ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Мацi нахмурылася.

– Разашарна, - сказала яна, - кiнь сама сябе грызцi. Табе, вiдаць, захацелася да слёз сябе давесцi. Што з табой такое стала, проста не магу зразумець. У нас у сям'i такiх нiколi не было. Няйначай, гэта Конi цябе так настроiў. Яму заўсёды былi цесныя яго штонiкi.
– I сурова дадала: - Ты, Разашарна, не адна тут. Акрамя цябе яшчэ людзi ёсць. Знайдзi сваё месца сярод iх. Я сустракала некаторых - яны так паверылi ў свае грахi, што iнакш як нiкчэмнасцямi сябе перад богам не ўяўлялi.

– Але ж, ма...

– Ну хопiць. Закрый рот i бярыся за што-небудзь. Не такая ты ўжо важная персона, не такая ты распусная, каб гасподзь бог за цябе вельмi хваляваўся. А калi не перастанеш без дай прычыны мучыць сябе, дык я табе так заляплю!
– Мацi змяла попел у ямку пад ачагом i абмахнула камянi, пакладзеныя па краях. Тут яна ўбачыла, што па дарожцы да iх iдзе камiсiя.
– Рабi што-небудзь, - сказала яна дачцэ.
– Вунь жанчыны ўжо да нас iдуць. Што-небудзь рабi, каб я магла паганарыцца сваёй дачкой.
– Яна больш не глядзела на дарожку, але адчувала, што камiсiя наблiжаецца да iх.

А што гэта камiсiя, сумненняў быць не магло. Тры дамы - чысценькiя, у прыгожых сукенках: адна сухарлявая, з прамымi валасамi, у акулярах у металiчнай аправе; другая нiзенькая, сiвая, кучаравая, з маленькiм далiкатным роцiкам; а трэцяя - вялiзная, як слон, грудастая, шыраказадая, з тоўстымi сцёгнамi, на выгляд уладная i ўпэўненая ў сабе. Камiсiя ступала мiж палатак з пачуццём уласнай годнасцi.

Мацi падгадала так, што, калi яны падышлi, яна стаяла да iх спiнай. Жанчыны спынiлiся, развярнулiся i выстраiлiся ў рад. I вялiзная дама прагула:

– Добрай ранiцы! Мiсiс Джоўд, гэта вы?

Мацi крутнулася да iх, быццам захопленая знянацку.

– Ага, так, так. Адкуль вам вядома маё прозвiшча?

– Мы - камiсiя, - абвясцiла велiканка.
– Жаночая камiсiя санiтарнага аддзялення нумар чатыры. Нам паведамiлi ваша прозвiшча ў канцылярыi.

Мацi замiтусiлася:

– Мы яшчэ не паспелi як след прыбрацца. Вы пасядзiце, калi ласка, пакуль я згатую каву. Я пачастую вас - мне гэта вялiкi гонар.

Таўстушка сказала:

– Джэсi, адрэкамендуйце нас. Скажыце гаспадынi, як нас зваць. Джэсi - наша старшыня, - паяснiла яна.

Джэсi прамовiла афiцыйным тонам:

– Мiсiс Джоўд, гэта Энi Лiтлфiлд, гэта - Эла Самерс, а я - Джэсi Булiт.

– Вельмi радая пазнаёмiцца, - сказала мацi.
– Вы, можа, прысядзеце? Хоць, праўда, сесцi няма на што, - спахапiлася яна.
– Усё ж каву я прыгатую.

– Не, не, - цырымонна сказала Энi.
– Не турбуйцеся. Мы зайшлi паглядзець, як вы тут уладкавалiся. Хацелася б, каб вы адчувалi сябе як дома.

Джэсi Сулiт строга спынiла яе:

– Энi, не забывайцеся, калi ласка, хто тут старшыня.

– Добра, добра. Але наступны тыдзень старшынёй буду я.

– Вось i чакайце наступнага тыдня. Мы кожны тыдзень мяняемся, растлумачыла Джэсi мацi.

– Можа, вы ўсё ж вып'еце кавы?
– збянтэжана запыталася мацi.

– Не, дзякуй.
– Джэсi цвёрда ўзяла ўладу ў свае рукi.
– Спярша мы пакажам вам санiтарны блок, а потым, калi пажадаеце, запiшам вас у жаночы клуб, даручым якую-небудзь работу. Запiсвацца, канешне, неабавязкова.

– А за гэта... трэба шмат заплацiць?

Нiчога плацiць не трэба, толькi працаваць. А калi з вамi тут пазнаёмяцца блiжэй, тады, магчыма, i ў камiсiю выберуць, - умяшалася Энi.
– Вось, напрыклад, Джэсi - яна ўваходзiць у лагерную камiсiю. Яна - уплывовы член гэтай камiсii.

Джэсi горда ўсмiхнулася.

– Абралi аднагалосна, - паведамiла яна.
– Ну дык, мiсiс Джоўд, зараз мы раскажам вам, якiя ў нас тут у лагеры парадкi.

Мацi сказала:

– А гэта дачка мая - Разашарна.

– Добрага здароўя, - прагаварылi ўсе тры жанчыны разам.
– Хадзем i вы з намi.

Па дарозе велiканка Джэсi пачала тлумачыць, i ў голасе яе гучала годнасць i лагода. Яна загадзя адрэпецiравала сваю прамову.

– Не падумайце толькi, мiсiс Джоўд, што мы ўмешваемся ў вашы справы. У нас у лагеры шмат месцаў агульнага карыстання. I мы ўвялi некаторыя правiлы. Вось зараз мы зойдзем у санiтарны блок. У iм усе бываюць, i ўсе абавязаны захоўваць там чысцiню.
– Яны падышлi да паветкi, дзе знаходзiлiся балеi - iх было дваццаць. Восем былi занятыя - схiлiўшыся над iмi, жанчыны мылi бялiзну, i на чыстай цэментавай падлозе кучкамi ляжалi выкручаныя рэчы.
– Сюды можаце прыходзiць у любы час, - тлумачыла Джэсi.
– Адно толькi - прыбiрайце за сабой.

Жанчыны каля балеяў з цiкаўнасцю паглядалi на iх. Джэсi голасна сказала:

– Гэта мiсiс Джоўд i Разашарна. Прыехалi да нас жыць.

Жанчыны хорам прывiталiся з мацi, i яна крыху прысела ў паклоне i прамовiла:

– Вельмi радая пазнаёмiцца.

Джэсi павяла камiсiю ў прыбiральню i душавую.

– Я ўжо тут была, - сказала мацi.
– I памылася нават пад душам.

– Душы на тое i зробленыя, каб пад iмi мыцца, - прагаварыла Джэсi.
– Тут такiя ж правiлы - трэба прыбiраць за сабой. Кожны тыдзень прызначаюцца новыя дзяжурныя, i яны наводзяць тут поўную чысцiню. Магчыма, i вам давядзецца падзяжурыць. Толькi трэба з сабой мыла браць.

Прыйдзецца купiць, - сказала мацi.
– У нас усё скончылася.

Голас Джэсi прагучаў амаль са свяшчэнным захапленнем:

– А гэтым вы калi-небудзь карысталiся?
– Джэсi паказала на ватэрклазеты.

– Ага, мэм. Сёння ранiцай.

Джэсi ўздыхнула:

– Што ж, добра...

Загаварыла Эла Самерс:

– Тут у нас на мiнулым тыднi...

– Мiсiс Самерс, пра гэта раскажу я, - строга абарвала яе Джэсi.

Эла ўступiла:

– Добра, добра.

Джэсi сказала:

– На мiнулым тыднi, калi вы старшынствавалi, усё расказвалi вы. А цяпер я была б вам вельмi ўдзячная, каб вы памаўчалi.

– Добра, самi раскажыце пра тую жанчыну, - згадзiлася Эла.

– Уласна кажучы, - пачала Джэсi, - нашай камiсii не пасуе пляткарыць, але iмёнаў я называць не буду. На мiнулым тыднi сюды зайшла адна новенькая камiсiя не паспела яшчэ з ёю пагаварыць. Прыходзiць, упiхвае мужавы штаны ва ўнiтаз i кажа: "Нешта вельмi занiзка i зацесна. У тры пагiбелi гнешся. Няўжо не маглi прыладзiць вышэй?" - Члены камiсii ўсмiхнулiся з пачуццём уласнай перавагi.

Поделиться с друзьями: