Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Пайшла ў адной сарочцы, босая. А ён ляжаў на неразасланай пасцелі, на коўдры, нераздзеты. Вольга на момант сумелася. Але ў ногі было холадна ад падлогі. Ды і не адступала яна ніколі ад таго, што задумвала. I яна залезла пад край ватнай коўдры, на якой ён ляжаў.

Алесь адсунуўся, але не падняўся і нічога не сказаў. Гэта яе ўзбадзёрыла. Але чакала, каб першы загаварыў ён, няхай скажа адно слова — і ўсё стане зразумелым. Але ён маўчаў, нават не дыхаў. «Спалохаўся», — падумала Вольга, і ёй зрабілася весела, захацелася смяяцца.

— Ты пакрыўдзіўся?

— Не-е. Завошта?

Добра, што ён размаўляе, аднак дрэнна, калі лічыць, што на яе нават не варта крыўдзіцца.

— Я люблю цябе.

Не адказаў. Гэта кранула яе жаночае самалюбства, але яна спытала з іроніяй:

— Скажы мне: ты мужчына ці не мужчына?

— Я ніколі не краў чужое.

Тады яна перавярнулася на бок, прыўзнялася, схілілася над яго тварам, адчула блізкасць яго вуснаў, зашаптала:

— А гэта не чужое… тваё!.. Усё тут тваё! Любы мой, слаўны і дурненькі! Якое ж ты ягня неразумнае. Не бойся. Палюбі мяне — і я ўсё аддам табе! — і заціснула яму рот сваімі вуснамі, каб ён не сказаў, што яму нічога нетрэба. Цалавала горача, прагна…

А потым была бяссонная і вельмі кароткая ноч. Яны гаварылі бясконца. Яны як бы спяшаліся выказаць усё тое, чаго не маглі сказаць адно аднаму больш чым за месяц жыцця пад адным дахам. Безумоўна, Адасёвай сілы ў яго не было. Але было іншае, чаго яна не ведала раней: незвычайная пяшчотнасць і ў словах, і ў пацалунках, і ў трапяткой усхваляванасці, і ў дыханні яго, і ўдарах сэрца, якія яна чула, тулячы яго да сябе.

Алесь прызнаўся, што дагэтуль не ведаў ніводнай жанчыны, што яна першая, і Вольгу кранула гэта і напоўніла яшчэ большай закаханасцю і радасцю; усё, што адбылося паміж імі, здавалася такім чыстым, бязгрэшным, што сумленне ніколькі не трывожыла яе, не адчувала яна віны ні перад Адасём, ні перад дачкой. Віну такую адчуваў ён. Сказаў пра яе. Вольга адказала пацалункамі.

— Не думай пра гэта, не трэба. Не твая віна — мая. Я грэшная… Але я не баюся граху, бо я люблю цябе.

Паспрабавала прасіць, каб ён нікуды не рваўся, ні ў якую барацьбу не ўвязваўся, перажыў вайну ў яе, і яна дасць яму ўсё, што трэба для шчасця. Сказала — і адразу пачула яго маўклівую насцярожанасць і… адчужанасць: адчувала яго блізкасць усімі клеткамі свайго цела, і раптам ён нібы рэзка адхіліўся, хоць у сапраўднасці не варухнуўся, толькі анямеў у нерухомасці. Схамянулася і зараклася: не гаварыць больш пра гэта, няхай ідзе, як ідзе. А каб зноў наблізіць яго, сказала:

— А прыёмнік… праўда, навошта ён нам, калі ўсё роўна паслухаць радыё нельга?.. Няхай Лена забірае… Толькі, калі што, каб не сказала, у каго ўзяла…

— Не скажа. Лена не скажа, — хутка і горача зашаптаў Алесь.

— Ты так гаворыш, быццам знаёмы з ёй з калыскі. Я лепш яе ведаю, — сказала між іншым, без пэўнага адцення, сама задаволеная, што ранейшай рэўнасці няма. Адкуль быць той рэўнасці цяпер, калі хлопец належыць ёй і яна ведае, якое ён сапраўднае ягня?

Але разам з тым гэты рахманы хлопец стаў уладаром яе, і яна аддавала яму ўсё і адкрывала ўсе тайны. Нават прызналася, дзе хавае пісталет. Сама сказала. У старой іконе, што вісіць на кухні. Нябожчыца маці зрабіла ў іконе тайнік яшчэ тады, у тую вайну, калі ў Мінску па два разы на год мянялася ўлада.

Па прыёмнік прыехалі на грузавіку, з камуфляжам, па-нямецку размаляванымі кабінай і бартамі. Машына спалохала Вольгу. Яна толькі што вярнулася з барахолкі, дзе набралася страху: немцы зрабілі першую масавую аблаву. Акружылі ўвесь рынак, выпускалі праз трое «варот», правяраючы дакументы, рэчы, абшуквалі нават кішэні. Вольга не баялася арышту. Завошта яе могуць арыштаваць, вядомую ўсёй паліцыі ды і некаторым нямецкім жандарам гандлярку?! Але спалохалася, што можа страціць дабро. У той дзень камерцыя яе ладзілася выгадна. Яна прадала соль, муку і здор — не за маркі, у акупацыйныя маркі мала верыла, а за пярсцёнкі і наручны гадзіннік, прытым, што важна для душэўнага спакою, не баялася, што яе ашукалі — падсунулі замест золата начышчаную медзь: са старым прафесарам у залатым пенснэ, якому вельмі трэба было падтрымаць хворую жонку, яна дамовілася яшчэ два дні назад. Расчуленая яго непрактычнасцю і бездапаможнасцю, дала старому фунт пшана, хоць магла і не даваць. За дабрату сваю была ўзнагароджана: за рэшту сала і пшана купіла адрэз цудоўнага тонкага сукна. А потым яшчэ больш пашанцавала. На вочы трапіўся той вусаты прыгожы мужчына, што падыходзіў да яе яшчэ ўвосень, у першыя халады, у дабротным, вышытым залатымі ніткамі кажушку і набіваўся ў прымакі. Праўда, цяпер ён мала быў падобны на жаніха: схуднеў, вусы адраслі і абвіслі, як у старога, парыжэлі, быццам падпаленыя, апрануты ён быў у зашмальцаваную ватоўку, на галаве аблезлая заечая шапка. Але на руцэ ў яго вісеў той жа кажушок, вабячы на гэты раз не золатам вышыўкі, а густой воўнай. Мабыць, мужчына запрошваў добрую цану, бо пакупнікі адразу «адвальваліся». У Вольгі ажно ёкнула сэрца: во яно, гандлёвае шчасце, увесь дзень не здраджвае; два месяцы назад прывабіў яе гэты кажушок, «загарэўся зуб» купіць яго — і вось ён сам просіцца ў рукі. Можа, цяпер кажушок і не так ужо пасаваў да яе камерцыйных разлікаў, але ўжо тое, што рэч, якая некалі падабалася, зноў трапіла на вочы, вымушала абавязкова купіць яе. Трэба паказаць гэтаму ганарыстаму пану, хто тут пануе, у гэтым людскім віры, — ён, палінялы, ці яна, па-ранейшаму чырванашчокая. Так і падумала з вясёлай гарэзлівасцю: «Зараз ты ўбачыш, хто тут шчупак, а хто карась».

— Прадаеш?

Ён таксама пазнаў яе, засмяяўся:

— А ты, прыгажуня, паўсюдная. Дзе ж твае дранікі?

— Дроў няма, каб пячы, — засмяялася Вольга.

— Шкада. Як бы я з’еў сёння гарачы дранік, — мужчына пракаўтнуў сліну і пастукаў намёрзлымі ботамі адзін аб адзін.

Тым часам Вольга разгарнула кажушок і па-хлапецку свіснула: чырвоная і залатая краса моцна замурзана якраз жа наперадзе, дзе вышыўка, быццам у кажуху грузілі дровы ці поўзалі па зямлі.

— Збіў пан цану свайму тавару.

— Я дам рэцэпт, як пачысціць.

— Сам пачысціў бы.

— Бракуе часу.

— Які заняты пан!

— Ды ўжо ж.

Вольга вярнула кажушок, каб даць зразумець, што ў такім выглядзе тавар мала цікавіць яе. Паспачувала, як добраму знаёмаму, без насмешкі:

— Дарэмна не прадаў тады. Я добра заплаціла б.

Але яму яўна не хацелася гаварыць з прывабнай гандляркай сур’ёзна, ён блазнаваў:

— Каб згадзілася ўзяць прыдачу…

Вольга ўспомніла Алеся, незвычайнасць яго пяшчот і не меншую незвычайнасць сваіх пачуццяў і засмяялася, гледзячы на рыжыя вусы:

— Каб у пана не было такіх вусоў. Я баюся вусатых.

— Для такой жанчыны галавы не шкадуюць — не толькі вусоў.

— Цяпер позна ўжо.

— Хіба? Вось жа пашэнціла некаму! А мне вусы, выходзіць, пашкодзілі. А я на іх так спадзяваўся!

Вольга падумала, што кажушок і ў такім выглядзе дарэчы — для Алеся. Пасля запалення яму трэба цёплая напратка. А што замурзаны, то гэта добра — няма чаго хадзіць у такім выглядзе, каб звярталі ўвагу. Такому, як ён, лепей быць непрыкметным. Зноў узяла кажушок, памацала воўну.

— Што просіш?

— А што даеш?

— Сала. Самагонку.

— Маркі. Мне трэба маркі. Фабрыку хачу купіць.

— А пан вясёлы.

— Бачу, пані таксама не сумуе.

Вясёлы-вясёлы, а за цану стаяў упарта, не хацеў уступіць і дзесятку. Вольга незадаволена падумала: «Бач ты яго, таргуецца лепш за нас, базарных баб».

Але зноў жа тое, што заплаціла маркамі, выйшла ёй на шчасце. Пляшка самагонкі засталася некранутай і памагла ёй выскачыць з аблавы. Аддала пляшку знаёмаму паліцаю, і той вывеў яе з акружэння праз тайны, вядомы толькі ім, паліцаям, лаз у дашчаным паркане. Кожны нешта выгадваў у гэтым вэрхале, немцы — сабе, паліцаі — сабе, за кошт такіх, як яна, — хто меў чым адкупіцца. Вядома, яе не арыштавалі б, тых, хто меў аўсвайс, адпускалі, але торбы многіх і нават кішэні пусцелі. У мностве загадаў і пастаноў пісалі, чым можна гандляваць, а чым нельга. Пастановы часта супярэчылі адна адной. Гэтым карысталася калі не само СД, то тыя, хто памагаў яму, — салдаты аховы тылу, паліцыя. У часе аблаў бессаромна рабавалі і падазроных, і не падазроных. I ніхто не скардзіўся. Каму паскардзішся? На каго? Лепей далей ад ліха.

Дадому Вольга вярнулася задаволеная — камерцыю зрабіла большую, чым думала, і з аблавы выскачыла без асаблівых страт. Расказвала Алесю пра кажух, пра яго былога гаспадара і пра аблаву весела, са смехам. А потым, як бы схамянуўшыся, спытала ціха, з трывогай:

— Не прыязджалі?

— Не.

Ёй не спадабалася, калі Лена сказала, што па прыёмнік прыедуць на машыне ў нядзелю; здавалася, было б прасцей, каб Лена яго перанесла да сябе як-небудзь увечары: на камароўскіх вуліцах патрулі ходзяць рэдка.

Поделиться с друзьями: