Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Дзве прысадзiстыя жанчыны, проставалосыя, босыя, прайшлi паўз iх, несучы ўдзвюх вядро мутна-белай вады. Яны ледзь валаклi ногi пад цяжарам сваёй ношы i не падымалi вачэй ад зямлi. Сонца хiлiлася на захад.
Эл сказаў:
– Цябе, вiдаць, нiчога асаблiва не вабiць.
– Я тут ужо шэсць месяцаў, - сказаў ён.
– Сную па ўсiм штаце, на працы не шкадую сябе, хуценька шукаю новае месца, каб было на што купiць мяса i бульбы жонцы, сабе i дзецям. Носiшся, як заяц... а толку мала. Тут хоць са скуры вылузвайся, сыты ўсё роўна не будзеш. Я проста стамiўся, i ўсё. Так стамiўся, што за ноч сiлы не набiраюся. Што далей рабiць, розуму не дабяру.
– Няўжо нельга сталую работу знайсцi?
– запытаўся Эл.
– Не, сталай работы тут не знойдзеш.
– Флойд саскроб рэшткi нагару з галоўкi блока i працёр цьмяны метал прамасленай анучкай.
Да лагера пад'ехала лядашчая легкавая машына. У ёй сядзела чацвёра мужчын - ва ўсiх твары загарэлыя, суровыя. Машына паволi рухалася мiж палатак. Флойд крыкнуў iм:
– Ну як, пашанцавала?
Машына спынiлася. Чалавек, што сядзеў за рулём, адказаў:
– Усё навокал аб'ездзiлi. Нiдзе нiякай работы. Трэба ехаць адсюль.
– Куды?
– крыкнуў Эл.
– Адзiн бог ведае. Куды мы толькi не патыкалiся!
– Вадзiцель адпусцiў тормаз, i машына паехала далей.
Эл пазiраў ёй услед.
– Можа, лепш было б ездзiць па адным? Адзiн хутчэй работу знойдзеш.
Флойд паклаў стамеску i нявесела ўсмiхнуўся:
– Ты яшчэ не вучаны. На раз'езды бензiн патрэбен. А галон бензiну каштуе пятнаццаць цэнтаў. Гэтыя чацвёра не могуць дазволiць сабе ездзiць на чатырох машынах.
Яны складваюцца па дзесяць цэнтаў i купляюць бензiн. Табе яшчэ трэба павучыцца.
– Эл!
– Эл павярнуўся i ўбачыў Уiнфiлда, якi з важным выглядам стаяў каля яго.
– Эл, ма ўжо мяса па талерках раскладае. Iдзi, яна клiча цябе.
Эл абцёр рукi аб штаны.
– Мы сёння яшчэ не елi, - сказаў ён Флойду.
– Я пад'ем i прыйду памагу табе.
– Неабавязкова, але як хочаш.
– Сказаў жа - прыйду.
– Эл пайшоў за Ўiнфiлдам да палаткi Джоўдаў.
Каля яе было цесна. Суседскiя дзецi такой шчыльнай сцяной абступiлi кацялок з варывам, што мацi, завiхаючыся каля вогнiшча, закранала iх локцямi. Том i дзядзька Джон стаялi каля яе.
Мацi разгублена гаварыла:
– Не ведаю, як быць. Трэба сям'ю накармiць. А што мне з гэтымi рабiць? Дзецi стаялi як укапаныя i пазiралi на яе. Твары ў iх былi абыякавыя, нiбы застылыя, толькi вочы перабягалi з кацялка на алавяную талерку, якую мацi трымала ў руцэ. Вочы ўпарта сачылi за лыжкай, што хадзiла ад кацялка да талеркi, i, калi мацi перадала талерку, ад якой iшла пара, дзядзьку Джону, вочы ўпiлiся ў яе. Дзядзька Джон зачарпнуў поўную лыжку, i вочы дружна паднялiся разам з ёю. Ён адправiў у рот кавалак бульбiны, i вочы ўсе разам утаропiлiся на твар, сочачы за яго выразам - цi смачна, цi спадабалася.
I тут дзядзька Джон быццам упершыню ўбачыў дзяцей. Ён вяла пажаваў i сказаў Тому:
– Вазьмi. Мне есцi не хочацца.
– Ты ж сёння нiчога ў рот не браў, - сказаў яму Том.
– Ага, у мяне з жыватом нешта. Не хочацца.
Том спакойна сказаў:
– Iдзi з талеркай у палатку, там пад'ясi.
– Нешта не хочацца, - упарцiўся Джон.
– I ў палатцы яны будуць перад вачамi стаяць.
Том павярнуўся да дзяцей:
– Iдзiце. Ану прэч адгэтуль!
– Вочы ўсе разам адарвалiся ад кацялка i разгублена ўставiлiся яму ў твар.
– Iдзiце, iдзiце адсюль. Так рабiць нядобра. Усё роўна на ўсiх вас не хопiць.
Мацi раскладала па талерках порцыi мяса, вельмi маленькiя, i ставiла талеркi на зямлю.
– Не магу я iх прагнаць, - сказала яна.
– Проста не ведаю, што рабiць. Бярыце свае талеркi i iдзiце пад навес. А тое, што засталося, няхай яны даядуць. А гэту вось занясiце Разашарне.
– Яна ўсмiхнулася дзецям: Паслухайце, дзеткi, знайдзiце дзе-небудзь шырокiя трэсачкi, i я дам вам, што засталося. Толькi не сварыцеся.
Дзецi вокамгненна разляцелiся ва ўсе бакi без адзiнага гуку. Хто пабег шукаць трэсак, хто ў свае палаткi па лыжку. Не паспела мацi раскласцi ежу па талерках, як яны ўжо зноў абкружылi яе, маўклiвыя, галодныя, як ваўкi. Мацi пакруцiла галавой:
– Проста не ведаю, што рабiць. Не магу ж я сям'ю абдзялiць. Яе трэба накармiць. Руцi! Уiнфiлд!
– патрабавальна крыкнула яна.
– Бярыце ж свае талеркi. Хутчэй! Iдзiце з iмi пад брызент.
– Яна вiнавата паглядзела на дзяцей, якiя моўчкi чакалi.
– Там зусiм мала, - сказала яна сарамлiва. Кацялок я пастаўлю на зямлю, а вы падбярыце рэшткi, хоць чарвяка заморыце. Яна гаварыла запiнаючыся.
– Нiчога я зрабiць не магу. I не даць не магу.
– I, зняўшы кацялок з агню, паставiла яго на зямлю.
– Пачакайце трохi. Яшчэ гарачае, - сказала яна i паспешлiва пайшла пад брызент, каб вочы яе не бачылi таго, што будзе.
Сям'я Джоўдаў сядзела на зямлi, кожны са сваёй талеркай, i пад брызентам было чуваць, як дзецi скрабуць трэсачкамi, лыжкамi i ржавымi палоскамi бляхi. Яны з усiх бакоў закрылi сабой кацялок. Не перагаворвалiся, не штурхалiся, але ў кожным iх руху адчувалася ўпартая настойлiвасць i затоеная жорсткасць. Мацi павярнулася спiнай, каб усяго гэтага не бачыць.
– Больш так нельга, - сказала яна.
– Давядзецца хавацца ад чужых вачэй. Чутно было, як скрабуць у кацялку, потым цесны гурток дзяцей рассыпаўся, i яны разышлiся, пакiнуўшы на зямлi абскрэбены кацялок. Мацi паглядзела на талеркi.
– Нiхто з вас добра не пад'еў.
Бацька падняўся i, нiчога не адказаўшы, выйшаў з-пад брызенту. Прапаведнiк усмiхнуўся i лёг на зямлю, падклаўшы пад галаву рукi. Эл таксама падняўся.
– Пайду памагу тут аднаму з машынай, - сказаў ён.
Мацi сабрала талеркi i пайшла мыць.
– Руцi, - паклiкала яна, - Уiнфiлд! Хуценька прынясiце вядзерца вады. Яна дала iм вядро, i дзецi пайшлi з iм да рэчкi.
Да палаткi Джоўдаў падыходзiла мажная жанчына. Сукенка на ёй была ў пыле i ў плямах ад змазачнага масла. Яна iшла, высока задраўшы падбародак. Спынiлася за некалькi крокаў ад палаткi i ваяўнiча глянула на мацi. Тады падышла блiжэй.
– Дабрыдзень, - сказала яна холадна.
– Дзень добры, - адказала мацi, паднялася з каленяў i падсунула госцi скрынку.
– Сядайце, калi ласка.
Жанчына падышла зусiм блiзка.
– Не, не хачу.
Мацi запытальна глянула на яе:
– Вам што-небудзь трэба?
Жанчына падперла рукi ў бокi.
– Мне трэба, каб вы клапацiлiся пра сваiх уласных дзяцей, а маiх пакiнулi ў спакоi.
Мацi зрабiла вялiкiя вочы.
– Я нiчога такога...
– пачала яна.