Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Самае, аднак, вясёлае чакала ўсiх на другi дзень i было зьвязанае з арцельным выездам у легендарную i экзатычную краiну — П а л е с ь с е, што рыхтавалася клопатам майго малодшага сябра i выдатнага пiсьменьнiка Вiктара Казько.
Выехалi ранiчкай на двух аўтобусах — госьцi i менчукi, некаторыя з жонкамi. На мяжы Жыткавiцкага раёну, дзе я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, нас спаткалi прадстаўнiкi працоўных ды кiраўнiцтва колькасьцю каля паўста чалавек. Паехалi ў раённы цэнтар, пасьля якога скiравалi ў старажытны Тураў. Адразу пачалi караскацца на гiстарычны пагорак зь дзьвюма аблезлымi козамi, якiя там пасьвiлiся. На вулiцах жа паселiшча iшло звычайнае жыцьцё — гуляла цыганскае вясельле з чарначубым жанiхом у ботах i агнявокай нявестай-цыганкай. Усiх прывабiла Прыпяць, на якой нас чакала рачное судна, i мы паплылi кудысь уверх па цячэньнi. Але тубылец Казько ведаў, куды. Там над пясчаным абрывам ужо прывабна курэла цяпельца, у вядзерцы варылiся ракi — дужа прыйшлiся яны да смаку са сьцюдзёным, вынятым з вады пiвам. Пайшоў амаль першабытны баль гасьцей i мясцовых, а затым пачалося купаньне. Жонка колiшняга марака Лазарава — Ная — пад воплескi прысутных храбра пераплыла Прыпяць — туды i назад. Было радасна, i рабiлася трошкi сумна. Гэта цi не ад прадчуваньня непазьбежнага, што сталася з цудоўнай палескай ракой, неўзабаве пасыпанай чарнобыльскiм попелам. Надвячоркам Вiця Казько не ўпусьцiў выпадку звазiць усiх на сваю недалёкую Вiльчу зь яе дубамi на ўзрэччы, якiмi ён шмат гадоў апекаваўся. Дубы сапраўды былi векавыя, а галоўнае — шмат iх раскашавала на поплаве мiж ракой i вёскай.
Здаецца, то былi апошнiя шчасьлiвыя часiны майго не старога яшчэ жыцьця. Хутка ўсё тое незваротна адышло ў нябыт.
Патэлефанавалi з СП, сакратарка паведамiла, што прыйшлi нейкiя немцы, пытаюцца каго з кiраўнiцтва. Але кiраўнiкоў нiкога няма, дык яны просяць, каб спаткацца з Быкавым. Ну што мне было рабiць? Кiнуў свае справы, паклаў у кейс бутэльку каньяку i паехаў на вулiцу Фрунзэ.
Немцаў аказалася немалая група (чалавек 12), усе чакалi ўнiзе, я завёў iх у канфэрэнц-залю. Адзiн, што больш-менш выразна гаварыў па-расейску, патлумачыў, што гэта група нямецкiх сьвятароў эвангелiчнай царквы, што яны прэзэнтуюць Aktion Suhnezeichen, якая апекваецца ахвярамi нацызму ва ўсiм сьвеце, у тым лiку i ў Беларусi. Што яны ў Нямеччыне чыталi мае кнiгi i ўважаюць Быкава за пiсьменьнiка-пацыфiста, прыхiльнiка дружбы памiж нямецкiм i беларускiм народамi. Я сказаў, што ўвогуле яны не памыляюцца, я сапраўды вораг варожасьцi, значыць, прыхiльнiк мiру i дружбы з усiмi народамi, у тым лiку i зь нямецкiм. З гэтай нагоды запрашаю выпiць за беларускiм сталом па чарчыне грузiнскага каньяку.
Так адбылося мае знаёмства зь нямецкай пацыфiсцкай арганiзацыяй, якое шчасьлiва доўжыцца i па сёньняшнi дзень.
Тады ў трупе былi розныя людзi — сьвятары i студэнты, два-тры ветэраны мiнулай вайны, адзiн меў пратэз замест правай рукi. Ён распавёў, як у 43-м годзе ляжаў у шпiталi ў Менску, дзе яму ампутавалi руку. Другi меў царкоўны прыход у Кройцбэргу — раёне Заходняга Бэрлiну. Малады, чарнявы, болей падобны на iтальянца, чым на немца, быў Крыстаф Хойбнэр, паэт i супрацоўнiк Акцыi. Немцы мяне зацiкавiлi, я адчуў, што гэта — зусiм ня тыя, вядомыя з вайны, фашысты. Так яно i атрымалася. Праз колькi часу ў Дом дружбы i культурнiцкiх сувязяў, якi ўзначальваў Арсен Ванiцкi, прыехала прыгожая, выкшталцоная дама Хельга Сiбаi, дамаўлялася пра канкрэтнае супрацоўнiцтва Акцыi зь Беларусьсю. Было палагоджана наконт догляду помнiкаў ахвяраў фашызму (Хатынь), удзелу нямецкiх валанцёраў у лекаваньнi нашых псыхiчна хворых (Навiнкi), доглядзе малых у занядбаных дзiцячых садках. Напрадвесьнi прыехала вялiкая група маладых хлопцаў i дзяўчат, якiя адправiлiся прыбiраць Хатынь. На гэты раз яе прывёз Хойбнэр. Пасьля працы ў гатэлi была наладжана гутарка, мяне папрасiлi распавесьцi пра Беларусь, пра вайну i трохi пра лiтаратуру. Тое было яшчэ да перабудовы, калi савецкiя людзi i асаблiва чынавенства глядзелi на немцаў як на нядаўнiх фашыстаў, некаторыя з навукоўцаў Акадэмii навук у час вiзыту чужынцаў запiралiся ў туалеце — каб не спатыкацца. Хiба адзiн Дом дружбы i ягоны старшыня Арсен Ванiцкi сьмела iшлi на кантакты i нават дамагалiся iх пашырэньня, на тое запрашалi i Быкава. Пасьля, як вядома, кантакты разрасьлiся з усiмi краiнамi, але дзеля таго спатрэбiлася шмат часу i немалых зрухаў у масавай сьвядомасьцi. Да тых кантактаў былi прыцягнуты Саюз мастакоў, вельмi нясьмела — Саюз пiсьменьнiкаў. Прыяжджалi да нас, запрашалi нашых людзей у Нямеччыну, — вядома, за кошт немцаў, у нас жа вечна не ставала сродкаў.
Аднойчы зiмой немцы прыслалi мне запросiны ў Заходнi Бэрлiн на iмпрэзу, зьвязаную з угодкамi захопу ўлады Гiтлерам. Што гэта будзе антыфашыстоўскае мерапрыемства, у мяне не было сумневу, я ўжо ведаў пра адносiны Акцыi да нядаўняга мiнулага Нямеччыны. Але ўсё ж я ня мог ведаць усяго, а найперш меру папулярнасьцi антыфашыстоўскiх iдэяў сярод жыхароў Заходняга Бэрлiну. Iмпрэза ладзiлася ў вялiзнай (аграмаднай) залi тэхнiчнага ўнiвэрсытэту, пачатак быў прызначаны на 18 гадзiнаў. Мы з гаспадарамi прыехалi за паўгадзiны, i заля ўжо была поўная, сядзелi i стаялi ўздоўж сьцен i ў праходах. Кiраўнiком (мэдыятарам) усяго стаў мой сябра Крыстаф Хойбнэр, i я ўпершыню падзiвiўся зь яго арганiзатарскiх i шоўмэнскiх здольнасьцяў. Цягам шасьцi гадзiнаў ён няспынна кiраваў хадой складанага iнтэрнацыянальнага фэсту, якi ўключыў у сябе шматлiкiя выступы ветэранаў-антыфашыстаў, гасьцей з усiх краiнаў Эўропы, што чаргавалiся зь песьнямi i музыкай розных вакальна-iнструмэнтальных групаў, у тым лiку i цудоўнай групы i хору зь Iзраiлю. Мне таксама давялося там выступiць, распавесьцi, як адгукнуўся фашыстоўскi пераварот у Беларусi — пра нашыя ахвяры i партызанаў. Заля апладзiравала стоячы.
Пасьля аж да разбурэньня Бэрлiнскай сьцяны я шмат разоў наведваў Заходнi Бэрлiн. Кожная паездка мела свае праблемы. Найперш транспартныя. Заходнi Бэрлiн цi ня ўвесь час быў у жорсткай блякадзе. Аэрапорт Шонэфэльд, як вядома, знаходзiцца з усходняга боку, цягнiк у Заходнi Бэрлiн не даходзiў. Як было да яго дабрацца? Даводзiлася зьвяртацца ў савецкую амбасаду, прасiць памагчы, хоць амбасадаўцы зусiм не былi зацiкаўлены ў маiх паездках.
Тады з чамаданамi iшоў пехатой. Правiлы пераходу сьцяны-мяжы ўвесь час мянялiся ў бок ускладненьня, часам завярталi назад. Аднойчы, праўда, ужо ў перабудовачны час, мяне з Анатолем Кудраўцом амаль нелегальна перавезла на той бок жонка Хойбнэра — храбрая францужанка Мiшэль. Вярнуцца ж пасьля трох — пяцi дзён гасьцяваньня ў Заходнiм Бэрлiне было яшчэ цяжэй, — нiякi транспарт ва ўсходнi не хадзiў. Тады я iшоў напярэдаднi ў савецкi кансулят i прасiў генконсула з прозьвiшчам Быкаў, каб той даў машыну. Можа, з прычыны сугучнасьцi нашых прозьвiшчаў генконсул iшоў насустрач, i назаўтра ўранку мяне давозiлi да Шонэфэльду. (Пасьля, аднак, генконсула Быкава перавялi ў Маскву, дзе ён i памёр, не дажыўшы да 40 год. Болей у генкансулят я не хадзiў.)
Звычайна ў Заходнiм Бэрлiне мы з Кудраўцом пасялялiся ў «Б а г о ц е» — не дарагiм i не шыкоўным гатэлiку, якi мясьцiўся амаль на Курфюрстэндам, што вяла да Кудаму зь яго выдатным помнiкам мiнулай вайне — Гедахтнiскiрхе. Гатэлiк той зь цягам часу мне вельмi спадабаўся — i месцам, i абслугай. Пасялiўшыся пару разоў запар, ты ўжо рабiўся там як бы сябрам цi добра знаёмым, цябе пазнавалi ў рэцэпцыi i пры сустрэчы радасна ўсьмiхалiся. Мне дарэчы ўспамiналася колiшняе сьведчаньне Хэмiнгуэя, якi пiсаў, што варта пры ад’езьдзе даць гiшпанцу-парцье трохi даляраў, як у наступны раз — хоць праз год цi тры, калi ты вернешся, цябе пазнаюць i прымуць як лепшага сябра. Тут мы не давалi нiводнага даляра (самi ня мелi), але сапраўды нас пазнавалi. I не гiшпанцы, а немцы, што таксама нешта ды значыла.
У дзень прыезду цi на другi дзень пачыналiся нейкiя сустрэчы — у бюро Акцыi каля вакзалу, дзе-небудзь з моладзьдзю ў якiм клюбе, са студэнтамi ў Свабодным нямецкiм унiвэрсытэце. Або з актывiстамi Акцыi ў Кройцбэргу цi iншым з рабочых раёнаў Бэрлiну. Часам, асаблiва на пачатку майго супрацоўнiцтва, удзельнiчаў у працы цэнтральных органаў эвангелiчнай царквы на Ванзэе, цудоўным зялёным прыгарадзе Заходняга Бэрлiну. Аднойчы выступаў на пратэстанцкай iмшы ў царкве, разам зь вельмi шаноўным епiскапам Шарфам любаваўся беларускiмi танцамi ў зялёным тэатры. Усе немцы, зь якiмi я меў кантакты, вельмi спаважна адносiлiся да беларускага народу i спачувалi яму ў бядзе, спасьцiгнутай беларусамi цераз нямецкi фашызм. Пра бяду ад бальшавiзму, аб якой я распавядаў, выказвацца ўстрымлiвалiся, але я адчуваў, што i тут яны — на маiм баку. Звычайна з Хойбнэрам мы карысталiся складанай трасянкай з трох моваў — расейскай, нямецкай i польскай, апошнюю Хойбнэр няблага ведаў. У iншых выпадках перакладчыцай служыла Iрма, студэнтка паходжаньнем з Рыгi. Гэта была разумная маладая асоба, якая няблага арыентавалася ў нямецкай гiсторыi i палiтыцы i шмат пра што распавяла мне. Шкада, пасьля яна выйшла замуж, нарадзiла дзiця i перастала супрацоўнiчаць з Акцыяй. Намi з таго часу стала апекавацца наша зямлячка зь Менску Лена Прэнц, якая вучылася ў Бэрлiне. Там я дазнаўся пра некаторыя дзiвосныя рэчы, недаступныя на радзiме. Неяк мне паказалi кнiгу супрацоўнiка Гiтлера доктара Раўшнiнга, якi запiсваў для гiсторыi кожнае выказваньне фюрара. I сярод iх — такi во пасаж: «Памiж намi i бальшавiкамi болей падабенства, чым розьнiцы. Я аддаў распараджэньне, каб былых камунiстаў бесьперашкодна прымалi ў нашу партыю». Або iншае сьведчаньне — ужо доктара Лямперса. «Нацыянал-сацыялiзм — гэта тое, чым мог бы стаць марксізм, калi б вызвалiўся ад сваёй бязглуздай сувязi з дэмакратычным уладкаваньнем. Рэвалюцыйнае вучэньне — во сакрэт новай стратэгii. Я вучыўся ў бальшавiкоў. Я не баюся гаварыць пра тое», — казаў Гiтлер. Несумненна, i Сталiн вучыўся ў фашыстаў, пэўны час яны дзейнiчалi суладна i згодна, аж пакуль не схапiлiся ў двубоi. Як пiша iншы сьведка, Сталiн, дазнаўшыся пра самагубства Гiтлера, раздумна мовiў, стоячы ля крамлёўскага вакна: «Дагуляўся падлюга! А колькi слаўных спраў мы маглi б зрабiць разам…». Ды не зрабiлi. Ня ўсё ў сьвеце было падзелена памiж чырвонымi i карычневымi, заставаў ся свабодны сьвет, якi i сьцёр з мапы карычневую палавiну. Чырвоная пакуль што заставалася.
Пасьля аб’яднаньня Нямеччыны фiнансавыя справы Акцыi сталi пагаршацца, бюро вымушана было пераехаць у таньнейшы раён Бэрлiну. Але Акцыя ўпарта не хацела адмаўляцца ад супрацоўнiцтва з Усходам, у тым лiку i зь Беларусьсю, кожны год слала туды валанцёраў-альтэрнатыў шчыкаў. Маладыя людзi цягам месяцаў працавалi санiтарамi ў Навiнках i Бараўлянах, яшчэ дзе, навучалiся мове, — шкада, болей расейскай. Адзiн толькi малады чалавек вельмi зьдзiвiў мяне ў Бэрлiне, прамовiўшы з паўтузiна беларускiх словаў, якiя ён засвоiў ад старой цёткi-санiтаркi ў Бараўлянах. Кiраваў усiмi той жа Крыстаф Хойбнэр. Праўда, вершаў ён стаў пiсаць меней, за клопатамi i працай стала не да вершаў. Часта езьдзiў у Беларусь i Польшчу, дзе прыняў на сябе пасаду шэфа нямецкага культурнага цэнтру ў Асвэнцыме. Кватэру меў у старым фэшэнэбельным раёне Заходняга Бэрлiну, там гаспадарыла ягоная францужанка-прыгажуня Мiшэль i падрасталi два слаўныя хлопцы, што ўжо ў школьныя гады добра гаварылi на трох мовах — нямецкай, ангельскай i французскай. Неяк малодшы, Нэма, запытаў: «Скажыце, гэр Быкаў, якой маркi ваш гунд?». Toe дужа пацешыла мяне — у адной фразе пачулiся водгукi дзьвюх розных цывiлiзацыяў…
Аднойчы позьняй восеньню ехаў у Нямеччыну на нейкую імпрэзу Эвангельскай царквы. На бяду якраз у той час забаставалі нямецкія чыгуначнікі. Наш цягнік, не дайшоўшы да польска-нямецкай мяжы, спыніўся на нейкай непрыкметнай станцыі. Правадніца сказала: далей не паедзем. Сьвятло ў вагоне адключылі, ацяпленьне таксама. Пасажыры пачалі разбрыдацца, шукаць які іншы транспарт. Я сядзеў адзін у сьцюдзёным купэ і ня ведаў, што рабіць. Так мінула, можа, гадзіны дзьве. І раптам чую знаёмы голас: «Где ест Васіль Быкаў?». То ж мой Крыстаф! І адкуль ён узяўся на гэтай польскай станцыі? Аказваецца, прыехаў па мяне з Бэрліну. Мы абняліся, я быў зьдзіўлены і бясконца абрадаваны. Узялі яшчэ аднаго пасажыра — ленінградзкага навукоўцу, забытага, як і я, на пад’ездах да Нямеччыны. І паехалі.
У Франкфурце на Одэры падхапілі яшчэ адну пасажырку, маю зямлячку Людмілу Корбут, якая чакала Крыстафа. З таго часу яна надоўга стала маёю з жонкаю сяброўкай. Жыла ў Бэрліне, добра валодала нямецкай, хадзіла з намі ў эміграцыйнае ведамства, памагала пісаць розныя анкеты. Затым прыязджала да нас у Віперсдорф, дзе мы жылі, у Копенік360. У самой лёс склаўся ня надта шчасьліва, але яна ахвотна памагала іншым. Як і яе нямецкі сябра Крыстаф — наш агульны найлепшы таварыш. Крыстаф Хойбнэр адзiн цi з групай валанцёраў пасьля доўга i рэгулярна прыязджаў у Менск, трэба была гасьцiнiца, зь якой у нас заўсёды ўзьнiкалi праблемы. Клапацiлiся мы з Анатолем Кудраўцом, якi пад той час надрукаваў у «Нёмане» некалькi вершаў Хойбнэра, часам хадайнiчалi праз Ванiцкага, а то замаўлялi самi. Налета Хойбнэр запрасiў нас на нейкiя iмпрэзы ў Бэрлiн, а то i ў iншыя гарады ФРГ. Там мы выступалi на малiтоўных сходах эвангелiстаў, давалi iнтэрв’ю газэтам. Спатыкалiся i з палiтыкамi, дэпутатамi бундэстагу. Двойчы я меў гутарку зь цяперашнiм мiнiстрам абароны, а тады проста дэпутатам спадаром Шарфiнгам, а другi раз былi на прыёме ў прэм’ера зямлi Нiжняя Саксонiя спадара Шродэра. Усе яны цiкавiлiся справамi Беларусi ды iмкнулiся ёй памагчы. Патрэба ў нямецкай дапамозе стала дужа канкрэтнай, як у Кудраўца ад наступстваў Чарнобыля захварэла ўнучка. У яе лячэньнi памагла Хельга Сiбаi, якая пазнаёмiла дзеда з уплывовым чалавекам у Нямеччыне, i шасьцiгадовая дзяўчынка з мацi паехала ў гарадок Iсьнi (зямля Альгой). Здаецца, тое дапамагло, хаця i няхутка.
У час наглых вiзытаў у Нямеччыну наш мiлы гiд Крыстаф Хойбнэр iмкнуўся паказаць нам розныя бакi нямецкага (заходняга, буржуазнага) жыцьця. I ў культурнiцкай сфэры, i ў побыце. Мы з Кудраўцом толькi глядзелi i маўчалi. Часам скупа абменьвалiся захапленьнем пасьля ў гатэлi. Адказаць Крыстафу тым жа па нашай радзiме пры ягоных наведаньнях Беларусi мы не наважылiся — баялiся шакаваць яго кантрастам. Тады здавалася — правiльна рабiлi, бо невядома, як бы ён паставiўся да таго кантрасту. А разам i да нас таксама.