Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Пад канец XIX ст. з Украіны, дзе працаваў як адвакат, зьвярнуўся ў родны край, у Вільню, удзельнік паўстаньня 1863 году Францішак Багушэвіч. Будучы на Украіне і скончыўшы ў 1868 г. юрыдычны ліцэй, ён саткнуўся з украінскім рухам, з украінскай паэзіяй Тараса Шэўчэнкі ды пачаў пад яе ўплывам пісаць вершы пабеларуску, падпісваючы іх прыбранымі прозьвішчамі (мянушкамі) — «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава». Багушэвіч у сваіх творах стараўся збудзіць беларускі народ ад сну, у які закалыхалі яго палякі і расейцы, і накіраваць да змаганьня за лепшую долю. Багушэвіч, як згодна сьцьвярджаюць беларускія гісторыкі, а таксама і гісторыкі расейскія, раз назаўсёды парваў з беларуска-польскім народніцтвам, што пачыналася між чырвонымі паўстанцамі 1863 г., палякамі і беларусамі, а таксамаі з народніцтвам беларуска-расейскім Грынявіцкагь і «гоманцаў», ды стварыў беларускае нацыянальнае народніцтва, паказаў самастойныя шляхі беларускага нацыянальна-палітычнага вызваленьня, што выяўляецца ва ўсёй ягонай творчасьці, так шырака ведамай па ўсёй Беларусі.

Асабліва-ж яскравай зьяўляецца Багушэвічава прадмова да першага зборніка ягоных вершаў «Дудка Беларуская», якую можна назваць маніфэстам беларускага нацыянальнага ўсьведамленьня. Багушэвічавы словы пра гісторыю Беларусі, пра беларускую мову як аснову беларускае нацыі, абарона яе ад славы «мужыцкае», пушчанай ворагамі, і сяньня жывыя, і сяньня актуальныя. Багушэвічавых твораў нельга было выдаць з прычыны забароны друку ані на Беларусі, ані ў Расеі, і таму «Дудка Беларуская» выйшла за мяжою, у Кракаве, у 1891 годзе. Другі зборнік вершаў Багушэвіча «Смык Беларускі» быў выданы ў 1894 г. у Пазнані. Адтуль яны нелегальна перавозіліся ў край, будзілі беларускі народ і ўзмацнялі беларускія адраджэнскія плыні.

Побач з Багушэвічам і ў такім самым духу зьявіліся і працавалі на беларускай літаратурнай ніве Ян Няслухоўскі (Лучына) (1851 — 1897), зборнік беларускіх вершаў якога — «Вязанка» — удалося выдаць куды пазьней. I то пад выглядам баўгарскага; Адам Гурыновіч (1869—1894) і Аляксандар Ельскі (1834—1916), якому, наўсуперак забароне 1867 г., удалося выдаць пабеларуску колькі папулярных кніжачак для сялян, як прыкладам: «Аб перасяленьні», «Аб п'янсьцьве» і г. д. Ён жа, між іншага, зноў пераклаў у беларускую мову і выдаў за мяжою ў Львове ў 1882 г. «Пана Тадэўша» A. Міцкевіча.

У гэтым менш-больш часе, хоць было забаронена друкаваць пабеларуску, усё-ткі пісалі і распаўсюджвалі свае творы ў рукапісах Ялеш Франціш Вуль, Ю. Ляскоўскі, Н. Караткевіч, Фэлікс Тапчэўскі з Віцебску, Альгерд Абуховіч з Слуцку, Ананас КІсель з Магілева, Ян Шэмет-Палачанскі і другія. Багата пісаў на розныя беларускія тэмы, але парасейску і папольску, ведамы публіцысты А. Кіркор.

У канцы XIX і пазьней на пачатку XX ст. шырокую дзейнасьць на беларускай ніве праводзіў Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) — паэт, пісьменьнік, маляр і дзеяч. Ён, пазнаўшы добра беларускую мінуўшчыну і бачачы несправядлівыя дачыненьні расейскае ўлады,а таксама абшарнікаў, усьведамляў беларускі народ як у сэнсе нацыянальным, так і сацыяльным. Як паэт Карусь Каганец апяваў славу свайго народу ў вершах, апавяданьнях і сцэнічных творах на гістарычныя тэмы («Сын Даніла»). Пры тым зьбіраў ён беларускія народныя творы, песьні, казкі і апрацоўваў іх. Адмоўныя бакі жыцьця ў нашым краі прадстаўляў у розных камэдыях, прыкладам «Модны Шляхцюк». Кастравіцкі быў здольным мастаком-маляром і рабіў розныя рысункі і малюнкі з беларускае прыроды ды з беларускага жыцьця. Забоціўся Кастравіцкі і пра асьвету беларускага народу. У сувязі з гэтым ён апрацоўваў беларускую граматыку і лемантар. Каганец, між іншага, напісаў прамову, падобную крыху да Багушэвічавае прадмовы да «Беларускае Дудкі», але больш шырокую і больш баёвую ў сэнсе нацыянальным. У прамове гэтай Каганец заклікае беларусаў шанаваць ня толькі беларускую мову, як гэта рабіў Багушэвіч, але звычаі, песьні, вопратку, прыпамінаючы адначасна, што прыгожая нашая краіна Беларусь мела сваіх слаўных і вялікіх людзей: вучоных, ваяводаў, гэтманаў, якія ня раз нават грэкамі і рымлянамі трэсьлі. Творы Каганца спачатку распаўсюджваліся ў рукапісах,а пазьней друкаваліся ў розных беларускіх газэтах і то не ўсе. Частка іх зусім бязьследна загінула.

Наўсуперак цяжкім абставінам і забаронам, накіраваным супроць беларусаў і беларускага руху ў канцы XIX ст., зьяўляліся ўсё-ж друкам дробныя вершаваныя ананімныя беларускія творы, а нават і большая кніжачка «Dziadzka Anton abo hutarka ab usim cysta sto balic, a camu balic — nia wiedaim?..». Ha вокладцы гэтае кніжкі надрукавана: «Wilno. U drukarni Marii Krasouskaj. 1892 г.» Кніжачка гэтая была вельмі папулярнай.

На навуковай ніве пад канец XIX стагодзьдзя зьявіліся такія вучоныя, як прафэсар Карскі, які напісаў і выдаў капітальную колькітамовую працу «Беларусы», з якое пазнавала сваю беларускую мову і літаратуру ўся беларуская інтэлігенцыя; прафэсар Кіеўскага Унівэрсытэту, ведамы гісторык-беларус М. Доўнар-Запольскі, прафэсары: Любаўскі, Пічэта, Браніслаў Эпімах-Шыпіла і другія.

Беларускія культурнікі ўсялякімі спосабамі стараліся як-небудзь зарганізавацца і залегалізавацца. Удалося ім гэта зрабіць у 1886 годзе пры рэдакцыі расейскае менскае газэты «Минский листок», дзе паўстаў гурток культурнікаў-інтэлігентаў, сябрамі якога былі: вучоны-гісторык М. Доўнар-Запольскі, паэта Я. Няслухоўскі, Завітневіч, Ляцкі, інж. Слупскі, архэолёг Татур Г., этнограф Дзямідовіч і інш. Яны арганізавана ўзяліся за дасьледную працу над беларускай гісторыяй, архэалёгіяй, этнаграфіяй і свае творы спачатку друкавалі ў «Минским листку», а пасьля ў выдаваных імі «Северо-Западных Календарох». Календароў гэтых удалося ім выдаць, наўсуперак цяжкім цэнзурным абставінам, аж 6, за 1888—1893 гады. Друкаваліся яны парасейску, але часамі праходзілі там і беларускія вершы Няслухоўскага. Расейцы, бачачы, што календары спэцыяльна разьвіваюць беларускае пытаньне, абставілі ўсё так, што пасьля 1893 г. календары ўжо не маглі зьяўляцца.

Тады, аднак, ужо зацікаўленьне беларускім пытаньнем шырака агортвала беларускую моладзь, што вучылася ў гарадох. Моладзь гэтая пачала арганізавацца. Зьяўляліся гурткі беларускіх студэнтаў у Пецярбурзе, Маскве, Варшаве, Кіеве, Кракаве, Харкаве, Адэсе.

У Маскве беларускі гурток зарганізаваўся ў васаблівых абставінах, бо ў вастрозе на Бутырках, дзе ў 1891 г., пасьля студэнцкіх «непарадкаў», сядзела шмат арыштаваных студэнтаў з нашага краю, а між імі і будучы беларускі пісьменьнік Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.). Гурток гэны пасьля, між іншага, выдаў пабеларуску «Сыгнал» Гаршына.

Студэнты Пецярбурскага Унівэрсытэту: Вацлаў Іваноўскі, Іван і Антон Луцкевічы, Бурбіс, Валэйка і другія ў 1899—1890 гг. зарганізавалі выдавецтва беларускага нелегальнага часапісу «Свабода». Першы нумар быў выданы ў Лябёдцы ў Лідзкім павеце, скуль паходзіў студэнт Іваноўскі. Далей, нажаль, выдавецтва «Свабоды» спынілася з прычыны рэвізіі і з усяго накладу першага нумару засталося толькі два экзэмпляры.

У 1902 г. у Пецярбурзе беларускія студэнты заснавалі гурток пад назовам: «Круг беларускае народнае прасьветы і культуры». Гэты гурток, між іншага, выдаў на гэктографе невялікія кніжкі «Калядную пісанку» і «Вялікодную пісанку». Апрача таго, ён выдаў «Вязанку» Няслухоўскага, падаючы яе ў цэнзуру як твор у баўгарскай мове.

Такім парадкам, паўставалі і працавалі першыя беларускія культурныя арганізацыі і гэтак разьвіваліся і павялічаліся рады першых змагароў за вызваленьне Беларусі.

XXV

Першыя беларускія палітычныя арганізацыі.— «Наша Доля», «Наша Ніва».— Беларускія адраджэнцы.— Беларускае палітычнае, нацыянальнае, грамадзкае, культурнае, гаспадарскае і рэлігійнае жыцьцё перад першай сусьветнай вайной.

Беларускі адраджэнскі рух у канцы XIX і на пачатку XX стагодзьдзяў, не зважаючы на розныя перашкоды. пакрысе, але станоўка разьвіваўся. Гэтаю парою ў Расеі царскі пасад займалі Аляксандар III (1881 —1894), а пасьля Мікалай II (1894—1917).

Абодва яны былі хістлявымі. Раз яны пробавалі паладзіць з апазыцыяй, другі раз зноў цалком аддаваліся пад уплывы буржуазнае «чорнае сотні». У выніку гэтага ў Расейскай імпэрыі ня было парадку: далей разьвівалася рэлігійнае змаганьне, эксплёатацыя працоўных і масавая эміграцыя ў Амэрыку, дзе людзі шукалі лепшага жыцьця. У самой Расеі людзі таксама шукалі дарогі да лепшага жыцьця. Сацыялістычныя і рэвалюцыйныя арганізацыі, якія пашыралі думкі аб лепшай долі, разьвівалі штораз шырэй сваю дзейнасьць. Падтрымвалі іх эмігранты з замежжа — з Францыі, Швайцарыі, Ангельшчыны, дзе, між іншага (у Лёндане), друкавалася спэцыяльная рэвалюцыйная літаратура.

Сярод беларусаў таксама паўстала думка стварыць спэцыяльную палітычную арганізацыю, якая кіравала-б і праводзіла-б працу ў кірунку перабудовы ладу ў Расейскай імпэрыі. Такая першая беларуская палітычная арганізацыя паўстала ўзімку 1902 г. у Менску пад назовам «Беларуская Рэвалюцыйная Партыя». Неўзабаве яна зьмяніла свой назоў на «Беларускую Рэвалюцыйную Грамаду». Закладнікамі яе былі студэнты-беларусы пецярбурскіх вышэйшых школаў: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч (Антон Навіна), беларускі пісьменьнік Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), работнік Віктар Зелязей і інш. Адначасна паўстала арганізацыя гэтае партыі ў Вільні і ў Пецярбурзе. У Вільні заклалі яе студэнт Францішак Умястоўскі (Дзядзька Пранук) і гімназісты Бурбіс (Піліп), а ў Пецярбурзе — студэнт Вацлаў Іваноўскі (Вацюк Тройца) і курсістка, а пасьля ведамая беларуская паэтка, Алёіза Пашкевічанка (Цётка).

Поделиться с друзьями: