БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Беларуская Рэвалюцыйная Грамада хутка разьвіла шырокую дзейнасьць, зьбіраючы новых сяброў, выдаючы за межамі і распаўсюджваючы ў краі адозвы і творы Багушэвіча, Няслухоўскага і другія. У Лёндане, між іншага, былі выданыя творы Багушэвіча на папяроснай паперы пад назовам «Песьні», з напісам на вокладцы «С разрешения Синодальной Типографии», брашуры: «Як зрабіць, каб людзям стала добра на сьвеце», «Хто праўдзівы прыяцель беднага народу», «Гутарка аб тым, куды грошы мужыцкія ідуць» і ім падобныя брашуры.
У 1903 г. адбыўся першы зьезд Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады. Зьезд прыняў праграму арганізацыі, пастанавіў дамагацца краёвай аўтаноміі для Беларусі з соймам у Вільні і культурна-нацыянальнай аўтаноміі для нацыянальных мяншыняў на Беларусі, наказаў распрацаваць зямельную праграму на аснове канфіскацыі бяз выкупу панскіх двароў, казённых земляў і інш. ды адначасна пастанавіў назваць сваю арганізацыю «Беларускай Сацыялістычнай Грамадой».
У 1904 г. паўстала другая палітычная беларуская арганізацыя «Сацыялістычная Партыя Белае Русі». На чале яе стаялі студэнты Варшаўскага Унівэрсытэту, беларусы: браты Трусоўскія, М. Фальскі і А. Жаба. Сацыялістычная Партыя праводзіла сваю дзейнасьць галоўным чынам у Гарадзеншчыне і толькі да 1906 г., а пасьля замерла.У 1905 г. у Менску быў скліканы беларускі сялянскі зьезд, які пастанавіў стварыць Беларускі Сялянскі Саюз і за прыкладам Беларускае Сацыялістычнае Грамады дамагаўся краёвай аўтаноміі для Беларусі з соймам у Вільні, адабраньня зямлі ад паноў, касьцёлаў, цэркваў, манастыроў і г. д. БСС меў цесную сувязь з БСГ і арганізаваў лучнасьць з вёскай.
З гэтага бачым, што ў 1905 г. на Беларусі былі тры беларускія палітычныя арганізацыі, якія змагаліся з царызмам за лепшую долю беларускага народу і разам з усімі рэвалюцыйнымі арганізацыямі Расеі рыхтаваліся да адкрытага рэвалюцыйнага выступленьня. Наймацнейшай з усіх гэных беларускіх арганізацыяў была Беларуская Сацыялістычная Грамада. Яна ў 1905 г. у Менску мела нават сваю падпольную друкарню, дзе друкаваліся ня толькі беларускія брашуры і адозвы, але таксама адозвы для сацыялістых польскіх, летувіскіх і расейскіх. У гэтай друкарні былі выданыя, між іншага, такія брашуры: «Што такое свабода?», «Чы будзе для ўсіх зямлі?», «Што такое канстытуцыя?», колькі рэвалюцыйных вершаў Цёткі, якія вельмі разыходзіліся, асабліва сярод работнікаў Віленшчыны, і багата іншых друкаў.
Беларускія адозвы і нават часапісы выдавалі і правінцыяльныя гурткі беларускіх арганізацыяў. Так, прыкладам, у м. Копылі пад рэдакцыяй 3. Жылуновіча, маладога гарбара, а пасьля пісьменьніка і супрацоўніка «Нашае Нівы» (псэўдонім «Цішка Гартны»), выйшаў нелегальны беларускі часапіс пад назовам «Голас нізу».
Побач з выдавецкай працай ішла і праца арганізацыйная. Адбываліся сходы, арганізаваліся гурткі моладзі, вечарыны, мітынгі і забастоўкі. Калі ў 1905 г. у Пецярбурзе выбухнула рэвалюцыя, яна хутка знайшла свае водгукі і на Беларусь Усюды адбываліся масавыя забастоўкі. У Вільні забастоўка абняла каля 4.000 работнікаў і трывала 3 дні. Менск баставаў таксама 3 дні. У Гомелі баставала каля 2.000 работнікаў на працягу цэлага тыдня. У м. Крынках Горадзенскае губэрні забаставала каля 2000 работнікаў. Тут уладу работнікі поўнасьцю ўзялі ў свае рукі, паліцыя-ж цэлы дзень не магла нават увайсьці ў местачка. У Віцебску баставалі 6 дзён 1200 работнікаў. Забастоўкі ў сярэднім ад 2 да 4 дзён адбываліся ва ўсіх губэрскіх і паветавых гарадох Беларусі. На вёсках у шмат якіх месцах былі баёвыя дружыны, што ўжывалі тэрор у дачыненьні да паноў і самавольна секлі лясы, падпальвалі панскія стагі, двары і г. д.
На пачатку 1906 г. адбыўся другі зьезд Беларускае Сацыялістычнае Грамады. На ім, між іншага, пастаноўлена, што Беларусь павінна быць аўтаномнай рэспублікай.
Рэвалюцыя 1905 г. у Расеі хоць і была здушаная царскай уладай, не прайшла ўсё-ж бяз водгаласу. Цар мусіў пайсьці на адступкі, як у сацыяльнай галіне, так і ў галіне культурнай і асьветнай. Дзякуючы гэтаму 30 ліпеня 1905 г. цар абвесьціў маніфэст аб рэлігійнай вольнасьці і грамадзкіх свабодах, з якога беларусы найбольш скарысталі.
Зараз-жа ў верасьні 1906 г. у Вільні сарганізавалася выдавецтва першае легальнае беларускае газэты «Наша Доля». На чале выдавецтва стаялі сябры Цэнтральнага Камітэту Беларускае Сацыялістычнае Грамады браты Іван і Антон Луцкевічы. У рэдакцыі таксама бралі дзейны ўдзел А. Уласаў ды Вацлаў Іваноўскі. «Наша Доля» паставіла сабе за мэту абарону інтарэсаў вясковага народу і пашырэньне асьветы ў зразумелай яму мове. Дарма што праграма была такая сьціплая, царская цэнзура не дала «Нашай Долі» магчымасьці існаваць. Усе выданыя 6 нумароў паліцыя сканфіскавала і газэту зачыніла. Тады тыя-ж людзі пачалі выдаваць новую газэту «Наша Ніва», якая яшчэ больш сьціпла выказала свае задачы ў першым нумары, кажучы, што будзе «старацца, каб усе беларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсьць, зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы і памагалі нам у нашай рабоце».
Дзякуючы такім сьціплым мэтам і сваёй нягучнасьці «Наша Ніва» існавала і выходзіла аж да 1915 году і адыйграла ў беларускім адраджэнскім руху вельмі вялікую ролю. «Наша Ніва» усьведамляла народ, гуртавала кал я сябе беларускую інтэлігенцыю, беларускіх пісьменьнікаў, паэтаў і іншых працаўнікоў з беларускае адраджэнскае нівы. «Наша Ніва», якая пасьля выступала і шырэй, чымся было сказана ў першым нумары, сталася цэнтрам і ідэйным асяродкам беларускага адраджэнскага
На балонах «Нашае Нівы» ставілі свае першыя крокі ў літаратуры, расьлі, узгадоўваліся і разьвіваліся найвялікшыя беларускія паэты і пісьменьнікі: Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Янка Купала, Максім Гарэцкі. У «Нашай Ніве» таксама друкаваліся творы Цёткі, Ядвігіна Ш., А. Паўловіча, Каганца, Галубка, К. Буйлы, Власта (В. Ластоўскага), Я. Лёсіка і цэлае плеяды іншых беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў, якія сталі пісьменьнікамі ў вялікай меры дзякуючы працы «Нашае Нівы». Аб тым, як шырака «Наша Ніва» абыймала беларускае сялянства, сьведчыць факт, што яна мела больш за 3.000 карэспандэнтаў з усіх куткоў Беларусі.
У Пецярбурзе з нелегальнага беларускага студэнцкага гуртка ў 1906 г. паўстала выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца». Галоўным арганізатарам яе быў Вацлаў Іваноўскі. Суполка гэтая выдавала беларускія кніжкі з галіны прыгожае літаратуры, школьныя падручнікі і навукова-папулярныя брашуры, якія ня месца тут пералічаць.
Для ўзмацненьня беларускае выдавецкае працы пасьля ў Вільні паўстала выдавецтва «Нашая Хата», Беларускае Выдавецкае Таварыства, а таксама беларуская кнігарня. Беларускія кнігарні былі адчыненыя і ў Менску, дзе існавала беларуская выдавецкая суполка «Менчук». У 1907 г. дзякуючы стараньням беларускіх адраджэнцаў -культурнікаў адбыўся першы беларускі настаўніцкі зьезд. На зьезьдзе пастаноўлена стварыць «Беларускі Вучыцельскі Саюз» і імкнуцца да таго, каб беларускія дзеці навучаліся ў іхнай роднай беларускай мове. Вучыцельскі саюз існаваў нелегальна, і калі паліцыі ўдалося выкрыць яго, дык шмат каму з беларускіх дзеячоў давялося за яго пацярпець.
На пачатку XX стагодзьдзя, калі так моцна ажывіўся беларускі адраджэнскі рух, пачаўся і беларускі хрысьціянскі рух, асабліва сярод маладога беларускага каталіцкага духавенства. Беларуская нацыяльная думка пачала выяўляцца сярод клерыкаў Віленскае Каталіцкае Духоўнае Сэмінарыі і Духоўнае Каталіцкае Акадэміі ў Пецярбурзе, дзе паўсталі нават беларускія гурткі.
Быў яшчэ гурток беларускіх клерыкаў у Інсбруку і Мюнхене (Нямеччына), дзе група беларускіх клерыкаў у 1907—1909 гг. адбывала вышэйшыя студыі. З Віленскае Духоўнае Сэмінарыі і Каталіцкае Духоўнае Акадэміі выйшла шмат беларускіх духоўнікаў. Яны адыйгравалі і адыйграваюць у беларускім руху вельмі паважную ролю.
У 1913—1915 гг. у Вільні дзякуючы стараньням беларускіх каталіцкіх духоўнікаў выдаваліся беларускі каталіцкі часапіс пад назовам «Bielarus» i беларускія рэлігійныя кніжкі, беларускі малітаўнік «Boh z nami» і другія.
Беларускі адраджэнскі рух разьвіваўся нават сярод вучнёўскае беларускае моладзі сярэдніх школаў у Вільні, Горадні і іншых гарадоў. Так, прыкладам, у Горадні пры тамашняй гімназіі ў 1909—1914 гг. пад апекай кс. Фр. Грынкевіча існаваў беларускі гурток «Хатка». Згуртаваная ў ім моладзь ладзіла беларускія вечарынкі, гутаркі, а ў 1913 г. выдала і сваю газэтку «Kolas nasaj nivy» (Колас нашай нівы).
У Вільні існавалі беларускія вучнёўскія гурткі пры Віленскім «Крестьянском Институте» і пры Хэмічна-Тэхнічнай Школе.
Беларускія адраджэнцы, належна ацаняючы ролю і ўзгадаваньне моладзі, у 1914 г. у Менску пачалі выдаваць адмысловы месячны літаратурна-навуковы часапіс для моладзі «Лучынка» і часапіс для беларускіх дзяцей «Іскрачка». У гэтым самым годзе ў Пецярбурзе пачаў выходзіць беларускі студэнцкі часапіс «Раніца», які меў быць лучнікам між усімі студэнтамі і ўсімі беларускімі студэнцкімі гурткамі, што ўжо існавалі ня толькі ў такіх гарадох, як Пецярбург, дзе быў «Беларускі Навукова-Літаратурны кружок студэнтаў Пецярбурскага Унівэрсытэту», «Беларускі студэнцкі хаўрус» пры Сельскагаспадарскім Інстытуце, Беларускі Гурток пры Каталіцкай Духоўнай Сэмінарыі і Арганізацыя студэнтак Пецярбурскіх Жаноцкіх Курсаў, але нават у правінцыяльных гарадох, пры Глухаўскім Настаўніцкім Інстытуце ў Чарнігаўшчыне, пры унівэрсытэце ў Дорпаце, пры Феадосеўскім Настаўніцкім Інстытуце ў Крыме, пры Інстытуце Сельскае Гаспадаркі ў Пулавах, ды нават за межамі, у Чэхіі, у м. Табор. У 1912 г. у Пецярбурзе пачаў выходзіць літаратурны і навуковы часапіс «Маладая Беларусь».