ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Малады чалавек абвёў рукою шырокi круг, паказваючы на падраныя палаткi i пабiтыя ржой аўтамашыны.

Том зноў глянуў на мацi - цяпер яна абiрала бульбу. Дзецi падступiлi да яе яшчэ блiжэй. Ён сказаў:

– Не, я на такое не згодзен. Мы, каб на iх чэрцi, не авечкi. Вось вазьму i дух выб'ю з каго-небудзь.

– Можа, з палiсмена?

– Ды хоць з каго.

– Ты чокнуты, - сказаў малады чалавек.
– З табой умомант расправяцца. Нi iмя ў цябе няма, нi маёмасцi нiякай. Знойдуць цябе ў канаве, калi ўжо кроў на твары запячэцца. А ў газеце надрукуюць толькi адзiн маленькi радочак - ведаеш якi? "Знойдзены труп бадзягi".

Том сказаў:

– Каля гэтага бадзягi яшчэ аднаго мерцвяка знойдуць.

– Ты чокнуты, - паўтарыў малады чалавек.
– I што ты гэтым дакажаш?

– Ну, а ты што наважыў?
– Том паглядзеў на вымазаны тавотам твар; вочы ў маладога чалавека быццам туманам завалакло.

– Нiчога. Вы адкуль?

– Мы? З-пад Салiса, Аклахома.

– Нядаўна прыехалi?

– Толькi сёння.

– I доўга тут думаеце заставацца?

– Хто ведае. Дзе знойдзем працу, так i асядзем. А што?

– А нiчога, - адказаў малады чалавек, i вочы ў яго зноў затуманiлiся.

– Пайду пасплю, - сказаў Том.
– Заўтра зрання паедзем работу шукаць.

– Што ж, паспрабуйце.

Том павярнуўся i пакрочыў да сваёй палаткi.

Малады чалавек узяў бляшанку з наждачнай маззю для прыцiркi клапанаў i запусцiў у яе палец.

– Гэй!
– раптам крыкнуў ён услед Тому. Той азiрнуўся.

– Што табе?

– Хачу нешта сказаць.
– Малады чалавек паманiў Тома пальцам, вымазаным маззю.
– Проста хачу табе нешта сказаць. Ты не лезь на ражон. Памятаеш таго ачмурэлага?

– З той вунь халупкi?

– Ага... прыдуркаваты такi... нiчога не цямiць.

– Ну i што?

– Калi сюды заявяцца палiсмены, а яны часцяком да нас наведваюцца, i ты такiм прыкiнься. Маўчы - нiчога не ведаеш, нiчога не разумееш. Палiсмены толькi такiх нас i церпяць. I рукам волi не давай - гэта проста самагубства. Зрабi выгляд, што ты ачмурэў ад страху.

– Дык што - няхай палiсмен што хоча, тое i робiць з табой, а ты маўчы?

– Ды не, што ты. Я зазiрну да цябе вечарком. Можа, i не след мне гэтага рабiць. Паўсюль шпiкi. Я iду на рызыку, у мяне ж малое дзiця. Але ўсё роўна зайду. А ты, калi ўбачыш палiсмена, прыкiнься дурнем, гэткiм Окi, зразумеў?

– Што ж, гэта можна, калi справу рабiць, - адказаў Том.

– Ты не хвалюйся. Мы без справы не сядзiм, толькi на вочы не лезем. Дзiцяцi многа не трэба - два-тры днi пагаладае, i канец.
– Ён зноў узяўся за працу, змазаў гняздо клапана, узяў корбу, i рука яго шпарка захадзiла ўзад i ўперад. Пагляд у яго зрабiўся нейкi тупы, бяздумны.

Том няспешна пабрыў да сваёй палаткi.

– Ачмурэлы...
– цiха прамовiў ён.

Бацька i дзядзька Джон падышлi да палаткi, несучы бярэмi сухога голля, скiнулi яго каля вогнiшча i прыселi на кукiшкi.

– Тут блiзка ўсё падабралi, - сказаў бацька.
– Давялося далёка iсцi.
– Ён зiрнуў на дзяцей, што абкружылi вогнiшча i лупiлi на яго вочы.
– Божа лiтасцiвы!
– усклiкнуў ён.
– Адкуль вас столькi набегла?
– I дзецi збянтэжана апусцiлi вочы долу.

– Пэўна, пачулi пах ежы, - сказала мацi.
– Уiнфiлд, не круцiся пад нагамi.
– Яна адштурхнула хлопчыка.
– Думаю стушыць трохi мяса. Гарачага мы з самага ад'езду не елi. Бацька, схадзi ты ў краму, вазьмi каркавiны. Я патушу яе, пальчыкi аблiжаце.
– Бацька падняўся з кукiшак i пайшоў.

Эл адкiнуў капот грузавiка i пачаў разглядаць запэцканы змазкай рухавiк. Пачуўшы за спiнай крокi Тома, падняў галаву.

– У цябе такi бесклапотны выгляд, як у птушкi, - сказаў Эл.

– Я проста скачу ад радасцi, як жаба ў вясновы дожджык, - адказаў Том.

– Глянь на матор, - Эл паказаў пальцам пад капот.
– Здорава, га?

Том зазiрнуў усярэдзiну.

– Ага, як быццам нiчога.

– Нiчога? А па-мойму, цудоўна. Масла зусiм не прапускае. Усё добра прыцёрта.
– Ён выкруцiў свечку i засунуў у адтулiну палец.
– Нагар крыху ёсць, але сухая.

Том сказаў:

– Што ж, малайчына, правiльна выбраў. Ты гэта хочаш ад мяне пачуць?

– Я ўсю дарогу баяўся: вось зараз рассыплецца ўсё, а вiнаваты буду я.

– Не, ты правiльна выбраў. А зараз правер усё як след, бо заўтра зранку паедзем працу шукаць.

– Яна яшчэ як пакоцiць, - сказаў Эл.
– Можаш не баяцца.
– Ён выняў з кiшэнi ножык i пачаў ачышчаць электроды на свечцы.

Том завярнуў за палатку i ўбачыў Кейсi. Ён сядзеў на зямлi, засяроджана разглядаючы правую ступню босай нагi. Том цяжка апусцiўся на зямлю каля яго.

– Ну як, працуе?

– Што?
– не зразумеў Кейсi.

– Нага твая.

– Ага... Гэта я проста так. Сяджу i думаю.

– Ты, пэўна, толькi ў такой зручнай позе i можаш думаць, - сказаў Том.

Кейсi паварушыў пальцамi нагi - вялiкi палец угору, суседнi ўнiз - i спакойна ўсмiхнуўся.

– Думаць заўсёды нялёгка, як нi выкручвайся - хоць крукам.

– Даўно ўжо не чуў я твайго голасу, - сказаў Том.
– Усё думаеш, думаеш?

– Ага, думаю.

Том зняў з галавы сваю баваўняную кепку, цяпер ужо брудную, заношаную, са зламаным пасярэдзiне брылём, адагнуў адварот i выняў доўгую вузкую пракладку з газетнай паперы.

– Збеглася ад поту, цеснаватая стала, - сказаў ён i паглядзеў на голыя пальцы, якiмi не пераставаў варушыць Кейсi.
– Можа, ты адарвешся на хвiлiнку ад сваiх думак i паслухаеш, што я скажу?

Кейсi павярнуў да яго галаву на доўгай, як сцябло, шыi.

– Я ўвесь час слухаю. Таму i задумваюся. Паслухаю, што людзi кажуць, i пачынаю разумець, што яны адчуваюць. Я iх увесь час чую, я адчуваю iх; людзi б'юць крыламi, як птушка, што заляцела на гарышча. Скончыцца тым, што паламаюць яны крылы аб пыльныя шыбiны, а на волю так i не вырвуцца.

Том доўга пазiраў на яго шырока расплюшчанымi вачамi, тады адвярнуўся i глянуў на шэрую палатку за дваццаць футаў ад iх. На яе адцяжках сушылiся памытыя штаны, кашулi i сукенкi. Том цiха сказаў:

– Пра гэта я i хацеў з табой пагаварыць. А ты, аказваецца, сам усё бачыш.

– Бачу, - пацвердзiў Кейсi.
– Такiх, як мы, цэлая армiя, а аброцi на ёй няма.
– Ён апусцiў галаву i паволi правёў па лбе i па валасах рукою.
– Я ўсюды гэта бачыў. Усюды, дзе мы нi спынялiся. Людзi згаладалiся, мараць пра кавалак мяса, а як дарвуцца да яго, наесцiся не могуць. А калi ўжо дарэшты згаладаюцца, так згаладаюцца, што ўжо сiлы няма трываць, тады просяць мяне памалiцца. I, бывае, я малюся.
– Ён сашчапiў рукi вакол паднятых каленяў i блiжэй падцягнуў ногi.
– Раней я думаў, што малiтва памагае. Прачытаеш малiтву - i ўсе нягоды налiпнуць на яе, як мухi на паперу-лiпучку, а малiтва адляцiць i ўсё панясе з сабой. Але цяпер ужо не так.

Поделиться с друзьями: