Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Міністар Беларускіх Спраў, уходзячы ў склад Ураду, таксама злажыў Старшыне Рады Міністраў 9 сьнежня 1918 г. сваю дэклярацыю, у якой, між іншым, гаварыў:

«Пастаўлены выказваць і абараняць інтарэсы беларускіх жыхароў у граніцах новабудаванага Летувіскага Гаспадарства, зьяўляючыся староньнікам народаўладзтва і згоднага хаўруснага жыцьця ўсіх народаў, заканчэньнем дзяржаўнага будаўніцтва Летувы я лічу заснаваньне незалежнай Летувіскай Народнай Рэспублікі ў фэдэрацыі з суседзямі, якая найболей будзе адпавядаць яе інтарэсам, з аўтаномным упраўленьнем дзеля тых частак, якія ўсуцэль заселены нелетувіскай нацыянальнасьцю і акажуцца ў граніцах новабудаванага Гаспадарства і з нацыянальна пэрсанальнай аўтаноміяй дзеля ўсіх меншасьцяў у Гаспадарсьцьве наагул».

Так пачалася супольная праца беларусаў з летувісамі і супольнае змаганьне за сваю незалежнасьць і дабрабыт. Нажаль, сілы ворагаў былі далёка большыя. Летувісы, а з імі і сябры Беларускага Ураду і беларускія вайсковыя аддзелы прымушаныя былі адступіць у Ковеншчыну. Бальшавікі, заняўшы Вільню 27 лютага 1919 г., абвесьцілі злучэньне Савецкае Беларусі і Летувы ў вадну Савецкую Беларуска-Летувіскую Рэспубліку.

Тымчасам 23 красавіка 1919 г. польскім легіёнам Я. Пілсудзкага ўдалося адабраць Вільню ад бальшавікоў. Мала таго, легіёны далей пасоўваліся на ўсход аж за Менск. Разгарэлася польска-бальшавіцкая вайна. Польская армія, ясна, несла з сабой для Беларусі палёнізацыю, аднак Язэп Пілсудзкі выдаў адозву да жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, заяўляючы, што ён ідзе вызваліць іх, што нясе ўсім свабоду, што ўсе будуць вольныя і роўныя — «Wolni z wolnymi, rowni z rownymi» i што ён змагаецца «за нашу i вашу свабоду».

Некаторыя верылі гэтаму, прыхільна спатыкалі палякоў, тым больш што маршал Пілсудзкі дакляраваў падтрымаць арганізацыю беларускіх вайсковых аддзелаў, дзеля чаго паўстала спэцыяльная Беларуская Вайсковая Камісія і Беларуская Афіцэрская Школа («подхоронжувка»). У некаторых палякоў запраўды нейкі час была думка і пагляд на Беларусь, Летуву і Украіну як на самастойныя дзяржавы, з якімі яны хацелі навязаць фэдэрацыйную лучнасьць. Думку гэтую шырака разьвівалі некаторыя польскія газэты, а таксама і беларускія газэты ў Вільні і Менску, аднак ніякіх канкрэтных вынікаў з гэтага ня выйшла.

Беларускі Урад знаходзіўся і дзеіў за межамі. У Парыжы, дзе адбываліся мірныя перамовы. дзе падпісваўся г. зв. Вэрсальскі трактат, які няшчасна дзяліў Эўропу, працавала дэлегацыя пад кіраўніцтвам А. Луцкевіча, на Украіне працавалі А. Смоліч, А. Цьвікевіч і Галавінскі, у Нямеччыне — Заяц, Захарка і Бялевіч, у Летуве — Крэчэўскі, Варонка і Ластоўскі, у Празе Чэскай — М. Вяршынін, у Варшаве — Л. Дубейкаўскі, у Лацьвіі — К. Езавітаў. Акт 25 сакавіка 1918 г. прызналі Фінляндыя, Эстонія, Лацьвія, Летува, Чэхія. У гэтых дзяржавах, а таксама і ў Нямеччыне і Даніі паўсталі беларускія прадстаўніцтвы — кансуляты.

Беларуская дэлегацыя ў Парыжы рабіла багата няпрыемнасьці паляком. Яна не згаджалася на тое, каб былі ўстаноўленыя старыя межы Польскае Рэспублікі ад 1772 г. і выяўляла розныя непрыемныя і непрыгожыя ўчынкі палякоў у дачыненьні да беларусаў. Вось-жа польская дэлегацыя старалася здабыць прыхільнасьць беларускае дэлегацыі. I ёй гэта пасьля розных абяцанак аб добрых дачыненьнях да беларусаў удалося зрабіць, асабліва дзеля таго, што беларуская дэлегацыя не магла знайсьці належнага зразуменьня беларускае справы сярод тых людзей, што дзялілі Эўропу, а тут маршал Пілсудзкі і польскі прэм'ер Падарэўскі высунулі думку перадачы ўлады на Беларусі мясцовым людзям, ня спынялі таксама раптоўна разьвіцьця беларускага школьніцтва, каапэрацыі, прэсы, беларускай мове прызнавалі ўрадавыя" правы і кінулі думку скліканьня ў Менску Беларускае Рады, якая-б занялася прыймом улады. А. Луцкевіч паверыў польскім абяцанкам, выехаў з Парыжу ў Варшаву і склікаў Раду ў Менск.

Але, прыехаўшы ў Варшаву, А. Луцкевіч пераканаўся, што ня ўсё ў парадку з польскімі заявамі аб добрых дачыненьнях, бо палякі рабілі ўсё. каб далучыць Беларусь да Польшчы. А. Луцкевіч усё-ж далей пайшоў на згоду з палякамі, думаючы здабыць хоць якія-небудзь магчымасьці культурнае беларускае працы. Бальшыня ўсё-ж сяброў беларускага ўраду была іншага — незалежніцкага погляду. З гэтае прычыны ў Радзе настаў разлад. Выявіўся ён 12 сьнежня 1919 г. на паседжаньні Рады, калі незалежнікі адкінулі праект палёнафілаў выслаць прывітаньне і падзяку Пілсудзкаму. Тады палёнафілы пакінулі паседжаньне Рады.

13 сьнежня 1919 г. бальшыня сяброў Рады сабралася ў памешканьні Юбілейнага Дому, каля якога ганаровую варту выставілі сябры Вайсковае Камісіі і слухачы беларускіх курсаў, на чароднае паседжаньне і пры зборы вялікае колькасьці народу, аднагалосна выбралі новы Прэзыдыум Рады Беларускае Народнае Рэспублікі ў наступным складзе: П. Крэчэўскі — старшыня, П. Бадунова і В. Захарка — заступнікі старшыні, Козіч і Мамонька — сакратары.

Выбраны быў і новы ўрад у наступным складзе: В. Ластоўскі — Старшыня Рады Міністраў, Ладноў — міністар замежных справаў, Бялевіч — міністар фінансаў, Грыб — міністар нутраных справаў, Цьвікевіч — міністар справядлівасьці, Заяц — дзяржаўны кантралёр і Душэўскі — дзяржаўны сакратар.

Адначасна Рада і Урад Беларусі пацьвердзілі важнасьць акту 25.Ш.1918 г. і вынесьлі пратэст проці незаконнага гаспадараваньня палякоў на Беларусі і проці ладжаньня імі розных «плебісцытаў» аб «добраахвотным» далучэньні Беларусі да Польшчы.

Гэткім спосабам урад А. Луцкевіча быў уняважнены, а ягоныя пляны разьбітыя. Ён, аднак, не паддаваўся, а з сваймі прыхільнікамі-палёнафіламі стараўся выявіць сваю жыцьцёвасьць і зарганізаваў «Найвышэйшую Раду», пры дапамозе якое праводзіў сваю палёнафільскую палітыку, аднак яна нічога карыснага не дала.

Рада БНР сваёй пастановай выклікала жорсткі перасьлед з польскага боку. Палякі зараз-жа абвесьцілі, што яны не прызнаюць Рады БНР і сяброў Прэзыдыуму П. Бадунову, Козіча і Мамоньку, а таксама Старшыню Рады Міністраў Ластоўскага арыштавалі і пратрымалі ў вастрозе па паўтара месяцы.

Toe самае чакала іншых беларускіх міністраў і дзеячоў незалежніцкага кірунку, але яны, доўга не чакаючы, неафіцыйна выехалі за межы, дзе зноў згуртаваліся і праводзілі сваю працу, змагаючыся за ідэі 25 сакавіка ня толькі з палякамі і бальшавікамі, але і з тымі беларусамі, што ішлі на згоду з акупантамі.Такую цьвёрдасьць і стойкасьць беларускага ўраду ацанілі нават бальшавікі і лагадней паставіліся да дзеячоў і прыхільнікаў Рады БНР, калі ім удалося стрымаць польскі фронт і адагнаць палякоў у 1920 г. аж пад Варшаву. Пры тым бальшавікі, адабраўшы беларускія землі ад палякоў, 1 жніўня 1920 году зноў абвесьцілі арганізаваньне Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі.

Паход бальшавікоў на Варшаву, дзякуючы вялікай дапамозе палякам з боку французаў, ня ўдаўся. Бальшавікі былі прымушаныя адступаць Але палякі таксама не маглі хваліцца сілай, хоць і мелі вялікую дапамогу, і таму і яны, і бальшавікі хацелі замірыцца. Перамовы пачаліся ў Барысаве і ў Менску і доўга цягнуліся. У мірным праекце зьявіўся падзел Беларусі між Саветамі і Польшчай. Бальшавікі на тэй беларускай тэрыторыі, што была пад іхнай уладай, арганізоўвалі далей Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Нешта падобнае хацеў зрабіць і Пілсудзкі на беларускіх землях, занятых польскім войскам. У дадатак да гэтага ён хацеў адабраць ад летувісаў Вільню і абвесьціць там незалежную Беларусь.

Усё ўжо было падрыхтавана для ўтварэньня беларускае ўлады ў Вільні і ў Заходняй Беларусі. Але пад націскам Варшавы пляны зьіначыліся. 9 кастрычніка 1920 г. палякі штучна зарганізавалі «бунт» гэнэрала Жэлігоўскага, які з сваймі аддзеламі заняў Вільню, выганяючы летувісаў, і заміж Беларусі стварылі «Сярэднюю Літву» і неўзабаве далучылі яе да Польшчы.

Беларусы, бачачы польска-бальшавіцкія пляны падзелу Беларусі, не сядзелі ціха. Нездаволеньне выяўлялася нават сярод беларусаў-бальшавікоў. У вышку гэтага ў лістападзе месяцы 1920 г. у Случчыне выбухла збройнае беларускае паўстаньне.

Поделиться с друзьями: