Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Мацi, Том i Эл, седзячы ў кабiне, не памяталi сябе ад шчасця.
– Даўно ўжо я так не радавалася, - сказала мацi.
– Калi збяром многа персiкаў, мы, можа, i дом сабе займеем, ну хоць ноймем месяцы на два. Без дома нам нiяк нельга.
Эл сказаў:
– Я буду грошы адкладваць. Збяру трохi, перабяруся ў горад i ўладкуюся ў якiм-небудзь гаражы. Буду жыць на кватэры, есцi ў рэстаранах. У кiно кожны вечар хадзiць. Бiлеты недарагiя. На каўбойскiя фiльмы.
– Рукi яго мацней абхапiлi абаранак руля.
Вада ў радыятары забурлiла, з яго з шыпеннем пачала вырывацца пара.
– Ты залiў радыятар вадой?
– запытаўся Том.
– Залiў. Вецер у спiну, таму i кiпiць.
– Цудоўны сёння дзянёк, - сказаў Том.
– У Макалестары, бывала, працуеш, а ў думках толькi адно: як я зажыву там, на волi. Ад жыцця ўсё вазьму, хай хоць зямля гарыць пад нагамi, нi перад чым не спынюся. Як даўно, здаецца, гэта было! Быццам шмат гадоў з тае пары мiнула. Там адзiн наглядчык усё прыдзiраўся. У мяне рукi на яго свярбелi. Таму я, пэўна, такую злосць вялiкую на гэтых фараонаў маю. Усе яны быццам на адзiн твар. А ў таго морда была чырвоная. Парсюк парсюком. У яго, казалi, брат жыве недзе тут, на Захадзе. Каго выпусцяць з падпiскай, ён накiроўвае яго да брата, i яны там занiшто на яго працуюць. А заўпарцiцца хто, яго хоп!
– i назад у турму за парушэнне падпiскi. Так расказвалi.
– А ты не думай пра гэта, - мякка сказала мацi.
– Вось накупляю я ўсякай яды - мукi, топленага сала...
– Само думаецца. Адганяеш такiя думкi, а яны ўсё роўна лезуць у галаву. Там быў адзiн прыдурак. Я вам пра яго яшчэ не расказваў. Крыху хулiганiсты такi. Але бяскрыўдны. Усё задумляў уцёкi. Яму мянушку далi - Хулiган, - Том цiха засмяяўся.
– Выкiнь з галавы, - зноў папрасiла мацi.
– Давай далей, - сказаў Эл.
– Раскажы пра яго.
– А тут нiчога такога няма, мама, - сказаў Том.
– Ён увесь час рыхтаваўся да ўцёкаў. Бывала, план складзе, а маўчаць пра яго не можа, i неўзабаве ўсiм ужо ўсё вядома, нават начальнiку турмы. Толькi ён пачне ажыццяўляць свой план, а яго за ручкi i назад у камеру. I вось неяк раз ён намаляваў на паперы месца, дзе пералезцi збiраўся. Вядома ж, паказаў нам усiм, а мы - маўчок. Пасля прагулкi ён не вярнуўся, а мы маўчым. Аказваецца, ён дастаў недзе вяроўку i пералез цераз сцяну. А ўнiзе шэсць ахоўнiкаў - стаяць з вялiзным мехам напагатове. Хулiган спакойненька сабе спускаецца i трапляе проста ў раскрыты мех. Завязалi яго з галавой i так, у мяху, прывалаклi ў камеру. Усе ледзь з рогату не памерлi. А ён пасля гэтага захандрыў. Плача ўсё i плача, зусiм духам упаў i страшэнна затужыў. Вялiкая яго крыўда ўзяла. Неўзабаве шпiлькай успароў сабе вены i крывёю сцёк. Не перанёс крыўды. А сам нiкому зла не зрабiў. Якiх толькi вар'ятаў там не стрэнеш.
– Не кажы так пра людзей, - сказала мацi.
– Вось я памятаю Прыгажунчыка Флойда, я мацi яго ведала. Нiчога ў iм благога не было. Проста жыццё загнала яго ў кут.
Сонца наблiжалася да зенiту, i цень ад грузавiка змiзарнеў i бег пад коламi.
– Вунь ужо, вiдаць, i Пiкслi, - сказаў Эл.
– Толькi што праехалi ўказальнiк з надпiсам.
Яны праехалi гарадок i павярнулi на ўсход па вузейшай дарозе. Фруктовыя сады абапал шашы ператварылi яе ў калiдор.
– Думаю, ферму знойдзем лёгка, - сказаў Том.
Мацi сказала:
– Ён гаварыў, што ферма належыць Гуперу i што кожны пакажа дарогу. Вiдаць, там i крама паблiзу ёсць. Магчыма, у доўг дадуць - усё ж чацвёра працуюць. Я згатавала б добрую вячэру, толькi каб у доўг далi. Можа, нават i мяса ўволю стушу...
– I кавы вазьмi, - сказаў Том.
– I, можа, нават пачак "Дэрэма". Свайго тытуню я ўжо век, здаецца, не палiў.
Далёка наперадзе дарога была блакiравана скопiшчам машын, а ўздоўж абочын ланцугом стаялi белыя матацыклы.
– Няйначай, аварыя, - вырашыў Том.
Калi яны наблiжалiся да хваставой машыны, з-за яе выйшаў палiсмен у высокiх шнураваных чаравiках i з афiцэрскай партупеяй. Ён падняў руку, i Эл спынiў грузавiк. Палiсмен спакойна прынiк да акенца кабiны:
– Куды едзеце?
– Нам казалi, што недзе тут блiзка збiраюць персiкi, - адказаў Эл.
– На працу хочаце ўладкавацца?
– Ага, хочам, - адказаў Том.
– Добра. Пачакайце хвiлiнку.
– Палiсмен падышоў да краю дарогi i крыкнуў камусьцi наперадзе:- Яшчэ адна машына! Цяпер усяго шэсць. Прапусцiм усю калону.
Том крыкнуў яму:
– Гэй! Што тут такое?
Патрульны, не спяшаючыся, вярнуўся.
– Там нейкая затрымка. Вы не хвалюйцеся - праедзеце. Толькi без абгону.
Застракаталi матацыклетныя маторы. Машыны рушылi наперад, грузавiк Джоўдаў iшоў апошнi. Двое матацыклiстаў ехалi наперадзе, двое ззаду.
Том затрывожыўся:
– Не разумею, у чым справа.
– Можа, аб'езд, - выказаў здагадку Эл.
– Дык навошта тады гэтыя матацыклiсты? Не падабаецца нешта мне гэта.
Пярэднiя матацыклы прыбавiлi скорасць. Калона старых машын таксама пайшла шпарчэй. Эл стараўся не адстаць.
– У гэтых машынах такiя ж людзi, як мы, - сказаў Том.
– Не па нутры мне гэта.
Раптам матацыклы ў галаве калоны збочылi з шашы на пасыпаную жвiрам пад'язную дарогу. Машыны павярнулi за iмi. Матацыклы iмчалiся з аглушальным трэскам. Уздоўж дарогi, у кювеце, Том убачыў людзей - усе мужчыны, убачыў iх раскрытыя раты - вiдаць, яны нешта крычалi, убачыў iх сцiснутыя кулакi i гнеўныя твары. Нейкая тоўстая жанчына кiнулася да машын, але адзiн з матацыклiстаў перарэзаў ёй дарогу. Высокiя сеткаватыя вароты расчынiлiся, усе шэсць машын заехалi ў iх, i вароты зачынiлiся. Матацыклы развярнулiся i на вялiкай хуткасцi панеслiся назад. Цяпер, калi грукат матацыклетных матораў сцiх, сталi чутны крыкi людзей, што тоўпiлiся ў прыдарожнай канаве. За варотамi, на ўсыпанай жвiрам дарозе, былi двое з драбавiкамi. Адзiн з iх закрычаў:
– Далей, далей, давайце далей! Чаго сталi?
Машыны паехалi наперад, потым усе шэсць павярнулi налева i апынулiся ў лагеры для зборшчыкаў фруктаў. У iм было пяцьдзесят маленькiх домiкаў, падобных да скрынь - пляскаты дах, адно акенца i дзверы. Гэтыя домiкi-скрынi стаялi правiльным прамавугольнiкам. У канцы лагера ўзвышалася цыстэрна з вадой. З другога боку была маленькая бакалейная крамка. Уздоўж кожнага рада домiкаў па двое расхаджвалi людзi з драбавiкамi; на кашулях у iх былi вялiкiя сярэбраныя зоркi.
Машыны спынiлiся. Двое канторшчыкаў абышлi ўсе шэсць па чарзе.
– На працу хочаце наняцца?
– Вядома, хочам. Але што тут такое робiцца?
– Вас гэта не датычыцца. Праца вам патрэбна?
– Ну я ж сказаў.
– Прозвiшча?
– Джоўд.
– Мужчын колькi?
– Чацвёра.
– Жанчын?
– Дзве.
– Дзяцей?
– Двое.
– Працаваць усе могуць?
– Думаю, усе.
– Добра. Знайдзiце домiк нумар шэсцьдзесят тры. Плата - пяць цэнтаў за скрыню. Пабiтыя фрукты не прымаем. Ну едзьце. Адразу ж выходзьце на працу.
Машыны паехалi далей. На дзвярах кожнага домiка, афарбаванага ў чырвоны колер, быў намаляваны нумар.
– Шэсцьдзесят. Тут шасцiдзесяты, - сказаў Том.
– Значыць, крыху далей. Шэсцьдзесят адзiн, шэсцьдзесят два... Вось i наш.
Эл падвёў грузавiк да самых дзвярэй домiка. Верхнiя пасажыры саскочылi з машыны i пачалi разгублена азiрацца па баках. Да домiка падышлi двое шэрыфавых памагатых. Яны пiльна ўглядалiся кожнаму мужчыну ў твар.
– Прозвiшча?
– Джоўд, - нецярплiва адказаў Том.
– Скажыце, што тут у вас адбываецца?