ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– А што з iм за чорт, з гэтым барадачом?

Малады чалавек узяў сваю корбу i зноў пачаў прыцiраць клапан да гнязда.

– З мэрам? А бог яго ведае. Напэўна, ачмурэў.

– Як гэта - ачмурэў?

– Яго, пэўна, палiсмены так заганялi, што яшчэ i цяпер у яго ў мазгах кручэнне.

– А нашто ганяць такога?

Малады чалавек адклаў убок корбу i глянуў Тому проста ў вочы.

– А бог iх ведае, - сказаў ён.
– Ты толькi што прыехаў. Можа, ты разважыш, у чым тут справа. Адны так гавораць, другiя гэтак. Вось пажывеш крыху на адным месцы, а там заявiцца шэрыфскi памагаты i пагонiць цябе далей.
– Ён прыпадняў клапан i змазаў гняздо наждачнай масай.

– А навошта?

– Кажу ж табе - не ведаю. Некаторыя тлумачаць гэта тым, што яны нiбыта не хочуць, каб мы ў выбарах удзельнiчалi, вось i ганяюць з месца на месца. А iншыя кажуць - каб не даваць нам дапамогi. А яшчэ я такое чуў: каб мы не маглi разам сабрацца i арганiзавацца. Я ўвесь час на колах - адусюль гоняць. Пачакай, на сабе адчуеш.

– Мы не бадзягi якiя, - упарцiўся Том.
– Мы працы шукаем. Мы гатовыя на любую работу.

Малады чалавек на момант кiнуў прыладжваць корбу да шлiца клапана i здзiўлена глянуў на Тома.

– Працы шукаеце? А-а... шукаеце працы... А ўсе астатнiя чаго, па-твойму, шукаюць? Алмазаў? Я сабе ўжо ўвесь зад ушчэнт сцёр, а чаго я шукаю, як ты думаеш?
– Ён крутнуў корбу ўзад i ўперад.

Том паглядзеў на панылыя палаткi, на розную старызну i хлам каля iх, на дапатопныя машыны, на праляжаныя, камлякаватыя матрацы, вынесеныя на сонца, на закураныя бляшанкi над чорнымi ад дыму ямамi, дзе гатавалi ежу, i цiха запытаўся:

– Дык работы няма?

– Пакуль што не. Можа, пазней. Цяпер тут нiякiх ураджаяў не збiраюць. Вiнаграду рана, бавоўне таксама яшчэ рана. Мы далей едзем, вось толькi клапаны прытру. У мяне жонка i дзецi малыя. Мы чулi, далей на поўнач праца ёсць. На поўнач i паедзем, да Салiнаса, што недалёка ад узбярэжжа.

Том бачыў, як дзядзька Джон, бацька i прапаведнiк нацягваюць на жэрдкi брызент, а мацi, апусцiўшыся пад iм на каленi, змятае пыл з матрацаў. Новых суседзяў кальцом абкружылi людзi, басаногiя, мурзатыя, i моўчкi сачылi, як яны асталёўваюцца. Том сказаў:

– Там у нас раздавалi лiсткi - такiя аранжавыя. У iх пiсалася, што тут патрэбна многа народу на збор ураджаю.

Малады чалавек засмяяўся:

– Тут кажуць, трыста тысяч такiх, як мы, i iду ў заклад, што сярод iх не знойдзецца i адной сям'i, якая не бачыла гэтых лiсткоў.

– Так, але калi iм не патрэбныя людзi, навошта яны друкуюць такое?

– А ты паварушы, паварушы мазгамi.

– Добра, але ўсё ж скажы.

– Слухай, - сказаў малады чалавек.
– Дапусцiм, ты прапануеш работу, а ахвотнiк на яе знайшоўся толькi адзiн. Значыць, колькi ён запросiць, столькi ты яму i дасi. А дапусцiм, ахвотнiкаў сотня.
– Ён адклаў iнструмент убок. Пагляд яго пасуравеў, голас загучаў рэзка: - Дапусцiм, сто чалавек хочуць атрымаць гэту работу. I дапусцiм, у iх ёсць дзецi, i дзецi сядзяць галодныя. За паршывы дзесяцiцэнтавiк iх можна накармiць маiсавай кашай. Дапусцiм нават, што i за пяць купiш дзецям мiску чаго-небудзь. I такiх, як ён, цэлая сотня. Прапануй iм пяць цэнтаў, i яны з-за гэтай нiкелевай манеты горла адзiн аднаму перагрызуць. Ведаеш, колькi мне плацiлi на апошнiм месцы? Пятнаццаць цэнтаў у гадзiну. За дзесяць гадзiн паўтара даляра, а жыць там паблiзу не дазвалялi. На адну дарогу колькi бензiну перапалiш.
– Ён душыўся ад гневу, вочы гарэлi нянавiсцю.
– Вось таму лiсткi гэтыя i друкуюць. А на тыя грошы, якiя гаспадары зэканомяць, плацячы па пятнаццаць цэнтаў за цяжкую працу ў полi, можна чортаву процьму такiх лiсткоў навыпускаць.

Том сказаў:

– Во дзярмо.

Малады чалавек з'едлiва засмяяўся:

– А ты пажывi тут крыху i, калi ўчуеш дзе водар ружаў, паклiч мяне, я таксама панюхаю.

– Але ж павiнна дзе-небудзь тут быць работа, - не здаваўся Том.
– Божа мой, колькi тут усяго - фруктовыя сады, вiнаграднiкi, агароды! Я ж бачыў. На ўсё гэта людзi патрэбныя. Я ўсё сваiмi вачамi бачыў.

З палаткi, каля якой стаяла машына, пачуўся плач дзiцяцi. Малады чалавек пайшоў у палатку, i за брызентам пачуўся яго цiхi голас. Том узяў корбу, прыладзiў яе да шлiца клапана i пачаў прыцiраць яго, водзячы рукой то ў адзiн, то ў другi бок. Дзiця перастала плакаць. Малады чалавек выйшаў з палаткi i стаў каля Тома, сочачы за яго работай.

– А ты ведаеш справу, - сказаў ён.
– Гэта добра. Яшчэ прыдасца.

– Ну а ўсё ж такi як наконт таго, што я гаварыў?
– напомнiў Том.
– Я бачыў, колькi тут усяго расце.

Малады чалавек прысеў каля яго на кукiшкi.

– Вось што я табе скажу, - пачаў ён цiха.
– Ёсць тут паблiзу персiкавы сад - вялiзны, канца-краю няма. Я ў iм працаваў. Круглы год яго даглядаюць дзевяць чалавек.
– Ён шматзначна памаўчаў.
– А калi персiкi паспяваюць, туды патрэбны на два тыднi тры тысячы рабочых. Столькi не знойдуць - усё пагнiе. Дык што яны робяць? Рассылаюць гэтыя лiсткi, куды толькi могуць. Iм патрэбны тры тысячы, а прыязджае цэлых шэсць. I гаспадар колькi захоча, столькi i плацiць. А не хочаш працаваць за такую плату, воля твая - месца тваё гатова заняць тысяча чалавек. I вось ты рвеш i рвеш гэтыя персiкi з дрэў, i нарэшце канец - усе дрэвы голыя. А там паўсюль адны толькi персiкi i растуць. I паспяваюць яны адной парой. Калi фрукты ўжо знятыя, дык усе да апошняга. Больш ва ўсёй акрузе рабiць няма чаго. Гаспадары не хочуць, каб ты там цяпер тырчаў. А такiх, як ты, тры тысячы. Усё, праца скончылася. Хто цябе ведае - можа, ты злодзей, можа, ты п'янiца цi дэбашыр. Да таго ж i выгляд у цябе не вельмi самавiты - тулiшся ў пашарпанай палатцы; край цудоўны, а ад цябе смурод iдзе. Няма чаго тут швэндацца. Ну i гоняць цябе ў шыю - далей, далей. Вось яно як.

Том глянуў у бок сваёй палаткi i ўбачыў мацi - ледзь рухаючыся ад стомы, яна распальвала невялiкае вогнiшча i ставiла на агонь кацялкi. Кола дзяцей падступiла блiжэй, i спакойныя, шырока расплюшчаныя дзiцячыя вочы сачылi за кожным рухам яе рук. Зусiм састарэлы згорблены дзядок выпаўз, як барсук, з адной палаткi i пайшоў да iх, на хаду прынюхваючыся да пахаў. Закiнуўшы рукi за спiну, ён стаў разам з дзецьмi назiраць, што робiць мацi. Руцi з Уiнфiлдам не адыходзiлi ад мацi, ваяўнiча пазiраючы на чужакоў.

Том рашуча сказаў:

– Персiкi трэба адразу абiраць, так? Як толькi паспеюць?

– Ну вядома.

– А што, калi ўсiм згаварыцца i заявiць: "Няхай гнiюць"? Тады яны, як мiленькiя, плату адразу павысяць!

Малады чалавек адарваў вочы ад клапанаў i з'едлiва глянуў на Тома.

Нiчога не скажаш, прыдумаў! Сваiм розумам дайшоў?

– Я зусiм выматаўся, - адказаў Том.
– Усю ноч за рулём сядзеў. Не хочацца ўцягвацца ў спрэчку. Так стамiўся, што ад любой дробязi магу ўскiпець. Ты лепш не задзiрайся. Адказвай, калi ў цябе пытаюцца.

Малады чалавек шырока ўсмiхнуўся:

– Ды я проста так. Ты толькi што прыехаў. А людзi тут ужо ўсё зразумелi. I тыя, у каго персiкавыя сады, таксама ўсё разумеюць. Вось паслухай: каб з'яднацца, важак патрэбен, без яго нiяк нельга - нехта ж павiнен гаварыць i тлумачыць. А варта яму толькi рот раскрыць, яго зараз жа хоп!
– i за краты. А вынырне хто другi, яны i яго раз!
– i за краты.

Том сказаў:

– Што ж, арыштанта, прынамсi, хоць кормяць.

– А дзяцей яго - не. Табе б так падабалася - ты сядзiш сабе ў турме, а дзецi твае з голаду памiраюць?

– Во-о як, - працягнуў Том.
– Во-о як...

– I яшчэ адно. Пра чорныя спiсы ты чуў?

– I што гэта такое?

– А вось палезь у пастку - заiкнiся толькi наконт таго, каб усiм дзейнiчаць заадно, адразу пазнаеш. З цябе зробяць здымак i разашлюць ва ўсе канцы. Тады ўжо работы нiдзе не знойдзеш. А калi ў цябе яшчэ i дзецi ёсць...

Том зняў з галавы кепку i пачаў камечыць яе ў руках.

– Хм... значыць, што падвернецца, тое i бяры або здыхай з голаду. А пасмееш хоць пiкнуць - здохнеш як пiць даць.

Поделиться с друзьями: