Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ад майго хлапчука так i тхне тушонкай. Гэта вы яму далi, ён мне сказаў. Тушаным мясам надумалi хвалiцца. Няма чаго гэтым хвалiцца. Я i так ледзь не разрываюся, а тут яшчэ мой блазан прыбягае i пытаецца: "А чаму ў нас няма мяса?" - Голас жанчыны дрыжаў ад шаленства.
Мацi падышла да яе.
– Вы сядайце, - сказала яна.
– Прысаджвайцеся, пагаворым.
– I не думаю. Я стараюся хоць як-небудзь накармiць сям'ю, а вы тут са сваёй тушонкай лезеце.
– Сядайце, сядайце, - запрашала мацi.
– Больш у нас мяса не будзе, аж пакуль мы работы не знойдзем. Вось каб вы варылi мяса i малыя дзецi абступiлi вас з усiх бакоў, што б вы рабiлi? Нам i самiм было мала, ды хiба адмовiш дзецям, калi яны пазiраюць на цябе такiмi вачамi?
Рукi жанчыны ўпалi з клубоў. Яна дапытлiва паглядзела ў твар мацi, потым павярнулася, шпарка пакрочыла прэч i, увайшоўшы ў сваю палатку, захiнула за сабой полкi. Мацi правяла яе позiркам i зноў апусцiлася на каленi перад горкай алавяных талерак.
Да палаткi паспешлiва падышоў Эл.
– Том!
– гукнуў ён.
– Ма, Том тут?
Том высунуў галаву з-пад брызенту.
– Чаго табе?
– Хадзем са мной, - усхвалявана сказаў Эл.
Яны пайшлi разам.
– Што здарылася?
– запытаўся Том.
– Пацярпi, зараз даведаешся.
– Эл падвёў яго да машыны з разабраным блокам.
– Гэта Флойд Ноўлс, - сказаў ён.
– Мы з iм ужо гаварылi. Ну, як справы?
– Ды вось канчаю, - адказаў Флойд.
Том правёў пальцам па галоўцы блока.
– Ну кажы, Эл, што там у цябе за тайна.
– Толькi што Флойд мне сказаў... Раскажы яму сам, Флойд.
Флойд пачаў:
– Можа, лепш было б памаўчаць... але добра, скажу. Тут адзiн прыехаў, кажа, работа ёсць - далей на поўнач.
– На поўнач?
– Ага. Ёсць месца такое - далiна Санта-Клара. Далёка, чорт ведае дзе.
– А работа якая?
– Збор слiў, груш, кансерваванне. Кажа, хутка ўсё паспее.
– А ўсё ж, як далёка?
– дапытваўся Том.
– А чорт яго ведае. Мiль дзвесце, пэўна.
– Сапраўды чорт ведае дзе, - сказаў Том.
– А чаму ты думаеш, што да нашага прыезду там будзе работа?
– Напэўна сказаць нiхто не можа, - адказаў Флойд.
– Але ж тут усё роўна нiчога не знойдзеш, а чалавек гэты кажа, што атрымаў лiст ад брата, i той ужо ў дарозе. Нiкому казаў нiчога не гаварыць, а то ўсе кiнуцца туды. Давядзецца выязджаць ноччу. Раней прыедзеш, можа, работу дадуць.
Том уважлiва прыглядаўся да Флойда.
– Нашто ж так, крадучыся?
– А на тое, што, калi ўсе рушаць туды, работы не хопiць.
– Усё ж далекавата, каб на яго чорт, - сказаў Том.
Флойд закрыўдаваў:
– Я з табой па-сяброўску падзялiўся. Можаш не ехаць. Твой брат тут мне памог, таму я i сказаў вам.
– Ты ўпэўнены, што ў гэтым наваколлi работы няма?
– Слухай, я тры днi тут кручуся, дзе толькi нi быў, i каб хоць што трапiлася - нiдзе нiчога. Калi хочаш сам пашукаць i спалiць чорт ведае колькi бензiну, што ж, давай! Я не прашу вас ехаць са мной. Чым больш народу туды наедзе, тым меней шанцаў у мяне.
Том сказаў:
– Я нiчога такога не гавару. Толькi вельмi ж далёка. Мы спадзявалiся папрацаваць тут, дамок арандаваць.
Флойд цярплiва сказаў:
– Вы толькi што прыехалi, я разумею. Вам яшчэ шмат чаму трэба павучыцца. Калi паслухаеце мяне, вы толькi выйграеце. А не - вучэнне абыдзецца вам даражэй. Асесцi тут вы не спадзявайцеся, бо ў гэтых месцах сталай работы нiдзе няма. Страўнiк пагонiць вас далей. Ну вось, цяпер сказаў вам усё начыстую.
– Трэба ўсё ж пашукаць, - заклапочана сказаў Том.
Да суседняй палаткi пад'ехала закрытая легкавая машына. З яе вылез чалавек у камбiнезоне i сiняй кашулi. Флойд крыкнуў яму:
– Ну як, добра з'ездзiлi?
– Нiякай работы нiдзе ў гэтым чортавым краi няма i не будзе, пакуль не саспее бавоўна.
– I чалавек пайшоў у падраную палатку.
– Вось бачыш?
– сказаў Флойд Тому.
– Ага, бачу. А ўсё ж дзвесце мiль!
– Вы пакуль што яшчэ нiдзе не прыстроiлiся. Думайце - вырашайце.
– Лепш паехаць, - сказаў Эл.
– А тут калi будзе работа?
– запытаўся Том у Флойда.
– Недзе праз месяц пачнецца збор бавоўны. Калi ў вас ёсць запас грошай, чакайце.
– Мацi ехаць не захоча, яна вельмi стамiлася, - сказаў Том.
Флойд пацiснуў плячамi:
– Я вас на поўнач не ганю. Рабiце, як вам лепей. Што чуў, тое i перадаў вам.
– Ён падняў з падножкi прамасленую пракладку, акуратна прыладзiў яе да блока i прыцiснуў.
– Ну, - сказаў ён Элу, - давай памажы паставiць крышку.
Том назiраў, як яны асцярожна насунулi цяжкую крышку блока на шпiлькi i мякка апусцiлi.
– Трэба параiцца са сваiмi, - прагаварыў ён.
Флойд сказаў:
– Толькi каб нiхто, акрамя вашых, нiчога пра гэта не ведаў. Я толькi вам. Калi б твой брат не памог мне з машынай, я i з вамi не падзялiўся б.
– Што ж, вялiкi табе дзякуй. Трэба ўсё добра абдумаць. Магчыма, i паедзем.
Эл сказаў:
– Паедуць туды нашы цi не, я ўсё роўна паеду, далiбог. На спадарожных машынах дабяруся.
– А сям'ю кiнеш?
– запытаўся Том.
– I што тут такога? Я вярнуся з поўнымi кiшэнямi грошай. А чаму i не?
– Мацi на гэта згоды не дасць, - сказаў Том.
– I бацька таксама.
Флойд паставiў гайкi на балты i закруцiў iх, колькi мог, пальцамi.
– Мы з жонкай выехалi разам з усiмi нашымi, - сказаў ён.
– Там, дома, нам i ў галаву не прыйшло б ад сваiх адбiвацца. Проста пра такое мы i думаць не маглi. Але калi мы ўсёй сям'ёй заехалi крыху далей на поўнач, я вярнуўся сюды, а яны рушылi далей, i цяпер адзiн бог ведае, куды iх занесла. З таго часу я iх усё шукаю, паўсюль пра iх пытаюся.
– Флойд абхоплiваў гайкi ключом i раўнамерна падкручваў адну за адной.
Том апусцiўся на кукiшкi каля машыны i кiнуў беглы позiрк на рады палатак, мiж якiх была пратаптана ў траве сцяжынка.
– Не, даражэнькi, - сказаў ён, - мацi цябе не адпусцiць.
– А, па-мойму, аднаму лягчэй працу знайсцi.
– Можа, i лягчэй, толькi яна згоды не дасць.
Да лагера падкацiлi дзве перапоўненыя машыны, у людзей, што сядзелi ў iх, выгляд быў панылы. Флойд падняў вочы, але не спытаўся, цi добра з'ездзiлi. На iх запыленых тварах адбiвалiся смутак i адначасова ўпартасць. Сонца хiлiлася на захад, i жоўтае яго святло залiвала Гувервiль i вярбняк за iм. Дзецi пачалi выходзiць з палатак i разбрыдацца па лагеры. Жанчыны таксама выходзiлi i бралiся распальваць маленькiя вогнiшчы. Мужчыны збiралiся невялiкiмi групамi i, прысеўшы на кукiшкi, заводзiлi гаворку.