Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Я ўсё хварэю. Грып то праходзіць, то зноў вяртаецца. Не сцерагуся. не ўмею. 14 лютага была паніхіда. Былі сябра Кароль і Пётра Рашэтнік і праездам украінскі паэт Іван Гнацюк. Добры паэт. Але нервова болей за мяне яго даканалі. Старалася яго падбадзёрыць. Пасля застолля ездзілі на могілкі. Вазіў нас сынок нашага святара. А святара, пэўна, даканаюць такі. Сам вінаваты – на Грамніцы трашчала царква ад народу, а сам храм ажно ззяе ад аднаўлення…
Чула, што ў Беластоку (пісалі з Менску) закрылі “Ніву”. Людзі засталіся без працы ў гэты цяжкі час і без роднага слова. Ад нашых ужо зноў няма вестак. Пасылкі з Гродна можна пасылаць. З Зэльвы – нельга!
Яшчэ з ліста ад далёкіх сяброў: “Да ўгодкаў Купалы-Коласа ў ЗША выдадзеная кніжка (па-беларуску) успамінаў тых, якім давялося ў жыцці сустракацца з Купалам ці з Коласам. Здаецца ў друк (па-ангельску) кніга бібліяграфіі твораў Купалы і Коласа, якія публікаваліся ў краёх Захаду ў мове арыгіналу і ў перакладах на мовы Захаду. Кніга мае мець каля 160 бачынаў друку, у ёй каля тысячы бібліяграфічных пазіцыяў”.
Хоць парачку слоў напішэце пра сваё здароўе. Як там спраўляецца малады гаспадар? Шчыра вітайце сваіх хатніх. Цалую і абнімаю Вас.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 1 сакавіка 1982 г.
Дарагая Людвіка Антонаўна!
Рада, што ёсць ад Вас вестачка, але вельмі сумна, што Менск так аднёсся да с.п. М. Забэйды-Суміцкага – як мачыха… Напішэце мне ласкава, ці ёсць якія там проблескі грамадскага розуму і сумлення? Ці робяцца нейкія старанні, каб забраць дамоў урну і сякую-такую спадчыну па памершым? Гэта ж святы наш абавязак.
Я ледзь пішу Вам. Моцна хворая. Здае сэрца. Электракардыяграма зусім дрэнная. Я доўга не была ў лекараў. Змусілі мяне пайсці. Навыпісвалі лекаў, але ўколаў тут ніякіх няма. Сяння была на аналізах. Падзеі ў Польшчы і падзеі ў Зэльве (каля маёй асобы) мяне даканалі. Пісаць Вам пра ўсю бязбожную хлусню авантурыстаў проста не хочацца. Быў там і адзін разумны чалавек, і хлусня засталася хлуснёю, але ўсё моцна адбілася на маім хворым сэрцы і нервах. Казаў мне нядаўна адзін чалавек: “Насколькі моцна Вас любяць людзі, настолькі ненавідзіць начальства”… У сянняшнія часы гэта сіла няроўная, і вось таму так пакутую. Трываю покуль што.
Затрымка будзе, здаецца, з кніжкаю. Усё жыццё мяне гэтым мучаць. Але тое “слаўнае” зэльвенскае начальства крыху цяпер ператрасаюць. Робяць перамены, і напэўна, будуць яны на карысць, бо ўжо тут было – і смех і грэх!
Лечаць мяне сумленна, але ці гэта паможа… Рада, што хоць у дзяцей больш-менш добра. З прадуктамі там цяпер лепей, так што лішне не перажывайце. Яны не галодныя. А Вам няма як і калі займацца малапатрэбнымі ім пачкамі. Каўбасы і сала слаць нельга, а кашы, як піша мая нявестка, у іх ледзь ужо не “молі ядзяць”. Вам патрэбны спакой і ўсім хатнім таксама.
Тамаша Грыба не давялося мне пазнаць асабіста. Я прыехала, калі ён, хворы на запаленне лёгкіх, ляжаў у больніцы. Я была на ягонай крэмацыі… Гэта зрабіла на мяне, як на патрыётку, цяжкае ўражанне – памёр на чужыне… Былі вечары памяці аб ім, і ўсе гаварылі ў суперлатывах. Быў асвечаны, разумны, чэсны і бедны, як усе парадачныя людзі. Цяжка мне ўспамінаць тыя часы, хоць былі яны ў маім жыцці, бадай, лепшымі.
Нічога не здымае мне сяння болю з маёй галавы, ажно трашчыць… Вонку сумна і нейк цёмна. Жук ля маіх ног. Айцец Васілій упаў з драбіны і паламаў нагу. Нага будзе ў гіпсе паўтары месяцы. Шкода дзейнага, разумнага чалавека. Яшчэ 14 лютага адслужыў паніхіду па с.п. Яначцы. Былі і др. Кароль з Пётрам Рашэтнікам і праездам украінскі паэт Іван Гнацюк. Айцец Васілій – яшчэ малады святар, і мае тыя ўласцівасці, што з-пад яго рук аднаўляюцца храмы, і ўсё, да чаго ён дакранецца, а словы выклікаюць роздум у людзей і часта слёзы.
Паўлінкі Мядзёлкі я не магла зразумець: ні яе душы, ні яе казанняў (даруй ёй, Божа…). Яна мела жаль да нас, бо была пэўная, што застанецца з намі. Гэта было нельга, бо с.п. Муж ужо быў хворы, ды яе бесцырымоннасць, рэплікі і заўвагі моцна яго раздражнялі. Усе яны сяння спяць. Дык няхай жа спакойна ім спіцца. Вельмі хочацца, каб ген[ерал] Ярузельскі нейк унармаваў адносіны паміж імі і намі. Каб хоць сваіх унукаў яшчэ пабачыць. Сын вельмі просіць хоць на пару дзён выклікаць яго сюды праз нашае пасольства ў Варшаве. Баюся, што не дазволяць. Вельмі рада, што Вы не адныя, як я. Добра толькі адно – што ёсць свая старая хатка, дзе хоць успаміны са мною…
У нас яшчэ снег і слізгота, але вясна не за гарамі і адчувацца ўжо ў паветры. Баюся, што сёлета не змагу многа працаваць у гародзе. Цяпер перажываю, што лётаюць па хаце молі. Як Вы ратуецеся ад іх? Усё тут пачалося ад сушаных яблыкаў. Вельмі баюся за свае дываны. Іх вельмі рады забраць у музей. Дарма, безумоўна… А мы аддавалі за іх апошняе, каб толькі бачыць тыя старыя ўзоры. Воля с.п. Мужа была, каб усе іх выслаць далёкім сябром. Жаль – цяпер не дазволена.
Яшчэ раз вітаю Вас са святам 8 сакавіка! Вам і мілай п. Галіне жадаю найлепшага. Няхай будзе спакой на свеце, у хатах нашых, у нашых душах! Усіх-усіх сардэчна вітаю, а Вас цалую шчыра і абнімаю.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 11 сакавіка 1982 г.
Шчыра паважаны і дарагі Аляксей Міхайлавіч!
Спаўняю Вашу просьбу, высылаючы Вам пару слоў аб сабе. Прымаю рэгулярна лекі, сяк-так рухаюся. Не магу сказаць, што мне лепей, але ж і не горай. На 8 сакавіка былі ў мяне госці з Менску – маці з дачкой-школьніцай. Учора паехалі, але дзяўчо хацела яшчэ тут пабыць. Хоць яны мне памагалі, але я моцна стамілася, бо гасцей заўсёды трэба нечым прыняць, а іх сабралася болей. Была гэта адна з супрацоўніц Музею старажытнага беларускага мастацтва. Гутарка была цікаваю.
Дзеці і ўнукі нейк перанеслі найгоршае і трымаюцца, усю сваю энергію аддаюць купленаму ў Супраслі кусочку зямлі, які загарадзілі (ля манастыра) і будуць там сёе-тое садзіць, каб было што есці. Унукі вучацца. Век мой ужо позні, што адбіваецца і на здароўі, і на творчасці.
З Прагі піша мне адна сербка – Віда Ляцкая. Некалі яна пакахала свайго прафесара Ляцкага – беларуса. Ён выкладаў у чэшскім універсітэце. У свой час вельмі хацеў вярнуцца ў Мінск, але яго не пусцілі дамоў. Я некалі пазнаёмілася з ею ў Празе, а цяпер яна адшукала мяне праз нейкага тав. з Ленінграду. Яна старэйшая за мяне, але яшчэ піша для чэхаў падручнікі расейскай мовы, якую недзе і выкладае. Нейк пісала мне, што ўсе вартыя працы свайго мужа (быў за яе старэйшы на 35 гадоў!) летась паслала, як дар, Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ў Мінск, а ёй ніхто за гэта нават не падзякаваў… Можа, Вы нейк даведаецеся аб лёсе гэтага дару?
Таксама М. Забэйда-Суміцкі, уміраючы, апісаў усю сваю маёмасць: архівы, магнітафоны, фортэпіяна – Мінскаму дзяржаўнаму музею, які не хоча гэтага забіраць, і ўсё можа загінуць. Пісала мне пра гэта Людвіка Антонаўна. Ці Вы не ў курсе справы?
Аб Вашай прапанове я думаю. Сардэчна вітайце ад мяне мілую Марыю Міхайлаўну і Марынку. Цалуйце ўнука.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 11 сакавіка 1982 г.