Гандлярка і паэт
Шрифт:
За сталом, калі вячэралі, Вольга ўгледзелася яму ў твар, спытала:
— Чаму ты слаба папраўляешся? Адны вочы блішчаць. Дрэнна я цябе кармлю, ці што? Еш больш.
— Дзякуй. Ем. Больш няма куды.
— Сушаць цябе думкі.
— Сушаць, — згадзіўся ён, адразу сцяміўшы, што ад такой размовы можна перакінуць масток да іншай.
Вольга ўздыхнула, здагадалася, пэўна, якія ў яго думкі. Гэта ўжо амаль масток.
— Думак многа… Але цяпер я ўсё думаю пра твае рэчы…
— Пра якія?
Ён азірнуўся на цёмнае акно, без слоў даючы зразумець, пра якія рэчы пойдзе гаворка.
— Навошта ты іх хаваеш? Наляцяць зноў груганы… перавернуць усё і знойдуць. Ведаеш жа нямецкія пастановы на гэты конт. Літасці не чакай. А ў цябе дзіця… Загубіць сябе з-за сквапнасці…
Пра сквапнасць не варта было гаварыць. Вольга адкінулася на спінку крэсла, глыбока ўдыхнула паветра, і ноздры ў яе драпежна раздзьмуліся. Але спытала пакуль што спакойна:
— Куды ж мне іх дзяваць?
Алесь прадбачыў такое пытанне і меў на яго розныя адказы. Быў варыянт прапанаваць ёй прадаць прыёмнік. Лена прыслала б пакупніка. Але раптам зразумеў, што любая хітрасць тут не да месца. Толькі шчырасць, толькі поўны давер могуць уздзейнічаць на гэтую жанчыну, пакарыць яе. Так яму здалося.
— Ёсць людзі, якім вельмі патрэбны прыёмнік.
Вользін твар зрабіўся непрыгожы ад дзіўнага аскалу — быццам хацела ўсміхнуцца і… не здолела, не выйшла ўсмешка, застыла, змярцвела. Узнялася з крэсла асцярожна, быццам ёй забалела, і спачатку спытала ціха:
— Каму… каму патрэбны? Лене?
— Не адной ёй… Не музыку слухаць.
Усмешка ўрэшце як бы прабілася праз цяжкую маску, але нядобрая, злосная, Вольга зашыпела:
— Хутка ж вы знюхаліся! Два разы выйшаў пагуляць — і сустрэліся, дамовіліся… Ці яна бегае да цябе, калі мяне няма? Застану — ногі пераб’ю, — гэта ўжо быў крык, яна сарвалася, закрычала на поўны голас, паказала фігу ў цёмнае акно з большай злосцю, чым паказвала яе немцам. — А во ёй, а не прыёмнік! Паламлю! Спалю! Закапаю!.. А ёй не дам! Скруціць яна галаву і без майго прыёмніка! Бач ты, змагарка! Цяпер я ведаю, за каго яна змагаецца!
Алесь падскочыў да яе, схапіў за плячо, тармаснуў:
— Сціхні! Зараз жа сціхні! На каго ты крычыш? Чаму ты крычыш? Людзі жыцця не шкадуюць… Людзі хочуць ведаць праўду, каб народу расказаць. Людзі хочуць памагчы Чырвонай Арміі. У цябе там муж, брат. А ты… ты пра што думаеш? Пра багацце? Пра вантробу сваю? Мяшчанка!
Сказаў гэта і… сумеўся, зразумеў, што перабраў, змоўк, чакаючы, што ў адказ Вольга зараз такое сыпане… Але яна маўчала. Глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачамі, і свяцілася ў іх не злосць, не абурэнне, а, бадай, здзіўленне. А яму зрабілася цяжка дыхаць. Успышка спаліла сілу, якой ён яшчэ не многа накапіў. Панурыўся, ціха сказаў:
— Не трэба нам твой прыёмнік, без яго абыдземся.
I пайшоў з кухні ў свой цёмны пакой. Сеў на ложак. Пачуў, як моцна б’ецца сэрца. Кружылася галава. Зноў, як і тады, пасля вобыску, калі яна крыкнула: «Зараза!» — падумаў, што, калі ў яго ёсць хоць кропля гонару, ён павінен тут жа пакінуць гэты дом. Але зноў быў вечар, хоць і не такі позні, як тады, аднак патрулі паказваюць сваю пільнасць. Без пропуска не пойдзеш… Ды і адзенне… Ён вымушаны будзе прасіць у яе… Каб перабегчы да Бароўскіх, бадай, не трэба ні пропуска, ні цёплай вопраткі. Але дзе іх дом? Недзе ў суседнім завулку, аднак ні назвы завулка, ні нумара дома ён не ведае, у Лены не паспеў спытаць, у Вольгі — не адважыўся… Безумоўна, не ўсе людзі ходзяць з прапускамі. Але ў такім разе трэба ведаць горад і мець пэўную мэту, пэўны адрас — куды ісці. Ён жа горада не ведае і, акрамя Лены Бароўскай, не мае ніводнага знаёмага, які мог бы даць прытулак у зімовую ноч. «Прытулак» могуць даць гестапа ці паліцыя.
Пакутаваў не толькі ад безвыходнасці свайго становішча, ад ганебнай рабскай залежнасці, але і ад таго, што сказаў Вользе крыўднае слова. Нягледзячы ні на што, ён не можа не быць удзячным ёй. Марыў зусім не так развітацца. Марыў нізка пакланіцца ёй, пацалаваць рукі і словы сказаць асаблівыя. А сказаў вунь як!
Аб тым, што жорсткія і гнеўныя словы яго не пакрыўдзілі Вольгу, не мог і падумаць.
А між тым гэта было так. Прывыкшы ў сваім базарным асяроддзі і не да такіх слоў, Вольга зусім не пакрыўдзілася за мяшчанку і за ўсе папрокі, якія ён кінуў. Пра вантробу думае? А хто не думае? Колькі іх, такіх, як ён, святых? Кароткае ў іх жыццё ў такі жорсткі час. Як у матылёў. Толькі пад крылом яе мяшчанскім ён можа пражыць даўжэй. Пра гэта яна думала ўвесь час. А ўспышка яго нават узрадавала. Як ён схапіў яе за плячо, як трасянуў, як зашыпеў. Можа, упершыню яна пачула ў ім мужчыну.
Але, успомніўшы, як пасля вобыску ён сказаў, што раніцой пойдзе, яна спалохалася. Зразумела раптам: не ён абразіў, а яна абразіла пачуцці яго высокія, імкненні. I ён можа пайсці. Гэтага яна баялася. Ад думкі такой халадзела не адну ноч. Страшна застацца адной. Каб зноў нахабна прыставалі паліцаі… Але нават не з-за гэтага. Можа, галоўнае ў тым, што з ім яна пачула сябе ж бы багацейшай і… чысцейшай. Душэўна чысцейшай. Раней ніколі не думала, што, акрамя таго багацця, якое можна купіць і прадаць. ёсць яшчэ такое, душэўнае, якое не купляецца ні за якія грошы, але з якім лягчэй жыць, калі маеш яго — усё жыццё набывае іншы сэнс. Цяпер нават да гандлю свайго, да прадуктаў, дарагіх рэчаў яна ставілася інакш, пачала думаць, што ўсё гэта можа спатрэбіцца не ёй адной, не толькі дзеля таго, каб забяспечыць шчасце дачкі, як некалі думала і старалася старая Ляновічыха. Каму і навошта гэта можа спатрэбіцца — пакуль што выразна не ўсведамляла, але думкі такія таксама як бы ачышчалі і ўзбагачалі. I ўсё гэта — ад яго, ад гэтага хворага хлапчыны. Ад вершаў яго. Ад высокіх слоў пра Радзіму. Ад парыванняў, над якімі спачатку хацелася смяяцца: маўляў, хоць і дваццаць гадоў маеш, а думкі ў цябе дзіцячыя… начытаўся кніжак, а жыцця не ведаеш, а яно, жыццё, зусім іншае, чым у кніжках. Але цяпер выходзіць, што і яе нечым захапіла гэтае кніжнае, выдуманае, як яна лічыла, жыццё. Дык, можа, не такое яно і выдуманае? Можа, праўда, трэба жыць інакш? Не, аб тым, каб змяніць сваё жыццё цяпер, у вайну, Вольга, безумоўна, не думала. Няма ёй чаго галадаць, як Бароўскім, і дзіця голадам марыць. Але аб тым, каб спалучыць адно з другім, свае рыначныя справы з незвычайнасцю, прыгажосцю вячэрняга адпачынку, — аб гэтым думала неаднойчы. Каб ён ціхім, але дрыготкім ад хвалявання голасам чытаў вось такое:
Таварышы-брацця! Калі наша радзіма-маці У змаганні з нядоляй патраціць апошнія сілы — Ці хваце нам духу ў час гэты жыццё ёй адцаці, Без скаргі палегчы ў магілы?! —а яна сядзела б, падпёршы рукой шчаку, глядзела б на яго бледны твар, на яго сапраўды-такі анёльскае аблічча, і ёй хацелася б плакаць ад чужых жаласлівых слоў, ад свайго замілавання м, ад страху за яго… ад усяго адразу.
Не, няхай яна будзе шчырая сама з сабой: думала яна не толькі пра духоўную блізкасць, але і пра іншую… Не пасаромелася прызнацца, што кахае яго і нікому не аддасць. I каханне яе цяперашняе зусім не падобнае на тое, якое яна мела да Адася і да замужжа, і пасля, калі жылі разам. Яно, гэтае новае каханне, — як у таго Блока, якога яны чыталі разам, а пасля раніцамі яна чытала адна, чамусьці не жадаючы, каб Алесь бачыў гэта, саромеючыся. Толькі рэўнасць яе была ранейшая, такая ж, як і да ўсіх тых жанчын, што часам зазіраліся на яе Адася. Некалі яна набіла кандуктарку трамвая, калі сама ўбачыла, што тая білеты прадаваць забывае, а стаіць ля вадзіцеля і балабоніць яму на вуха. Ды яшчэ і начальству трамвайнага парка заявіла, каб не накіроўвалі такую на лінію з яе Аўсюком, бо яна не хоча, каб муж яе трапіў у турму, каб на яго сумленні было чалавечае жыццё, даволі таго, што бацька яе пад трамваем смерць знайшоў.
Ніякіх іншых адносін паміж маладым мужчынам і маладой жанчынай ці дзяўчынай Вольга прызнаваць не хацела. Таму і паверыць не магла, што Лена мае іншы інтэрас, каб хадзіць да Алеся, сустракацца з ім. Лічыла, што ў любой бабы, якую б пасаду яна ні займала, чым бы ні займалася, у галаве адно — мужчына.
Была ўпэўненая: Лена звязана з тымі, што ўзарвалі афіцэрскае кафэ на Камсамольскай вуліцы, падпалілі склад на таварнай станцыі, пра каго немцы вывешваюць загады — злоўлены, расстраляны, але рэўнасць ад гэтай упэўненасці не змяншалася. Бадай, наадварот: думала, што калі і ён ірвецца туды ж, то такая агульнасць поглядаў і парыванняў абавязкова зблізіць іх.
Вольга доўга сядзела на кухні, зажураная, кляла свой дурны характар і свой сіроцкі лёс.
У зале пастаяла перад зялёнай плюшавай занавескай — дзвярмі ў яго пакой. Хацела, каб Алесь неяк азваўся. Але ён маўчаў, яго не было чуваць — стаіўся. Цяжка ўздыхнула, пайшла да сябе. Заснуць, безумоўна, не магла. Варочалася, уздыхала — няхай чуе. можа, зразумее, што і яна перажывае, ён мяккі, добры — злітуецца, пашкадуе.
Пасля свайго прызнання, якое збянтэжыла хлопца, колькі разоў Вольга парывалася пайсці да яго ў начны час. Але кожны раз стрымлівала сябе. Не з-за сарамлівасці. Не. Ніколі не саромелася ўзяць тое, што, лічыла, належыць ёй. Сароміла іншае. Дала зарок сабе не рабіць першага кроку, не траціць жаночага гонару. Дамагчыся, каб першы прыйшоў ён. Толькі ў такім выпадку, лічыла, шчасце яе будзе поўнае.
Але цяпер, калі ўзнікла пагроза, што раніцой ён можа пайсці назаўсёды — да Лены пайсці! — было не да тонкасцяў, трэба адважыцца на такое, што прывязала б яго назаўсёды. Раней яна самаўпэўнена лічыла, што ніводзін мужчына не здолее ўстаяць перад яе чарамі. Але наконт яго такой упэўненасці не было. Незвычайны ён, апантаны нейкі, апанаваны адной думкай. Ды і нядужы яшчэ, ачуняць ачуняў, а сілы не набраўся.
Апоўначы, пачуўшы ў цішыні ночы, як ён павярнуўся і ўздыхнуў — не спіць, пакутуе, нябога! — Вольга нарэшце адважылася.