ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Дайце наламаю вам сучча, мэм.

Мацi падняла галаву ад кацялка:

– Вiдаць, хочаш есцi папрасiць?

– Так, мэм, - спакойна адказала дзяўчынка.

Мацi падсунула сучча пад кацялок, i агонь цiха загудзеў.

– Ты сёння не снедала?

– Не, мэм. Тут нiякай работы няма. Та хоча прадаць што-небудзь з пажыткаў, купiць бензiну i паехаць далей.

Мацi зноў зiрнула на яе:

– Астатнiя таксама не снедалi?

Дзецi бянтэжлiва пераступiлi з нагi на нагу i адвялi вочы ад кацялка, ад якога iшла пара. Адзiн маленькi хлопчык пахвалiўся:

– Я снедаў... i брацiк мой таксама... i вось гэтыя двое, сам бачыў. Мы добра пад'елi. Вечарам паедзем далей на поўдзень.

Мацi ўсмiхнулася:

– Значыць, вы не галодныя. А то на ўсiх не хопiць.

Хлопчык выпнуў нiжнюю губу.

– Мы добра пад'елi, - паўтарыў ён i раптам крута павярнуўся, пабег i нырнуў у сваю палатку. Мацi так доўга глядзела яму ўслед, што дзяўчынка вырашыла напомнiць ёй:

– Агонь зусiм патух, мэм. Я распалю яго, калi хочаце.

Руцi з Уiнфiлдам стаялi сярод дзяцей, стараючыся захаваць спакой i годнасць. Яны трымалiся адчужана i, разам з тым, як гаспадары. Руцi глянула на дзяўчынку халоднымi, злоснымi вачамi, потым прысела каля агню i стала ламаць галiнкi.

Мацi зняла накрыўку з кацялка, памяшала мяса палачкай.

– Вось i добра, што вы не ўсе галодныя. Той маленькi хлопчык напэўна ж не галодны.

Дзяўчынка насмешлiва ўсмiхнулася:

– Хто - ён? Проста выхваляецца. Падумаеш, нос задраў! Калi ў iх на вячэру нiчога няма, ведаеце, што ён выдумляе? Учора вечарам выйшаў з палаткi i кажа: мы курыцу елi. А як жа! Я яшчэ раней зазiрнула да iх у палатку i бачыла, што ў iх было на вячэру: адны аладкi, як i ва ўсiх у нас.

– А-а...
– Мацi кiнула позiрк на палатку, у якую шмыгнуў маленькi хлопчык, i запыталася ў дзяўчынкi: - А вы даўно ў Калiфорнii?

– Ну, месяцаў шэсць. Спачатку мы жылi ва ўрадавым лагеры, потым паехалi далей, на поўдзень, а калi вярнулiся, там было ўжо поўна. Во дзе жыць добра, я вам скажу.

– Дзе гэта?
– запыталася мацi i, узяўшы з рук Руцi наламаныя галiнкi, паклала iх у агонь. Руцi з нянавiсцю зiрнула на дзяўчынку.

– А там, каля Ўiдпэтча. Там i прыбiральнi добрыя, i душавыя ёсць, бялiзну можна памыць у начоўках, вада блiзка - добрая, пiтная, па вечарах музыка iграе, а ў суботу вечарам танцы. О, вы нiдзе такога не бачылi. I дзецям ёсць пляцоўка, а ў прыбiральнях папера. Пацягнеш ручку ўнiз, вада туды льецца, i палiсмены нiякiя не лезуць у палаткi, а той дзядзька, што начальнiкам там ходзiць, далiкатны такi - зойдзе ў госцi, добра пагаворыць i зусiм не ганарысты. Хацела б я яшчэ там пажыць.

Мацi сказала:

– Першы раз чую пра такi лагер. Я з радасцю памыла б бялiзну ў такой пральнi, далiбог, праўда.

Дзяўчынка з захапленнем гаварыла:

– У iх, а божачкi, гарачая вада iдзе проста па трубах, станеш пад душ, i так цёпленька робiцца i прыемна. Такога лагера нiдзе больш няма.

Мацi запыталася:

– Там цяпер поўна, кажаш?

– Ага. Калi мы апошнi раз заехалi, усё было занята.

– Вялiкiя, пэўна, грошы бяруць, - прамовiла мацi.

– Так. Але калi грошай няма, дазваляюць адпрацоўваць - па дзве гадзiны ў тыдзень: на ўборку пасылаюць, скрынкi для смецця чысцiць. Ну, усякае такое. А вечарам музыка iграе, людзi пагутарыць збiраюцца, а гарачая вада дык проста па трубах бяжыць. Вы такога лагера нiколi не бачылi.

– Хацела б я паехаць туды, - сказала мацi.

Тут Руцi ўжо не стрымалася i са злосцю выпалiла:

– А ў нас бабка памерла проста на грузавiку.
– Дзяўчынка здзiўлена паглядзела на яе.
– Так, так, проста на грузавiку, i следчы яе забраў.
– Руцi моцна сцяла губы i наламала яшчэ невялiкую кучку сухiх сучкоў.

Уiнфiлд заморгаў вачамi, уражаны смелым выпадам Руцi.

– Проста на грузавiку, - паўтарыў ён за ёю.
– А следчы запiхнуў яе ў вялiкi кош.

– Сцiхнiце вы абое, - умяшалася мацi, - а то шугану вас адсюль, - i падкiнула ў агонь сучча.

На другiм канцы лагера Эл падышоў паглядзець на прыцiрку клапанаў.

– Бачу, канчаеш ужо, - сказаў ён.

– Яшчэ два засталiся.

– А дзяўчаты тут ёсць?

– У мяне жонка, - адказаў малады чалавек.
– На дзяўчат у мяне часу не хапае.

– А ў мяне заўсёды хапае, - сказаў Эл.
– На што iншае - няма, а на гэта ёсць.

– А ты пагаладай, тады другое запяеш.

Эл засмяяўся:

– Усё можа быць. А пакуль што ў мяне такi настрой.

– Я тут разгаварыўся з адным. Ён з вамi прыехаў?

– З намi.. Гэта мой брат, Том. Ты з iм глядзi, не надта. Ён чалавека забiў.

– Забiў чалавека? За што?

– Мiж iмi бойка была. Той пырнуў яго нажом. А Том яму па галаве рыдлёўкай.

– Праўда? А суд быў?

– Быў. Адпусцiлi, бо здарылася гэта ў бойцы.

– На задзiраку ён не падобны.

– Ды не, якi ён задзiрака. Але Том нiкому не спусцiць.
– У голасе Эла прагучаў гонар.
– Том чалавек спакойны. I ўсё-такi будзь з iм асцярожны.

– Што ж... Мы з iм пагаварылi. Мне здалося, ён не зласлiвы.

– Не, не зласлiвы. Ён цiхi, пакуль яго не давядуць, а тады ўжо сцеражыся!
– малады чалавек узяўся за апошнi клапан.
– Давай дапамагу паставiць клапаны, i галоўку надзенем.

– Ну памажы, калi табе больш рабiць няма чаго.

– Някепска было б паспаць, - сказаў Эл, - ды толькi варта мне ўбачыць разабраную машыну, i рукi самi цягнуцца да яе. Не магу ўтрымацца.

– За дапамогу буду табе вельмi ўдзячны, - сказаў малады чалавек.
– Мяне завуць Флойд Ноўлс.

– А я Эл Джоўд.

– Вельмi рады пазнаёмiцца.

– Я таксама. Пракладку пакiнеш старую?

– Давядзецца, - адказаў Флойд.

Эл дастаў з кiшэнi складны ножык i паскроб iм блок рухавiка.

– Эх, - сказаў ён, - нiчога на свеце так не люблю, як пакапацца ў машыне.

– А дзяўчат?

– О, i дзяўчат! Вось каб разабраць "ролс-ройс", а потым зноў сабраць! Адзiн раз удалося зазiрнуць пад капот шаснаццацiцылiндравага "кадылака", i, божа мой, такога цуду ты ў жыццi не бачыў! Iду я па вулiцы ў нас, у Салiса, i бачу - стаiць шаснаццатка каля рэстарана, i я падняў капот. I тут выходзiць з рэстарана нейкi дзядзька i кажа: "Ты што тут робiш?" А я яму: "Проста гляджу. Цудоўная машына, праўда?" А ён стаў побач са мной i стаiць. Пэўна, сам нiколi ў яе не заглядаў. Стаў i стаiць. Багаты такi, у саламяным капелюшы. Кашуля ў палоску, акуляры. Нiчога адзiн аднаму не гаворым. Проста глядзiм. А потым ён раптам пытаецца: "Хацеў бы павадзiць?"

Флойд сказаў:

– Так я табе i паверыў!

– Далiбог, праўда. "Хацеў бы павадзiць?" А я ў джынсах, у брудных. Кажу яму: "Запэцкаю сядзенне". А ён: "Садзiся. Аб'едзем квартал". I, павер, я сем цi восем разоў вакол квартала аб'ехаў. Божа, што за машына!

– Шык?

– Яшчэ якi! Разабраць бы яе ўсю на частачкi... я за гэта... не ведаю, што аддаў бы.

Рука Флойда перастала тузацца ўзад i ўперад. Ён выняў апошнi клапан з гнязда i агледзеў яго.

– Ты лепш прывыкай да драндулетаў, - сказаў ён.
– Шаснаццатку табе наўрад цi калi прыйдзецца вадзiць.
– Флойд паклаў корбу на падножку i пачаў счышчаць стамескай нагар на галоўцы блока.

Поделиться с друзьями: