Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Зэльва, 14 верасня 1976 г.
Дарагая Дануся!
Вельмі мы радыя, што Ты папраўляешся. Не насі яшчэ цяжкіх сумкаў з прадуктамі, не ператамляйся. Такая неспадзяваная і скамплікаваная аперацыя – гэта не жарт. Нічога, што мілая Віка на лёне. Яна, спадзяюся, не будзе там лішне надрывацца, а перад школьным годам крыху чыстага паветра і руху ёй не зашкодзяць.
Што да Юры, дык Ты мяне не зразумела. Пакуль што яшчэ ніякае дапамогі мы ад іх не прасілі, і яны нам не аказалі. Было заўсёды наадварот. Але ж не можа чалавек быць толькі, як Ты пішаш, “разумны”, але іначай чорствы і зусім без увагі да блізкіх, хворых прытым. Вось я і хацела паспытаць, як ён? Выйшла вельмі нецікава… А гэта ўжо не юнец, а чалавек сталы.
Некалі вайною я вельмі часта пасылала пачкі з Прагі мужавым бацькам і сваяму брату Расціславу, які тады быў у Жлобаўцах. Дапамагаць людзям было тады патрэбаю маёй душы. Аднойчы малы Юра глядзеў, як я зашываю пасылку, і кажа: “Як вы будзеце старэнькія, дык і я вам буду ўсё пасылаць”. Хлопец быў чулы, цудоўны, а з гадамі зрабіўся зусім інакшы. У школу пайшоў, не маючы яшчэ шасці гадоў. У канцы года напісаў сваяму дзеду першага ліста і пахваліўся, што мае адны “еднічкі” (адзінкі). Дзед надта засумаваў, і толькі тады, калі напісалі яму, што ў Чэхах “еднічка” – гэта пяцёрка па-нашаму, быў вельмі горды за свайго ўнука.
Жыццё зрабіла яго зусім чужым для нас. Ты прыехала асабіста, а з іх ніхто не павіншаваў мяне нават з днём народзінаў… Скупасць? Абыякавасць? Калі б забыліся, дык гэта было б нармальна, але яны не забыліся… А якія ж будуць іх дзеці, якія не будуць бачыць прыкладу спагады, дабра, безінтэрэсоўнасці ў бацькоў? Свет не можа быць толькі практычны, зацікаўлены матэр’яльна і абыякавы да ўсяго навакол. Я столькі бачыла дабрыні ад людзей, што жыцця мала, каб ім за ўсё гэта адудзячыць. А вось у роднага сына халоднае сэрца. А быць разумеючым і адчуваючым патрэбы блізкіх – гэта, бадай, самае галоўнае ў сужыцці людзей. Я вельмі рэальна і крытычна гляджу на гэта.
Што да кніжак, дык не магу адмовіць у іх хвораму чалавеку, якому адзінай радасцю з’яўляецца кніжная беларуская навінка. А выходзяць неблагія кніжкі. Маім добрых літаратараў, выдатных навукоўцаў. А паліграфічнае афармленне кніжак – проста на высокім эстэтычным узроўні! Жывем скромна, але на хлеб і на кніжку хапае пакуль што. Я ніколі не думаю, што будзе заўтра, бо ведаю, што нейк яно ўложыцца.
Ужо ад мінулай пятніцы не маім газу… Проста нам яго не прывозяць, але і тут стараюся не нервавацца, а знайсці нейкі выхад, каб накарміць Івана Пятровіча. Кожны крок жыцця майго тут моцна складаны. Нялёгкі. Учора пыталася наконт газу, дык мне нейкі грубы голас проста адказаў: начальству відней… Найгорай, што пліта папсаваная. Мінулай ноччу было дрэнна мужу. Небяспечна дрэнна. Чакае, калі сюды прыедзе які кансультант. Пакуль што яшчэ спіць, дыхае даволі роўна.
Як я табе казала, у дзяцей усё ўнармавалася. У хаце і на працы – спакой. А для мяне гэта вельмі важна, бо трэба, каб дзеці маглі вучыцца, і каб быў над імі адпаведны догляд. Што да Юры, дык ён не толькі нас не заўважае, але “не бачыць” нават уласных дзяцей. Сам мае 40 кашуляў (!), зрабіў сабе футра за 15 тысяч злотых, а Міхась – як які абарванец. Толькі тым і апраўдваюцца, што “мода на джынсы”! Трэба ж і яму ўжо адпаведную вопратку, бо калі ж будзе яе насіць?
Данусенька, можа, Ты змагла б дастаць крыху кавы? Натуральнай, безумоўна. Вельмі просяць аб гэтым якраз дзеткі… Не старайся лішне, але каб была магчымасць, дык хоць крыху купі.
Цалуем Вас усіх і абнімаім.
Вашыя Геніюшы.
Зэльва, 17 снежня 1976 г.
Данусенька!
Толькі што атрымала твайго ліста. Што з сябрам Эрыкам? Выслухай мяне, прашу. У Эрыка тое самае амаль, што і ў мужа: хранічнае васпаленне лёгкіх і сардэчная недастатковасць. Мужу парадзілі тое і сёе. Не радзілі антыбіётыкаў. Але слонімскі тэрапеўт Крупчык загадаў яму прымаць курс (10-12 дзён) рондаміцыну (новы антыбіётык), прыпісаў мікстуру – ёдзісты кальцый, даў ад сэрца нешта. Дзед крактаў-крактаў і – ажыў! Богу дзякаваць! Задуха і старэчая слабасць засталіся, але дзед ужо на ўвесь голас сварыцца са мною, дык знача – будзе жыць!
Сяння я на яго таксама накрычала. Вывела на ганак, дык зумысне не ўзяў шапкі-вушанкі, а нейкі болей элегантны каўпак. А пасля аж душыцца ад кашлю! Мне парадзілі парыць яму ад задухі кмен. Маю крыху бадылёў, крыху зярнят. Пару. Бунтуецца, але п’е. Наглядаю, што лепей. Паспрабуй гэта і для сябра Эрыка. Страшнага тут нічога няма, але трэба пільнаваць сябе. Галоўнае – спакой і добры догляд. Безумоўна, кожны лекар лечыць па-свойму і не выпадае ім падказваць рэцэптаў, але я пішу тое, што было з мужам. Ён жа ўжо амаль даходзіў. Мяркуй, як там лепей, сама.
А тыя маскоўскія паэты сапраўды выступалі добра! Салаухін чытаў цудоўны верш пра Жанну д’Арк. Я не ведала, што ў яе было ўсяго два лозунгі: “Если не я – то кто же?” і “Кто любит меня – за мной!” Данусенька, можа гэта крыху нетактоўна, але я напісала п. Мацею. У тых рэцэнзіях ёсць, успамінаецца адна праца, надрукаваная ў Zyci Literackim, аб тым, на якой мове размаўляў Ягайла з Сонькаю. Справа ў тым, што мяне вельмі цікавіць гэтая Зоф’я Гальшанская, чацвертая, здаецца, жонка караля Ягайлы. Як Ягайла, так і яна, не ведалі іншай мовы, акрамя роднай беларускай. І вось мяне цікавіць, што на гэтую тэму напісалі нашы сябры. Зофку Г. называюць “matka krolow polskich” – маткаю польскіх каралёў. Яна нарадзіла Ягайлу чатырох сыноў, і вось з іх пачаўся род Ягелонаў на троне польскім.
Першай жонкаю Ягайлы была Ядвіга – княжна вугорская. Яе бацька – кароль Людвік (забылася, здаецца, IV) – быў хворы на сіфіліс (факт гістарычны), што і ёй перадалося, відавочна. У 29 год яна ледзь нарадзіла дзяўчынку, якая і памерла амаль разам з маці. Ядвіга была вельмі прыгожай і добрай. Яна кахала Вільгельма нямецкага, але справы дзяржаўныя былі перадусім, і таму аддала руку Ягайле. Ягайла быў хрышчоны ў царкве. Меў імя – Якаў. Ён быў асвечаны і культурны чалавек, але гэта была візантыйская культура, якая ішла з Полацка. Другой жонкай Ягайлы была Анна. Яна была бяздзетная. Хто быў трэцяй – не ведаю, але вось Зофка Гальшанская і наагул княжацкі двор Ягайлы ўняслі беларускі элемент (тады казалася – літоўскі) на польскі каралеўскі двор у Кракаве. Мяркуй цяпер сама, кім былі польскія каралі Ягелоны. Вельмі хацелася б, каб п. Мацей К[анановіч] атрымаў майго ліста і прыслаў мне той жаданы нумар Zycia Literackego.
Званіла дзецям. Удома была толькі Валя. Была мілая. Усе здаровыя, працуюць, вучацца. Гэта галоўнае. Крыху я супакоілася. Ужо не праймаюся так дзедам і яго капрызамі, бо з яго ўжо амаль здаровы чалавек. Гляджу яго, безумоўна, як умею, але не так праймаюся. Данусенька, родная, вельмі цябе прашу, не ўспамінай больш мне пра нейкія грошы! Пакуль нам хапае, а там – Бог бацька. Гэта куплена з любоўю мне на дзень народзінаў. Я хачу, каб гэта насіў чалавек, якога я люблю. Такое бярэцца і носіцца па-сяброўску. А калі мне было б туга, дык тады шапну табе на вушка: так і так. Спадзяюся, што мы з табой дамо сабе рады заўсёды ў жыцці. Дык не рань майго сэрца, успамінаючы нейкія грошы. Тады было іначай: моцна хворы дзед, усе грошы ішлі на лекі і т.д. А цяпер, Богу дзякаваць, ёсць усё, калі ёсць крыху здароўя! Хачу, каб ты была задаволеная. Насі здровенькая гэтую драбнічку! У бабусі недзе нервовы той боль у грудзях. Зусім няшкодныя і вельмі добрыя кроплі Зяленіна. Мне недта хочацца ўсім памагчы, не смейся!
А пакуль што цалуем Вас усіх! Пішы, як з сябрам Эрыкам? Пэўна, у яго абвастрэнне хваробы. Божа мой, каб хоць усё было добра. Вітай яго і цалуй дзетак.
Вашыя Геніюшы.
Зэльва, 5 лютага 1978 г.
Дарагая Дануся!
Твой ліст быў мне, здаецца, вельмі патрэбны. Нейк слабее Іван Пятровіч. Была кансультант з Гродна. Прапісала вельмі дарагія лекі, але і яны ўжо не памагаюць. Я тут надта адзінокая, як Ты сама ведаеш. Людзі больш мне спачуваюць здалёк… Надта цяжкі кашаль, на які проста няма рады, яго замучвае. Пахудняў нейк, ацякаюць ногі, а мне такі жаль, такі страх, такая бездапаможнасць! У дадатак, Юра не выпісаў нам “Нівы”, і гэта забойча нейк растроіла мужа. Кожны хворы падражняны, а муж – тым больш. Не можа спакойна ўспамінаць сына. Ледзь не плача.