ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
* * *
Снег пластом. Паімчаліся сані, коні ў шэрым, у белым сады, родны край, і шляхі тыя самыя, і палі. Ды не тыя гады... Куды едзем? – А блізка ўжо вечар, боль нясцерпны, і слёзы, як град. Там, дзе дом наш, даўно ўжо пустэча, заварочвайце коней назад. Мгла былога, дымок успамінаў міражы залатыя плятуць. Ажываюць сляды ў каляінах дзён мінулых, якіх не вярнуць...
* * *
Разліся, мова, як мора, мова народа, паэтаў. Досыць нямой пакоры, цесна ў сялянскім гета! Можна змяніць кашулю, туфелькі ці пальчаткі. Нельга мяняць матулі, бацькавай роднай хаты. Нельга шляхі Скарыны сцежкай змяніць інакшай. Нельга сям’і зубрынай долі шукаць не нашай.
* * *
Маўчыць зямля, маўчаць у ёй магілы, схаваны ў землю боль людскі маўчыць. Няма магіл, якія б гаварылі, за іх жывыя мусяць гаварыць. Пакуль ёсць праўды хоць зярнё пад сонцам, не згіне след мучэнняў і пакут. Няхай дрыжаць крывавыя забойцы – народ над імі свой учыніць суд!
* * *
Чало у поце, далоні – ў працы, у сэрцы – туга. На душах нашых, як на сабацы, след ланцуга. Ланцуг, што душы сціскаў вякамі, пара скідаць! А ён – жалезны, яго й клыкамі не разарваць… Чорныя брацця – Гвінея, Гана – ў свабоды час з тугой у сэрцах, ўжо раскаваных, глядзяць на нас. Мова народа ў аковах гіне – годзе душыць! Калі іх з рук нам ніяк не скінуць – скіньма з душы!
* * *
Прыляцела сінічка пад малое акно, быццам знаемся з ёю мы аднекуль даўно. І махае галоўкай, і глядзіць на мяне, аж трапеча галінка пры замёрзлым акне. Я прыяцельцы рада, маленькі мой госць, ты глядзіш на мяне, як мая маладосць. Вабіш лётам свабодным, звонкай песняй для хат, аж з вачэй непагодных мне пасыпаўся град…
* * *
Вершы мае, захаваныя ў сэрцы на сто замкоў. Вершы мае, закаваныя за праўду і за любоў. Вершы мае вы, шэрыя птушкі з-пад аблакоў. Песні мае вы, верныя скарбам маіх дзядоў, спадчыне неацэненай, мудрасці, глыбіні, выбеленыя цярпеннямі, гартованыя ў агні. Вершы – як доля зрэбная, як мроіва на зары, голас мой, сцюжай цярэблены, зломаны без пары. Песні на поўнач гнаныя, песні з-пад ланцугоў, песні непрадаваныя, песні – цярпення кроў. Вершы мае падбітыя, водгулле маіх дум. Вы, як і я, забытыя, крыкі мае ў бяду. Дзе пазбіраць разгубленых, як у вянок сплясці... Песні – мой хорам, зрублены з родных бярвён у жыцці.
* * *
Памёр паэт сягоння ціхай ноччу – з вачэй народа слёзы паплывуць. А халуі вось паміраць не хочуць, а халуі свой век другі жывуць. Згарае той, каму агонь даступны, і ўвысь ляціць, хто прэч адкінуў страх. Той не згарыць, хто поўзае на пупе і ліжа бот, ён у жыцці ўжо – прах. Хто гне хрыбет, хто поўзае – той слізкі, не папаўзе за ім дастойны брат, адкіне ён, як гадзіну, падлізу, а на падлізаў родны край багат… Паэты мруць, а плодзяцца такія, якім вачэй да сонца не падняць, што між братоў – сляпыя і глухія, ім толькі бот скрываўлены лізаць…
* * *
Я ідалам ні дарам, ні за грошы блюзнерскіх песняў-гімнаў не пяю і мовы роднае ў ахвяру не прыношу. Адна стаю. У сцюжу нават, перад смерцю белай святых у муках не зраклася праўд. Маё чало чамусь мінаюць стрэлы. Такі загад? Адна стаю, не час яшчэ ў магілу, мой лук і меч – цярпенне і любоў. А прыйдзецца – за лёс Радзімы мілай аддам я да апошняй кроплі кроў!
* * *
Сонца. Надзейны і праведны шлях. Дзень мой слязою не затуманены. Мысляў свабодных адчайны размах над Краем, пакуль закайданеным. Вартыя, слаўныя тыя ў жыцці, хто – з годнасцю чалавечай. Лозам згінацца, змеям паўзці, людзям – выпростваць плечы!
* * *
Зацвітаюць чаромхаю вёсны, бродзіць лугам туман палявы. Людзі крылы ўздымаюць у космас, людзі бродзяць нагамі ў крыві. Сталі ўсе мы крылатыя раптам – многа сіл, многа дум, цесна жыць. Запрагаем маленечкі атам неакелзанай волі служыць. Хвалявання людскога прыбоі, Магеланаў да зор караблі… Сэрцу цесна, крыві неспакойна на маленькім арэшку Зямлі.
* * *
Пасадзіла дрэўца на чужым загоне, каб яно квітнела, каб яно расло. А самую ў буру пад цяжкія стогны супраць белай смерці доляй панясло. Паміраць ад болю не давала сэрца, ў цяжкія хвіліны цешыла яно, што квітнее недзе дарагое дрэўца з цёплаю вясною, з сонцам заадно. Хай расце магутна і няхай красуе, налівае голле сокамі зямлі — марыла у путах у пургу ліхую маці, ад якое сына узялі... Жаль — не ў кожным дрэве выспявае сіла, і не ўсе малітвы выслухае Бог. Адшукалі дрэўца, корань атруцілі, і дубок у неба ўжо расці не змог. Толькі вецер з гора прыпаў да зарніцаў, вербы яго ў полі ўцешыць не маглі... Не адной магілай вораг ганарыцца, не адным дубочкам, вырваным з зямлі.
* * *
Слязьмі дажджы змылі дзявочы мой след, дзе птушкаю песня з гнязда узляцела. Сядзіба мая, дзе я ўбачыла свет… Ад ліку магілаў душа анямела. Роднаму вернасць, дзядоў запавет, руіны ж маўчаць, быццам мёртвае цела. Сядзіба мая, дзе я ўбачыла свет… Ад ліку магілаў душа анямела.
* * *
Мацнеюць крылы ў барацьбе. Віхор змагання сілы будзіць. Так жыць, каб шанаваць сябе, каб шанавалі цябе людзі. Не гнуць галоваў, не слабець, другога ў нас жыцця не будзе. Так жыць, каб шанаваць сябе, каб шанавалі цябе людзі!

З архіўнай сховані

* * *
Недруг шляхі нам да сонца закрыў, пахне вокал заплеснелай гніллю. Сільны не той, хто Бастыллю стварыў, сільны той, хто разбурыць Бастыллю!

1942

* * *
Дзіця маё, як Край наш, дарагое, харошае, як песні нашых ніў. Як сумна мне, што й гэтаю вясною садок твой дома без цябе адцвіў. Суровы вецер хіліць стан дзявочы, паволі цягнуцца ліхія дні. Перажыве душа расстання ночы, бо гартавалася ў цярпенні і агні. Магчыма, затужыў далёкі мілы, і часта сэрца юнае баліць, што не яго, а Край свой палюбіла дзяўчына з беларускае зямлі. Мая каханая, маленькімі рукамі і ты ўзялася смелым памагаць – хацела цяжкі, непасільны камень з грудзей Айчыны наймілейшай зняць. Бог бласлаўляе працу і навуку, і ціхі дом, і нівы, і лугі. Найбольш усё ж Ён бласлаўляе рукі, што путы рвуць і нішчаць ланцугі.
Поделиться с друзьями: