БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Дадзена ў Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 г.
Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага Зьезду».
У Народны Сакратарыят, які быў першым беларускім урадам, увайшлі: Язэп Варонка, старшыня і кіраўнік замежных справаў, I Макрэеў — нутраныя справы, А. Смоліч — асьвета, Э. Бялевіч — юстыцыя, др. I. Серада — народная гаспадарка, інж. В. Рэдзька — камунікацыя, П. Бадунова — сацыяльная апека, П. Злобін — для расейскіх справаў, Карач — пошта і тэлеграф, П. Крэчэўскі — кантроля, Т. Грыб — земляробства, Белкінд — скарб, Гутман — першы заступнік старшыні і для жыдоўскіх спраў, К. Езавітаў — вайсковыя справы і другі заступнік старшыні і Л. Заяц — кіраўнік справаў.
У гэным часе, калі беларусы стараліся зарганізаваць сваю дзяржаву і сваю армію, у Усходняй Беларусі па дварох польскіх паноў арганізаваліся польскія аддзелы гэн. Доўбар-Мусьніцкага. Калі бальшавікі ўцякалі з Беларусі, гэн. Доўбар-Мусьніцкі разьвіў шырокую дзейнасьць, забраў Жлобін, Воршу, Рагачоў, Дубна, Бабруйск, Магілеў, рабаваў грамадзкія касы, вёскі, расстрэльваў беларускіх сялянаў і жаўнераў, якія баранілі беларушчыны і якім ён прыпісваў бальшавізм.
У гэтыя неспакойныя часы калі ўлада акупантаў на Беларусі часта зьмянялася і прыходзілі часы безуладзьдзя, атаманшчына з Украіны перакідалася на Беларусь Збройныя аддзелы ўрываліся на беларускае Палесьсе каб яго ўкраінізаваць. У 1918 годзе украінская банда пад назовам «Бурлакі» шырыла пострах у Кобрынскім павеце. Яна забівала беларускіх настаўнікаў, якія працавалі тут у беларускіх школах. Яны глыбака рэзалі нажамі ўздоўж усяго цела свае ахвяры пасыпалі раны сольлю і пакідалі іх паміраць у страшэнных мучэньнях. Яны казалі, што тут павінны быць украінскія школы, а кожнаму беларускаму настаўніку будзе тое самае, калі ён будзе вучыць дзяцей у беларускай школе. Беларускія вайсковыя групы, раскінутыя ў розных арміях у Віцебску, Пецярбурзе, Гэльсынгфорсе, Кіеве і Адэсе, дзе была наймацнейшая група беларусаў з Румынскага фронту, рваліся ў родны край, каб тварыць беларускую армію і бараніць Беларусь, але бальшавікі не дазволілі гэтага зрабіць.
Не зважаючы на такія няспрыяльныя абставіны, усё-ж-ткі, хоць каротка, у Менску і ягонай акрузе была беларуская ўлада, быў зародак Беларускае дзяржавы.
Беларускі ўрад, як толькі прыйшло ў Менск 25 лютага 1918 г нямецкае войска, стараўся, каб яго прызналі. Гэтага ўсе ж ня сталася, пры тым частка Беларусі знаходзілася пад бальшавіцкай уладай. Аднак і ў гэты мамэнт Беларускі Урад праводзіў сваю дзейнасьць, гуртаваў каля сябе людзей і 9.III.1918 г выдаў Другую ўстаўную грамату да народаў Беларусі наступнага зьместу:
«У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабляе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 15—17 сьнежня 1917 году, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўныя правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устроі Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў
1 Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублікай
2 Асноўныя законы Беларускае Народнае Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасьць і рэлігію
3 Да часу, пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, законадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі
4 Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ
5 У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчаецца свабода слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, бязумоўная свабода сумленьня, незачэпнасьць асобы і памешканьня
6 У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі
7 У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі правапрыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, што самі на ёй працуюць. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаецца ўласнасьцю Беларускае Народнае Рэспублікі.
8 У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўстанаўляецца найбольш 8-гадзінавы рабочы дзень.
Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускае Народнае Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Звезду, абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсы ўсіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьць працоўнага люду. А таксама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часе Устаноўчы Сойм Беларусі.
Усіх верных сыноў Беларускае зямлі клічам памагчынам у цяжкой і адказнай нашай працы.
Спаўняючы Камітэт Рады I Усебеларускага Зьезду.
Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року».
Другая ўстаўная грамата была фактычна пашырэньнем Першае граматы і выразна скіроўвалася да далейшага дзяржаўнага беларускага будаўніцтва.
Ідэя беларускае дзяржаўнасьці рабілася штораз больш папулярнай. Гэтая ідэя разьвівалася сярод сяброў Рады Усебеларускага Зьезду, а таксама сярод беларусаў у Вільні, што стварылі на сваёй канфэрэнцыі 25, 26 і 27.1. 1918 г. Віленскую Беларускую Раду і прыслалі сваіх прадстаўнікоў у Менск. Віленскія беларусы пазбыліся тады-ж думак пра фэдэрацыю з Летувай і шукалі беларускага цэнтру. Незалежніцкія пагляды мелі таксама сябры Беларускага Народнага Прадстаўніцтва, створанага з былых сяброў Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску. У склад прадстаўніцтва ўваходзілі беларускія народныя сацыялістыя, хрысьціянскія дэмакраты і беспартыйныя. Такім парадкам беларуская незалежніцкая ідэя ахапляла ўвесь тагочасны беларускі актыў.
Беларускі цэнтр — Рада Усебеларускага Зьезду пашыраўся. Ён папоўніўся прадстаўнікамі гарадоў і земстваў і на паседжаньні 19.111.1918 г, пераназваў Выканальны Камітэт Рады Зьезду ў Раду Беларускае Народнае Рэспублікі. У Прэзыдыум Рады былі выбраныя I. Серада — старшыня, Я. Варонка — сябра і К. Езавітаў — сакратар.
Рада Беларускае Народнае Рэспублікі папоўнілася прадстаўнікамі Віленскае Беларускае Рады і на паседжаньні з 24 на 25 сакавіка 1918 г. абвесьціла Беларусь Незалежнай Народнай Рэспублікай. Акт гэты, званы III устаўной граматай, быў гэтакага зьместу:
«Год таму назад народы Беларусі, разам з народам! Расеі, скінулі ярмо расейскага царызму, якое найцяжэй з усіх прыдушыла Беларусь; ня пытаючыся народаў, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая дашчэнту зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое было накінутае расейскім царызмам на наш вольны і незалежны край.
Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у васобе свайго ўстаноўчага сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі. На падставе гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя сувязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь Трактат у Берасьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На падставе гэтага Урад Беларускае Народнае Рэспублікі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі старанамі, запрапанаваўшы ім перагледзець тую частку Берасьцейскага трактату, якая датычыць да Беларусі, і падпісаць мірную ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.
БНР павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбовую перавагу беларускі народ, а уласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Віленшчыны, Гарадзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеных беларусамі.
БНР пацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаныя Устаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 г.
Абвяшчаючы аб Незалежнасьці БНР, Рада яе ўскладае свае надзеі на тое, што усе любячыя волю народы памогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.