Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Ніхто яе ніколі не называў баязліўкай, усе лічаць адчайнай — пад бомбы лезла з-за скрынкі макаронаў ці анучкі нейкай. I немцаў не баялася. Як яна з імі размаўляла пры першай жа сустрэчы! Чырвонаармейца не пабаялася ўзяць у дом. Хіба не рызыкавала? Да ўсіх жахаў вайны, здаецца, прывыкла, і хоць сэрца неаднойчы ледзянела ў бяссонныя ночы ад страшных думак, яна ніколі не траціла розуму, развагі. А тут, калі пачула, што Алесь забіў афіцэра, у галаву зацямненне найшло, і страціла яна ўсю сваю разважлівасць, практычнасць, хітрасць. Асабліва запанікавала, калі ён пайшоў хаваць пісталет. Кідалася па доме, апранулася сама, захутала дачку, хоць зусім не падумала, куды яна можа пайсці. Пра брата сказала проста так, абы нешта сказаць: ісці да Казіміра не думала і, безумоўна, не пайшла б. Апошнім часам адносіны іх яшчэ больш сапсаваліся — калі Казімір праявіў «клопат» пра яе: даведаўшыся, што сястра ўзяла палоннага, прыйшоў і груба патрабаваў, карыстаючыся правам старэйшага, каб яна выкінула чырвонаармейца, завезла ў бальніцу — ён, Алесь, у той час ляжаў у гарачцы. Вольга пасварылася з братам, выгнала яго з дому, бо нікому не дазваляла камандаваць сабой, і з таго часу яны не сустракаліся, хоць васьмігадовы пляменнік разы два наведваўся: безумоўна, бацькі прысылалі ў разведку.

Вольгу сапраўды ашаламіла і бадай абурыла, што Алесь гэтак спакойна грэецца ля грубкі. Але разам з тым яго спакой утаймаваў яе паніку, цяпер яна ўжо, напэўна, ведала, што нікуды не пойдзе са свайго дома. Аднак за ўсё, што перажыла, што паказала перад ім свой страх, захацела адплаціць яму хоць як-небудзь. Сказала амаль зларадна:

— Што вы зробіце, такія, як ты? Смерць сабе знойдзеце? Немцы ў Маскву ўступілі.

— Няпраўда! Хлусня гэта! — ён амаль закрычаў, адступіўшы ад грубкі. — Не слухай фашысцкай брахні! Колькі разоў яны абвяшчалі!..

— Не, праўда! — упарта даводзша Вольга і прыдумала ў доказ тое, чаго не чула ні з нямецкіх рэпрадуктараў, ні ад шаптуноў базарных: — Маскоўскае радыё змоўкла.

Алесь на міг спалохана асекся, як бы захлынуўся. Але занадта цвёрдая была яго вера, і ён зноў запярэчыў:

— Фашысцкая хлусня! Ад каго ты чула? Ты сама слухала яго, радыё? Станцыю маглі разбамбіць. Але Масквы… Масквы ім не ўзяць! Зразумей ты! У Маскве — Сталін! — для яго ў той час гэта быў самы пераканаўчы аргумент, іншыя, больш мнагаслоўныя, ён даводзіў ёй неаднойчы.

— Сабою твой Сталін заслоніць Маскву…

— Не смей! За Сталіным — народ! Уся краіна.

— Не крычы! Вар’ят! — прашаптала Вольга, але без гневу і страху, прымірэнча, і гэта астудзіла Алеся, ён змоўк, зноў знясілена прытуліўся да грубкі, зноў яму зрабілася холадна, цеплыня расплавіла волю і сілу. Даводзіць Вользе тое, пра што неаднойчы гаварыў, калі яна ахвотна слухала, больш не хацелася. Ён заплюшчваў вочы і… правальваўся ў бездань — засынаў. Пахіснуўся, расплюшчыў вочы і не адразу сцяміў, што змянілася: Вольга стаяла распранутая і расхутвала малую. Панесла дачку, каб пакласці спаць.

Спявала малой калыханку. З песняй гэтай усё вярнулася на сваё месца, бо так паўтаралася кожны вечар. Так будзе паўтарацца адвечна — калыханка і сон дзіцяці. I ён не думаў ужо, што трэба адарвацца ад грубкі і пайсці ў холад, у невядомасць, у небяспеку. Ён зноў засынаў пад словы любімага паэта, якія сам спяваў малой, — Вольга навучылася ад яго:

Стану сказывать я сказки, Песенку спою; Ты ж дремли, закрывши глазки, Баюшки-баю.

Магчыма, Вольга не вымаўляла словы песні, толькі напявала матыў, магчыма, ён сам паўтараў іх, закалыхваў сябе. Хіснуўшыся, прачынаўся, дакараў сябе, лічачы і сон свой слабасцю: усё ў яго не як у людзей, не як у герояў прачытаных кніг — то ліхаманіць, то хіліць на сон.

Вольга паклікала гучна — загадала, як узлаваная жонка мужу:

— Хадзі сюды! На, пакалышы гэтую караду!

Каб канчаткова супакоіцца, Вользе патрэбна было нешта рабіць, дзейнічаць. Не пакідала трывожнае адчуванне, што нешта змянілася, хоць што канкрэтна — гэтага яна растлумачыць не магла. I яе пацягнула праверыць, ці не адбылося чагосьці незвычайнага ў наваколлі, ці не перавярнуўся ўвесь свет.

Алесь спытаў услед:

— Куды ты?

Яна не адказала і не спынілася. Толькі пастаяла, стоеная, у цёмным калідоры, слухаючы, што робіцца на двары. Разумела, што каб яны прыйшлі, то загрымелі б, загрукацелі б на ўсю Камароўку, аднак усё адно выглянула з дзвярэй асцярожна, быццам вораг мог пільнаваць за вуглом. Гэтак жа асцярожна абышла двор, праверыла, ці няма на свежым снезе слядоў. У цёмны хлеў заглянуць пабаялася, толькі памацала завалу. Паслухала вячэрні горад. Ён не бьгў мёртвы, ён жыў стоеным жыццём. Тут, на Камароўцы, дзесьці на суседняй вуліцы мірна рыпелі сані і бадзёра фыркаў конь. А недзе там, у цэнтры, на Савецкай, гучна іграла нямецкая музыка. Заваёўнікі весяліліся. Магчыма, праўда, у іх свята? Крычалі ж нядаўна ў гучнагаварыцель на рынку, што доблесныя войскі фюрэра ўступілі ў бальшавіцкую сталіцу. Вольга не была ў Маскве, але ад думкі, што ў Маскве — немцы, у яе балюча сціснулася сэрца, ні за адзін горад так не сціскалася. I раптам яна амаль узрадавалася ад думкі, што не хто іншы, а ён, яе Алесь, сапсаваў немцам свята, калі не ўсім, то некаторым, пэўна. Няхай жонка таго, каго няма ўжо, бацькі яго прачытаюць жалобнае паведамленне пад пераможную музыку. Як яна прагучыць для іх — гэтая музыка! Падумаўшы так, яна і сябе адчула як бы пераможцай. Адчыніла брамку і ўжо смела выйшла на вуліцу. Захацелася гаспадыняй прагуляцца па Камароўцы. Праверыць сваю раптоўную смеласць. Калі ён, Алесь, мог зрабіць такое, то чаму яна не можа прайсціся па вулщы, на якой нарадзілася, вырасла? Напляваць ей на каменданцкі час, на патрулёў! Ёй трэба агледзець не толькі свой двор, ёй трэба агледзець усю Камароўку! Няхай ведаюць, што Ляновічыха ніколі баязліўкай не была і не будзе. Калі ўжо рызыкаваць, то да канца!

Мабыць, сапраўды яна мела выгляд гаспадыні, бо нават паліцай у чорным шынялі пачціва саступіў са сцежкі ў снег і павітаўся; яна яго не пазнала, а ён, відаць, яе ведаў па рынку. Хто тут не ведае Ляновічыхі?

Дайшоўшы да завулка, дзе жылі Бароўскія, Вольга адчула моцнае жаданне зайсці да іх. Яна ж даўно не была, спачатку з-за сваёй дурной рэўнасці, а пасля невядома з-за чаго. А дарэмна. Яна ж увесь час перакананая, што Бароўскія ведаюць больш, чым усе астатнія камароўцы і ўвогуле мінчане, а таму і жывуць інакш — бедна, але ўпэўнена. I цяпер ёй здалося, што толькі ад Бароўскіх яна можа пачуць нешта такое, ад чаго шмат што прасвятліцца, бо ў галаве ў яе ўсё яшчэ каламуць. Нават здавалася, што і пра сённяшняе здарэнне ў горадзе Бароўскія ўжо нешта ведаюць, хоць разумела недарэчнасць такога адчування: як, адкуль, якім чынам? Прайшло ж усяго нейкія дзве гадзіны, не больш.

Здзівілася, што ў Бароўскіх не зачыненыя ні брамка, ні дзверы: заходзь хто хочаш, нікога не баяцца — ні зладзеяў, ні ўлады. Вольга ў сенцах пастукала ботам у сцяну, але ніхто не азваўся, хоць у хаце гудзелі галасы і зрэдку гучаў малады смех: смяяўся Ленін брат — Косця, вучань дзевятага класа, хадзіў бы ў дзесяты гэтай зімой.

Бароўскія ўсёй сям’ёй сядзелі вакол стала і… гулялі ў карты, у дурня. Сам стары, Лена і хлопцы, Косця і дванаццацігадовы Андрэй. Тут жа сядзела іх маці, Мар’я Паўлаўна, і, начапіўшы акуляры, латала нейкую світку.

На стале гарэла газнічка, выгарала даволі смярдзючае масла, нейкі нямецкі сурагат.

Убачыўшы нечаканую госцю, прыкметную трывогу выявілі Лена і маці, Лена ажно паднялася насустрач і ўсім выглядам сваім маўкліва пыталася: што здарылася? Такімі ж шырока расплюшчанымі вачамі глядзела і Мар’я Паўлаўна, рука яе з іголкай застыла ў паветры.

Вольга супакоіла іх:

— Зайшла праведаць: як вы тут? Даўно вас не бачыла. Удзень — няма калі, а ўвечары — баімося вылазіць са сваіх нораў.

— Табе чаго баяцца? — нядобразычліва кіўнуў Косця. — З немцамі ты нюхаешся…

— Ну, ты, брат, гасцей так не страчай, — паблажліва ўпікнуў сына стары Бароўскі.

Вольга адзначыла, што наборшчык яшчэ больш ссутуліўся, схуднеў, палысеў, але жвавасці, весялосці не ўбавілася ні ў руках, ні ў словах, ні ў вачах, быццам па-ранейшаму яму жывецца ў дастатку і шчасліва. Хлопец і стары не спынілі нават картачнай гульні. Косця крычаў на ўвесь дом, з прыціскам, з вялікім размахам б’ючы пацёртай, зашмальцаванай картай:

— А я вашага Гітлера лейтэнантам казырным! Во так! А што, здаўся? Аж чолка аблезла. Будзеш ты біты заўсёды, паразіт!

— Косця, не распускай язык! — строга папярэдзіла маці.

А Пятро Іларыёнавіч смяяўся:

— Лена, давай, што ў цябе там ёсць? А то гэтыя чырвоныя казакі ціснуць мяне. Зноў, глядзі, генеральскага ўкінуць.

— А-а, вы хочаце на нас Герынга спусціць, што сабаку з ланцуга! Тожа мне туз! Чыхаў я на такога туза!

— Косця!

— Маўчу, мама. А што, баішся, што Ляновічыха данясе? Андрэйка, спаліш яе дом, калі мяне пасадзяць. А-а, у вас яшчэ васьмёрачка? Паб’ём і яе.

Поделиться с друзьями: