ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Новенькi двухмесны "шэўрале" з'ехаў з шашы i пакiраваў у самы цэнтр лагера. Ён спынiўся сярод палатак. Том запытаўся:

– Каго гэта яшчэ прынесла. З выгляду яны не тутэйшыя.

– Не ведаю, - адказаў Флойд.
– Можа, палiцыя.

Дзверцы адчынiлiся, з машыны выйшаў чалавек i стаў каля яе. Яго спадарожнiк застаўся ў кабiне. Мужчыны, што сядзелi на кукiшках, скiравалi позiркi на прыезджых, i гутарка спынiлася. Жанчыны, якiя разводзiлi агонь, употай зiркалi на блiскучую легкавушку. Дзецi пачалi падбiрацца да яе самымi мудрагелiстымi абходнымi шляхамi, кружачы сярод палатак.

Флойд паклаў ключ. Том падняўся на ногi. Эл выцер рукi аб штаны. Усе трое падышлi да "шэўрале". На чалавеку, якi выйшаў з машыны, былi штаны колеру хакi i фланелевая кашуля. На галаве мяккi шыракаполы капялюш. У нагруднай кiшэнi за загарадкай з вечных ручак i жоўтых алоўкаў тырчаў стосiк паперак, з задняй кiшэнi штаноў вытыркаўся блакнот у металiчных вокладках. Ён падышоў да адной групы мужчын, што сядзелi на кукiшках, i тыя ўзнялi на яго вочы насцярожана i моўчкi. Яны сачылi за iм, не зварухнуўшыся з месца; бялкi вачэй у iх паблiсквалi пад зрэнкамi, бо яны глядзелi ўгору, не падымаючы галавы. Том, Эл i Флойд няспешна, быццам шпацыруючы, падышлi блiжэй.

Чалавек запытаўся:

– Хочаце атрымаць работу?
– Усе пазiралi на яго па-ранейшаму моўчкi i насцярожана. А з усяго лагера сюды цягнулiся ўжо i iншыя мужчыны.

Нарэшце адзiн з тых, што сядзелi на кукiшках, адказаў:

– Вядома ж, хочам. А дзе яна, работа?

– Акруга Туларэ. Там пачынаецца збор фруктаў. Патрэбна шмат людзей.

Загаварыў Флойд:

– Вы самi наймаеце?

– Сам. Я ўзяў падрад.

Людзi збiлiся вакол яго цеснай кучкай. Нейкi чалавек у камбiнезоне зняў з галавы свой чорны капялюш i пальцамi зачасаў назад доўгiя чорныя валасы.

– Колькi плацiць будзеце?
– запытаўся ён.

– Цяпер дакладна сказаць не магу. Цэнтаў трыццаць, думаю.

– Чаму не можаце сказаць дакладна? У вас жа падрад, цi не так?

– Правiльна, - адказаў чалавек у штанах колеру хакi.
– Але ўсё залежыць ад цаны на фрукты. Можа, трохi больш, можа, трохi i менш.

Флойд выступiў наперад i спакойна сказаў:

– Я паеду, мiстэр. Вы падрадчык, у вас павiнен быць патэнт. Пакажыце яго, а потым выпiшыце нам нарад i каб там было сказана, якая работа, дзе будзем працаваць, калi i колькi будуць нам плацiць, i падпiшыце яго. Тады паедзем.

Падрадчык кiнуў на яго злосны позiрк:

– Ты мяне не вучы, як мне справы свае весцi.

Флойд сказаў:

– Калi мы едзем да вас працаваць, гэта i нашы справы таксама.

– Ты мяне не вучы. Я паведамляю вам, што патрэбны людзi.

– А колькi людзей i якая плата, пра гэта вы маўчок.

– Што за чорт! Ды я сам яшчэ не ведаю.

– Раз не ведаеце, значыць, не маеце права людзей наймаць.

– У мяне ёсць поўнае права весцi свае справы так, як я лiчу неабходным. Калi вам больш даспадобы адседжваць тут заднiцы - воля ваша. Я наймаю на работу ў акругу Туларэ. Мне шмат рабочых там патрэбна.

Флойд павярнуўся да натоўпу мужчын. Цяпер ужо яны ўсе стаялi i моўчкi пераводзiлi позiркi з падрадчыка на Флойда i наадварот. Флойд сказаў:

– Я ўжо два разы так нарываўся. Яму, можа, трэба тысяча чалавек. А ён набярэ туды тысяч пяць i будзе плацiць па пятнаццаць цэнтаў за гадзiну. I вы, бедалагi, згодзiцеся, бо жываты ў вас пустыя. Калi ён хоча наняць людзей, няхай наймае i няхай напiша ўсё на паперы i паставiць там плату. Папрасiце, няхай дакумент пакажа. Без патэнта наймаць людзей ён права не мае.

Падрадчык павярнуўся да "шэўрале" i крыкнуў:

– Джо!

Яго спадарожнiк выглянуў з кабiны, адчынiў дзверцы i выйшаў. На iм былi верхавыя брыджы i высокiя чаравiкi на шнуроўцы. Збоку на поясе-патранташы вiсела цяжкая рэвальверная кабура. Да карычневай кашулi быў прышпiлены знак шэрыфскага памагатага - металiчная зорка. Ён ступаў няспешна, уразвалку. На твары яго iграла рэдзенькая ўсмешка.

– У чым справа?
– Кабура хадзiла ўзад i ўперад па бядры.

– Зiрнi, Джо, гэты малойчык трапляўся табе калi-небудзь на вочы?

Палiсмен запытаўся:

– Каторы?

– Вось гэты.
– Падрадчык паказаў на Флойда.

– А што ён зрабiў?
– палiсмен усмiхнуўся Флойду.

– Ён чырвоны, агiтацыю тут разводзiць.

– Гм...
– шэрыфскi памагаты не спяшаючыся зайшоў збоку, каб паглядзець на Флойда ў профiль, i твар у таго пачаў залiвацца чырванню.

– Бачыце?
– закрычаў Флойд.
– Каб ён рабiў усё сумленна, хiба ж прывёз бы з сабою фараона?

– Трапляўся ён табе раней на вочы?
– паўтарыў пытанне падрадчык.

– Гм-м... як быццам было. На мiнулым тыднi, калi ўзламалi гараж са старымi машынамi. Па-мойму, ён там круцiўся. Ага, так! Ён самы i ёсць, магу пабажыцца.
– Усмешка iмгненна знiкла з яго твару.
– Лезь у машыну, - загадаў палiсмен Флойду i адшпiлiў раменьчык на кабуры аўтаматычнага пiсталета.

Том сказаў:

– Без вiны чалавека бераце.

Шэрыфскi агент крута павярнуўся да яго:

– Калi табе за кампанiю хочацца, паспрабуй толькi яшчэ раз зяпу разявiць. Каля таго гаража двое шасталi.

– На мiнулым тыднi мяне i не было ў гэтым штаце, - сказаў Том.

– Ну i што? Цябе, можа, у другiм штаце шукаюць. Лепш заткнiся.

Падрадчык зноў павярнуўся да натоўпу мужчын:

– Вы гэтых чырвоных падлюг не слухайце. Падбухторшчыкi - яны бяду на вас наклiчуць. Я вас усiх вазьму на работу ў Туларэ.

Людзi маўчалi.

Шэрыфскi агент павярнуўся да iх.

– Вам ёсць рацыя паехаць, - сказаў ён, i рэдзенькая ўсмешка зноў засвяцiлася ў яго на твары.
– Аддзел аховы здароўя распарадзiўся ачысцiць гэты лагер. А калi тут у вас яшчэ i чырвоныя завялiся - глядзiце, каб бяды з кiм-небудзь не здарылася. Добра зробiце, калi паедзеце ў Туларэ. Тут усё роўна работай не пахне. Я вам па-сяброўску раю. А калi не паедзеце, сюды неўзабаве ўваляцца малайцы, ды яшчэ, можа, з кайламi.

Падрадчык сказаў:

– Я ж кажу вам, мне людзi патрэбныя. Не хочаце працаваць, што ж, воля ваша.

Палiсмен усмiхнуўся:

– Калi не хочуць працаваць, iм у нашым штаце не месца. Мы iх хутка справадзiм адсюль.

Флойд нерухома стаяў побач з палiсменам, вялiкiя пальцы рук кручком зачапiлiся за пояс. Том скоса глянуў на яго i ўтаропiў вочы сабе пад ногi.

– У мяне ўсё, - сказаў падрадчык.
– У акрузе Туларэ людзi патрэбныя, работы шмат.

Том паволi падняў вочы i ўбачыў рукi Флойда з напятымi на кiсцях жыламi. Рукi Тома таксама пацягнулiся ўгору i вялiкiмi пальцамi зачапiлiся за рэмень.

Поделиться с друзьями: