Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Уiлкi сказаў:
– Туды, дзе мы працуем, недалёка - усяго адна мiля, вось па гэтай дарозе.
Цiмацi сярдзiта загаварыў:
– Не, няма ў нас машыны. Прадалi. Вымушаны былi. Есцi не было чаго, хоць зубы на палiцу кладзi. Працу таксама не маглi знайсцi. А тут кожны тыдзень прыходзяць скупшчыкi. Прыйдзе такi, убачыць, што ты галодны, i бярэцца купiць тваю машыну. I калi ты досыць ужо згаладаўся, ён у цябе яе за бясцэнак купляе. А мы... мы былi ох якiя галодныя. За дзесяць даляраў прадалi.
– Цiмацi плюнуў на дарогу.
Уiлкi спакойна сказаў:
– На тым тыднi я ў Бейкерсфiлдзе быў. Бачыў яе... выстаўлена на продаж... стаiць сабе наша машына, а на бiрцы цана - семдзесят даляраў.
– У нас выйсця не было, - зноў загаварыў Цiмацi.
– Вырашылi: лепей няхай нас абрабуюць, чым мы iх. Да крадзяжу мы яшчэ не дайшлi, але ох як былi мы блiзка да яго!
Том сказаў:
– А мы, ведаеце, перад ад'ездам чулi, што работы тут да чорта. I яшчэ лiсткi такiя чыталi, у якiх людзей сюды заклiкалi.
– Так, - сказаў Цiмацi, - мы iх таксама чыталi. А работы тут мала. I плата ўвесь час падае. Галава балiць ад думак, як пракармiцца.
– Цяпер жа ў вас праца ёсць, - нагадаў яму Том.
– Ёсць, толькi гэта ненадоўга. Гаспадар у нас добры. Участак у яго невялiкi. Разам з намi працуе. Але ненадоўга ўсё гэта.
Том сказаў:
– Нашто ж вам мяне ўладкоўваць? Утраiх з работай яшчэ хутчэй справiмся. Вы ж самi сабе да горла нож падносiце, чаму так робiце?
Цiмацi пакруцiў галавой:
– Не ведаю. Вiдаць, па дурноце. Мы думалi купiць сабе капелюшы. Толькi наўрад цi ўдасца. Вунь яго ўчастак, направа. Праца выгадная. Трыццаць цэнтаў у гадзiну. I гаспадар добры, з намi па-прыяцельску.
Яны збочылi з дарогi i прайшлi па пасыпанай жвiрам дарожцы цераз невялiкi агародчык; за прысадамi стаялi белы дамок сярод купкi цянiстых дрэў i адрына; за адрынай вiднеўся вiнаграднiк i баваўнянае поле. Калi яны параўнялiся з дамком, сеткаватыя дзверы на ганку грукнулi, i па прыступках спусцiўся загарэлы каржакаваты чалавек у кардонным шлеме. Ён iшоў па двары, падкасваючы на хаду рукавы кашулi. Яго густыя, абсмаленыя сонцам бровы пахмурна ссунулiся. Шчокi былi чырвоныя ад загару.
– Добрага вам ранку, мiстэр Томас, - павiтаўся Цiмацi.
– Добрага, - раздражнёна буркнуў той.
Цiмацi сказаў:
– Гэта Том Джоўд. Можа, вы знойдзеце магчымасць узяць яго на працу?
Гаспадар сярдзiта глянуў на Тома i раптам рагатнуў, але бровы ў яго так i засталiся насупленымi.
– О, вядома, вядома. Я яго вазьму. Я ўсiх, каго хочаце, вазьму. Можа, i цэлую сотню вазьму.
– Мы проста думалi...
– прабачлiвым тонам пачаў быў Цiмацi.
Томас перабiў яго:
– Ага, i я таксама думаў.
– Ён крута павярнуўся тварам да iх.
– Мне трэба з вамi пагаварыць. Я плачу вам трыццаць у гадзiну, так?
– Так, мiстэр Томас... але мы...
– I за трыццаць цэнтаў вы робiце, што мне трэба.
– Томас пераплёў пальцы сваiх вялiкiх агрубелых рук.
– Мы стараемся добра працаваць.
– Ну дык вось, хопiць. З сённяшняга дня я плачу вам дваццаць пяць у гадзiну, хочаце - заставайцеся, не хочаце - iдзiце.
– Чырвань на яго твары пацямнела ад гневу.
Цiмацi сказаў:
– Мы добра працавалi. Вы самi казалi.
– Казаў. Але цяпер усё так павярнулася, што, здаецца, я не магу наймаць людзей.
– Томас глынуў слiну.
– Вось слухайце. У мяне шэсцьдзесят пяць акраў зямлi. Пра Асацыяцыю фермераў вы калi-небудзь чулi?
– Ну, вядома, чулi.
– Дык вось, я ў яе ўваходжу. Учора вечарам у нас быў сход. А хто верхаводзiць у Асацыяцыi, ведаеце? Зараз скажу. Заходнi банк. Банку гэтаму належыць ледзь не ўся наша далiна, а што не яго, на тое ён мае вэксалi па пазыках. I ўчора адзiн банкаўскi прадстаўнiк сказаў мне: "Вы плацiце трыццаць цэнтаў у гадзiну. Давядзецца вам збавiць да дваццацi пяцi". Я кажу яму: "У мяне добрыя работнiкi. Такiм не шкада i трыццаць даць". А ён мне: "Не ў гэтым справа. Цяпер устаноўлена плата дваццаць пяць цэнтаў. Калi будзеце плацiць трыццаць, узнiкне незадавальненне. I дарэчы, кажа, вам, напэўна ж, зноў спатрэбiцца пазыка ў наступным годзе пад новы ўраджай, цi ж не так?" - Томас замаўчаў. Ён цяжка i хрыпла дыхаў.
– Цяпер ясна? Стаўка - дваццаць пяць цэнтаў - i за гэта дзякуй скажыце.
– Мы старанна працавалi, - разгублена прамовiў Цiмацi.
– Да вас яшчэ не дайшло? Пан Банк наймае дзве тысячы чалавек, а я ўсяго толькi вас траiх. У мяне даўгавыя абавязацельствы. Вось i паварушыце мазгамi. Калi знойдзеце выйсце, я, бог сведка, пярэчыць не буду. Яны мяне ў кут загналi.
Цiмацi пакруцiў галавой:
– Не ведаю, што i казаць.
– Хвiлiнку пачакайце.
– Томас шпарка падняўся на ганак. За iм з грукатам зачынiлiся дзверы. Праз момант ён вярнуўся з газетай у руцэ.
– Вось, бачылi? Я вам прачытаю. "Грамадзяне, абураныя дзейнасцю чырвоных агiтатараў, спалiлi перасяленчы лагер. Мiнулай ноччу група грамадзян, выведзеная з цярпення агiтацыяй, якая праводзiлася ў мясцовым лагеры перасяленцаў, спалiла датла палаткi i запатрабавала ад агiтатараў пакiнуць нашу акругу".
Том пачаў быў:
– Ага, я...
– i раптам асекся i сцiснуў губы.
Томас акуратна склаў газету i засунуў яе ў кiшэню. Ён ужо авалодаў сабой. Спакойна сказаў:
– Людзей гэтых паслала туды Асацыяцыя. Вось я iх i выдаў. I калi там даведаюцца, што я вам сказаў, дык у наступным годзе фермы ў мяне ўжо не будзе.
– Проста розуму не дабяру, што сказаць, - паўтарыў Цiмацi.
– Калi там на самай справе былi агiтатары, тады зразумела, чаму ў Асацыяцыi так раз'юшылiся.
Томас сказаў:
– Я даўно да ўсяго гэтага прыглядаюся. Перад кожным знiжэннем платы абавязкова паяўляюцца чырвоныя агiтатары. Абавязкова. Каб на iх чорт, яны завабiлi мяне ў пастку. Дык як, што вы вырашылi? Дваццаць пяць цэнтаў?
Цiмацi апусцiў вочы долу.
– Я згодзен, - вымавiў ён.
– I я, - сказаў Уiлкi.
Том сказаў:
– Ну, здаецца, мне пашанцавала як на першы раз. Канешне, я таксама буду працаваць у вас. Мне адмаўляцца нельга.
Томас выцягнуў з задняй кiшэнi штаноў стракатую шаўковую насоўку i выцер ёю губы i падбародак.
– Проста не ведаю, колькi яшчэ так будзе далей. I як вы толькi ўхiтраецеся сям'ю пракармiць на такiя грошы, не магу зразумець.
– Пакуль працуем - кормiмся, - сказаў Уiлкi.
– А вось як работы няма...
Томас глянуў на свой наручны гадзiннiк.
– Ну хадзем, выкапаем канаву. А бог з iм, - раптам сказаў ён рашуча, - так i быць, скажу. Вы жывяце ва ўрадавым лагеры, так?
Цiмацi насцярожыўся.
– Так, сэр.
– I кожны суботнi вечар у вас там танцы?
Уiлкi ўсмiхнуўся: