Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Бачыла ўчора У. Міхайлоўскага. Перадала ад Вас прывітанне. Быў вельмі рады. Схуднеў, доўга ляжаў у больніцы (высокі ціск крыві). Там на адрэзанай назе зрабіўся карбункул, і меў з гэтым многа клопатаў, бо было слізка, а ён хадзіў без пратэзу з палкаю. Яшчэ ён не на працы. Мае мілую жонку і двое дзетак – хлопчыка і дзяўчынку. Людскі ён чалавек, і я часам да яго звяртаюся. Кланяецца Вам сардэчна. Дасталі мы цікавую кніжку, якую і хочам Вам сяння выслаць.
У нас было пару сонечных дзён, але зноў пачаўся вецер і снег. Марозіць, прытым. Не трэба Вам яшчэ выходзіць з эцюднікам, бо ўсюды грып рознага гатунку. Трэба Вам добра вылечыцца, каб пасля плённа змаглі працаваць. А маляваць – гэта, пэўна, як і пісаць. Трэба кахаць, любіць тое, аб чым гаворыш. Праўда, цеплыня і эстэтыка мусяць найболей да людзей даходзіць, хоць розныя ёсць плыні сёння. Пісаў мне адзін мой сябра здалёк, што нашае беларускае мастацкае тканне ў геаметрычныя ўзоры (у нічальніцы) ёсць вельмі сугучнае з абстрактным геаметрычным мастацтвам у свеце. Што гэтае, тыпічна нашае геаметрычнае хараство мае вялікую вартасць. На жаль, калі яшчэ і тчэ нехта сяння, дык “фатаграфуе” розныя жывёлы і кветкі пераважна, а такое адвечнае, нашае паволі ўжо занікае.
Трымайцеся, Слава! Кланяйцеся ад нас сваёй жонцы, цалуйце дзетак. Пішэце нам, прыязджайце! Глядзеце добра здароўя! Яно нам як нікому патрэбнае. Столькі нам трэба аддаць народу за ўсе пакаленні, якіх доля змушала маўчаць…
Няхай усё ў Вас будзе добра!
З павагаю да Вас – Геніюшы.
Зэльва, 18 сакавіка 1976 г.
Дарагая Дануся!
А кніжка “Вечная жаночасць” – беларуская! Вельмі харошая кніжка!
Пахнуць песні сялом і даўнінаю, казкі сноў, новых слоў пераплёт, песні з родных палёў жураўліныя. Нашым песням па тысячы год…Мяне асабліва кранулі радкі: “Абняла мяне Беларусь, запаланіла, трымае”… А якія ж метафары: “Зоры ў сявеньку высыпаў месяц”! А роздум, а філасофія! Нават дадумалася да таго што “не трэба наспех бурыць замшэлых сценаў”…
Усё добра, Дануся, і мы з мужам вітаем Цябе з мілым і вялікім дасягненнем! Вельмі разнаякая і цікавая тэматыка. Нават тая “батаніка” – па-беларуску, паэтычна, і гэта важная рэч. А то нашыя паэты ведалі толькі васількі, ліпы, вербы ды верасы. Крыху зашмат здрабненняў, але і гэта характэрна для нас, для нашага фальклёру, які тварылі пераважна за кудзелямі ці з тугі нашыя бабкі-прабабкі. Адным словам, нашыя жанчыны. Няхай жа будзе так, як яно пішацца, як адчуваецца.
Ну, фальклёр, відно, тварылі і мужчыны, але яны больш пісалі розныя брындушкі, накшталт: “Дзяўчынанька-сэрца, пусці пад радзенца, пусці, пусці пад радно – малойчыку халадно”. Наагул, у нас фальклёр – як ні ў кога! І калі ж толькі пачнем з яго карыстаць.
Крыху замала эстэтыкі ў Цябе, але ёсць часам сказы, што аж уздрыгнеш: “На веласіпедзе ехаў сын і промнямі сігналіў”! Гэта ж дадумацца! Не ўсё мне падабаецца, але што ж, усё мусяе быць! Зборнік харошы! А найлепей дык Ты “намалявала” сябе. Між іншым, хораша і праўдзіва. “На дзіва праўдзіва”! Шмат хто спыніцца ля гэтых слоў, каб задумацца і стаць чалавекам.
Ёсць крыху моўныя пагрэшнасці паводле маіх меркаванняў: не “зададзім дыхту”, а “задамо”, не “драбнюсткі” (палянізм), а “драбніцы”, не “падол”, а “прыпол” і г.д. А наагул, маладзец “Замоўленая!” У “Малочную раку” трэба было даць той канец. Ну, але і так усё выйшла – як нельга лепей. Між іншым, моцна уражвае цеплыня, шчырасць, ласкавасць, пяшчотнасць ды залётнасць крыху. Усё добра, усё па-жаночаму, крыху – як дысанас нашаму часу.
Што ж, і Рыма Казакова ўжо задумалася над гэтым, як відно з яе апошніх вершаў. Гэта – ні старое ні новае, гэта – вечнае! Ты крышку і з хітрынкаю, але і з глыбінёй, калі малюеш пачуцці. Кніжку Тваю можна чытаць і чытаць і знаходзіць усё нешта новае. Гэта сапраўдная паэзія ў наш “куфар”, не на дно, а ў прыскрынку схаваем, каб была на падарэндзі! Хораша ўмееш бліснуць адпаведным сказам і ў скупых словах так многа затаіць зместу. Гэта ёсць майстэрства! І такою будзь!
У кожнага – свая нота, свой стыль. Твой – крыху для выбраных, і гэта прагрэс! Наагул, цікавы атрымоўваецца букет з нашых паэтаў-кветак. Ад новых паэтэс няшмат цікавага спадзяюся. Пакуль што яшчэ штампаваныя нейкія. Маладзенькія, пэўна, яшчэ не ўпіліся думкамі ні ў мінуласць, ні ў рэчаіснасць…
А я думала, што з Вікі – ужо таполя, што і рукой не дастаць! Па Эрыку. Добра, што не вельмі высокая. Пашто? Здзівіў Валерык! У гэтага “мамінага пястунчыка” такія ацэнкі? Маладзец! Ужо, пэўна, не пішчыць: “Марожанае!” А як яго носік, здаровячко? Трымай іх увесь час “пры сабе” духова!
Ты ізноў не “сышлася характарам” з бабусяй Казяй? Добра, што хоць з мілым Эрыкам сышліся, і гэта галоўнае. Які стыль цяпер у Твайго каханага? Вонкава, думаю, барада, вусы, бакенбарды і іншыя адзнакі моды і арыгінальнасці. Юра наш бараду збрыў нарэшце. Памаладзеў. Свае кучары, як у пажа, Міхась то падстрыгае, то зноў “забываецца”. Густыя яны ў яго, каштанавыя, і з завіткамі крыху, як трэба. Кажу: “Міхась, каб ты мне зараз тут падстрыг гэтыя кудлы!” А ён: “Бабуся, я тут ніяк не магу, у мяне ў Беластоку свой цырульнік!” Во пайшлі часы! А як у нас некалі “пад гаршчок” стрыглі?
Наконт сваіх лістоў, дык мне іх прыслалі, і ўсяго два словы ў прыдачу. Не ўсе адаслалі, праўда… Недзе не ўсе і атрымалі… Ніякае дапамогі я не чакала, ды я да яе і не прывыкла. Звярнуцца да некага ўсё ж было трэба, і гэта была для мяне найбольш адпаведная інстанцыя… Не шкадую. І я бываю “з хітрынкай”, часам так карціць паспрабаваць, якой гэта пробы людзі. Усё разумею, таму ўсё дароўваю, і добра так, як ёсць. Звярніся я да каго іншага, дык трэба было б гутарыць з імі пасля. На гэта не маю нерваў, ды і не магла б.
А мы тут усё хварэем і прыхворваем. Калі б нешта сталася, дык Ты мяне хоць хораша апрані! Усё знойдзеш у куфры. На дне. А па тату не плач. Настолькі ж разумная, што ведаеш закон жыцця. Мёртвым – вечны спакой. А Ты глядзі жывых, каб зрабіла для іх усё, што ў Тваіх салодкіх сілах. Бо сэрца і добрае шчырае слова – гэта найбольш! Карову да зімы варта трымаць, а калі дазволіць здароўе, дык трымайце яе і далей. Карова – гэта як добры друг. Мамы не забірай да сябе, будзе ёй у горадзе – як у турме! Так мне напісала Людвіка Антонаўна Войцік, калі нехта запрапанаваў ёй пасля смерці сына пераехаць у люксусавую кватэру дацэнта-дачкі на 9-ты паверх!
Цалуем Цябе, і дай Бог Табе наперад лепей! Твае Геніюшы.
Прачытай у нашым беластоцкім календары “Васількі” – казку нашага Юркі. Міламу Валерыку – персанальнае прывітанне! Л.
Зэльва, 6 траўня 1976 г.
Даражэнькія!
Вельмі радая, што магу Вам паслаць хоць прывітанні! У нас – па-ранейшаму. Хварэем, выздараўліваем і зноў стараемся жыць.
Першае – гэта вялікая просьба да Вас, Марыя Міхайлаўна і Аляксей Міхайлавіч. Пасылаю Вам дзяўчынку, за якую ручаюся: Горбач Ніну Мікалаеўну. Дзяўчо хоча паступіць на беларускую філалогію. Вучаніца – выдатная, і, як убачыце, будзе з яе толк! Парадзьце ёй, як добры друг, і, безумоўна, дапамажэце, калі гэта хоць крыху магчыма. Вельмі спадзяюся на Вас. Ніхто пра гэта не павінен ведаць, і ў нас ніхто не ведае.
За кніжачку маю “Добрай раніцы, Алесь” ужо прыслалі грошы. Кніжка будзе вельмі маленькая, але будзе Вам падабацца. У дзяцей нашых пакуль што ўсё добра. Юра цяпер працуе над сваею спецыялізацыяй па педыятрыі.
Што добрага ў Вас? Мы Вас часта ўспамінаем. Ніна – вельмі здольнае дзяўчо і прывязе Вам з сабою ўсе свае свядоцтвы і граматы.
Вітаем Вас з Днём Перамогі! Моцна ціснем Вашыя рукі, цалуем Вас – Вашыя Геніюшы.
P.S. Пачала рыхтаваць да друку большую кніжку. Пашлю, можа, і выдадуць? Парадзьце, што рабіць?