ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Не забастуюць, - сказаў Том.
– Пяць манет атрымлiваюць, а ўсё астатняе iх не хвалюе.

– Але ж як толькi гаспадару не патрэбны будуць штрэйкбрэхеры, плацiць iм па пяць цэнтаў не будуць.

– Я не ўпэўнены, што да iх гэта дойдзе. Пяць цэнтаў iм даюць, i больш яны ведаць нiчога не хочуць.

– А ты ўсё ж паспрабуй.

– Бацька на гэта не пойдзе, - сказаў Том.
– Я яго ведаю. Скажа, не яго справа.

– Яно так, - паныла пагадзiўся Кейсi.
– Гэтак, бадай што, i зробiць. Спярша яму трэба, вiдаць, на сваёй шкуры ўсё зведаць.

– Мы галадалi. А сёння елi мяса на вячэру - трохi, але паелi. Бацька, думаеш, дзеля другiх ад мяса адмовiцца? Мацi, думаеш, заморыць даччыно дзiця толькi таму, што за варотамi нехта там горла дзярэ?

Кейсi тужлiва сказаў:

– Так хочацца, каб людзi зразумелi. Каб яны зразумелi, што забяспечыць сябе мясам можна толькi так... А, чорт! Падчас такая бярэ мяне стома... Страшэнная стома. Быў з намi ў камеры чалавек адзiн. Пры мне яго пасадзiлi. Усё хацеў саюз стварыць. У адным месцы ўдалося. Ды неўзабаве наляцелi малойчыкi з "Камiтэта пiльнасцi". I ведаеш, што было? Тыя самыя людзi, якiм ён хацеў памагчы, адштурхнулi яго. Не пажадалi знацца з iм. Баялiся паказацца разам з iм. "Iдзi ад нас, - сказалi.
– З табой бяды не абярэшся". У турме ён моцна перажываў. А неяк раз кажа: "Не так ужо i кепска, калi гiсторыю ведаць. Вазьмi французскую рэвалюцыю - усiм, хто яе задумаў, галовы паадсякалi. I так заўсёды было, - кажа.
– Зусiм натуральна - як дождж з хмарнага неба. Але ж не дзеля забавы ўсё гэта робiш - iначай не можаш. Такая ўжо ў цябе натура. Вось Джордж Вашынгтон. Арганiзаваў рэвалюцыю, а пасля ўся сволач на яго апалчылася. I з Лiнкальнам тое самае - смерцю яму пагражалi. Натуральна, як дождж".

– Нiякавай забавы тут i блiзка няма, - пагадзiўся Том.

– Ясна, няма. А яшчэ ён нам у турме гаварыў: "Ва ўсякiм разе, ты стараешся як можаш. Галоўнае, кажа, каб кожны раз рабiць хоць адзiн маленькi крок наперад; можа, калi крыху i адступiш, але нiколi не будзе поўнага вяртання назад. Гэта лёгка даказаць, кажа, i гэтым усё апраўдваецца. А значыць, дарэмна нiчога не робiцца, хоць часам так можа здацца".

– Усё гаворыш, - сказаў Том.
– Гаворыш, гаворыш... Вось вазьмi брата майго - Эла. Ён толькi i ведае, што за дзеўкамi ганяцца. Да астатняга яму справы няма. Днi праз два i тут падчэпiць якую. Цэлымi днямi ў яго толькi адно наўме, начамi можа гэтым займацца. Пляваць ён хацеў на нейкiя там крокi - што наперад, што назад, што ўбок.

– Натуральна, - сказаў Кейсi.
– Правiльна. Ён робiць тое, што яму належыць. I ўсе мы так.

Чалавек, што сядзеў перад палаткай, адкiнуў брызентавую полку.

– Нешта не падабаецца мне, каб на яго лiха, - сказаў ён.

Кейсi вызiрнуў з палаткi.

– Што там у цябе?

– Ды сам не ведаю. Не па сабе мне. Раз-пораз насцярожваюся, як кошка.

– Дык што ж там такое?

– Сказаць не магу. Раптам здасца, быццам пачую нешта, а прыслухаюся нiчога.

– Проста пужлiвы стаў, - сказаў сухенькi стары, падняўся на ногi i выйшаў. Праз момант ён усунуў галаву ў палатку: - Вялiкая чорная хмара праплывае. Навальнiчная. Вось ад чаго яму не па сабе - ад электрычнасцi.
– Ён знiк у цемры. Астатнiя двое ўсталi i выйшлi з палаткi.

Кейсi сказаў Тому:

– Усiм iм не па сабе. Палiсмены не перастаюць гразiцца дух з нас выбiць i выгнаць з iхняй акругi. А мяне важаком лiчаць, бо я шмат гавару.

У палатку зноў зазiрнуў маршчынiсты твар:

– Патушы лiхтар, Кейсi. I выйдзi. Тут нешта нядобра.

Кейсi прыкруцiў кнот. Агеньчык нырнуў у шчылiну, успыхнуў i патух. Прапаведнiк навобмацак выйшаў з палаткi. Том - за iм.

– Што такое?
– цiха запытаўся Кейсi.

– Не магу сказаць. Вось паслухай.

Безупыннае кваканне жаб злiвалася з цiшынёй. Сухi, рэзкi строкат цвыркуноў. Але на гэтым фоне чулiся i iншыя гукi - быццам крокi па дарозе, шэлест кустоў уздоўж рачулкi i пахрустванне пясчаных камякоў на яе беразе.

– Нешта нiчога не разбяру. Падманлiва. Гэта проста ад нерваў, - супакойваў людзей Кейсi.
– У нас ва ўсiх нервы напружаныя. Не, нiчога такога не чую. А ты, Том?

– А я чую, - адказаў Том.
– Ага, чую... Па-мойму, нас акружаюць. Давайце лепш пойдзем адсюль.

Маршчынiсты стары шапнуў:

– Пад мост... вунь туды. Шкада толькi палатку пакiдаць.

– Пайшлi, - сказаў Кейсi.

Яны цiха пасунулiся па беразе рачулкi да моста. Перад iмi паўстаў чорны пралёт - як пячора. Кейсi прыгнуўся i пайшоў пад арку, Том - следам. Ногi iх бязгучна ступiлi ў ваду. Яны прайшлi футаў трыццаць, дыханне iх цiхiм рэхам аддавалася пад скляпеннем. Яны выйшлi на другi бок i выпрасталiся.

Раптам крык:

– Вунь яны!
– Два пучкi святла ад электрычных лiхтароў упалi на iх, уткнулiся iм у твары, асляпiлi iх.
– Стой, нi з месца!
– Галасы iшлi з цемры.
– Гэта ён! Лабасты вырадак. Ён самы.

Кейсi, як сляпы, глядзеў на святло. Ён цяжка дыхаў.

– Паслухайце, - сказаў ён.
– Вы не ведаеце, што творыце. Вы дзяцей хочаце замарыць голадам.

– Маўчаць, чырвоная сволач!

На святло выйшаў грузны, прысадзiсты чалавек. У руцэ ён трымаў новенькае белае дзяржальна ад кiркi.

Кейсi паўтарыў:

– Вы не ведаеце, што творыце.

Чалавек замахнуўся дзяржальнам. Кейсi нырнуў унiз. Цяжкая палка з глухiм трэскам ударыла яго па скронi. Кейсi адвалiўся ўбок, у цемру.

– Госпадзi, Джордж! Ты, няйначай, забiў яго!

– Пасвяцi, - сказаў Джордж.
– Таму як i трэба, сволачы.
– Пучок святла ўпаў унiз, пашнарыў па зямлi i асвятлiў размажджэраную галаву прапаведнiка.

Том паглядзеў на Кейсi. Вузкi пучок святла выхапiў з цемры масiўныя ногi Джорджа i новую белую ручку ад кiркi. Том скокнуў моўчкi. Ён выхапiў палку ў Джорджа з рук. Першы ўдар - ён зразумеў адразу - не трапiў у цэль, прыйшоўся па плячы, але другi раз цяжкая палка з усяе сiлы апусцiлася на галаву, i, калi чалавек павалiўся, на яе абрынулiся яшчэ тры ўдары. Пучкi святла загойсалi з боку ў бок. Пачулiся крыкi, тупат ног, трэск кустоўя. Том стаяў над распластаным на зямлi целам. I раптам - слiзгатлiвы ўдар па галаве. Тома нiбы працяло токам. Ён пабег уздоўж ручая, нiзка прыгнуўшыся. Ззаду заплёхалi па вадзе ногi. Том крута збочыў i, прадзiраючыся мiж кустоў, забраўся ў самы гушчар яданоснага сумаху. Там, прыпаўшы да зямлi, замёр. Крокi наблiжалiся, святло электрычных лiхтароў прасвечвала ручай да самага дна. Том паўзком падняўся па адхоне i апынуўся ў фруктовым садзе. Крыкi даносiлiся i сюды. Яго шукалi ўнiзе, каля ручая. Том нiзка прыгнуўся i пабег напрасткi па садовых градах, i камякi зямлi расцiскалiся пад яго нагамi, ляцелi ў бакi. Наперадзе ён разгледзеў кустоўе, якое акаймоўвала арашальную канаву. Ён пралез праз жываплот, прадраўся праз вiнаграднiк i кусты ажыны. Там, хрыпла дыхаючы, лёг на зямлю. Твар i нос у яго анямелi. Нос быў разбiты, па падбародку тонкiм струменьчыкам сцякала кроў. Ён ляжаў нiцма, пакуль не праяснiлася ў галаве. I тады паволi папоўз да краю канавы. Абмыў твар халоднай вадой, адарваў шматок ад падола сваёй сiняй кашулi i прыклаў да параненай шчакi i да носа. Востры боль апёк яго твар.

Навальнiчная хмара адплыла ўжо на край небасхiлу - чорная пляма на зорным небе. Зноў запанавала начная цiшыня.

Том ступiў у ваду i адразу страцiў апору пад нагамi. Разы два ўзмахнуўшы рукамi, ён пераплыў канаву i з цяжкасцю вылез на другi бераг. Мокрая адзежа прылiпла да цела. Ён з плёскатам зрабiў некалькi крокаў, у чаравiках хлюпала вада. Том сеў, зняў чаравiкi, вылiў з iх ваду. Потым выцiснуў ваду ўнiзе з калашын, зняў пiнжак i выкруцiў яго.

Наперадзе, каля шашы, па зямлi скакалi агнi электрычных лiхтарыкаў - яго шукалi ў прыдарожных канавах. Асцярожна ступаючы, Том пайшоў па скошаным лузе. У чаравiках ужо не хлюпала. Ён наўздагад пакiраваў на другi край пакошы i нарэшце выбраўся на грунтавую дарогу. Крадучыся, ён падышоў да прамавугольнiка лагера.

Вартавы, пачуўшы шоргат, крыкнуў:

– Хто iдзе?

Том упаў на жывот i замёр, промень святла слiзгануў над iм. Том бясшумна падпоўз да свайго домiка. Рыпнулi завесы дзвярэй. Пачуўся голас мацi спакойны, цвёрды, не заспаны:

– Хто тут?

– Я, Том.

– Ты б ужо спаць клаўся. Эла яшчэ няма.

– Пэўна, дзеўку знайшоў.

– Iдзi кладзiся, - цiха сказала мацi.
– Вунь там, каля акна.

Том знайшоў свой матрац i раздзеўся дагала. Ён ляжаў пад коўдрай i калацiўся ўсiм целам. Анямеласць у разбiтым твары праходзiла, i боль цяпер разлiваўся па ўсёй галаве.

Поделиться с друзьями: