Гандлярка і паэт
Шрифт:
— Я…я з-забіў не-емца… аф-фі-цэра…
Дзіўна. Сказаў — і ліхаманка пачала сціхаць, можа, таму, што Вольга трымала яго руку, і яе рука затрымцела пасля яго слоў, зрабілася халодная.
— Дзе? — спытала яна шэптам, як вельмі знясіленая.
— На Карла Маркса. У пад’ездзе дома, дзе яны жывуць, — адказаў ён таксама шэптам, але ўжо зусім інакш, не заікаючыся.
— Як?
— З пісталета.
— З таго?
— З гэтага, — ён дастаў з кішэні пінжака пісталет, высунуў яго з-пад коўдры і другой рукой пяшчотна пагладзіў дула.
Вольга пачула пах пораху ад нядаўняга стрэлу і канчаткова пераканалася, што гэта не сон, не жарт, што гэта праўда.
— Божачка мой! Што ты нарабіў! Што ты нарабіў?! — пачала адступаць ад яго баязліва, як па мінным полі ці па гарачым вуголлі.
А ён раптам скінуў коўдру, засунуў пісталет назад у кішэню, сказаў амаль на поўны голас:
— Зразумей… я не мог інакш… Цяпер я пачуў сябе чалавекам… байцом… Я забіў ворага… А гэта… так, з непрывычкі, — кіўнуў ён на ложак, маючы на ўвазе ліхаманку, якую быццам пакінуў там, пад коўдрай.
Вольга адступіла да дзвярэй, не спускаючы з яго шырока расплюшчаных вачэй, глядзела з жахам і разам з тым са здзіўленнем, бо ніколі раней не верыла, што гэты інтэлігентны, далікатны хлопчык здатны на такое, адно — словы, якія ён гаварыў, да слоў любых яна ставілася з недаверам, зусім іншае — справа, учынак. Яна адступала, уражаная і спалоханая, а Светка прытупала да Алеся, працягнула ручкі, просячы ўзяць яе. Вольга кінулася да дачкі, схапіла на рукі, як бы ратуючы ад яго, прыціснула да сябе так, што малая спалохана заплакала.
— Дзіцятачка маё любенькае! Што ж гэта на нашы галовы валіцца? Якую бяду ён нам кліча? Божачка мой! Што ты за чалавек? Што ты за чалавек?
Яна выйшла ў залу, хадзіла там вакол стала, гушкаючы малую, супакойвала, але трывога, страх, пэўна, перадаліся і дзіцяці — Светка ажно заходзілася ў плачы. У прыцемках Вольга наскочыла на крэсла, яно перакулілася, загрымела.
Алесь вынес у залу лямпу, павесіў над сталом. Ён зусім супакоіўся і амаль радаваўся, што перамог і такога ворага, як нервовы шок, з’явіліся ўпэўненасць, сіла і такая ж рашучасць, якая была колькі гадзін назад, калі, узброены, ён выходзіў з дому.
Відаць, Вольга адчула гэтую яго ўпэўненасць, бо спытала:
— Што ж нам рабіць цяпер?
— Ды не бойся ты. Калі там не схапілі, дык цяпер няма чаго баяцца.
— Дурань ты, дурань! — вылаяла, але не злосна, не груба, цяпер у лаянцы была і пэўная павага. — Што ты разумееш? У іх сабакі, у іх сышчыкі. Ты не ведаеш, як яны шукаюць! Ды яны па следзе пад зямлёй знойдуць.
— Каб яны ішлі па следзе, то схапілі б адразу. Я па Савецкай ішоў, міма кіно, там даўно мой след затапталі.
— Многа ты ведаеш! Нічога ты не ведаеш! Ды сабакі праз тыдзень па следзе ідуць. I ў сышчыкаў нюх, што ў сабак, — і раптам злосна патрабавала: — Дай пісталет, я выкіну яго к чортавай мацеры! Знайшла цацку, дурная баба, ды яшчэ і вар’яту такому сказала… З чым гуляць надумаў! Дай сюды!
— Я сам.
Сцяміў: калі схавае яна, пісталета больш не знайсці, а расстацца са зброяй цяпер, калі зроблены пачатак, ён не мог.
Хутка пайшоў да дзвярэй. Вольга не спыніла, хоць выходзіў ён без паліто, без шапкі.
Ішоў снег. Гэта яшчэ больш супакоіла, хоць след у горадзе — не тое што след у лесе, але няхай будзе засыпаны і гэты ўяўны след.
Пісталет трэба было схаваць не ад гестапа — ад Вольгі, бо найлепшы Шэрлак Холмс яна, гаспадыня. Таму ён доўга таптаўся пад паветкай, на дрывотні, у хлеўчуку, дзе Ляновічы некалі трымалі свіней, прыкідваў, дзе лепей схаваць. Засунуў быў у дровы. Не, ненадзейна, не толькі Вользе, любому старонняму кінецца ў вочы, што даўно, увосень яшчэ, складзеныя дровы парушаны. Закапаць у хляве? Але без святла не замаскіраваць раскапаны гной! Снег! Зноў надзея на снег, ён можа засыпаць і след схованкі.
Загарнуў пісталет у анучу, сунуў у сумёт пад плотам, не саступаючы са сцежкі, успомніўшы, дзе хавала Вольга, паверыў у парадаксальны прынцып: чым бліжэй схавана, тым цяжэй знайсці. Стала холадна ў спіну, і ён падумаў, што захварэць цяпер недарэчна, і паспяшаўся ў дом.
Вольга, апранутая як ісці на рынак — у паліто, цёплай хустцы, у валёнках, з лямпай у руках хадзіла па доме, як бы шукаючы нешта вельмі патрэбнае, без чаго нелыа пайсці на вуліцу ці нават больш — ад чаго залежалі бяспека, жыццё. А на канапе ў куточку сядзела захутаная Светка. Дзіця маўчала і не па-дзіцячаму спалоханымі вачамі сачыла за маці ці, можа, за святлом, бо, калі Вольга зайшла ў яго, Алесеў, пакой, малая неспакойна заварушылася, заплакала.
Алесь не здзівіўся, што Вольга сабралася некуды пайсці, неаднойчы хадзіла ўвечары да суседзяў. Уразіла, што яна хоча ўзяць дзіця. Куды? Навошта?
Вольга выйшла з пакоя, цыкнула на малую:
— Сціхні!
Падняўшы лямпу, агледзела сцены, абвешаныя фотакартачкамі бацькоў, братоў, сваякоў, яе ўласнымі, дзявочымі, школьнымі.
Алесь зразумеў, што нічога яна не шукае — проста развітваецца з домам. I ўсё яшчэ не верыў, што яна можа так лёгка пакінуць нажытае дабро. З-за чаго?
— Куды ты сабралася? — яму хацелася гаварыць гучна, спакойна, але міжволі атрымаўся шэпт, ад якога самому зрабілася брыдка.
— Пайду да брата.
— Цяпер? Не трэба, Воля, — папрасіў ласкава. — Падумай, што ты робіш? Цябе затрымаюць, пачнуць дапытваць… Ды і брат… што ты скажаш там?..
— А што рабіць? Што? Скажы мне, разумнік! — зашыпела яна, падступаючы да яго з лямпай у руцэ. — Прывёў у дом бяду, а цяпер скуголіш: не трэ-э-ба, Во-о-ля, — яна злосна перадражніла.
Адступаючы ад яе, Алесь прытуліўся плячамі да гарачай грубкі, цеплыня скаланула, як токам ударыла, але тут жа разлілася па целе дзівосным бальзамам, які расслабіў да поўнага знясілення: хлопец раптам адчуў, як страшэнна стаміўся, як моцна змерзла спіна, і грубка здалася адзіным ратункам ад любой навалы, ад любой хваробы. Гэтак вось хораша, утульна, у бяспецы ён адчуў сябе тады, калі яна, гэтая жанчына, прывяла яго ў свой дом, па сутнасці, напаўжывога ўжо, напаіла, накарміла і палажыла на гарачым лежаку, каб выграўся пасля лагера. Дзякуючы ёй ён уведаў не параўнальную ні з чым радасць першай помсты. Але цяпер ён не мае ніякага права ставіць пад удар сваю ўратавальніцу і асабліва дзіця.
— Прасцей пайсці мне, — сказаў ён і, памаўчаўшы, паабяцаў: — Я зараз пайду, не бойся. Лічы, што я не вяртаўся, як пайшоў удзень…
Але адарвацца ад грубкі не здолеў.
Пасля лагера, пасля хваробы нават у цёпла апранутага ў яго вось так застывала спіна, і ён баяўся холаду.
Вольга адразу сцішылася, адступіла, павесіла лямпу, села на канапу побач з дачкой і шырока расплюшчанымі вачамі, у якіх былі і страх, і здзіўленне, і недаўменне, і новае, незразумелае ёй самой пачуццё, глядзела на яго. Скаланула думка, што перад ёй зусім іншы чалавек, не той слабы хлапчына, які так доўга, як кажуць, дыхаў на ладан, якога яна ледзь вылечыла. Яна не заўважыла яго стомленасці, з якой пачынаецца абыякавасць. Уразіў яго спакой. Забіў чалавека, няхай сабе і немца, пакалаціўся трохі (гэта яна разумела) і цяпер стаіць, быццам нічога не здарылася, і грэе спіну…