Гандлярка і паэт
Шрифт:
Вольга ўспыхнула, балюча ёй зрабілася ад такой абразы ў сям’і, у якую яе прывялі самыя добрыя пачуцці. Вельмі захацелася ўляпіць гэтаму шчанюку — словамі, прызнаннем, што калі не сама яна, то з яе дапамогай, яе зброяй зрабілі нешта большае, чым робіць ён, бадзяючыся па горадзе. Але прыкусіла язык, надзьмулася.
Лена абурылася:
— Парасё ты, Косця! Вольга — мая лепшая сяброўка.
— Ды ну? — здаецца, шчыра здзівіўся Косця.
— Нарву вушы, Кастусь, — пагразіла маці і, каб загладзіць неяк няёмкасць, уступіла Вользе свой табурэт. — Сядай, Волечка. Не звяртай увагі на гэтага пустамола. Па ім папруга даўно хадзіла. Як табе жывецца, Волечка?
— Ай, цётка, жывецца, як гароху пры дарозе. Вунь што мне Косця кідае. А я чырвонаармейца ад смерці ратавала. А ты што зрабіў, казёл ты бязрогі? — кінула Вольга Косціку, але той не прыняў выкліку, нават за казла не пакрыўдзіўся, хоць гэта была яго школьная мянушка.
— А я табе, даражэнькая сястрычка, во гэтую бубновую пані яшчэ падсуну. А што? Міма? Андрэй, аддай ім сваю сямёрку. Няхай радуюцца.
— Ну і бандыты ж! — круціў лысай галавой і смяяўся Бароўскі. — Дзе толькі, чэрці, так насабачыліся? Сёмы раз у дурнях пакідаюць.
— Да дзесяці дагонім — палезеце пад стол.
— Так я табе і палезу. Разяўляй рот, — сказала Лена.
— А ўгавор? — закрычаў малы Андрэй. — Як дамаўляліся?
Вольга расшпіліла паліто, скінула з галавы хустку. Нягледзячы на абразу, яе раптам апанавалі весялосць і карцёжны азарт: забыцца ў гульні на ўсё, як, напэўна, забываюцца Бароўскія.
— Ану, дай, Лена, я партыю скіну. Пакажу гэтым хліпкачам, як трэба гуляць.
— Ух ты, якая сіла! — прытворна жахнуўся Косця. — Сам фельдмаршал Бош, каторы вош.
Гуляла Вольга ў падкіднога добра, як, дарэчы, і маці яе: лепшых камароўскіх карцёжнікаў некалі ў дурнях пакідалі.
Першыя ж хады прымусілі Косцю задумацца; ён перастаў балбатаць. засвістаў мелодыю «По долинам и по взгорьям…».
Лена стала за спіной у бацькі і падказвала яму хады. Косця, адчуўшы пагрозу, узлаваўся.
— Андрэй, не паказвай ёй карты. А ты яшчэ раз падкажаш — прышчамлю дзвярамі нос, — пагразіў ён сястры.
Пэўна, каб вярнуць ранейшую весялосць, Пятро Іларыёнавіч нагадаў:
— Ды, кажаш, Косця, прыходзь увечары?..
— Але, — засмяяўся Косця, і следам за ім засмяяліся ўсе Бароўскія, нават маці, якая перасела на канапу і, робячы выгляд, што нашывае латку на рукаў світкі, у сапраўднасці пранікліва разглядала Вольгу, быццам хацела па твары яе, па вачах, па тым, як яна гуляе, як смяецца, разгадаць яе думкі таемныя, яе сутнасць; Вольгу гэтае разглядванне трохі бянтэжыла.
Стары растлумачыў ёй, з чаго яны смяюцца.
— Сёння Косця гуляў па Някрасава і пачуў, як адна цётка цераз вуліцу крычала другой: «Насця, прыходзь увечары да нас, Антона ў партызаны будзем праводзіць!»
— Я ажно сеў пад плотам, — засмяяўся Косця. — Думаў: спектакль чую. Не, сур’ёзна. «Добра, кажа, прыйду». — «I старога вядзі. Шклянкі прыхапіце, а то ў нас не хопіць на ўсіх».
— Як табе падабаецца? — спытаў Бароўскі ў Вольгі са смяшынкамі ў вачах, але сур’ёзна і дапытліва, зазіраючы ў вочы, можа, праз тое, што Вольгу гэтая прыгода не рассмяшыла так, як усіх іх.
— Дурная баба, — асудзіла незнаёмую Мар’я Паўлаўна.
Стары павярнуўся да яе, запярэчыў:
— Дурная, кажаш? Ой не, маці. Людзі жывуць па сваіх законах. Неасцярожная — то гэта праўда.
Сказаў ён пра неасцярожнасць — і Вольга адразу ж падумала пра Алеся, пра яго неасцярожнасць, і сэрца трывожна сціснулася. Навошта Бароўскія расказваюць ёй, што нейкі Антон збіраецца ў партызаны, ды яшчэ выстаўляюць, як напаказ, сваю весялосць? Не вельмі яна паверыць, што ім так весела з-з гэтага выпадку, такі манюка, як Косця, мог і схлусіць, сам можа выдумаць што хочаш.
Вольга і стары далі хлопцам «дурня». Па ўмове хлопцы павінны былі за першага «дурня» атрымаць пстрычкі па носе. Андрэй спрабаваў аспрэчыць законнасць экзекуцыі: гуляла не Лена, а Вольга. Але Косця згадзіўся, што раз яны прынялі такую замену, то мусяць трываць, нічога не зробіш.
Пстрычкі давала Лена. Андрэйку яна пашкадавала і пстрыкнула лёгенька, для выгляду, а Косціку ўляпіла такога «жолуда», што ў таго пырснулі з вачэй слёзы і пачалося чыханне.
— Ну, зараза, і б’еш, не пальцы, а рагатка. А я цябе называю сваёй любімай сястрой.
Стары Бароўскі адваліўся на спінку крэсла, закінуў назад галаву і заліваўся смехам, як дзіця. Цяпер ужо і Вольга паверыла, што смяецца ён шчыра, і ёй таксама зрабілася смешна, хораша, утульна ў гэтай сям’і, яна пашкадавала, што з пачатку вайны амаль ніколі не гасціла ў Бароўскіх вось так, па-суседску; заглядвала разоў колькі на кароткі час. Мар’я Паўлаўна любоўна глядзела, як смяюцца муж, дачка, і дакорліва ківала галавой, як бы кажучы: якія вы ўсе яшчэ дзеці!
Гулялі другую партыю. Косця зрабіўся засяроджаны, маўклівы, не балбатаў больш, толькі свістаў, таму даваў астатнім магчымасць пагаварыць.
Мар’я Паўлаўна спытала:
— Як там твой нябога, акрыяў трохі?
— Гуляе ўжо. У горад хадзіў. Да людзей ірвецца, працу хоча шукаць. А я кажу яму: навошта табе працаваць на немцаў? Памагай мне.
Косця хмыкнуў:
— Адкрый гандлёвую фірму «Вольга Ляновіч і кампанія…».
— Косця, палучыш па губах, — асек хлопца бацька.
Вольга не пакрыўдзілася.
— А што ты думаеш? I адкрыю. Хочаш, у кампанію вазьму?
— Капіталаў не маю.
— Зазывалам будзеш. Крыкуном.
— А што, з’еў, сын? — засмяяўся Пятро Іларыёнавіч.
А маці, пэўна, не падабалася, што Вольга такой думкі пра яе сына — жартаваць жартуй, але ведай меру, таму адплаціла ёй:
— Не баішся, што Адась, калі вернецца, прыраўнуе? Людзі могуць нагаварыць, чаго і не было.
— А ўсё было, цётка, — і сама здзівілася з такога нечаканага прызнання, але была задаволеная сабой, сваёй рашучасцю і пасміхалася, як збянтэжыла Бароўскіх. Дадала: — I будзе.
Лена дык ажно застыла з картамі ў руках, без таго шырокія вочы на худым твары зрабіліся па яблыку. А маці жахнулася: глядзела на яе, як на злачынцу.
«Што, з’ела?» — падумала Вольга словамі Бароўскага.
— Вой, Волечка! — і міргнула, паказваючы на хлопцаў: не трэба пры іх.
Але нават Косця, заняты гульнёй, не дапяў, што да чаго.
— Ды я ўжо нічога не баюся!
Бароўскі паглядзеў на яе без ухмылкі на твары, нават у вачах яго не было ніводнай смяшынкі — толькі цікаўнасць.