БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
З гэтых кароткіх цытатаў з «Мужыцкае Праўды» відаць, як запраўды шырака і глыбака разумеў і ставіў беларускую нацыянальную справу Кастусь Каліноўскі і якое вялікае значэнне мае «Мужыцкая Праўда» ў беларускім адраджэнскім руху.
Тады, калі Каліноўскі разгортваў шырокую дзейнасьць у Гарадзеншчьше, выступаючы пад рознымі мянушкамі, як Яська Гаспадар з-пад Вільні, Васіль Сьвітка, Макарэвіч і Чарнэцкі, у Вільні тварыліся ўжо паўстанцкія арганізацыі. На чале іх стаялі: Старжынскі, Зьвірждоўскі, Агрызка, Пшыбыльскі, Длускі, Аскерка, Далеўскі, Малахоўскі„ Вярыга і др.
Усе яны ведалі пра Кастуся Каліноўскага, у паглядах з ім не ўсе, аднак, згаджаліся. Бальшыня гэных людзей была за тое, каб віленскія паўстанцкія арганізацыі мелі цесную лучнасьць з Варшавай і схіляліся на бок «белых», а Каліноўскі заяўляў, што «сякера паўстанца не павінна спыняцца нават над калыскаю шляхоцкага дзіцяці» і што «такой бесталковай галаве, як Варшава, ня можна даверыць долю Беларусі». Таму сярод віленскіх правадыроў паўстаньня, калі зьявіўся туды Каліноўскі, настаў разлом. Да Каліноўскага далучыліся: капітан Зьвірждоўскі, інжынэр-паручнік Малахоўскі, Вярыга і лекар Длускі. Наколькі палякі думалі ўвесь паўстанцкі рух абапёрці на шляхце і на абшарніках, нагэтулькі Каліноўскі і ягоныя сябры ўважалі, што паўстаньне ўдасца тады толькі, калі за ім пойдзе сялянства, якому трэба аддаць усю зямлю бяз выкупу і з якога трэба было выбраць паўстанцкі апарат. Адначасна Каліноўскі пашыраў думку вуніі на рэлігійным груньце на Беларусі, хочучы з вуніі зрабіць нацыянальную беларускую рэлігію, веру, дзе была-б беларуская мова і дзе ня было-б уплыву ані польскага, ані расейскага.
Палякі ўсьцяж стараліся падпарадкаваць Каліноўскага варшаўскаму камітэту, а ён заяўляў, што беларусы самі сябе могуць кіраваць. Тады «белыя» загразілі, што калі ён з сваім Камітэтам не падпарадкуецца Варшаве, дык іхныя іменьні будуць апублікаваныя ў газэтах і такім парадкам яны будуць раскрытыя ды панясуць адказнасьць перад урадам і перад Польшчай. Каліноўскі, запратэставаўшы супроць гэтага, змушаны быў выехаць з Вільні ў Гарадзеншчыну, дзе далей праводзіў сваю дзейнасьць. Зьвірждоўскі выехаў на ўсход і праводзіў рэвалюцыйную акцыю сярод студэнтаў Горы-Горэцкага Сельскагаспадарчага Інстытуту. У Вільні зястаўся Малахоўскі, і ён у лучнасьці з Каліноўскім патаёмна праводзіў самастойную беларускую лінію. Яны далей пашыралі сваю акцыю і заклікалі змагацца з царскім урадам, а таксама думку пра тое, што трэба стварыць мужыцкую Беларусь, незалежную і ад польскага пана і ад расейскага самаўладзтва, што разам эксплёатавалі беларускага селяніна.
Каліноўскі і ягоныя сябры былі людзьмі высокаасьвечанымі, поўныя энэргіі і любасьці да свайго краю і народу, і свае акцыі ня спынілі нават тады, калі палякі ў 1863 годзе праігралі паўстаньне. Наадварот, Каліноўскі, абвесьціўшы сябе дыктатарам Беларусі, яшчэ больш узмацніў і найдаўжэй праводзіў сваю рэвалюцыйную працу. Калі-ж польскія паны, спалохаўшыся пагромшчыка паўстанцаў віленскага гэнэрал-губэрнатара Мураўёва, пачалі падпісваць лісты з «верноподданническим» адрысам да цара, дык па загадзе Каліноўскага паўстанцы зрабілі замах на арганізатара гэнага падпісваньня абшарніка Дамэйку і моцна яго парэзалі. Гэты факт страшэнна ўзбурыў расейцаў. Мураўёў асабіста пачаў кіраваць асочваньнем Каліноўскага і ягоных найбліжэйшых супрацоўнікаў. Круг дзейнасьці паўстанцаў звужаўся і ў канцы 1863 году па даносе паліцыі ўдалося арыштаваць памоцніка Каліноўскага Далеўскага, загадчыка гаспадарска-грашовае часткі паўстаньня на Беларусі Здановіча і паўстанцкага камісара Віленшчыны Дарміноўскага. Паліцыя, ведаючы, што яны былі найбліжэйшымі супрацоўнікамі Каліноўскага, старалася рознымі спосабамі вымусіць ад іх паказаньні аб месцы прабываньня Каліноўскага, але ніхто з іх свайго правадыра ня зрадзіў, хоць усім прышлося згінуць на эшафоце. Здановіча і Дарміноўскага павесілі ў сьнежні 1863 г., а Далеўскага — у студзені 1864 году.
Пасьля паліцыя натрапіла на сьляды Малахоўскага, і ён мусіў выехаць за межы. Фр. Багушэвіч, які браў таксама ўдзел у паўстаньні, быў ранены ў нагу і, каб заблытаць сьляды, выехаў на Украіну ў Нежын, дзе паступіў у Юрыдычны Ліцэй. Каліноўскі застаўся блізу што адзін, але дарма, ён і далей сьмела, энэргічна працаваў, спадзяючыся падняць працоўныя беларускія масы проці польскіх паноў і расейскага цара. Аднак расстаўленыя агенты Мураўёва дзеілі. Яны шукалі Каліноўскага ня толькі ў Вільні, але і ў Менску, і там, натрапіўшы на сьляды падпольнае беларускае арганізацыі, злавілі шляхцюка Парфіновіча. Парфіновіч ведаў, дзе знаходзіцца дыктатар і, калі паліцыя дакляравала яму падараваць жыцьцё, дык ён паказаў памешканьне Каліноўскага ў Вільні, у сьвятаянскіх мурох, дзе Каліноўскі жыў пад прозьвішчам Вітаўта Вітожэнца. Арышт Каліноўскага адбыўся 29.1.1864 г., і пасьля яго паўстаньне было канчальна зьліквідавана, а сам Каліноўскі 22.III. 1864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні. Перад сьмерцяй сваёй Каліноўскі, будучы ў вастрозе, напісаў яшчэ ліст да беларускага народу наступнага зьместу:
«Мужыкі, браты мае родныя!
З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да вас і можа астатні раз Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мне народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду. Прымі, народзе, да шчырасьці мае слова перадсьмертнае, бо яно як-бы з таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум i навуку. Тады ён толькі ў радзе жыць у дастатках, і тады толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, бо, узбагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзівая ня ідзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна у нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, ня будзе багацьця і ніякае навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу. Ваюй, народзе, за свае чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе».
Паўстаньне 1863 году расейцы задушылі. Сталася гэта дзякуючы таму, што царскія сілы былі большыя і мацнейшыя, а таксама і таму, што паўстанцы ня мелі належнага падтрыманьня сярод сялянства. Сяляне ня толькі не памагалі паўстанцам, але часта з імі змагаліся, асабліва з «белымі» польскімі паўстанцамі, якія, хочучы адбудаваць Польшчу, адначасна хацелі вярнуць паншчыну, тымчасам як яе ўжо касаваў нават сам цар. З боку сялянства меў падтрыманьне толькі Каліноўскі, але ён яшчэ не пасьпеў належна падрыхтаваць сабе грунт. Ягоныя словы ня ўсюды яшчэ дайшлі да сялянскіх вушэй, а да таго-ж на вёсцы панавала цемра і нясьведамасьць. Разумеў гэта добра Каліноўскі і нават з-пад шыбеніцы заклікаў да асьветы, ведаючы, што тады можна будзе адбудаваць Беларусь, калі ўсё сялянства станецца сьведамым нацыянальна, сацыяльна і разьвітым культурна. Ведаў Каліноўскі і лекі на цемру, і таму ён пашыраў друкаванае беларускае слова, выдаючы «Мужыцкую Праўду» і адозвы. Але пазналіся на ім і ворагі ягоныя, і дзеля таго побач з літаратурай Каліноўскага пачалі зьяўляцца адозвы (нават фальшывыя) і брашуры, друкаваныя пабеларуску ў краі і за межамі, выдаваныя польскімі панамі («белымі») і царскім урадам. Так, прыкладам, «белыя» выдалі: «Гутарку старога дзеда» Вінцуся Каратынскага, «Прадсьмертны разгавор пустыньніка Пятра, каторы жыў у пушчы і памёр, маючы 140 год», «Крыўда і праўда». Ф. Пчыцкага і іншыя, у якіх агітавалі беларусаў ісьці разам з Польшчай. Ізноў-жа царская ўлада выдала: «Бяседу старога вольніка», «Мову Старавойта» — аўтарам якіх быў Апанас Кісель (Франц Блус), бязьіменныя вершы: «Быў на Русі чорны бог», «Ой калі-б, калі маскалі прыйшлі» і іншыя. У іх гаварылася, што шчасьце Беларусі нясе толькі царская Расея. Такім парадкам, паўстаньне 1863 году паказала шлях збройнага змаганьня за палітычную самастойнасьць Беларусі і прычынілася да ўзнаўленьня беларускага друкаванага слова.Дарма што паўстаньне расейцы зьліквідавалі, беларускі друк пашыраўся-б, бо паўстаньне, асабліва незалежніцкая беларуская акцыя Каліноўскага, выклікала зацікаўленьне беларускім пытаньнем у расейскіх колах. У Маскве нават зьявілася думка выдаць газэту пабеларуску, якая занялася -б культурна-навуковым аглядам Беларусі. Намеры гэтыя, аднак, скасаваў хутка царскі загад ад 1867 году, які забараніў друкаваць пабеларуску.
Забарона друку пабеларуску у 1867 г. надоўга стрымала разьвіцьцё беларускага друкаванага слова. Не магла ўсё-ткі яна затрымаць таго зацікаўленьня беларускім пытаньнем, што было выкліканае Каліноўскім у 1862— 1864 гадох. Сярод навукоўцаў у Расеі знайшліся такія людзі, якія ня толькі цікавіліся беларускім пытаньнем, але пачалі запісваць і выдаваць друкам паводле расейскага правапісу цэлыя вялікія тамы беларускіх народных песьняў, казкаў, прыказкаў, загадкаў, апісваць беларускія народныя звычаі і абрадкі. Тут найбольш адзначыліся Іван Насовіч, што злажыў, між іншага, Вялікі беларуска-расейскі слоўнік, Пльдэнбрандт, Павал Шэйн, Мікалай Нікіфароўскі, П. Бяссонаў, Аўдакім Раманаў, Казімер Дабравольскі, Сержпутоўскі, Аляксей Сапуноў, Дмітрыяў, Радчзнка, Ляцкі, Дэмбавіцкі, Міхал Фэдэроўскі. Этнографы гэтыя сотні і тысячы беларускіх народных твораў выдавалі пры дапамозе расейскіх навуковых інстытуцыяў, а сабраныя Фэдэроўскім беларускія этнаграфічныя матар'ялы ў колькіх тамох, пад загалоўкам «Люд Беларускі», выходзілі пры дапамозе Кракаўскага Унівэрсытэту.
У Маскоўскай славянафільскай газэце «День», дзе разглядалася і беларускае пытаньне, знайшоўся нават сказ, што: «Мы вінаваты перад вамі (беларусамі). Мы, расейскае грамадзянства, як бы забыліся аб існаваньні Беларусі». Магчыма, што ім прыпомніла аб Беларусі француская і бэльгійская прэса, якая у 60-х гадох XIX ст. шырака пісала аб беларускім пытаньні, але таму, што мела інфармацыі з боку польскіх эмігрантаў, Беларусь і Летува былі там прадстаўленыя, як краі, цесна зьвязаныя з Польшчай. Вось-жа знайшлося тады багата расейскіх гісторыкаў, як Антановіч, Уладзімерскі, Буданаў, Каяловіч, Жуковіч, Харламповіч, Бацюшкаў, Банцаў, Турчыновіч, Даніловіч, Уладзімераў і інш., якія зацікавіліся гісторыяй Беларусі, пісалі спэцыяльныя працы, прадстаўляючы некаторыя мамэнты нават аб'ектыўна, але дляіх у бальшыні Беларусь была «Западно -Русским Краем». Расейскія палітыкі падходзілі да гэтага проста: яны праваслаўных беларусаў уважалі за «рускіх», а беларусаў-каталікоў — за палякоў, а каб каталікоў было як найменш, дык іх змушалі пераходзіць з каталіцтва і вуніі ў праваслаўе. Такім парадкам жывое беларускае народнае цела нашыя суседзі дзялілі на дзьве часткі, а роў, выкапаны імі, аж да сяньняшняга дня цяжка заваліць і злучыць усіх беларусаў бяз розьніцы веры ў вадну беларускую сямью.
Хоць беларусаў дзялілі і мучылі, усё-ж-ткі беларускі голас усьцяж адзываўся і ўсьцяж беларусы заяўлялі, што яны жывуць. Гэтак было і пасьля 1863 г., калі здавалася шмат каму, што ўсемагутны Мураўёў здушыў усё беларускае. Так, у 70-х гадох у далёкай Швайцарыі, у Жэнэве, выйшла колькі агітацыйна-рэвалюцыйных брашураў пабеларуску, між якімі была кніжыца «Пра багацтва ды беднасьць», а ў Цурыху ў 1870 г. быў выданы першы нумар беларускай эмігранцкай газэты пад назовам «Грамадзкі Згавор». На гэтым, аднак, першым нумары выдаўцы мусілі стрымаць сваю выдавецкую працу з прычыны нястачы матар'яльных сродкаў.
У самой Расеі беларусы далей бралі ўдзел у пачатым Гэрцэнам і Бакунінам рэвалюцыйным руху, у змаганьні за зямлю і волю. Сярод тагочасных рэвалюцыянэраў займаў пачэснае месца Ігнат Грынявіцкі (1856—1881), родам з Меншчыны. Вучачыся ў Тэхналёгічным Інстытуце ў Пецярбурзе, Грынявіцкі браў дзейны ўдзел у народавольскім руху. Рух гэты імкнуўся скасаваць царызм і перабудаваць Расею на асновах вольнае фэдэрацыі вольных народаў, у якой было-б належнае месца і Беларусь У 1879 г. Грынявіцкі зарганізаваў баёвы гурток, мэтай якога было прысьпешыць разьвіцьцё рэвалюцыйнага руху шляхам баёвых выступленьняў. Найбольш-жа праславіўся Ігнат Грынявіцкі забойствам тагочаснага расейскага цара Аляксандра II у 1881 г. 1 сакавіка. Але бомба, што забіла цара, сьмяротна раніла і самога Грынявіцкага, і ён у той самы дзень уначы, не распазнаны нават,- памёр ад ранаў, маючы 25 год. Ігнат Грынявіцкі памсьціўся Аляксандру II за сьмерць беларускіх паўстанцаў, за сьмерць К. Каліноўскага, за варожую ягоную палітыку да беларусаў і працоўных усяе Расеі. Ігнат Грынявіцкі працягваў пачаты Каліноўскім шлях збройнага змаганьня за адраджэньне Беларусі. Праўда, і яму не ўдалося падняць Беларусі, і ён так, як і Каліноўскі, згінуў трагічна, але гэта ня спыніла беларускае адраджэнскае працы. Лік моладзі, сярод якое пашыраліся бунтарскія вызвольныя думкі, павялічаўся, асабліва гэта дзеілася сярод студэнтаў у Маскве і Пецярбурзе. Нават за тры гады пасьля сьмерці Грынявіцкага, у 1884 г., у Менску зьявіўся ўжо нелегальны народавольскі беларускі часапіс, друкаваны парасейску, «Гоман», які працягваў пачатае змаганьне за палітычную і эканамічную самастойнасьць Беларусі ў вагульна-расейскай фэдэрацыі.