ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Бацька паставiў на скрыню талеркi, сабе i дзецям.

– Дзе гэта Том уладкаваўся на працу, хацеў бы я ведаць.

– Не магу сказаць.

– Ну раз ён знайшоў месца, дык i мы знойдзем.

Да палаткi вярнуўся радасна ўзбуджаны Эл.

– Вось гэта лагер!
– усклiкнуў ён, узяў аладку i налiў сабе кавы. Ведаеце, чым тут адзiн чалавек займаецца? Прычэп сабе майструе пад жыллё. Вунь там, за тымi палаткамi. У прычэпе ў яго ложкi i печка - усё, што трэба. Жывi сабе ў iм. Вось гэта жыццё! Дзе спынiўся, там i жывi.

Мацi сказала:

– Я хацела б лепш жыць у домiку. Як толькi ў нас будзе на што, адразу купiм домiк.

Бацька сказаў Элу:

– Скончым снедаць, возьмем грузавiк i паедзем шукаць працы - ты, я i дзядзька Джон.

– Ага, - сказаў Эл.
– Вось каб устроiцца дзе-небудзь у гаражы, калi б знайшлося свабоднае месца. Нiчога мне больш не трэба. I каб дастаць яшчэ стары ўцэнены "фордзiк". Афарбую ў жоўты колер i буду сабе раз'язджаць прыпяваючы. Бачыў тут прыгожанькую дзяўчынку. Перамаргнуўся з ёю. Прыгожанькая, як чорт ведае што.

Бацька строга сказаў:

– Спярша ты на працу ўладкуйся, а потым ужо катом хадзi.

Дзядзька Джон выйшаў з туалета i паволi падыбаў да палаткi. Мацi зiрнула на яго i нахмурылася.

– Ты ж не памыўся...
– пачала яна i раптам убачыла, што ён зусiм хворы, слабы, сумны.
– Iдзi пад брызент, паляжы там, - сказала яна.
– Ты нездаровы.

Дзядзька Джон пакруцiў галавой:

– Не. Я саграшыў, i гэта мне кара.
– Ён паныла прысеў каля скрынi, налiў сабе кавы ў кубак.

Мацi зняла з патэльнi апошнiя аладкi i, нiбы мiмаходзь, сказала:

– Прыходзiў адмiнiстратар лагера, пасядзеў трохi, выпiў кавы кубак.

Бацька паволi падняў на яе вочы:

– Прыходзiў? А што было яму трэба?

– Проста так, час прабавiць, - манерна адказала мацi.
– Прысеў, выпiў кавы. Сказаў, добрую каву нячаста даводзiцца яму пiць, а ў нашай вельмi смачны пах.

– Што ён хацеў?
– дапытваўся бацька.

– А нiчога не хацеў. Прыйшоў глянуць, як мы тут.

– Нешта не верыцца, - буркнуў бацька.
– Напэўна, выведвае, вынюхвае ўсё навокал.

– Ды не!
– засердавала мацi.
– Я адразу разбяру, хто чаго прыходзiць, мяне вучыць не трэба.

Бацька выплюхнуў на зямлю кававую гушчу з кубка.

– Ты пакiнь гэту прывычку, - выгаварыла яму мацi.
– Глянь, якая тут чысцiня.

– Тут яшчэ такую чысцiню навядуць, што i жыцця не будзе, - прабурчаў бацька, зачэплены за жывое.
– Ну канчай, Эл. Паедзем шукаць працу.

Эл выцер рот далонню.

– Я гатовы, - сказаў ён.

Бацька павярнуўся да дзядзькi Джона:

– Ты з намi едзеш?

– Еду.

– Табе ж нездаровiцца.

– Нездаровiцца, але я паеду.

Эл залез у кабiну.

– Трэба недзе гаручага дастаць, - сказаў ён i завёў матор. Бацька i дзядзька Джон селi побач з iм, i грузавiк пакацiўся па шырокiм праходзе мiж палатак.

Мацi правяла iх позiркам, потым узяла вядро i пайшла з iм да балеяў пад паветкай санiтарнага блока. Там яна налiла ў вядро гарачай вады i панесла да палаткi. I калi Ружа Сарона вярнулася з туалета, мацi ўжо мыла посуд у вядры.

– Вунь тваё снеданне, на талерцы, - сказала мацi i пiльна паглядзела на дачку. Валасы ў Ружы Сарона былi мокрыя i гладка прычасаныя, твар чысты, ружовы. На ёй была сiняя сукенка ў маленькiя белыя кветкi. На нагах - лодачкi, купленыя яшчэ да вяселля. Ад матчынага позiрку яна пачырванела.

– Ты, я бачу, прыняла душ, - сказала мацi.

Ружа Сарона хрыплавата загаварыла:

– Я стаю там, раптам прыходзiць жанчына i пачынае мыцца. Ведаеш, як гэта робiцца? Заходзiш у такую загарадку, ну як стойла ў хляве, паварочваеш ручкi, i на цябе вада льецца - гарачая i халодная, якая хочаш. I я памылася!

– Я таксама зараз пайду, - ажывiлася мацi.
– Толькi вось прыбяру тут. Ты мне пакажаш як.

– Я кожны дзень буду мыцца, - не змаўкала Ружа Сарона.
– А жанчына гэтая... яна паглядзела на мяне, убачыла мой жывот... i ведаеш, што сказала? Сказала, што сюды кожны тыдзень медыцынская сястра прыходзiць. I што мне абавязкова трэба да яе схадзiць, i яна раскажа мне, што рабiць, каб дзiця было здаровае. Усе жанчыны, кажа, ходзяць да яе. I я таксама пайду.
– Яна проста захлiпалася ад узрушэння.
– I ведаеш яшчэ што? На мiнулым тыднi тут адна нарадзiла, i ўвесь лагер урачыста адзначаў гэта, нанеслi дзiцяцi бялiзны i розных падарункаў... нават калыску... такую плеценую. Не зусiм новую, але яе пафарбавалi ў ружовы колер, i яна стала як новенькая. I далi маленькаму iмя, торт спяклi. О госпадзi!
– Уздыхнуўшы на поўныя лёгкiя, яна змоўкла.

Мацi сказала:

– Хвала богу, нарэшце мы зажылi сярод сваiх людзей. Зараз пайду прыму душ.

– О, там цудоўна, - сказала Ружа Сарона.

Мацi выцiрала алавяныя талеркi, ставiла iх адна на адну i гаварыла:

– Мы Джоўды. Нiкому ў вочы не зазiраем. Дзед нашага дзеда змагаўся ў рэвалюцыю. Мы былi фермеры, пакуль не запазычылiся банку. I тыя... тыя людзi... яны нядобрае рабiлi з намi. Кожны раз, як хто з iх прыходзiў, мне здавалася, быццам плёткай мяне б'юць... i нас усiх. А ў Нiдлсе той палiсмен?.. Ён нiбы што зрабiў са мною, я азлобiлася. Мяне самую сорам узяў. А цяпер мне няма чаго саромецца. Народ гэты - наш народ... наш. А адмiнiстратар... прыйшоў, пасядзеў, выпiў кавы... i ўвесь час кажа: "Мiсiс Джоўд тое, мiсiс Джоўд гэтае" i "Як вашы справы, мiсiс Джоўд?" - Мацi змоўкла i ўздыхнула.
– Я сябе зноў чалавекам адчула.
– Яна паставiла на горку талерак апошнюю, пайшла пад брызент i там, пакапаўшыся ў скрынi, дастала з яе свае туфлi i чыстую сукенку. Потым знайшла ў той жа скрынi папяровы пакецiк з завушнiцамi. Выйшаўшы з-пад брызенту, яна сказала Ружы Сарона: - Як прыйдуць жанчыны, скажы, я хутка вярнуся, - i знiкла за вуглом санiтарнага блока.

Ружа Сарона цяжка апусцiлася на скрыню i глянула на свае вясельныя туфлi лакiраваныя лодачкi з чорнымi банцiкамi з матэрыi. Яна працерла наскi лодачак пальцам i выцерла яго аб спод падола. Нагiнаючыся, яна адчула свой жывот, а калi выпрасталася, памацала яго i слаба ўсмiхнулася.

Па дарозе да пральнi iшла высокая поўная жанчына са скрынкай з-пад яблыкаў - у ёй ляжала нямытая бялiзна. Твар у жанчыны быў цёмны ад моцнага загару, вочы чорныя, пiльныя, дапытлiвыя. Паверх паласатай баваўнянай сукенкi на ёй быў прасторны фартух з мешкавiны, на нагах мужчынскiя паўчаравiкi са скуры двух колераў. Яна прыкмецiла, як Ружа Сарона пагладзiла сабе жывот, убачыла слабую ўсмешку на яе вуснах.

– Ну!
– крыкнула жанчына i весела засмяялася.
– Хто, ты думаеш, будзе?

Ружа Сарона зачырванелася i апусцiла вочы долу, потым глянула на жанчыну спадылба i злавiла на сабе позiрк яе блiскучых чорных вочак.

– Не ведаю, - прамармытала Ружа Сарона.

Жанчына шлёпнула скрынку на зямлю.

– Жывая пухлiна, - засмяялася яна, заквактала, як квактуха.
– Каго б ты лепш хацела?
– дапытвалася яна.

– Сама не ведаю... можа, хлопчыка... Ага, хлопчыка.

Поделиться с друзьями: