Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Запіскі Самсона Самасуя

Мрый Андрэй

Шрифт:

— Я ведаю, маці, як сябе трымаць! Ці я людзей ня бачыў? Ці мне гэта ў першы раз?

Маці сумна памахала галавою:

— Заўсёды, сынок, так кажаш, а як дадуць справу, дык і выкінеш! Ой, баюся я за цябе! Па бацькавай вудалі пашоў.

Мой бацька, раўнадушна зірнуўшы на матку, пыхкаючы люлькай, у нос прамармытаў:

— Па маёй вудалі? Каб па маёй, дык сядзеў-бы на зямлі. А то сьвет аб'езьдзіў, усе гарады абнюхаў, ды нідзе прыстану не знайшоў. Казаў і кажу: лепш кінуў-бы вандраваць ды ўзяўся-б за зямлю.

Я выйшаў на сярэдзіну хаты, растапырыў ногі, як крынджалы, задраў нос уверх і, прыплюснуўшы правае вока, тэатральна запытаў у бацькі:

— Як-жа? Буду калупацца ў пясочку вашым? Няхай троху пачакае! Якое тут жыцьцё? Бачыўшы цывілізацыю, які разумны чалавек пачне рабіць гэта калупайства ваша? Краты вы, а ня людзі! Які сэнс у вашай крацінай працы?

Не адзін раз бацька слухаў мае разважаньні аб адсутнасьці матар'яльнай базы ў яго вытворчасьці і, трэба сказаць, слухаў іх з вужацкім спакоем, а цяпер раптам закрычаў на мяне высокім голасам:

— Ах каб ты выпруціўся, чортаў сын, вучоная раськірэка! Дык я крот? І матка краціха? Рыемся ў зямлі і сьвету ня бачым?

— Ты — ня крот, а праца твая краціная!

— Калі так, чаго-ж ты, Хадора сьвятая, як дадуць табе перцу, зноў хвост падтуліўшы сюды ляціш ды на бацькавай шыі сядзіш? І працаваць ня хочаш, хочаш дурыкамі жыць! Над бацькавымі мазалямі сьмяешся... Вучыў цябе, ночай не дасыпаў, хацеў, каб сын вучоны быў, а ты цяпер і сьмяешся з бацькі, з маткі...

Бацька не на жарты ўсхадзіўся, Гэта параўнаньне з кратом фарсіравала яго кроў.

— Калі-ж так, — кінуў ён ужо нізкім тонам, — ня дам табе кабылы! Едзь на сваіх, на дваіх! Цягні, як хочаш, свае прычындалы! Досыць зь мяне! Наслухаўся твайго мудрагельства!

Бацька грукнуў дзьвярыма і вышаў на двор. Там ужо стаяла ў поўнай баявой гатоўнасьці запрэжаная кабыла.

Бацька пачаў нэрвова распростваць яе, нешта злосна бубніў сабе пад нос, некалькі разоў абазваў ні ў чым нявіннае стварэньне «шэльмай гарбаносай». Кабыла зусім не хацела разумець бацькавай крыўды і зьдзіўлена пазірала на слаба каардынаваныя рухі свайго гаспадара і яго палітычна нявытрыманую тактыку.

Распрогшы кабылу, бацька ў пуню яе не загнаў. Адыйшоў ад кабылы і сеў на калоду. Кабыла пастаяла хвіліну і падышла да бацькі, нюхаючы паветра.

Бацька даў ёй шэраг запытаньняў:

— Чаго прышла? Чаго стала тут? Ідзі ў пуню! Не паедзем мы з табой, кабылка!

Зірнула на яго зьдзіўлена сваімі добрымі вачмі і ціха пасунулася ў вадчыненую пуню.

Я злосна пазіраў у вакно на бацьку, кабылу і каламашку, у якой мусіў быў ехаць, каб ня гэты нікчэмны крот. З практыкі ведаў, што цяпер ня хутка наладзіш дыплёматычныя зносіны з бацькам.

Матцы я сказаў, вачмі паказваючы на бацьку:

— Вунь сядзіць, надзьмуўся, як сава! Здаецца, каб быў бацька маладзей, пашоў-бы я туды ды адкалатушыў бацьку!

Матка ласкава сказала мне:

— Кінь злавацца! Бацька адходлівы! Пасьля абеду паедзеш, а нанач там будзеш. А цяпер лепш сабраў-бы ўсё сваё да кучы. Я табе памагу.

Я паслухаў маткі і пачаў упакоўваць свой гардэроб. За 15 гадоў бадзяньня па сьвеце шмат чаго сабралася ў мяне.

Дзьве хутры, адна лісіная, другая ваўчыная, дзьве бэкэшы, шынэлька вельмі пралетарскага крою, прастрэленая ў некалькіх мясцох: пахаджэньне гэтых дзірак я добра ведаў і ўсім гаварыў, што кулі белагвардзейскай сволачы прастрэлілі яе на Дзінікіным фроньце. Было яшчэ паліто даімпэрыялістычнай эпохі, зусім куртатае і цеснае для маёй асобы. Іншы раз я апранаўся ў яго і, як заўважыла мне тэлефаністка адна, паліто сьмешна выпучвала мае заднія формы. Шмат было ў мяне і нагавіц: галіфэ розных колераў і фасонаў, райтузы, клёшы, спрынджыкі (апошні крык амэрыканскай моды), шаравары і нават беларускія споднікі зь «сеслам» для эфэктных выступленьняў у спэктаклях.

Увесь мой гардэроб і апісаць нельга. Бацька называў усе мае рэчы «прычындаламі» і часта гаварыў маёй матцы:

— Тысячы паўтары можна было-б скалаціць за гэта прычындальле! Але што ты зробіш сыну, калі ён носіцца з цацкам, ды хварэе на пана? А можна было-б паправіць гаспадарку!

Уся вопратка ляжала ў кучы і была перасыпана нафталінам. Матка, парадкуючы яе, увесь час чмыхала, круціла носам і бубніла:

— Каб табе праваліцца, нячыстая сіла! Ня звыкнуся з гэтым смуродам! І выдумаюць-жа людзі!

Я сачыў за кажным рухам маткі і даваў інструкцыі. Матка адгаворвала:

— На што ты забіраеш усе рэчы?

— Я там асяду. Апошні раз цягнуся з дому. Можа ажанюся там, маці!

— Няхай-жа Бог пасылае, сынок!

Матка зірнула на мяне, статнага, бялявага зь вельмі пухнатымі вусамі і дужа кірпатым тварам мужчыну, і мімаволі з вачэй яе сыпнулі сьлёзы.

«Прычындалы» былі ўпакаваны. Я зірнуў у вакно. Бацька ўсё сядзеў на калодзе.

— Пакладу яшчэ кніжкі і розную дробязь, тады ўсё будзе ў парадку! — сказаў я сам сабе і пачаў даставаць з паліцы кніжкі.

Чатыры кніжкі я лічыў настольнымі і ніколі зь імі не разлучаўся:

1) падручнік, як гаварыць мала і важка,

2) культура трох камераў цела,

3) як разьмяркоўваць свае функцыі і

4) падручнік па агульнаму кіраваньню.

Апрача гэтых кніжак я ўзяў яшчэ іншыя падручнікі ў розных галінах нашага жыцьця і «палітэканомію ў пытаньнях і адказах». Узяўшы апошнюю ў рукі, я задаў сабе некалькі пытаньняў і, зачыніўшы вочы, адказаў на іх.

Паверх кніжак я паклаў яшчэ складаны зэдлік і столік і ўсё гэта ўціснуў вяроўкамі. Ад натугі засопся і сеў на лаву.

— Сапрон, ідзі палуднаваць! — клікнула маці бацьку. Елі моўчкі. Мне хацелася распачаць спрэчкі, але матка, як відаць, сваячасова мірганула бацьку і дала яму дырэктывы маўчаць. Як падмацаваліся, матка, прыбіраючы стол, запыталася ў бацькі:

— Паедзеш ты ці не? Калі думаеш, дык трэба думаць. Каб ня было позна? Усёроўна трэба-ж ехаць!

— Каму трэба, няхай едзе! Няхай ідзе ды сам запрагае.

— І пайду! Запрэгчы нядоўга — сказаў я і вышаў на двор. Але ня ведаў я ўсіх тонкасьцяў бацькавага рамяства і развучыўся вазёкацца. На вучоныя лез! Доўга я марудзіў, шукаючы даўно знойдзеныя Амэрыкі. То гужы кароткія, то кляшчы ня сходзяцца, то яшчэ якая хвароба. Нават не з таго боку пачаў дугу ўстаўляць.

Вышаў з хаты бацька і з пагардай глядзеў на мае апэрацыі.

— Куды ты сунеш? Ня гэтак! У другую дзірку! Мацней нацягвай! Нагою ўпірайся!

Бацька злосна плюнуў, падышоў да кабылы і перарабіў усё пасвойму.

— Гэта табе ня рэзалюцыі выносіць! — закончыў ён і пашоў у хату.

На разьвітаньне із мною прышлі з поля мае сёстры. Яны мяне вельмі паважалі, глядзелі на мяне, як на вялікую шышку. Цалуючы старэйшую сястру Ганульку, я сказаў:

— Замуж не сьпяшайся, асабліва за Яўмена. Я табе знайду добрую пару!

Поделиться с друзьями: