Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Чамусьці быў упэўнены, што ў нейкі міг раптоўна, гэтак жа, як нечакана з’яўляюцца паэтычныя вобразы, дэталі, прыйдзе прасвятленне і ён здагадаецца, дзе схаваны пісталет. I ўзброіцца. I заб’е першага фашыста. Скончацца пакуты ад таго, што за тры месяцы на фронце, цяжкага і ганебнага адступлення з арміяй, ён асабіста не забіў ніводнага фашыста; тройчы трапіўшы ў акружэнне, ні разу не страляў ва ўпор, так, каб бачыць ворагаў і што твая куля скасіла хоць аднаго з іх.

Застаўшыся адзін, Алесь пісаў вершы, пачаў тады, калі чуць акрыяў ад хваробы, калі яшчэ не вельмі верыў, што выжыве. Хацелася, каб нешта засталося пасля смерці, бо ў палоне страціў усё, што пісаў раней. Захопленае немцамі знікне, безумоўна, бясследна. Для літаратуры каб засталося — пра гэта не думаў. Для маці. Каб яна ведала, чым ён жыў у апошнія дні.

Запісваў вершы ў вучнёўскі сшытак і хаваў яго пад матрац. Гітлераўцы перавярнулі яго пасцель. Добра, што сшытак не зацікавіў іх, а то прачыталі б пра гнеў яго і нянавісць. Пасля вобыску, завучыўшы вершы на памяць, ён спаліў сшытак у грубцы — каб не падвесці Вольгу. Жаданне пакінуць пасля сябе слабыя вершы (наконт іх вартасцей ілюзій не меў) цяпер здавалася наіўным. За час хваробы ён узмужнеў і пасуровеў больш, чым за час палону. Іншыя былі думкі, імкненні. Але не пісаць не мог — душа гарэла.

Адзінае, што ён браў без Вользінага дазволу, — гэта шматкі якой-небудзь паперы: лісткі падранага падручніка, старога сшытка, кавалкі шпалераў. На іх запісваў вершы, пакуль сачыняў іх. Пасля вывучваў і паперкі паліў. Ніякіх слядоў. Толькі Светка часам расказвала маці, паказваючы пальчыкамі на грубку:

— Жы-жа…

Ды Вольга не разумела, лічыла, што дачка просіць распаліць грубку.

Хацелася на вуліцу, пагуляць, умацаваць свае як бы размяклыя ногі. Вольга дзён колькі не дазваляла выходзіць, быццам баялася, што калі выйдзе, то не вернецца. Безумоўна, ён мог бы выйсці сам, каб не трэба было прасіць у яе паліто. Урэшце наступіў дзень. калі Вольга сама дала яму кажух, бацькаў. Дазволіла выйсці, толькі папрасіла далей сваёй вуліцы не хадзіць.

Выйшаў надвячоркам, калі яшчэ не наступіў каменданцкі час. Горад ахутаўся марознай імглой. На дрэвах нарос іней, і ў такім уборы дрэвы былі казачна прыгожыя. Алесь заўсёды любіў іней і многа пісаў пра такое зімовае хараство. Над камінамі драўляных камароўскіх дамоў зусім па-вясковаму паднімаўся дым, які чамусьці расчуліў больш чым што. Прыгадаўся грыбаедаўскі радок «и дым отечества нам сладок и приятен». Сапраўды, ён быў салодкі, гэты дым, ён вельмі прыемна пах, нават там, дзе палілі торфам.

А ўвогуле такая мірная прыгажосць і цішыня спалохалі. Не сама цішыня, а тое, што ён залюбаваўся ёю, паверыў у яе. Прагна, нібы выйшаў з сутарэння, удыхаў марознае паветра, так глыбока, што кружылася галава. Перамог слабасць — пайшоў па вуліцы. А калі пайшоў, то прыгажосць як бы аддалілася. Адразу падумаў: «Дзе дом Лены Бароўскай?» Лена пасля вобыску не з’яўлялася. А менавіта цяпер хацелася пагутарыць, хоць дакладна не ведаў, што канкрэтна мог бы сказаць ёй, але верыў, што ад размовы іх нешта магло б прасвятліцца. Калі вярнуўся дадому, вельмі карцела спытаць у Вольгі, дзе жывуць Бароўскія, але проста так спытаць не адважваўся, падступіў здалёк:

— Чамусьці Лена не заходзіць?

— Засумаваў? — спытала Вольга іранічна і насцярожана, пасля сурова растлумачыла: — Не да гулянак ёй, на хлеб трэба зарабляць, сям’я галадае.

Але яму пашанцавала. На трэці свой выхад ён сустрэў Лену на вуліцы. Мароз у той дзень паменеў, неба ачысцілася і гарэла на захадзе злавеснай чырванню, пад нагамі звонка рыпеў снег. Лена натуральна і проста ўзрадавалася, што ён гуляе.

— Ужо выходзіш? Ой як добра!

Раней яны гаварылі, як даўнія сябры пасля доўгага расстання, якія мелі што сказаць адно аднаму, але ад нечаканасці сустрэчы разгубіліся, таму не ведалі, з чаго пачаць. Размова ўвайшла ў натуральнае рэчышча, калі Лена спытала, што ён думае цяпер рабіць, дзе думае працаваць, якую мае прафесію. Засмуцілася, пачуўшы, што прафесіі ў яго ніякай няма: не паспеў набыць, з трэцяга курса педінстытута забралі ў армію. Але, даведаўшыся, што ў арміі ён працаваў у рэдакцыі, павесялела.

Прапанавала:

— Прыходзь да нас у друкарню. Я пагавару з начальнікам цэха. Ён добры, наш Ганс.

— Ваш Ганс? Добры? — насцярожыўся і ўсумніўся Алесь. Лена зразумела яго, пасміхнулася.

— Мы клічам яго Іванам Іванавічам. Яму падабаецца. Праўда, ён добры і… даверлівы. Добра, што ён даверлівы.

Ведаючы, што такое друкарня, Алесь мог уявіць, як можна выкарыстаць даверлівасць немца-начальніка. Магчыма, уявіў большае, чым маглі рабіць Лена і яе сябры ў той час.

— Як там нашы? — спытаў шэптам, аглянуўшыся.

Лена ўздыхнула:

— Цэлы тыдзень не маем зводак.

Алесь зразумеў, чаму яна ўздыхнула, і нечакана нават для самога сябе сказаў:

— У аднаго чалавека ёсць прыёмнік.

— У Вольгі? — здагадалася Лена, бо пра каго яшчэ мог ведаць гэты хлапчына, які першы ці другі раз выйшаў на вуліцу пасля хваробы. Вочы ў Лены заблішчалі не простай цікаўнасцю. — Вы слухаеце?

— Што ты! Каб Вольга адважылася слухаць…

— О, ад Вольгі можна чакаць самага нечаканага.

— Але не гераізму.

Алесь расказаў, пасля якога здарэння Вольга прызналася, што мае прыёмнік. Пра пісталет змаўчаў.

Кіраўнік групы папярэджваў, што нават з такім палонным трэба мець пэўную асцярожнасць — залішне лёгка яго аддалі з лагера. Але згадзіцца з ім Лена не магла, бо ведала, як хлопец хварэў, чула, як, ледзь апрытомнеўшы, ён слабым голасам вось гэтак жа спытаў: «Як там нашы?» I як узрадаваўся кастрычніцкаму віншаванню і Вользінай прапанове адзначыць свята! Таму без усякай канспіратыўнай хітрасці сказала:

— Трэба забраць у яе прыёмнік.

— Як?

— Падумай. Гэта тваё першае баявое заданне.

Лена ўявіць не магла, як усхвалявалі Алеся словы «баявое заданне», бо шмат што раскрывалі. Ад свайго імя Лена так не гаварыла б. Некалі яна сказала яму, хвораму, што ў горадзе ёсць людзі, камуністы, гатовыя падняцца на барацьбу. Значыцца, цяпер яна гаворыць ад імя тых людзей, яны даюць яму баявое заданне! I ён абавязкова павінен выканаць гэтае заданне! Напачатку яно не здалося складаным: калі добра папрасіць Вольгу… Але Лена папярэдзіла яго, што Вользе не трэба гаварыць, ад каго просьба, ды і пра тое, што яны сустрэліся, лепш змаўчаць; па прыёмнік, калі ён дамовіцца, прыйдзе нехта іншы. Тады ён зразумеў, што не простае ў яго заданне, не лёгкая задача.

З Ленай яму было хораша, проста, па-свойску неяк, як з сястрой. Але яна хутка развіталася.

— Не трэба, каб звярнулі на нас увагу. Камароўскія пляткаркі адразу разнясуць, як сарокі. А Вольга раўнівая. Нікому не дазволіць галіцца на тое, што яна лічыць сваім, — Лена ўсміхнулася не вельмі весела, бадай сур’ёзна, як бы падкрэсліваючы, што не жартуе.

Алесь засаромеўся, як дзяўчына, яму здалося, што Лена ведае пра размову, якая адбылася паміж ім і Вольгай пасля вобыску.

Ён намерваўся пагаварыць з Вольгай у той жа вечар. Але яна вярнулася з нейкага свайго гандлёвага паходу не ў гуморы, злосная. Раней ён пастараўся б узняць яе настрой. Але цяпер адносіны іх яшчэ больш ускладніліся. Пасля той размовы ў яго з’явіліся нейкая асаблівая насцярожанасць і боязь. Але ён баяўся яе сілы і сваёй слабасці, а таму хваляваўся і бянтэжыўся больш, чым тады, калі ляжаў хворы. Як жа сказаць аб прыёмніку? Для такой размовы неабходны нейкі іншы душэўны кантакт. Але які і як яго наладзіць? Толькі ўвечары наступнага дня здалося, што Вольга добрая, трохі як бы засмучаная, але душэўна мяккая, ласкавая. Ды і ён сам пераканаў сябе за дзень, што адкладваць нельга, не для забаўкі патрэбна рэч — для барацьбы, у такой справе не толькі дзень — кожная гадзіна дарагая.

Поделиться с друзьями: