Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Піпэры былі выдатнымі людзьмі. Памагалі не толькі нам, але й чэхам, калі я да іх звярталася з просьбамі. Толькі я нічым не магла адудзячыць за ўсё харошае, за тое, як і колькі разоў яны мяне ратавалі. Гэта былі лепшыя людзі, якіх я сустрэла ў жыцці. Опа і ома казалі мне нейк, што яны з Гановера родам і па паходжанні хутчэй англічане.

Вось так павандраваў на ўсход Ермачэнка. А мы ўсё наглядалі жыццё й падзеі на ўсходзе. У мяне там ужо нікога не было, большасць з нашага роду ўжо выгубілі, а мама з братамі й сёстрамі дамярзала ў Казахстане. Мясцовыя «дзеячы» збурылі наш дом і нечаму перавезлі яго ў Гудзевічы. А дом гэты сніўся мне начамі, раззвонены галасамі нашай сям’і.

Зямля мая, якая ўзгадавала душу маю, атуліла мяне з дзяцінства вялікай любоўю бацькоў, сялян і кожнага дрэўца, поля каласістага, сяння чакала мае ўдзячнасці, мае любові. Зняволеныя сыны яе чакалі мае спагады, майго слова. А любоў мая да Айчыны рвалася на старонкі амаль не нашай газеты, на балонках якой нейкім цудам друкаваліся амаль усе трывогі майго сэрца. Мяне палюбілі. Калі аднойчы назбіралася многа вершаў і не было як іх выдаць, бо газета выходзіла за нашыя сродкі й тыраж яе быў агранічаны, дык рэдакцыя звярнулася да чытачоў, каб памаглі. Пасыпаліся грошы, пасыпаліся лісты ў рэдакцыю. Кажуць, гэта была такая любоў да нас, скромнай жменькі паэтаў за мяжою, што ўзварушвала патрыятызм найболей абыякавых. Наагул хвалілі мяне нашыя дзе ім толькі было можна. Не было газеты, каб не ўспомнілі так ці іначай маё імя. Здавалася мне, што я зноў у сям’і, якой любоў так жа адданая. На Бацькаўшчыну я не пасылала сваіх вершаў, але яны іх часта перадрукоўвалі з «Раніцы». Ермачэнка меў сілу, дзядзька Васіль мінуласць, бо з немцамі ён нічога супольнага не хацеў мець, я ж мела папулярнасць дзіўную нейкую, падпольную, чыста беларускую, незалежную ні ад каго й створаную болем маім, знаннем народу нашага й адчайным каханнем да мае Айчыны.

Я старалася не закранаць ворагаў нашых нядаўніх. Ляжачага не б’юць — вучыў мяне тата. Мне іх было жаль, хоць многія з іх так і нічога не навучыліся й з гэтай бяды. Палякі на нашых землях як мага ўдавалі немцам нашых. Яны апанавалі ўсімі гаўляйтэрамі праз сваіх спрытных жанчын. Жудасна было глядзець на такое. Яны проста забыліся, што вайна й свае харошыя, няшчасныя людзі гінуць, як мухі. Літоўцы й латышы, наколькі мне ведама, таксама вельмі стараліся сабе «ачышчаць тэрыторыю на будучыню», гэта знача вынішчаць даволі-такі пасіўных беларусаў. Як цяжка было ўсё гэта стрываць.

Веліч майго кахання, здавалася, утроіла мае сілы. Душа мая трапяталася ў маіх вершах, і ўсе да мяне прыслухаліся, нават чужыя. Палякі прыслалі з Варшавы чалавека, які сказаў мне, што каб так трымаць, што яны купляюць «Раніцу» толькі для маіх вершаў, а пасля прыслалі па мае кніжкі. Чэх прафесар Ціхі [80] , ведамы славянафіл, напісаў мне, што знішчыць усё, што друкавалася эмігрантамі на працягу 25 гадоў, толькі мае вершы пакіне. Пераклады з іх ужо зрабіў... Што ж, прафесар Ціхі быў слабы чалавек. Калі мяне выдавалі саветам, ён ахвотна кінуў у мяне каменем, каб пасля выхаду ў свет «Невадам з Нёмана» [81] зноў мне выразіць сваё вялікае прызнанне. Што ж, я не гневаюся, бо ні адзін народ так не здзекаваўся нада мною й над маёю сям’ёю, як беларускі... Ні адзін народ так не ўніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын. Садыстычныя й вышуканыя мучэнні, якія адчуваю амаль штодзённа нават ад людзей, якія ўчора былі сябрамі... Кожны хацеў бы, каб я думала так, як ён, каб гэтак жа прадала сваю душу, сваю беларускасць і тое найяснейшае, што я выхавала ў душы са свайго дзяцінства. Тады я толькі думаю пра маму і ў думках тулюся да яе рук, чую яе прарочыя словы аб тым, што за маю вялікую любоў цёмныя людзі дадуць мне яшчэ большыя мукі. Разумею колішні страх яе, і тады я плачу. Некалі, калі я бачыла свой уплыў на людзей, мне нецікава было выйсці замуж за харошага чалавека, гэта проста. Мне цікава было выйсці за злога чалавека й пасля прабудзьіць у ім усё тое вялікае, добрае, да чаго ўжо рознымі шляхамі прыйшлі людзі, і галоўнае — гэта любоў! Злыя людзі, мне здавалася, гэта тыя, якім ніхто яшчэ не паспеў давесці, як соладка, як велічна, калі людзі адчуюць, што ты — іх непахісны сябра, іх брат. Як адыходзіць усё святое ўбок, калі людзям паабяцаюць грошы, як танна яны прадаюць і сяброўства, і мову сваю, і сваю мінуласць, і зямлю, і дзяцей сваіх, і самых сябе... Так думаю я сяння, калі душу маю паранілі беларусы. Мне бачыцца дацэнт Воўк [82] , які розна празывае мяне перад сотнямі беларускіх студэнтаў, Еўдакія Лось [83] , як паліць у С[аюзе] Б[еларускіх] П[ісьменнікаў] маю кніжку, зэльвенскае начальства, якое пасылае розных шпіёнаў да нас, а мы іх кормім абычаем бацькоў нашых. Пасылае такіх, якія прабіраюцца ў хату без нас, трасуць драбніцы нашыя, мае словы. Настаўнікі зэльвенскія, якія зоймуць увесььь аўтобус і не ўступяць мне месца, і я падаю, калі аўтобус трасе на выбоінах, а яны хахочуць... Маіх землякоў, якія, прадаўшы ўвесьь мой род, ганьбяць без довадаў бацькоў маіх, паганяць імя маё, толькі таму, што сяння новыя паны яго паганяць... Ды ці апішаш усё, хоць бы пра ўсіх тых нізкіх тыпаў, якіх пасылаюць, каб мне гаварылі пра сваю любоў... Я ўжо не думаю, каго можна купіць, я горка думаю, каго ж нельга купіць з беларусаў? Я гляджу вокал, бачу найстрашнейшых суседзяў сваіх, якія падслухоўваюць кожнае нашае слова, падглядаюць кожны мой крок і даносяць ужо яўна, а да мяне прыходзяць пазычыць ім што ці памагчы. Мне ў вачох Кузняцоў — начальнік зэльвенскага іспалкома, як вечар з вокнаў музычнай школы, што насупраць нас, сочыць за намі, фатаграфуе нейкім апаратам праз фіранкі, калі мы, старыя, распранаемся нанач. Як ганяюць мужа з работы, як уніжаюць і яго, і мяне, як нацкоўваюць на нас роднага сына, і ён, вымучаны імі, споены й нацкаваны, глядзіць у нашыя вочы вачмі няшчаснымі й плача пасля разам з намі... Я баюся чалавека ў хату, калі гэта савецкі чалавек, я баюся сваіх родзічаў, хоць іх у мяне тут пару далёкіх. Я баюся, калі нам нехта нясе падарак, пасля такіх цукеркаў выратавалі мяне толькі кефір і лекі, а муж зжаўцеў, збялеў і ледзь выжыў з такога... Усё гэта распаўзаецца зверху ў помсту за тое, што такога вось я чалавечнасцю не назаву й з такімі метадамі, з такімі людзьмі мне не па дарозе...

80

Ціхі Францішак (1886–1968) — чэшскі лінгвіст і перакладчык, займаўся балгарыстыкай, русістыкай і беларусістыкай, перакладаў беларускую паэзію.

81

“Невадам з Нёмана” — другая кніга. Л. Геніюш, выйшла ў Мінску ў 1967 г.

82

Аляксей Волк — дэкан філфака БДУ. У лісце да Зоські Верас за 9 лютага 1970 г. Л. Геніюш пісала: «Гаварылі мне хлопцы, што ў канцы жніўня вельмі мяне лаяў дэкан Воўк, называў «фашысцкім прыхваснем», «буржуазным нацыяналістам». Што ж, няхай выюць, на тое і грамніцы».

83

Лось Еўдакія (1929–1977) — паэтка.

Якія святыя былі бацькі, якія прачыстыя былі нашыя Жлобаўцы, якія адныя, здаецца, маглі б залячыць сяння гэтыя раны, але там страшна пуста, і толькі галасы замучаных стогнуць з вятрамі ноччу... За што? За што? Чаму так страшна азвярэлі людзі? Няўжо навечна? Няўжо гэта той народ наш, за які так спакойна я йшла на мучэнні? Што яны будуць рабіць, калі «прачнецца Бог» і ўзварушыцца іхняе сумленне? Як хочацца бачыць чалавека, які не даносіць, які не жадае зла, не падыходзіць да нас з бруднымі думкамі ўнізіць нас, ашукаць ці данесці на нас. Калі на чалавека дзесяць гадоў гаварыць, што ён сабака, дык на адзінаццаты год ён будзе бегаць на чатырох і забрэша. Гэта да нас застасавалі такі метад, бо такіх сільных яшчэ не бачылі. «Бо нішто вас не можа зламаць»,— сказаў мне адзін праўдзівы, хоць іхні, чалавек, які не адзін камень шпурнуў у наш бок, але пасля адумаўся, убачыўшы кроў...

У культурных народаў ёсць ахова жывёлаў, звяроў і, напэўна, ахова старых дзеячоў і паэтаў, аддаўшых жыццё сваё змаганню й цярпенню за свой народ. Няўжо такія глухія былі, калі вывозілі братоў іхніх у Сібір ці Казахстан? Няўжо так абыякава ці варожа глядзелі на тысячы яўрэяў, якіх, безабаронных, вялі жывымі ў супольную яму? Няўжо не рэагавалі, калі вораг расстрэльваў і спальваў цэлыя вёскі? Людзі ж за маладосці мае былі літасцівыя, спагадлівыя ў няшчасці; з чаго атупелі, што іх змяніла, навучыла думаць аб сабе, толькі аб тэлевізарах і мэблях, аб «каврах» і матацыклах, а дзе ж сумленне? Калісьці людзі шарахаліся ад тых, у каго чалавечая, нявінная кроў на руках, у каго на сумленні людскія слёзы, а сяння — гэта «героі», настаўнікі для моладзьі, узор для грамадства... Як акрэсліць цяпер паняцце — чалавек? Што рабілі б такія, каб іх усадзіў у адну яму, як ёсць у Васіля Быкава [84] ? Як яны б захоўваліся да сябе ўзаемна ў абліччы небяспекі? — баюся думаць. Можа, і за акіянам бываюць такія без душныя, глухія на мучэнні людзей, але там ёсць, напэўна ёсць, і сапраўдныя хрысціяне й місіянеры, і арганізацыі абароны правоў чалавека, і людзі да іх прыслухоўваюцца. А тут адзіны інтарэс да грамадзян: працуй, працуй і яшчэ раз працуй і ні аб чым не пытайся, а калі загадаюць табе, дык ідзі на смерць, барані свае путы... Жудасна.

84

Быкаў Васіль (1924–2003) — пісьменнік і грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі (1980), Герой сацыялістычнай працы (1984), лаўрэат Дзяржаўнай (1974) і Ленінскай (1986) прэмій СССР.

Адбілася я моцна ад тэмы. Казалі ў Празе, што я шчаслівы чалавек, бо ў мяне ўсяго адзін вораг — Ермачэнка. Так, ён пра нас не забыўся. Перад усім, ад’язджаючы ў Менск, ён пакінуў нам з Бакачом Камітэт. Смешна было, увесььь архіў Камітэту: пратакол залажэння арганізацыі, нашыя анкеты, пратаколы сходаў — усё згінула. Проста згінула, і не пытайцеся! Гэты архіў толькі паказаў мне Коган на следстве ў Менску, ды як! У Львове, калі мы чакалі разам, я ўгаварыла майго мужа, каб ён нічога не ўспамінаў пра Пражскі камітэт, няхай ужо я за гэта адказваю, а іначай у яго застаецца толькі тое, што па мабілізацыі яго паслалі на ўсход, а на гэта ёсць усюды і доказы, і паперы. Бедны мой муж маўчаў, як сцяна! Яго далі ў нейкую буду ў той клятай «амерыканцы» менскай, дзе можна было толькі стаяць, дый то ў вадзе. Вось ён тыдзень так стаяў, у вадзе, без ежы. Кажа цяпер, што спяваў песні... Стаяў, ажно спух, ногі, як бярвенні... Вось тады й кажа мне Коган: «А чаму ваш муж не прызнаецца да Пражскага камітэту?» — «Ах, — кажу, падумаўшы найгоршае, — гэта я яго так навучыла, бо ў мяне віны тут ніякай, а ў яго дык зусім няма». А на сцяне кроў распырсканая, я так і замерла... «А вы яму паказвалі архіў?» — пытаюся. «Нет, я его показывал только вам...» — «Ну, дык пакажэце яго і яму...» Вось тады толькі нехрыст выпусціў Яначку. Я мацнейшая і фізічна, і духова, дык увесььь час старалася нейк яго загарадзіць, я й хлеб яму аддавала, і ўсё, што было лепшае, і так вось яму, не хочучы, «дагадзіла»...

Дык вось, Ермачэнка падае немцам спісак, каму яшчэ ехаць на Беларусь, уключае толькі лекараў, бо, мусіць, другіх асоб было нельга. Колькасць даволі вялікая, але сярод іх і маё імя! Вось тут і пачаўся перапалох! Усе лёталі, шукалі дапамогі, не шкадавалі грошай, а ў нас ні грошай, ні грамадзянства нават, ніякае дапамогі! Вось тады мы й пастанавілі схадзіць да Піпэраў. Што ж, нас прынялі вельмі ветліва, але Піпэр — немец і адказны за гэта, бо ён як міністар аховы здароўя. Але бачу, што вельмі яму хочацца нам памагчы. Перад усім ён адразу сказаў: «Вас, фрау Геніюш, я абараню, бо вы не лекар і няма чаго там рабіць, гэта тут нешта нячэснае, а вось дваіх абараніць — гэта я ніяк не магу. Пакуль, доктар, едзьце, а там будзем бачыць».

Цяжка было мужу пакідаць нас і Прагу, цяжка было Градзілу з ім расставацца, і не было ніякага ратунку... Муж цягнуў час, хоць на дзянёк яшчэ, каб пабыць удома, аж прыйшоў гестапавец і ветліва папытаўся, чаму муж байкатуе «бэфэль» [85] ? Злажылі мы тое, што лічылі яму неабходным, і раніцай я яго правяла на цягнік. Плакала, дык да непрызваітасці — душа вырывалася з гора... А ўдома вісела ягонае пальто, ляжалі яго кніжкі, рэчы, а ён не прыходзіў, і я ведала, што не прыйдзе, і зноў я залівалася слязьмі... Пасля ўсё яго пахавала, ведала, што трэба глядзець Юрку, і так змірылася. Перад ад’ездам яшчэ я папрасіла мужа, каб ветліва папрасіў М. Забэйду і іншых, каб не надакучалі мне ў гэты час, што муж і зрабіў. Юра вучыўся, я перастала добра пісаць — асабісты боль заглушыў на час вялікае, патрыятычнае. Цяпер я чакала лістоў ад мужа, вестак з Беларусі. Яшчэ калі Ермачэнка прыязджаў са сваім шафёрам і клікаў усіх да сябе ў Менск, дык гаварыў, што там нам дадуць нямецкія карткі на ежу. Пытаюся: «А што там нашыя людзі ядуць, народ наш, інтэлігенцыя?» — «А, ім даюць там нешта...» — «Ага, — кажу, — дык як жа можна есці тое, што вораг, калі народ галадае, я дык ела б толькі тое, што нашыя людзі». — «Ну, паглядзелі б мы там», — кажа ён як заўсёды з усмехам, ад якога мне халадно... Мы з Яначкам дамовіліся, што ён будзе толькі лекарам і болей ніякіх функцый, як і напісана ў той паперы. Так і працаваў ён у клініцы ў Баранавічах. А мы засталіся ў Празе.

85

Befehl (ням.) — загад.

Дзядзька Васіль захварэў на лёгкія. Пад сакрэтам сказала мне пані Крэчэўская, што ягоны нейкі вельмі падазроны кватарант парнуў яго ў бок нажом... З якой прычыны — магу толькі дадумацца сяння, калі болей ведаю «метады». Дзядзька адмовіўся ад варункаў, якія яму давалі немцы, і яму, і Беларусі, і, дрыжучы, даставаў дапамогу ад Чырвонага Крыжа й чакаў нядобрага. Ратавала яго, як і доктара Градзіла, радыё. Дзядзька быў дэмакрат, і аператыўнае мудрае Бі-бі-сі толькі яго й трымала на духу. Ён вельмі баяўся, каб якія самазваныя фюрэры не паявіліся ў нас і не павялі дрэнна палітыкі. Ён пазнаў немцаў і сказаў мне так: «Няма ў нас выбару: альбо-альбо. Калі выйграюць немцы, дык вынішчаць усіх нас, калі выйграюць саветы, дык вынішчаць інтэлігенцыю й асімілююць народ, але гэта лепей, чымсьці смерць усяго народу... Трэцяга выхаду няма».

А ў Празе тым часам выходзіла мая кніжка «Ад родных ніў». Чэхі стараліся выдаваць як мага сваю класіку, і мая гордая, чыстая, не халуйская ў гэты час жудасны кніжка была ім вельмі даспадобы! Казаў мне гэта чэшскі цэнзар, нейкі ўкраінец Лявіцкі. Кнігу ўкладаў доктар Тумаш [86] , мой завочны сябра й цудоўны крытык і вельмі строгі патрабавальнік мае паэзіі. Ён першы аказаўся на мой голас, ён і вёў мяне, як малую, вучачы, хвалячы й караючы, да большай паэтычнасці, лепшай формы верша, каб не агітацыя, а паэзія, розум. Але аднойчы ён мне напісаў, што пасадзіў кітаец рыс і глядзеў яго, паліваў, а кальвачка расло й прабіла страху кітайцавай хаты, і расло да неба, і “бедны кулі” ўжо не мог дасягнуць да яго. Я з гэтага ўсцешылася крыху, але мне самой яшчэ мая паэзія не падабалася, і я ўсё хацела нечага большага, каб навечна зрабіць душы маіх суродзічаў беларускімі, вытрывалымі, моцнымі на ўсе нягоды беларускага жыцця, а іх можна было чакаць.

86

Тумаш Вітаўт (1910—1998) — гісторык і навуковец; быў бургамістрам Менска (1941), рэдагаваў газету “Раніца” (1943). Эміграваўшы ў ЗША, узначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Ёрк), рэдагаваў часопіс “Запісы”, газету “Беларус”.

Поделиться с друзьями: