Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

24—25 траўня 1917 году ў Менску адбыўся зьезд беларускага каталіцкага духавенства. Зьезд духавенства між іншага, пастанавіў дамагацца шырокай аўтаноміі для Беларусі і ўвядзеньня беларускае мовы ў сьвятынях.

Хутка пасьля зьезду беларускага каталіцкага духавенства ў Пецярбурзе паўстала «Хрысьціянская Дэмакратычная Злучнасьць», якая пазьней пераназвалася ў Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю. Партыя гэтая, на чале якое спачатку стаяў кс. др. Ф. Абрантовіч, пачынаючы ад 1917 г. аж да 1936 г. выдавала часапіс «Крыніца».

У сувязі з тым што на чале Беларускага Нацыянальнага Камітэту стаяў абшарнік, сярод шырокіх колаў беларусаў паўстала незадавальненьне. Яно давяло да таго, што хутка паўстала Цэнтральная Рада Беларускіх Арганізацыяў і Партыяў, да якое маглі належаць толькі дэмакратычныя арганізацыі.

У Маскве ў гэным часе паўстала Беларуская Народная Грамада. Яна гуртавала ўсе беларускія ўцякацкія арганізацыі, раскіданыя па розных гарадох (Кіеве, Адэсе, Маскве, Калузе, Саратаве, Тамбове і інш.).

Першыя гурткі беларусаў-вайскоўцаў, як падае К. Езавітаў у «Беларускай Газэце» (№ 45 з 1943 г.), пачалі закладацца ў пачатку траўня. Закладалі іх сьведамыя беларускія работнікі, якія былі змабілізаваныя ў розныя тэхнічныя вайсковыя часткі, і сьведамая беларуская інтэлігенцыя, якая таксама апынулася ў арміі ў якасьці вайсковых чыноўнікаў, унтэр-афіцэраў і афіцэраў. Асабліва энэргічна працавалі змабілізаваныя ў армію беларускія народныя настаўнікі.

З тых вестак, якія ўдалося сабраць, вынікае, што 1-шы гурток беларусаў-вайскоўцаў быў закладзены 8 траўня 1917 г. у Рызе малодшым унтэр-афіцэрам 24-е асобнае тэлеграфнае роты Язэпам Мамонькам. Тады паўсталі паасобныя гурткі пры іншых частках XII арміі на Паўночным фроньце, арганізацыю якіх кіравалі, разам з Я. Мамонькам, паручнік Макарэвіч і Якуб Дадон. Бадай адначасна ў Балтыцкім флёце працаваў матрос Васіль Муха, які заклаў арганізацыю «Маракоў-беларусаў Балтыцкага флёту»; прыцягнуўшы да яе і гэнэрала Аляксяеўскага ў Выбаргу. Сярод беларусаў-вайскоўцаў у Петраградзе працаваў падпаручнік 2-га кулямётнага запаснага палку Алесь Чарвякоў, сябра Цэнтральнага Камітэту БСГ. На румынскім фроньце першыя вайсковыя беларускія гурткі заклалі: паручнік Антон Баліцкі, Сьцяпан Некрашэвіч і Алесь Кучынскі, якія пазьней арганізавалі моцнае асяродзьдзе беларускага нацыянальнага руху ў Адэсе. На Каўкаскім фроньце закладаў гурткі паручнік Язэп Троська, на Кіеўскім — паручнік Канстантын Hop, у 5-й арміі пад Дзьвінскам працаваў К. Езавітаў, а на Заходнім фроньце — старшы унтэр-афіцэр 24-га транспарта Сымон Рак-Міхайлоўскі, 546-га пяхотнага Ваўчанскага палку капітан Ярушэвіч, 372-й Менскай дружыны капітан Адамовіч, 43-га Сібірскага стралецкага палку падпаручнік Ігнат Дварчанін ды шмат іншых. У Барысаве беларускіх вайскоўцаў арганізаваў Б. Захарка.

Усе гэтыя вайсковыя гурткі паўставалі ў траўні, чырвені і ліпені месяцах з ініцыятывы і нацыянальнага пачуцьця паасобных беларускіх афіцэраў і жаўнераў, якія адчувалі і добра разумелі безадкладную патрэбу самаарганізацыі ўсіх беларусаў, дзе-б яны ні былі.

Вайсковыя гурткі шукалі сувязі з БСГ і БНК, патрабуючы стварэньня асобнае цэнтральнай арганізацыі, якая задзіночвала-б усе лічныя палкавыя, дружынныя, дывізыйныя і гарнізонныя гурткі ды выдавала-б для іх сваю беларускую газэту.

Дзеля таго ў Менску пасьля колькіх беларускіх жаўнерскіх зьездаў стварылася Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада. Зараз-жа пасьля гэтага, у кастрычніку 1917 г., Цэнтральная Рада Беларускіх Арганізацыяў і Партыяў пераназвалася ў Вялікую Беларускую Раду, вызнаўшы сябе за агульнае беларускае народнае прадстаўніцтва.

У лістападзе месяцы 1917 году ў Пецярбурзе зарганізаваўся Беларускі Акруговы Камітэт пры ўсерасейскім савеце сялянскіх дэпутатаў. Камітэт гэты быў станоўка прарасейскай бальшавізуючай арыентацыі. На чале яго стаў Е. Канчар. У лістападзе адбылося таксама колькі беларускіх бальшавіцкіх зьездаў у Менску.

Апрача таго, тады-ж паўсталі: Беларуская Партыя Народных Сацыялістых, Партыя Беларускіх Сацыялістых-Рэвалюцыянэраў, Партыя Беларускіх Сацыялістых-Дэмакратаў, Беларуская Арганізацыя Чыгуначнікаў, Выканальны Камітэт Вайсковых Беларусаў Паўночнага, Заходняга, Паўдзённа-Заходняга і Румынскага фронтаў. Усіх беларускіх арганізацыяў цяжка нават і пералічыць, бо было іх запраўды багата па розных гарадох і местачках. Няможна таксама пералічыць усіх беларускіх зьездаў, нарадаў, якія адбываліся вельмі часта. Зазначым адно, што беларусы бралі ўдзел у вагульнай маскоўскай дзяржаўнай нарадзе, у прадпарлямэньце Расейскае рэспублікі, у зьезьдзе народаў у Кіеве і іншых. На маскоўскай дзяржаўнай нарадзе ў жніўні 1917 г. беларускімі дэлегатамі былі: В. Ластоўскі, Я. Дыла, Р. Астроўскі і А. Бурбіс.

Разьвіцьцё рэвалюцыйнага руху ў Расеі, вялікая колькасьць розных беларускіх арганізацыяў вымагала стварэньня адзінага найвышэйшага кіраўнічага беларускага воргану і заняцьця беларускім народам выразнага становішча. Усё гэта прычынілася да таго, што зьявілася думка склікаць Усебеларускі Кангрэс, у якім узялі-б удзел беларусы ўсіх палітычных кірункаў і прадстаўнікі ўсіх беларускіх арганізацыяў. На кангрэсе гэтым мелася быць і дэлегацыя бальшавікоў, але яна спазьнілася і ня мела ніякага ўплыву на ход кангрэсу.

Склікала Усебеларускі Зьезд-Кангрэс Вялікая Беларуская Рада. Пачаўся ён у Менску 15 сьнежня 1917 г. у памешканьні Гарадзкога Тэатру. Сабралася на кангрэс 1 872 дэлегаты, з якіх 1 167 было з пастаноўкім, а 705 — з дарадным голасам. Былі сярод іх прадстаўнікі ад усяе Беларусі. За старшыню кангрэсу быў абраны праф. Серада, за ягонага заступніка — Вазіла, а за сакратароў — паэта Прушынскі (Алесъ Гарун), Калядка, Гушча, Грыб і Шэўчук. Адначасна выбралі Раду Зьезду з 71 прадстаўніка, названую Радаю Старэйшых. На кангрэсе адразу выявіліся дзьве групы: незалежніцкая і русафільская. Група незалежнікаў складалася галоўна з старых беларускіх дзеячоў, вялікай часткі жаўнераў і прадстаўнікоў ад Гарадзеншчыны, Віленшчыны (уцекачоў), Меншчыны і Смаленшчыны і імкнулася да таго, каб стварыць беларускую дзяржаву. Група русафільская, за якой стаялі прадстаўнікі Віцебшчыны і Магілеўшчыны, хацела, каб Беларусь мела цесную лучнасьць з Расеяй.

Змаганьне між групамі пільна сачылі бальшавікі, якія мелі ўжо ў сваіх руках уладу і дэлегацыя якіх, як ужо гаварылася, чамусьці спазьнілася на кангрэс. Калі бальшавікі спасьцяраглі, што бальшыня зьезду стаіць на дзяржаўным гледзішчы, 17.XII.1917 г. абкружылі будынак, дзе адбываўся кангрэс, войскам, абставілі панцырнікамі і кулямётамі і сілай кангрэс разагналі, хоць ягоныя ўдзельнікі рабілі ў дзьверах барыкады і не паддаваліся. Шмат удзельнікаў кангрэсу бальшавікі пабілі і арыштавалі. Не зважаючы на вялікае забурэньне ў залі сакратару кангрэсу Грыбу ўдалося ўсё-ж-ткі прачытаць рэзалюцыю, якая абвяшчала Беларусь рэспублікай і была пацьверджаная ўсім кангрэсам.

Пасьля разгону кангрэсу ягоныя дэлегаты 18.XII. 1917 г. сабраліся ў чыгуначным дэпо і перадалі Радзе Зьезду паўнамоцтвы на далейшае змаганьне за ідэалы беларускае дзяржаўнасьці. Рада Зьезду выбрала Выканальны Камітэт і даручыла яму кіраўніцтва беларускай справай.

Калі бальшавікі разганялі ў Менску Усебеларускі Кангрэс, у Берасьці адбываліся мірныя перамовы між Нямеччынай і бальшавіцкай Расеяй. Выканальны Камітэт Усебеларускага Кангрэсу, хоць існаваў блізу што нелегальна, усё-ж выслаў сваю дэлегацыю на чале з д-рам Цьвікевічам у Берасьце, каб яна бараніла там беларускія інтарэсы. Дэлегацыі беларускай самастойна не ўдалося ўзяць удзелу ў перамовах, таму беларускія дэлегаты зьяўляліся ў форме раднікаў украінскае мірнае дэлегацыі, якая была афіцыйна дапушчаная да перамоваў і якая прыхільна ставілася да беларусаў. Але з мірных перамоваў нічога ня выйшла. Нямецкае войска выступіла супроць бальшавікоў і пасоўвалася на ўсход. Бальшавікі загадзя пакідалі Беларусь і 19 лютага 1918 г. ня было іх ужо ў Менску. Уладу ў горадзе і акрузе ўзяў у свае рукі Выканальны Камітэт Усебеларускага Зьезду. Ён 21.11.1918 г. абвесьціў сябе найвышэйшай уладай на Беларусі і зьвярнуўся да жыхарства з наступнай Першай устаўной граматай «Да народаў Беларусі»:

«Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лес ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне, а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Але і да скліканьня Устаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належыць тым народам, якія на ёй жывуць. Выканаўчы Камітэт Рады Першага Усебеларускага Зьезду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў, зьдзяйсьняючы мэты Зьезду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня краем і скліканьня, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага выбарчага права для ўсякага дарослага, ня лічучыся з нацыянальнасьцю, вызнаньнем і родам. Часовую народную ўладу краю, якая ставіць сабе мэтай абарону і зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі, будзе зьдзейсьняваць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі, які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны пасьля.

Поделиться с друзьями: