Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
Гануля троху адукаваная, тры зімы хадзіла ў школу. Як прыбярэцца калі, дык вельмі падобна да інтэлігенткі, хоць бацька і дражніць яе ў гэты час «чыпірадлай». Я не разумею, які сэнс бацька ўкладае ў гэта слова, але Ганулька вельмі ня любіць гэтага слова.
Матка троху сьлёзак ськінула і зноў наказала мне, каб быў асьцярожным і трымаўся за пасаду.
Пад акампанімэнт матчыных знаёмых мне сьпеваў узьлез я на воз. З правага боку да мяне падсеў бацька, і нашы калёсы выкаціліся з двара.
Праз хвіліну мы ўжо трухам ехалі па шляху на Шапялёўку.
Кабылка наша, хоць і была задаволена на ўсе 100%, але вельмі слаба пасоўвалася ўперад. І маці мая, такім чынам, памылілася. Мы нанач ня прыехалі ў Шапялёўку. Мала гэтага. Усю ноч ішоў моцны дождж. Мы ехалі вярстоў з 20 лесам, і некуды было схавацца ад залевы. Ніякае дрэва не магло быць хаўрусьнікам у нашым змаганьні зь нябесным самагонным апаратам, бо ўвесь лес яшчэ толькі пачынаў абрастаць лісьцем, і яно не ратавала нас.
Прыехалі мы на месца, як пачало разьвідняць. Былі мы мокрыя. Раньне выдалася прыгожае, сьветлае, бліскучае. Усе мае рэчы прамоклі дашчэнту і ад гэтай незадачы настрой мой і тэмпэратура цела значна зьнізіліся.
Усё раньне сушыўся я, ськінуўшы зь сябе ўсю вопратку і застаўшыся, у чым маці нарадзіла. Я зрабіў прапанову, каб і бацька на гэткі манер прасушыўся, але ён зарагатаў.
— Ня хочу сядзець голым апосталам, як ты! І так падсохне, ды яшчэ хутчэй, як у цябе!
Сон ня йшоў да мяне, і я голы шпацыраваў па пакою. Бацька глядзеў на мяне ды ўсьміхаўся ў сваю сівую бараду. Што да маіх рэчаў, ці «прычындалаў», як кажа бацька, дык аб іх я падумаў у першую чаргу і зрабіў такія практычныя мерапрыёмствы. Я вынес іх на заежджы двор і пачаў разьвешваць на частаклеце, досыць новым і яшчэ не запэцканым.
А бацька ў гэтым кірунку прытрымліваўся наплявізму і нават угаварваў мяне:
— Не саром сябе прад людзьмі, цэлы гамазын паразьвешваў тут!
— У цябе, бацька, кунктатарская тактыка! Прапусьцім час — і рэчы папсаваны.
Зразумела, што мае рэчы прыцягнулі ўвагу самых шырокіх мас. З самага раньня народ кучкамі праходзіў каля заежджага дому і ўва ўсе вочы глядзеў на «прычындалы». Мне гэта троху псавала кроў, асабліва, калі я на свае вушы чуў мяшчанскія праклямацыі, што «прыехаў альбо пан, альбо а грэйсэ шышкэ». О чэрці перапялёсыя, гнойнікі мяшчанскія! Каб у вас на носе села а грзйсэ шышкэ!
У выканкоме праца ўжо йшла, калі я прышоў туды. Я лічыў пытаньнем выключнай важнасьці разьведаць пра сваё начальства ўсё, што можна, і яшчэ ў заежджым доме мяне інфармавалі, што старшыня РВК цяпер у разьездах па раёне, што ён зь сялян, зусім просты чалавек, жанаты, здаецца, і прыплод ёсьць, здаравяк-махіна і ўпарты, як вол. Яго нядаўна сюды прыслалі, бо ведалі, што толькі ён можа зьнішчыць галавацяпства Шапялёўскіх устаноў. «Як бачу, маналітны чалавек!» — падумаў я.
Некаторыя дадатковыя неабходныя весткі атрымаў я ад кур'ера РВК, якога я сустрэў, ідучы ў РВК, і якому сказаў, што я прыехаў на пасаду загадчыка культаддзелу.
Першае, што я ўзяў на ўвагу, калі ўвайшоў у вагульную канцылярыю выканкому, была машыністка. Яна сядзела каля вакна і задумёна татахала на машынцы.
Каля дзяўчыны мітусіліся дзелаводы, перапісчыкі, падсоўвалі ёй свае паперы і спрачаліся між сабою за чаргу. Кажны зь іх пахмыляўся, нахабна глядзеў ёй у вочы, блізка дыхаў на яе, часам мармытаў ёй два-тры словы. Яна давала гэтаму мінімум увагі і, мусіць, канкрэтна разумела сваю задачу.
Яе аблічча адразу ўціснулася ў маю памяць. Троху ўдоўжаны твар, з шырока-адчыненымі, чорнымі і троху гульлівымі вачамі, кучаравыя, чарнявыя, абчыкрыжаныя на гарадзкі манер валасы, нос зь невялікім горбікам і зграбная постаць з прыгожымі курганчыкамі грудзей — усё гэта адразу асьвяжыла маю кроў, надало мне бадзёрасьці, якую я страціў быў у мінулую мокрую ноч.
А вакол гудзеў народ, шчырчэлі пёркі скрыбаў, з шолахам пераварачваліся аркушы паперы, рыпалі дзьверы шафаў, із стогнам перакладваліся зь месца на месца вялізныя, тоўстыя кнігі зь лічбамі сялянскага жыцьця.
Я спыніўся на хвіліну і моўчкі завастрыў сваю ўвагу на дзяўчыне. Яна павярнула сваю галаву ў мой бок і зірнула на мяне. Хацела зноў узяцца за справу, але я ўпарта глядзеў на яе і хацеў накіраваць яе думку на сябе. Я выцягнуўся і стаяў перад дзяўчынай высокі, уважысты, зь сьвежым мужным (праўда карпаносым) тварам чалавек. Я наўмысьне разглядаў яе, як цікавую, але непатрэбную ў нашым будаўніцтве рэч.
У першы момант дзяўчына нібы засаромілася, лёгкі налёт чырвані прабег па яе абліччы, але потым яна, відаць, урэгулявала сваю кроў. Дзяўчына сьмела і нават з пагардай пачала глядзець на мяне.
Некалькі хвілін цягнулася наша вочнае спаборніцтва. І вядома, перамога была на маім баку. Дзяўчына адвяла ў бок свае прыгожыя вочы, і яе пальчыкі няўпэўнена пачалі скакаць па машынцы, а грудзі парыўна заварушыліся пад тонкай кофтай.
Мне хацелася патаварыць зь ёю.
Я пашоў да яе.
— Пакажэце мне сакратара РВК!
— Ён у габінэце старшыні.
— Старшыні яшчэ няма? Ня ведаеце?
— Ня бачыла. Здаецца яшчэ ня прыехаў.
Я прайшоў у габінэт, адчуваючы, што ў сьпіну мне глядзелі яе вочы. Адзначыўшы гэтыя станоўчыя вынікі маёй кароткай размовы зь дзяўчынай, я ішоў у габінэт шырокімі, упэўненымі крокамі і нават сымуляваў некаторую распусную развальцу ў хадзе, чаго звычайна ў мяне ня прыкмячалася.
Дзяўчына памылілася. Старшыня тав. Сом ужо вярнуўся з раёну і сядзеў у габінэце. Я назваў сябе. Старшыня сустрэў мяне досыць раўнадушна.
У яго нізкі, грузлы голас, самы звычайны, з усімі адценьнямі, сялянскі голас. Ні кроплі адукацыі ня бачна. Калі ён гаворыць, ад яго слоў у вагульным і цэлым пахне жытам, полем, непарушнай моц'ю лясоў і сенажацяў. І я канкрэтна разумею прычыну ўплыву яго на людзей.
Тав. Сом ня доўта гаварыў із мною. Я пашоў у вагульную канцылярыю прыняць справы. У маім веданьні два сталы, дзьве шафы і тры зэдлі.
Тут адразу вызначыўся шлях маіх дачыненьняў з машыністкай. Мае сталы стаялі побач зь яе столікам. Дзякуючы гэтаму, можна было бязь перашкод наглядаць за ёю.
Я на сябе зазлаваў не на жарты. Як-жа? Прышоў у савецкую ўстанову, атрымаў важную пасаду і зь першага моманту больш цікаўлюся спадніцай, чымся дзяржаўнымі справамі. Мне трэба адразу разьмежаваць свае функцыі ад функцыяў дзяржаўных.
Хачу зрабіць гэта, але ў першы дзень мне ня хочацца займацца справамі, і ўсю ўвагу прыцягвае яна.
Даведваюся, што завуць дзяўчыну Крэйна Шуфэр. «Надзвычайна прыгожая яўрэйка!» — падумаў я і пасьля малёнага змаганьня з сваім тэмпэрамэнтам вынес рэзалюцыю: зрабіць крокі да ажыцьцяўленьня самай шчыльнай сувязі зь ёю. Я нават пачаў у галаве намячаць трохгадовы пэрспэкцыйны плян майго закаханьня ёю і не заўважыў, як да яе століка падышоў малады белагаловы з блакітнымі вачыма чалавек.