Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзікія кошкі Барсума

Аўласенка Генадзь

Шрифт:

– Вельмі добра!

Скрайф зноў націснуў клавішу і твар дзяжурнага знік.

– Вось бачыш – усё ў парадку! – Скрайф пазяхнуў, потым устаў, як бы паказваючы гэтым, што размова закончана. – Хутка яна зноў забудзе, што калісьці жыла ў палацы. Хутка яна зноў стане ранейшай паслухмянай рабочай жонкай...

“Напіцца б зараз! – тужліва падумалася яму. – Не так, як заўсёды, а па-сапраўднаму! Да парасячага віскату... да адключкі! Каб толькі ні аб чым гэтым не думаць... каб ні аб чым, наогул, не думаць! Ну, чаму ты яшчэ тут сядзіш, Холін?! Ідзі! Уставай і ідзі! “

Але Холін працягваў сядзець, і Скрайфу нічога іншага не заставалася, як толькі зноў апусціцца на ранейшае сваё месца.

– Што яшчэ? – суха спытаў ён.

– Ды ўсё тое ж! – Холін уздыхнуў. – А што, калі яна ўспомніла не толькі той факт, што калісьці жыла ў палацы?

– Ды што б яна там не ўспомніла – хутка яна ўсё зноў забудзе! Магчыма, гэта ўжо адбылося... – Скрайф замаўчаў, у раздражненні барабанячы пальцамі па адпаліраванай паверхні стала. – Ведаеш, Максіміліян, у мяне шмат спраў, так што...

Але Холін нават не паварушыўся.

– Гэта “дзікая кошка”, Скін! – Зноў ён назваў Скрайфа Скінам, гэта хоць штосьці ды значыла. – Ты што, не разумееш, што гэта “дзікая кошка”?! І калі яна ўспомніла хоць невялікую частку свайго былога “я”...

– Тры рамонтнікі плюс муж... – пачаў было Скрайф, але Холін толькі адмоўна трасянуў галавой.

– Рамонтнікі не справяцца з ёй, Скін!

Злосць прайшла. Скрайфу раптам стала смешна.

– Там – Алаф Свенсан, былы космадэсантнік! – сказаў ён. – Там – Каратышка Джон, урэшце рэшт! Ты ніколі не бачыў, як ён завязвае вузлы на сталёвай арматуры? А як ён робіць ланцужкі з цвікоў на хуткасць? Не бачыў?

– Бачыў! – адазваўся Холін. – Але я бачыў і другое! – у голасе Холіна зноў загучала трывога і яна, трывога гэтая, міжволі перадалася і Скрайфу. – Я бачыў “дзікую кошку” ў справе!Хочаш паслухаць?

Больш за ўсё Скрайфу хацелася выпіць. Але, разумеючы, што ад Холіна так проста не адвязацца, ён нейк неакрэслена кіўнуў галавой. Няхай расказвае і вымятаецца, колькі ўжо можна!

– Гэта было некалькі гадоў таму, - пачаў Холін. – Я вяртаўся тады... а ў рэшце рэшт, якая розніца, адкуль я вяртаўся тады і куды накіроўваўся!На адной з планет у мяне была перасадка. Лайнер спазняўся, часу ў мяне было зашмат, і я зайшоў у бар мясцовага космапорта перакусіць… ну і перакуліць пару кілішкаў. Вось там я яе і ўбачыў...

Холін змоўк і нейкі час проста сядзеў моўчкі. Нарэшце Скрайф не вытрымаў.

– І ты што, адразу зразумеў, што перад табой “дзікая кошка”? – з сарказмам спытаў ён. – А можа, вы пазнаёміліся, і яна сама паведаміла табе аб гэтым?

– Нічога я не зразумеў! – Холін ці то не заўважыў сарказму, ці то проста не звярнуў на яго аніякай увагі. – Я, наогул, не заўважаў яе спачатку... у бары было даволі шмат народу… тым больш, што яна сядзела адна, збоку, каля самай сцяны. І ў гэты час у бар увалілася нейкая кампанія падвыпітых грамілаў...

– Космадэсантнікі? – спытаў Скрайф.

Холін паціснуў плячамі.

– Магчыма! Але, хутчэй за ўсё, гэта былі піраты...

– Піраты? – здзівіўся Скрайф. – Але ж піраты... яны па-за законам! Усюды... у любой часткі Федэрацыі!

– Толькі не там, дзе гаспадарыць ФІРМА! – Холін крыва ўсміхнуўся. – На гэтых планетах піраты адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы. У адрозненні ад мясцовых жыхароў, якія, на сваё няшчасце, з імі там вымушаны кантактаваць...

Ён змоўк. Скрайф таксама маўчаў, паглажваючы пад сталом левай рукой халоднае шкло бутэлькі. Ну, давай жа... расказвай хутчэй і вымятайся!

– І што было потым? – спытаў ён, калі агульнае маўчанне зноў пачало пагрозліва зацягвацца.

– Потым? – Холін усміхнуўся. – Потым было, як звычайна. Іх было чалавек шэсць, і яны адразу ж пачалі дэбашырыць. Зневажалі мужчын... заляцаліся да жанчыны... калі хто з мужчын ўзаступаўся за іх–адразу ж атрымліваў па фізіяноміі...

– Уяўляю! – Скін са шкадаваннем паклаў левую руку на стол. – Табе таксама перапала?

– Ды не! – Холін, чамусьці, па-ранейшаму поўнасцю ігнараваў саркастычныя падначкі свайгосубяседніка. – Дакладней, магчыма б, і перапала... але, на маё шчасце, яны заўважылі гэтую дзяўчыну – нельга было не заўважыць такую прыгажуню – і ўсім кагалам рушылі да яе століка...

– Ну і... – Скрайфу раптам стала цікава, ён нават пра бутэльку забыўся. – Што было далей?

Холін устаў, павольна падыйшоў да адчыненага акна, нейкі час глядзеў кудысьці ўніз, потым зноў павярнуўся да Скрайфа.

– Разумееш, я таксама заўважыў яе ў гэты час... можа, крыху раней... Пакуль гэтыя мардавароты здзекваліся з астатніх,дзяўчына не звяртала на ўсё, што адбывалася ў бары аніякай увагі. Яна нават не паглядзела ў той бок ані разу... проста сядзела, пацягвала праз саломіну свой кактэль... аж да таго часу, пакуль гэтыя прыдуркі не акружылі яе з усіх бакоў. Яна нават дазволіла схапіць сябе за рукі... і толькі потым пачала іх мяцеліць! Разумееш, усё адбылося вельмі хутка, амаль імгненна... здаецца, на кожнага з нападаўшых, яна не патраціла больш двух-трох удараў, і гэтыя ўдары цяжка было нават разглядзець – усё злілося ў адну суцэльную віхуру. Карацей, хвіліны не прайшло, як усе шасцёра валяліся беспрытомнымі вакол століка... а гэтая дзяўчына, яна нават не паглядзела на іх! Зноў села за свой столік і пачала, як і раней, смакаваць кактэль...

– І ўсё ж, як ты даведаўся, што гэта была менавіта “дзікая кошка”? – перабіў Холіна Скрайф. – Яна што, аб’явіла аб гэтым усяму бару?

– Мне па сакрэту расказаў сам бармэн... – Холін змоўк на імгненне, неяк крыва усміхнуўшыся пры гэтым. – Потым... калі ўсё ўжо скончылася. А спачатку з’явілася паліцыя... нарэшце, з’явілася. Медыкі таксама пад’ехалі. Яны, дарэчы, аказваючы пацярпелым бандытам першую дапамогу, канстатавалі, што ўсе яны, хоць, без сумнення, выжывуць і нават, з цягам часу, змогуць рухацца,наўрад ужо калі ў будучым змогуць зацікавіцца жанчынамі...

– Вось нават як!

– Менавіта так! Разумееш, яна магла зрабіць з гэтымі мярзотнікамі ўсё, што пажадае! Магла проста забіць іх усіх... але вырашыла, што так больш павучальна...

Холін замаўчаў.

А што паліцыя? – спытаў Скрайф.

– Паліцыя?! – Холін хмыкнуў. – Паліцыі гэтая дзяўчына паказала нейкае сваё пасведчанне і ўсе паліцэйскія літаральна выцягнуліся перад ёй па стойцы “смірна”. Бармэн сказаў мне потым: ў пасведчанні ўказывалася, што гэтая дзяўчына запрошана на планету для выканання нейкай звышсакрэтнай місіі, і што ўся паліцыя і, наогул, усе ўзброенныя сілы планеты павінны былі аказваць ёй у гэтым максімальнае садзейнічанне і выконваць любы яе загад або патрабаванне на ўвесь час аперацыі...

Экран справа раптам засвяціўся і на ім з’явіўся ўстрывожаны твар дзяжурнага знізу.

– Містэр Скрайф, я наконт пятай брыгады... – запінаючыся, прагаварыў ён. – Здаецца, у іх нейкія праблемы...

– Праблемы?! – здзівіўся Скрайф. – І што гэта за праблемы?

У гэты час Холін ірвануўся да стала і, ледзь не збіўшы Скрайфа з ног, літаральна ўпіўся ў экран вачыма.

– Звяжы мяне з пятай брыгадай! – выкрыкнуў ён у мікрафон. – Неадкладна!

На Скрайфа Холін не звяртаў аніякай увагі, быццам таго і ў кабінеце не было! Гэта было яўным парушэннем субардынацыі, і Скрайф хацеў ужо нават абурыцца і выказаць свайму намесніку ўсё, што ён аб гэтым думае. Але ў самы апошні момант ён чамусьці стрымаў сябе, прамаўчаў. Вельмі ўжо трывожна прагучаў голас Холіна...

Поделиться с друзьями: