ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Добры вечар, - павiтаўся Том.

– А ты хто такi?

– Я... ну... так проста... мiма iшоў.

– Каго-небудзь тут ведаеш?

– Не. Кажу ж, мiма iшоў.

З палаткi высунулася нечая галава.

– Што там у цябе?
– пачуўся голас.

– Кейсi!
– усклiкнуў Том.
– Кейсi! Як ты тут апынуўся?

– А госпадзi! Ды гэта ж Том Джоўд! Iдзi сюды, Томi. Уваходзь.

– Ты яго ведаеш?
– здзiвiўся чалавек, што сядзеў на скрынi.

– Цi ведаю я яго? Пытанне! Колькi гадоў ужо знаемся. Мы з iм сюды, на Захад, разам прыехалi. Заходзь жа, Том.
– Кейсi схапiў Тома за локаць i ўцягнуў у палатку.

У ёй вакол лiхтара сядзелi на зямлi чатыры чалавекi. Яны недаверлiва паглядзелi на Тома. Адзiн з iх, смуглы, суровы з выгляду мужчына, падаў яму руку.

– Вельмi рады, - сказаў ён.
– Я чуў, як цёпла цябе Кейсi сустрэў. Дык гэта той хлопец, пра якога ты нам, Кейсi, гаварыў?

– Ён самы. Ах ты, госпадзi! Дзе ж усе твае? Што ты тут робiш?

– Ды вось, пачулi мы, што тут ёсць праца, - адказаў Том.
– Пад'язджаем, а на шашы цэлая плойма палiсменаў, ну i загналi нас на гэту ферму. Дацямна персiкi збiралi. Перад варотамi нейкiя людзi нам нешта крычалi ўслед. А ў чым справа, так мне нiхто i не сказаў. Вось я i пайшоў сюды, каб даведацца, што тут такое робiцца. Якiм ветрам цябе занесла сюды, Кейсi?

Кейсi нахiлiўся наперад, i жоўтае святло лiхтара асвятлiла яго высокi бледны лоб.

– Дзiўнае месца - турма, - сказаў прапаведнiк.
– Вось адыходзiў я ў пустыню, як Хрыстос, каб там усё добра абдумаць i зразумець. I бывала, сёе-тое праяснялася. А па-сапраўднаму стала ўсё ясна толькi ў турме.
– Вочы ў яго былi жывыя i вясёлыя.
– Вялiкая камера, увесь час поўная. Адны пакiдаюць яе, другiя прыходзяць. Я, канешне, з усiмi гаварыў.

– Дзiва што!
– сказаў Том.
– Табе абы пагаварыць. Калi б цябе на шыбенiцы вешалi, i то ты паспеў бы з катам слоўцам перакiнуцца. Такiх гаваркiх я ў жыццi не бачыў.

Усе пырхнулi ад смеху. Адзiн - сухенькi стары з маршчынiстым тварам ляпнуў сябе па калене.

– Усё гаворыць i гаворыць, - сказаў ён.
– А людзям гэта даспадобы слухаюць.

– Ён жа ж прапаведнiкам быў, - сказаў Том.
– Цi гаварыў ён вам?

– А як жа - гаварыў.

Кейсi шырока ўсмiхнуўся.

– Дык вось, - зноў загаварыў ён, - пачаў я ў сiм-тым разбiрацца. Розныя людзi ў турму трапляюць - хто за п'янства, хто за крадзеж, апошнiх пераважная большасць. I крадуць галоўным чынам тое, без чаго нельга абысцiся, а дастаць iншым спосабам яны не могуць. Разумееш?

– Не, - адказаў Том.

– Усе яны, па сутнасцi, добрыя людзi. А што iх падбiла на злачынства? Нястача. I я пачаў разумець - усё зло ў нястачы. Але да канца яснасцi ў мяне не было. I вось аднаго дня даюць нам перакiслыя бабы. Адзiн падняў крык, а што толку? Крычыць-надрываецца. Дзяжурны зазiрнуў у камеру i пайшоў. Тады другi пачынае крычаць. I тут мы ўжо ўсе падхапiлi хорам, цягнем адну ноту, i, паверыш, сцены камеры, здавалася, раздалiся i вось-вось абваляцца ад нашага крыку. Бог ты мой, што тут усчалося! Наглядчыкi забегалi, замiтусiлiся i, як мiленькiя, прынеслi другую яду. Цяпер разумееш?

– Не, - адказаў Том.

Кейсi падпёр падбародак далонямi.

– Можа, я не магу табе ўтлумачыць, - сказаў ён.
– Можа, табе самому трэба да гэтага дайсцi. А дзе кепка твая?

– Пайшоў без яе.

– Сястра твая як?

– А! Растаўсцела, як карова. Ручаюся, двайнят народзiць. Жывот сама раз на колы ставiць. Усё яго рукамi падтрымлiвае. А ты мне так i не растлумачыў, што тут такое адбываецца.

Сухенькi стары сказаў:

– Мы бастуем. У нас тут забастоўка.

– Канешне, пяць цэнтаў за скрыню малавата, але пракармiцца ўсё ж неяк можна.

– Пяць цэнтаў?
– здзiвiўся стары.
– Пяць цэнтаў! Вам пяць цэнтаў плацяць?

– Пяць. Сёння мы паўтара даляра зарабiлi.

У палатцы запанавала напружаная цiшыня. Кейсi доўга моўчкi глядзеў праз уваходны праём палаткi.

– Слухай, Том, - нарэшце сказаў ён.
– Мы прыехалi сюды працаваць. Нам паабяцалi пяць цэнтаў. Народу сабралася процьма. Прыходзiм у сад, а нам кажуць: два з паловай цэнты. На гэта i адзiн не пракормiшся, а калi ў цябе дзецi... Мы адмовiлiся. Нас выгналi. I тут наляцела цэлая зграя палiсменаў. А цяпер вам плацяць па пяць. Калi разгоняць забастоўшчыкаў, думаеш, вам так i будуць па пяць цэнтаў плацiць?

– Адкуль я ведаю, - адказаў Том.
– Пакуль што плацяць.

– Слухай. Мы хацелi спынiцца ўсе ў адным месцы, а нас разагналi, як свiней, у розныя бакi. Шмат каго добра пабiлi. Як свiней, нас гналi. А вас, як свiней, загналi ў вароты. Мы доўга не пратрымаемся. Некаторыя два ўжо днi нiчога ў роце не мелi. Ты сёння назад пойдзеш?

– Хачу сёння.

– Дык вось што... раскажы там людзям пра ўсё, Том. Растлумач iм, што яны мораць нас голадам, а сабе нож у спiну ўсаджваюць. Ясней яснага - як толькi з намi расправяцца, вам тут жа да двух з паловай збавяць.

– Паспрабую, раскажу, - сказаў Том.
– Толькi як гэта зрабiць, не ведаю. Нiколi такой аховы не бачыў, усе ўзброеныя. Пэўна, i гаварыць мiж сабою не дазваляюць. Усе моўчкi мiма праходзяць. Вочы долу i хоць бы "дзень добры" сказалi.

– А ты, Том, паспрабуй. Ледзь толькi мы пойдзем адсюль, плату адразу зрэжуць напалову. Ты ж сам ведаеш, што гэта такое - абабраць i перацягаць цэлую тону персiкаў усяго за адзiн даляр.
– Кейсi панурыўся.
– Не... так нельга. Так сыты не будзеш. Не пракормiшся.

Ну, паспрабую як-небудзь iм усё растлумачыць.

– А мацi як твая?

– А так, нiчога. Вельмi ўжо ёй спадабаўся ўрадавы лагер. Душавыя, вада гарачая...

– Ага, я чуў пра гэта.

– Добра было там. Толькi вось працы мы не знайшлi. Мусiлi паехаць.

– Хацеў бы я пабыць у такiм лагеры, - сказаў Кейсi.
– Глянуць, як там i што. Палiсмены туды, я чуў, носа не паказваюць.

– Людзi там самi сабе палiсмены.

Кейсi здзiўлена падняў на Тома вочы.

– А непарадкi былi? Ну там бойкi, крадзеж, п'янства?

– Не, не было.

– Ну, а калi хто паводзiць сябе блага? Што ў такiх выпадках робяць?

– З лагера выганяюць.

– А часта такое здаралася?

– Не. Мы там месяц пражылi, а ўсяго адзiн выпадак быў.

Вочы ў Кейсi заблiшчалi. Ён павярнуўся да астатнiх мужчын, што сядзелi ў палатцы.

– Во, бачыце?
– усклiкнуў ён.
– Што я вам казаў? Палiсмены не столькi непарадкi спыняюць, колькi самi iх разводзяць. Дык слухай, Том, паспрабуй з людзьмi пагаварыць, няхай яны таксама забастуюць. Гэта можна было б зрабiць днi праз два. Персiкi ўсе паспелi. Растлумач iм.

Поделиться с друзьями: