Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Трэба ведаць, што Случчына заўсёды захоўвала свой беларускі характар, не паддавалася чужым уплывам. I калі ў 1918 годзе разыйшлася па ўсёй нашай Бацькаўшчыне вестка пра абвешчаньне незалежнасьці Беларусі, дык случчакі першыя стараліся стварыць сваю беларускую ўладу. У Слуцку ў 1918 годзе паўстаў Беларускі Нацыянальны Камітэт (на чале з старшынёй інж. Яніслаўскім, віцэ-старшынёй Р. Астроўскім, сакратаром С. Петрашкевіч, скарбнікам М. Асьвецімскім), які зараз-жа прыступіў да творчае дзяржаўнае беларускае працы. Працу гэту спынілі бальшавікі, якія пасоўваліся з усходу на захад, занялі Случчыну. Беларускі Камітэт зьліквідавалі, а старшыню арыштавалі. У сувязі з польска-бальшавіцкай вайной і ў сувязі з наступам палякоў на ўсход у 1920 годзе Случчына апынулася пад польскай уладай. У гэтым часе якраз удалося ўцячы ад бальшавікоў П. Жаўрыду і Беларускі Нацыянальны Камітэт у Слуцку ізноў працаваў. Прычым дзеля арганізацыі самаабароны сарганізавалася народная міліцыя ў ліку 500 чалавек. Нажаль, сярод слуцкага беларускага актыву пачаў выяўляцца разлад. Невялікая група беларусаў на чале з Паўлюкевічам, якому ўдалося стацца старшынёй Беларускага Нацыянальнага Камітэту, хінулася ў польскі бок. Беларусы-незалежнікі на чале з Пракулевічам, баючыся, каб група гэтая не здабывала для сябе шырэйшай папулярнасьці і каб не праводзіла свае акцыі ў народзе, пастанавілі склікаць зьезд Случчыны. Зьезд адбыўся 14.XI. 1920 году ў Слуцку. У ім брала ўдзел 107 прадстаўнікоў ад гораду Слуцку і 15 розных воласьцяў Слуцкага павету. На зьезьдзе былі таксама прадстаўнікі ад беларускіх аддзелаў гэнэрала Балаховіча і Павал Жаўрыд ужо як камісар ураду БНР на Слуцкі павет і прадстаўнік найвышэйшае Рады Беларускае Народнае Рэспублікі. Зьезд адразу ініцыятыву і кіраўніцтва беларускім рухам перадаў у рукі беларускіх незалежнікаў, адбіраючы яе з рук групы Паўлюкевіча. За старшыню зьезду быў абраны Русак, а за віцэ-старшыню Пракулевіч. Зьезд, прызнаючы сябе найвышэйшым народным прадстаўніцтвам Случчыны, выказаўся, што жыхарства Случчыны не прызнае ніякае чужацкае ўлады і будзе лічыць законным толькі тую ўладу і ўрад, якія выбярэ і паставіць сам беларускі народ. Часовым-жа ўрадам ухвалена ўважаць Раду Случчыны, выбраную на зьезьдзе з 17 асобаў на чале з Пракулевічам.

У рэзалюцыі зьезду ад 14.Х1.1920 году было сказана: «Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў ліку 107 асобаў, вітае Найвышэйшую Раду Беларускае Народнае Рэспублікі і заяўляе, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Бацькаўшчыны, катэгарычна пратэстуе супроць заняцьця нашае бацькаўшчыны чужацкімі і самазванчымі савецкімі ўладамі. Хай жыве вольная, незалежная Народная Беларуская Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах!»

Незадоўга пасьля зьезду, 21.XI. 1920 году, Рада Случчыны выдала дэклярацыю, дзе гаварылася: «У мамэнт самавызначэньня ўсіх народаў і змаганьня іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларуская Рада Случчыны выконвае волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету аб дамаганьнях, намерах беларускага сялянства, аб тым, што Беларусь павінна быць вольнай незалежнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах. Абвяшчаючы аб гэтым і зьяўляючыся выразіцелькай волі народу, Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы нават сілаю аружжа, ня гледзячы на лічбовую перавагу ворага, думаючы, што наша справа — справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе».

Ня гледзячы на такое становішча Рады Случчыны, бальшавікі ў 1920 годзе ў канцы лістапада, калі палякі пачалі ізноў адступаць на захад, бяз ніякага папярэджаньня займалі Случчыну. Адважныя случчакі, верныя сваёй пастанове, хапіліся за зброю і самі запынялі бальшавіцкі наступ. У валасьцёх і вёсках паўставалі Беларускія Нацыянальныя Камітэты, арганізавалася самаабарона. Рада Случчыны тварыла рэгулярныя вайсковыя беларускія аддзелы, ядром якіх сталася народная міліцыя. Тымчасам бальшавікі набліжаліся ўжо да Слуцку. Час быў кароткі, і абарона не зарганізавалася; дзеля таго галоўнае вайсковае беларускае камандваньне, створанае пры Радзе Случчыны, выдала загад аддзелам і міліцыі пакінуць Слуцк і зьбірацца ў Семежаве; дзе агулам згуртавалася каля 10 000 паўстанцаў. Тут-жа ў Семежаве стварыўся беларускі Слуцкі полк пад камандваньнем палкоўніка Гаўрыловіча, і зараз-жа, хоць ня меў дастатковае колькасьці зброі і амуніцыі, прыступіў да збройнага змаганьня з бальшавікамі. У міжчасе ў Семежаве паўстаў і другі беларускі Грозаўскі полк, складзены пераважна з моладзі Грозава, пад камандваньнем капітана Семянюка. З Слуцкага-ж і Грозаўскага палкоў стварылася першая Слуцкая дывізія, камандваньне якой спачатку даручылі капітану Анцыповічу, а пасьля капітану Сокал-Кутылоўскаму. Гэтак зарганізаваная першая беларуская дывізія 27 лістапада 1920 году пайшла ў крывавы бой за родную Беларусь. Баі разгортваліся каля вёсак Быстрыцы, Верабейчыцаў, Васільчыцаў, Чарнагубава, Васілішак, Дашнова, Лютавіч, Мацкевічаў, каля Копыля, Цімкавічаў, Вызны ды інш. Шмат дзе паўстанцам удавалася ня толькі паўстрымаць бальшавікоў, але і адбіраць ад іх вёскі і местачкі. Так, прыкладам, паўстанцы адабралі ад бальшавікоў Цімкавічы і іншыя мясцовасьці. Бальшавікі мелі вялікія страты забітымі і параненымі. Шмат чырвонаармейцаў слухалі заклік Рады Случчыны, якая зварочвалася да іх з адмысловымі адозвамі, і здаваліся ў палон або пераходзілі ў шэрагі паўстанцаў. Бачачы гэта, бальшавіцкае камандваньне накіравала супроць паўстанцаў найбольш верныя камуністычныя аддзелы, якія ня так лёгка здаваліся ды праводзілі масавыя арышты і расстрэлы сярод жыхарства. БеларускІя паўстанцы, ня маючы належнае колькасьці зброі і амуніцыі, не маглі далей даваць адпору бальшавіком і мусілі адступаць да ракі Лань. Пасьля ўсё-ж яшчэ колькі разоў паўстанцам удавалася рабіць удалыя контратакі і здабываць перамогі, але абараніць Беларусь ад бальшавікоў яны не маглі. 28 сьнежня 1920 году Слуцкая дывізія прымушана была перайсьці польскую мяжу. Тут яе палякі абяззброілі і інтэрнавалі спачатку каля Сіняўкі, а пасьля ў Беластоку.Частка паўстанцаў, аднак, не аддала зброі паляком. Гэтыя паўстанцы пайшлі ў слуцкія лясы, зарганізаваліся ў аддзелы і яшчэ праз цэлыя гады з нячуванай упартасьцю змагаліся з бальшавікамі, аж пакуль зусім ня былі пераможаныя.

Случчына такім чынам дала Беларусі шмат змагароў за лепшую долю, шмат выдатных дзеячоў.

Учынкі палякоў у дачыненьнях да беларусаў і летувісаў збліжалі гэтыя два народы і 11 лістапада 1920 году Урады Летувы і Беларусі падпісалі новую ўмову аб узаемнай дапамозе.

Паводле гэтае ўмовы, Беларускі Урад абяцаў аддаць усе сфармаваныя ім на летувіскай тэрыторыі беларускія аддзелы для выкарыстаньня Летувіскага Ураду, а ў часе плебісцыту між Летувай і Польшчай далажыць усіх стараньняў, каб беларусы аддалі свае галасы на карысьць Летувы. Справа мяжы між Летувай і Беларусяй мела быць вырашаная шляхам добраахвотнага ўзаемнага паразуменьня. Да гэтага-ж часу месцы, якія знаходзяцца ў Летувіскай Рэспубліцы і маюць перавагу беларускага жыхарства, павінны кіравацца на аснове нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі. Апрача таго, Летувіскі Урад мусіў даць Беларускаму Ураду афіцыяльнае месца прабываньня і памагчы здабыць грашовую замежную пазыку. Пры чужых урадах Беларускі і Летувіскі Урады забавязваліся падтрымліваць сябе ўзаемна.

Беларускія і Летувіскія сілы былі, аднак, заслабыя, каб перашкодзіць рэалізацыі польскіх і бальшавіцкіх плянаў.

18 сакавіка 1921 году прадстаўнікі Польшчы і Саветаў дабілі ў Рызе торг і Беларусь падзялілі. Саветы затрымалі пад сваёй уладай этнаграфічна беларускае тэрыторыі каля 300 000 кв. км з жыхарствам да 10 мільёнаў чалавек. Польшча — больш 100 000 кв. км з жыхарствам каля 4 мільёнаў чалавек. Пры гэтым частка беларускіх этнаграфічных тэрыторыяў з беларускім жыхарствам трапіла ў межы Лацьвійскае і Летувіскае рэспублікаў.

Рыскі трактат і падзел Беларусі ня спыніў дзейнасьці Рады Беларускае Народнае Рэспублікі і Беларускага Ураду. Яны, будучы на эміграцыі, далей дзеілі дыплёматычнымі ходамі, мэмарыяламі, баронячы Беларускую Народную Рэспубліку і беларускі народ ад наступу чужынцаў ды іхнай эксплёатацыі і дэнацыяналізацыйнае работы.

25 —28 верасьня 1921 году ў Празе Чэскай адбылася Беларуская Нацыянальна -Палітычная Нарада, дзе сьцьверджана, што:

«а) Беларусь зьяўляецца краем працоўнага беларускага сялянства, работнікаў і працоўнай інтэлігенцыі, дзеля чаго Беларусь павінна быць дзяржавай працоўнага народу.

б)Беларусь павінна быць дзяржавай непадзельнай і ні ад каго не залежнай. Нарада зазначае, што ніякія гэтак званыя арыентацыі ня могуць быць падставай дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. Адзінай асновай дзяржавы,адзінай сілай, якая збудуе Беларусь і забясьпечыць ёй нармальнае разьвіцьцё, зьяўляецца сам працоўны беларускі народ.

в)Пасьля зьдзейсьненьня беларускае дзяржаўнасьці,пасьля таго, як на беларускай зямлі запануе ўласная, ні ад кога незалежная ўлада, Беларусь працягне руку згоды дзеля вольнага саюзу ўсім народам, з якімі жыве побач і якіх яна лічыць за роўных братоў сваіх. Першай мэтай гэткага саюзу павінна быць узаемная абарона народных вольнасьцяў, якія здабудуць народы сваёй барацьбой».

Прыймаючы пад увагу сучасны стан Беларусі, Беларуская Нацыянальна -Палітычная Нарада зазначае:

«а) што адзіным законадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада БНР, якая мае пераймальнасьць улады ад Беларускага Кангрэсу 1917 г.;

б) што адзінай адказнай уладай Беларусі зьяўляецца Урад БНР, які мае мандат ад Рады БНР.

Прыймаючы пад увагу, што праца Ураду БНР адпавядае тым мэтам, якія прынятыя Нарадай і што ў першую чаргу яна кіруецца да абароны непадзельнасьці і незалежнасьці Беларусі, Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада пастанаўляе аб'яднаць каля ўраду БНР сілы ўсіх беларускіх партыяў, арганізацыяў і груп дзеля дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі».

Нічога, аднак, не дапамаглі ўсе стараньні Рады БНР і Беларускага Ураду ды ўсіх беларусаў. Дужыя гэтага сьвету былі глухія на беларускія галасы. Яны ня чулі ані голасу Рады БНР, ані голасу Беларускае Нацыянальна-Палітычнае Нарады, як ня чулі раней голасу беларускіх уцекачоў, што на 10-тысячным мітынгу ў Пецярбурзе гэтак зварачаліся да дэмакратаў Расеі, Заходняй Эўропы, Амэрыкі і Усходу:

«Браты! Між межамі Расеі, Польшчы, Украіны і Летувы мірна жыве працавітая Беларусь. Яна да нікога ня мела злосьці і не старалася каго-небудзь паняволіць. Дзякуючы якраз таму, што жыла яна мірна і была занятая ўпорыстай і чэснай работай на сваіх нівах, іншыя народы, больш дужыя, пачародна падпарадкоўвалі яе сабе, заводзілі свае парадкі і ністожылі ейную самабытнасьць. Вялікая Расейская Рэвалюцыя, вызваліўшы працоўныя масы, вызваліла і сялянскую Беларусь. Беларускі працоўны народ пачуўся гаспадаром, ён гатовы быў будаваць сваё гаспадарства, паводлё вымогаў сваіх звычаяў I культуры, захоўваючы вышэйшыя прынцыпы братэрства, свабоды і роўнасьці. Але нядоўга беларускае сялянства і работнікі маглі цешыцца здабычамі рэвалюцыі. Чужыя імпэрыялістыя вераломна ўлезьлі ў сэрца Беларусі, захапілі землі, лясы, вёскі, гарады, увялі сваю паліцыю і пачалі ліквідаваць усё тое, аб чым лятуцеў беларускі народ даўгія стагодзьдзі і што было куплена ім дарагой цаной няволі і паніжэньня.

Браты!.. Вы — носьбіты справядлівасьці чалавецтва, Вы — змагары за правы ўсіх пакрыўджаных і паніжаных, Вы — прадвесьнікі лепшае будучыні... На Вашых вачох робіцца вялізарнае злачынства і яно кліча Вас узьняць свой моцны і справядлівы голас у вабароне Беларусі...»

Глухімі былі і нашы суседзі, да якіх гэныя-ж уцекачы гэтак зварочваліся: «Браты! Вялікая Расейская рэвалюцыя вызваліла народы Расеі ад гнёту царскага самаўладзтва і кажнаму з іх дала магчымасьць па-свойму наладжваць сваё жыцьцё. Яшчэ нядаўна вы былі нявольнікамі: вашая мова, школа, вера, звычаі, уся вашая культура, грамадзкасьць і эканоміка перасьледваліся, зьневажаліся. Вы стараліся бараніцца, але ня мелі фізычнае сілы, што ў цяперашнім грамадзянсьцьве зьяўляецца адзіным правам на існаваньне. Вы разумелі, што найлепшай абаронай вашай зьяўляецца палітычнае і тэрытарыяльнае самаазначэньне, вашая нацыянальная гаспадарсьцьвенасьць, з ейнаю канстытуцыяй, уладай, войскам і правам, і вы дамагаліся гэтага самаазначэньня... Да вас зварачаецца беларускі працоўны народ з пытаньнем: ці добра вы памятаеце вашую нядаўную няволю і ці ня думаеце вы з прыгнечаных стацца прыгнятальнікамі? Вы, украінцы, хочаце свае паўночныя межы пашыраць коштам беларускіх паветаў Чарнігаўшчыны, Меншчыны і Гарадзеншчыны. Вы, летувісы, стараецеся далучыць сабе беларускія паветы Ковеншчыны, Гарадзеншчыны і Віленшчыны, а вашыя імпэрыялістыя гатовыя захапіць усю паўночна -заходнюю частку Беларусі. Вы, палякі, карыстаючыся тым, што Беларусь разам з Летувай калісь былі ўсходняй часткай вашага караля і ягоных прыслужнікаў, усю Беларусь, ад Беластоку да Дняпра, стараецеся ўлучыць у межы свайго новапаўстаючага каралеўства...

Пераканайце нас, што вы яшчэ не забыліся таго гнёту, што пераносілі вы самі...

Іначай — беларускі народ навекі пракляне новага пераможца, пана і прыгнятальніка і па-старому будзе змагацца за сваё шчасьце, аж пакуль у яго стане сілаў...»

Усе заклікі і просьбы беларусаў пра дапамогу, справядлівасьць, роўнасьць, братэрства прайшлі бяз рэха. Бальшавіцкая Расея і панская Польшча, падзяліўшы Беларусь, гаспадарылі ў ёй так, як ім падабалася, і так, як ім было карысна і выгодна. Беларускі-ж народ далей вёў змаганьне за свае правы, за волю, шчасьце і долю, верачы ў перамогу.

Поделиться с друзьями: