ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Так, гэта ўсё, - сказаў шэрыфскi памагаты.
– Каб заўтра да ранiцы тут нi жывой душы не было.

Падрадчык сеў у машыну.

– А ты, - сказаў шэрыфскi памагаты Флойду, - лезь у машыну.
– Ён падняў вялiкую пяцярню i схапiў Флойда за левы локаць. Флойд крутнуўся i вырваўся, а правым кулаком ударыў у шырокi твар i кiнуўся наўцёкi, пятляючы мiж палатак. Агент захiстаўся, i тут Том даў яму падножку. Палiсмен грымнуўся на дол i перавалiўся на бок, хапаючыся за пiсталет. Флойд бег, то хаваючыся за палаткамi, то зноў паказваючыся. Лежачы, палiсмен стрэлiў. Нейкая жанчына каля адной з палатак пранiзлiва ўскрыкнула i глянула на сваю руку - костачак як не было, а пальцы вiселi, быццам на нiтачках, на далонi, якая стала белая, бяскроўная. У далёкiм канцы лагера мiльганула постаць Флойда, якi iмчаўся да вербняку. Шэрыфскi агент прыўзняўся, сеў на зямлi, зноў падняў пiсталет, i тут раптам з натоўпу выступiў прападобны Кейсi. Ён ударыў палiсмена нагой па шыi i адступiў назад, пазiраючы на грузнага чалавека, якi ў непрытомнасцi ляжаў на зямлi.

Пачулася выццё матора, i "шэўрале" памчаўся прэч, узнiмаючы клубы пылу. Машына ўз'ехала на шашу i, як куля, знiкла з вачэй. Жанчына ўсё яшчэ пазiрала на сваю пакалечаную руку. З раны паволi сачылася кроў. З горла жанчыны вырваўся перарывiсты крык, i яна зайшлася iстэрычным смехам, якi з кожным пераводам дыхання рабiўся ўсё гучнейшы.

Шэрыфскi агент ляжаў на баку, уткнуўшыся ротам у пыл.

Том падняў з зямлi пiсталет, выняў магазiн i шпурнуў яго ў кусты. Потым выкiнуў з патроннiка зарад.

– Такiм нельга даваць у рукi зброю, - сказаў ён i кiнуў пiсталет на зямлю.

Жанчыну з раздробленай кiсцю рукi абкружыў натоўп. У прыпадку iстэрыкi, якая ўсё мацней авалодвала ёю, яна цяпер вiсклiва смяялася.

Кейсi падышоў блiзка да Тома.

– Ты зараз жа iдзi адсюль, - сказаў ён.
– Схавайся ў вербняку i перачакай там. Ён не бачыў, хто яго ўдарыў, а тваю падножку бачыў.

– Нiкуды я не пайду, - адказаў Том.

Кейсi прашаптаў яму на вуха:

– У цябе возьмуць адбiткi пальцаў. Ты парушыў абавязацельства. Пашлюць назад у турму.

Том ледзь чутна перавёў дух.

– А чорт! Я i забыўся.

– Не марудзь, - сказаў яму Кейсi.
А то ён ачуняе.

– Прыхапiць бы яго пiсталет, - сказаў Том.

– I не думай. Нi ў якiм разе. Калi ўсё абыдзецца, я табе свiсну чатыры разы.

Том няспешна адышоў убок, потым прыбавiў кроку i неўзабаве знiк у вербняку, якiм зарос бераг ракi.

Эл падышоў да палiсмена, якi ляжаў на зямлi.

– А божухна мой!
– усклiкнуў Эл у захапленнi.
– Здорава ж ты яго!

Людзi ў натоўпе ўсё яшчэ пазiралi на непрытомнага чалавека на зямлi. I раптам аднекуль здалёку пачулася сiрэна, завыла i сцiхла, потым зноў завыла ўжо блiжэй. Людзi затрывожылiся. Патапталiся на месцы i пачалi разыходзiцца ў розныя бакi - кожны ў сваю палатку. Засталiся толькi Эл i прапаведнiк.

Кейсi павярнуўся да Эла:

– Iдзi адсюль. Iдзi ў сваю палатку. Ты нiчога не бачыў i не ведаеш.

– Я? А сам ты як?

Кейсi ўсмiхнуўся яму шырокай усмешкай:

– Трэба ж каму-небудзь браць вiну на сябе. Дзяцей у мяне няма. Ну пасяджу я ў турме. Ад мяне ўсё роўна карысцi вам нiякай, кручуся толькi тут пад нагамi.

– Гэта яшчэ не прычына, каб...

– Iдзi, iдзi, - рэзка перабiў Эла Кейсi.
– Не ўблытвайся ў гэту справу.

Эл заўпарцiўся:

– Я нiкому не дазволю сабой камандаваць.

Кейсi спакойна сказаў:

– Калi ты ўлiпнеш у гэта, пацерпяць усе вашы, уся ваша сям'я. Пра цябе ў мяне клопаты малыя. А вось мацi твая i бацька праз гэта могуць зведаць гора. Тома зноў могуць адправiць у Макалестар.

Эл на хвiлiнку задумаўся. Потым сказаў:

– Добра. А ўсё ж ты дурны, як баран.

– Ну i няхай, - адказаў Кейсi.
– Дурны дык дурны.

Сiрэна не пераставала завываць, i з кожным разам выццё яе наблiжалася. Кейсi апусцiўся на калена каля палiсмена i перавярнуў яго на спiну. Той застагнаў i залыпаў вачыма, сiлячыся што-небудзь убачыць. Кейсi сцёр пыл з яго губ. Людзi сядзелi па сваiх палатках, апусцiўшы крыссе ўвахода. Вячэрняе сонца афарбавала паветра ў чырвань, а шэрыя брызентавыя палаткi ў бронзу.

На шашы вiскнулi шыны, з яе з'ехала адкрытая машына i падкацiла да лагера. З машыны выскачылi чатыры чалавекi з вiнтоўкамi ў руках. Кейсi падняўся i падышоў да iх.

– Што тут у вас робiцца?
– запытаўся адзiн.

– Я збiў вашага чалавека, - адказаў Кейсi.

Адзiн з тых, што прыехалi, падышоў да распасцёртага на зямлi палiсмена.

– А што здарылася?

– Ды вось, - сказаў Кейсi, - ён тут разбушаваўся, i я яго ўдарыў. Ён страляць пачаў - паранiў жанчыну. I я зноў яго ўдарыў.

– А з чаго ўсё пачалося?

– Я не вельмi далiкатна з iм гаварыў.

– Давай у машыну.

– Добра, - сказаў Кейсi i залез на задняе месца.

Двое з прыезджых памаглi палiсмену падняцца з зямлi. Ён асцярожна пакратаў пальцамi шыю.

Кейсi сказаў:

– Там у палатцы жанчына крывёю сцякае ад яго меткай стральбы.

– Пазней зоймемся ёю. Джо, хто цябе ўдарыў - гэты?

Яшчэ не ачуняўшы як след, палiсмен тупа ўтаропiўся на Кейсi.

– Нешта не пазнаю.

– Гэта быў я, што тут хавацца, - сказаў Кейсi.
– Ты памылiўся - не на таго напаў.

Джо паволi пакруцiў галавой:

– Не, па-мойму, гэта быў не ты. Ай, божа мой, як мне млосна!

Кейсi сказаў:

– Са мной усё ясна. Вы лепш iдзiце паглядзiце, што з той жанчынай.

– А дзе яна?

– У той вунь палатцы.

Старшы з памагатых шэрыфа з вiнтоўкай у руцэ пакрочыў да палаткi. Падышоўшы, нешта сказаў праз брызент i ўвайшоў. Неўзабаве ён выйшаў, вярнуўся да машыны i з налётам гордасцi сказаў:

– Во, чорт, што можа нарабiць сорак пяты калiбр! Ёй жгут наклалi. Мы доктара прышлём.

Двое палiсменаў селi па баках Кейсi. Старшы нацiснуў на ражок сiрэны. Лагер нiбы вымер. Полкi палатак былi шчыльна захiнутыя, людзi не паказвалiся. Загуў матор, машына развярнулася i паехала з лагера. Кейсi сядзеў мiж канваiрамi, высока ўзняўшы галаву на сваёй жылiстай шыi. На губах у яго застыла слабая ўсмешка, на твары быў нейкi дзiўны трыумфальны выраз.

Калi палiсмены паехалi з лагера, людзi павыходзiлi з палатак. Сонца зайшло, i на лагер апусцiлася сiняватае вячэрняе сутонне. Горы на ўсходзе яшчэ жаўцелi ў сонечных промнях. Жанчыны вярнулiся да сваiх патухлых вогнiшчаў. Мужчыны зноў сабралiся купкамi i, седзячы на кукiшках, цiха загаварылi.

Эл вылез з-пад брызентавага навеса i пашыбаваў да вербняку - свiснуць Тому. Мацi таксама выйшла i зноў узялася распальваць вогнiшча з голля.

– Бацька, - сказала яна, - я вам многа не дам. Сёння мы позна снедалi.

Поделиться с друзьями: