Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Асобна з управы выходзілі немцы. Афіцэры.

«Інструктары», — падумаў Алесь.

Немцы не спяшаліся так. Яны адчувалі сябе гаспадарамі ў такі час, калі яшчэ не вельмі сцямнела.

Пасля Алесь нават не мог успомніць, чаму, з якім пачатковым намерам, з якой мэтай ён пайшоў за гэтым немцам. Здаецца, без усялякай мэты. З-за простай цікаўнасці: куды немец пойдзе, дзе ён жыве? А можа, таму, што немец, як ніхто іншы, залюбаваўся небам. Ён выйшаў з дзвярэй адзін і мінут колькі стаяў на ўсходцах, пасля адышоўся на пляц і паглядзеў назад, на самыя яркія фарбы неба ў тым баку, дзе села сонца.

Магчыма, Алеся абразіла, што фашыст можа быць паэтам. Не мае права ён любавацца нашым небам!

Немец быў малады, высокі, прыгожы, тыповы арыец, у мышастым шынялі з футравым каўняром, з-пад якога выглядалі пагоны обер-лейтэнанта, у высокай фуражцы з кукардай, з тоўстым жоўтым партфелем.

А можа, Алесь пайшоў следам таму, што, прайшоўшы міма, немец не звярнуў на яго ніякай увагі, не зірнуў нават? Чаму? Ад пагарды? Задумлівасці? Упэўненасці, што нічога тут, у чужым горадзе, яму не пагражае? Ці палічыў Алеся за служачага ўправы?

Афіцэр пайшоў на Інтэрнацыянальную і па крутым схіле спускаўся на Пралетарскую. Драўляны тратуар абмёрз, быў слізкі, і афіцэр сышоў з яго, крочыў паміж тратуарам і брукам, дзе снег не прытапталі, не выслізгалі.

Алесь ішоў па тратуары. Намёрзлыя дошкі рыпелі, пішчалі, крычалі на ўсе лады. Але і на гэтае шматгалоссе немец ні разу не азірнуўся. Для яго было натуральным, што ў горадзе нехта ішоў ззаду, нехта наперадзе. На ІІралетарскай народу было больш і асфальтаваныя тратуары пачышчаны дворнікамі. Перайшоўшы мост цераз Свіслач, немец паднімаўся на Замкавую вуліцу.

Алесь толькі тут, на пад’ёме, адчуў, як хутка той ідзе; у Алеся, знясіленага хваробай, пачалася задышка, кроў застукала ў скроні.

Змерклася, пагасла полымя захаду, у небе загарэліся зоркі.

Звярнуўшы на пустыры ля цёмнай каробкі опернага тэатра на пратаптаную сцежку, афіцэр упершыню азірнуўся і, здаецца, устрывожыўся, бо спыніўся, як бы чакаючы яго, Алеся. Алесь сцяміў, што не трэба спыняцца, і тым жа роўным крокам наблізіўся, пачціва саступіў у снег, абмінаючы афіцэра, павітаўся:

— Гутэн абэнд, гэр афіцэр.

Немецадказаў:

— Гутэн абэнд, — і сказаў яшчэ нешта, чаго Алесь не зразумеў, але зрабіў выгляд, што зразумеў, пра што пытае пан афіцэр, іадказаў: — Я, я, нах хаўз. Фрау… Жена ждет…

— О, жона! — сказаў немец і, відаць, пажартаваў, бо сам засмяяўся.

На вочы трапілася менш пратоптаная бакавая сцежка, што вяла да згарэлых дамоў над Свіслаччу, і Алесь павярнуў туды, пайшоў шпарка па схіле ўніз.

На другі дзень Алесь чакаў каля ўправы канца рабочага дня. За суткі змянілася надвор’е: мароз адлёг, неба завалакло хмарамі, церусіў мяккі снег. Таму хутчэй цямнела. Больш паспешліва разыходзіліся супрацоўнікі ўправы, нават менш жартавалі і смяяліся. Неспакойна ўсё-такі ў здраднікаў на душы, не адчуваюць яны сябе гаспадарамі ў горадзе. А вось ён, мсціўца, на здзіўленне самому сабе, быў вельмі спакойны. Гуляў па пляцы, засунуўшы рукі ў кішэні доўгага і шырокага Адасёвага паліто. Некалькі дзён назад ён надзяваў гэтае паліто з пачуццём віны перад чалавекам, які недзе ваюе па-сапраўднаму, з пагардай да сябе: прыгрэўся ля чужой жонкі, абуў і надзеў чужое… Цяпер не думаў пра гэта; паліто зручнае — лёгкае, цёплае, з глыбокімі кішэнямі, новае, з добрага драпу, яно надае выгляд забяспечанага чалавека. А хто цяпер забяспечаны? Хто працуе ў немцаў! Яшчэ дома Алесь падумаў, што рэчы чырвонаармейца на гэты раз паслужаць святой справе. Яны неабходныя, як і зброя таго савецкага паштавіка, што загінуў ад фашысцкай бомбы.

Гуляючы пад вокнамі паліцэйскай управы, Алесь не думаў, што можа выклікаць падазронасць, затрымаўшыся на пляцы пасля таго, як разышліся служачыя. Устрывожыла, што афіцэр доўга не выходзіць, даўжэй, чым учора. Разлікі Алесевы будаваліся на нямецкай пунктуальнасці. Толькі немец мог ісці са службы так, як ішоў учора той. Пэўна, сям’ю сюды прывёз, заняў лепшую кватэру, асталяваўся назаўсёды, таму і любуецца небам над горадам.

Афіцэр выйшаў не адзін, разам з ім былі яшчэ двое, вайсковец у форме СС і цывільны. Алесь спалохаўся: няўжо ўсе трое пойдуць разам? Не, эсэсавец і цывільны развіталіся, пайшлі ў другі бок — на Нямігу. А обер застаўся на ганку і, нацягваючы пальчаткі, хвілін колькі любаваўся, як кружаць сняжынкі, асыпаюць дрэвы ў скверы.

Алесь толькі цяпер прыкмеціў, што дрэвы, зацярушаныя снегам, сапраўды прыгожыя. I яго зноў абразіла, што такой прыгажосцю любуецца фашыст, акупант. Абраза вывела з дзіўнага, нейкага бяздумна-захаладалага спакою. Ён раптам адчуў, што спакой гэты як бы існуе незалежна ад яго, а сам ён, цела яго, мозг, сэрца да крайнасці напружаныя ў чаканні таго, да чаго ён ішоў праз многія пакуты, да чаго рыхтаваўся не толькі апошнія суткі… Але да д’ябла ўсе развагі, усялякае корпанне ў душы! Ад іх пачынаюцца страх, няўпэўненасць, разлад паміж розумам і воляй.

Засталося дзесяць, найбольш пятнаццаць, мінут да рашаючага, самага адказнага выпрабавання. Обер ходзіць хутка, даўганогі, спартсмен, напэўна. Але што гэта? Чаму ён пайшоў не туды? Па Ленінскай пайшоў, на Савецкую. А тут, у цэнтры, у будынках, што ўцалелі ад бамбёжкі і пажару, працуюць магазіны, кафэ, і на вуліцы мнагалюдна, гуляюць, безумоўна, пераважна тыя, хто не баіцца набліжэння каменданцкага часу. Калі обер зойдзе ў афіцэрскае кафэ ці кіно — усё сарвецца.

Алесю немагчыма было прымірыцца з думкай, што можна пражыць яшчэ хоць гадзіну-дзве, а тым больш ноч, не здзейсніўшы свайго плана. У яго ж усё гатова і ўсё разлічана да апошняга кроку. I вораг, канкрэтны вораг, знішчыць якога ён атрымаў загад ад вышэйшага камандавання — свайго сумлення, — вось ён, за некалькі крокаў, ідзе з высока ўзнятай галавой, упэўнены ў сваёй непакаранасці. Нельга, каб кара была адтэрмінавана хоць на суткі. Здавалася, што ад таго, ці атрымае сваю кару менавіта гэты прышэлец, залежыць вельмі многае не толькі ў лёсе яго, сяржанта Гапанюка, але і ў лёсе арміі, народа.

Баючыся, што обер раптам нырне ў нейкія дзверы, куды яго, тубыльца, не пусцяць (ля афіцэрскага кафэ стаіць варта), Алесь паскорыў крок і наблізіўся да асуджанага, ішоў следам за якія два-тры крокі, рызыкуючы, што сваім цяжкім дыханнем прымусіць таго азірнуцца; хоць учарашняя сустрэча адбылася ў прыцемку, але калі ў немца пільнае вока, ён па знешніх абрысах мог запомніць таго, хто ішоў за ім.

Пра адступленне Алесь не думаў, не мог думаць, аднак і новага плана — дзе стрэліць — не меў, калі спадзяваўся на выпадак. У смяротнікі сябе не запісваў, як залічыў некалі ў лагеры. Пра ўласнае выратаванне думаў, бо цяпер, як, можа, ніколі раней, хацелася жыць.

Сціскаў у кішэні рукаятку пісталета так, што ажно пякло далоню. Ды і ўсяго, напэўна, паліла, бо зрабілася горача. Ці такое цёплае Адасёва паліто?

Дзе ён, той выпадак, калі з шанцам на ўласнае выратаванне можна стрэліць у гэтую ненавісную патыліцу, у вузкаватую спіну, што спружыніста гойдаецца перад вачамі?

Людзей у адным месцы было многа — каля магазіна. А далей — менш, але калі лічыць не людзей увогуле, а салдат, то іх на вуліцы больш, чым трэба для таго, каб затрымаць аднаго яшчэ не вельмі дужага пасля хваробы і не надта спрытнага хлопца, фізкультурнікам, напрыклад, ён заўсёды быў пасрэдным — і ў інстытуце, і ў арміі.

Афіцэр мінуў кафэ, і Алесь з палёгкаю ўздыхнуў і трохі адстаў, каб не наклікаць на сябе падазронасць якога-небудзь агента тайнай паліцыі. А калі обер перайшоў Савецкую і звярнуў на Камсамольскую, дзе на цэлы квартал усе дамы спаленыя і разбураныя, а таму і на вуліцы гэтак жа малалюдна, як на Камароўцы, як на пустыры ля опернага тэатра, Алесь зноў паверыў у сваю шчаслівую зорку. Яму яўна шанцавала. Тут такі можна выбраць месца і момант ддя помсты і ёсць дзе схавацца самому — у руінах. Маланкава ўзнік новы план. Але ўжо добра сцямнела, і трэба зноў наблізіцца, каб не прамахнуцца, рука, безумоўна, будзе дрыжаць ад хвалявання, гэта толькі здаецца, што спакойны. I вось гэтае рашаючае збліжэнне аказалася самым цяжкім. Як бы раптам не стала сілы дагнаць афіцэра; з’явілася пачуццё, якога не адчуваў дагэтуль, — нібы пакута сумлення, што трэба стрэліць чалавеку ў спіну, трэба забіць чалавека знянацку, з-за вугла. Прыйшлося зноў пераконваць сябе, што гэта не чалавек — вораг, страшны вораг, бязлітасны, а таму і да яго не павінна быць літасці. Вылаяў сябе, маўляў, мяккацелы інтэлігент, малюска. У гэтым змаганні з самім сабой прапусціў лепшыя руіны. Афіцэр звярнуў на вуліцу Карла Маркса, дзе ўцалелых дамоў было больш, а таму і прахожыя вырысоўваліся ў змроку рэдкай снежнай каламуці. Хто яны? Свае людзі? Немцы?

Поделиться с друзьями: