Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Эла ўставiла:
– Кажа: "Сюды зараз шмат не ўлезе".
– Эла стойка вытрымала суровы позiрк Джэсi.
Джэсi расказвала далей:
– У нас вечныя непрыемнасцi з туалетнай паперай. Па нашых правiлах, выносiць яе адсюль не дазваляецца.
– Яна гучна прыцмокнула языком.
– На туалетную паперу скiдаецца ўвесь лагер.
– Памаўчаўшы момант, яна паведамiла: Блок нумар чатыры пераводзiць паперы больш за ўсiх. Яе, пэўна, нехта крадзе. Пра гэта на агульным сходзе жанчын гаварылi: "У жаночым аддзяленнi блока нумар чатыры пераводзяць занадта шмат паперы". I гэта пры ўсiх!
Мацi слухала стаiўшы дыханне.
– Крадуць паперу?.. Нашто?
– Ну, такiя непрыемнасцi здаралiся i раней, - сказала Джэсi.
– Апошнi раз яе ўзялi тры дзяўчынкi, каб выразаць з яе папяровыя лялькi. Што ж, мы iх злавiлi. Але куды прападае папера цяпер, невядома. Не паспееш павесiць рулон, а ўжо нiчога няма. Пра гэта на сходзе гаварылi. Адна жанчына прапанавала правесцi званок, каб ён званiў кожны раз, як крутнецца рулон. Тады можна было б прасачыць, хто колькi бярэ.
– Джэсi пакруцiла галавой: - Проста не ведаю, як быць. Увесь тыдзень мне гэта спакою не дае. У блоку нумар чатыры нехта ўвесь час крадзе паперу.
З парога пачуўся жаласны голас:
– Мiсiс Булiт!..
– Члены камiсii павярнулi ў той бок галовы.
– Мiсiс Булiт, я ўсё чула, што вы тут гаварылi.
– У дзвярах стаяла жанчына, уся чырвоная i спатнелая.
– На сходзе я не адважылася прызнацца, мiсiс Булiт. Ну не магла. Абсмяялi б цi яшчэ што.
– Пра што гэта вы?
– Джэсi пайшла да яе.
– Ну, можа... мы... усё гэта мы... Але ж мы не крадзём, мiсiс Булiт. Джэсi падступала да яе ўсё блiжэй, i твар усхваляванай жанчыны, якая прызналася ў сваёй вiне, цяпер усыпалi буйныя кроплi поту.
– А што нам было рабiць, мiсiс Булiт?
– Скажыце толкам, у чым справа, - патрабавала Джэсi.
– Наш блок абняславiўся праз гэту туалетную паперу.
– Цэлы тыдзень, мiсiс Булiт. Цэлы тыдзень мы не ведаем, што з гэтым рабiць. А ў мяне, вы ж ведаеце, пяць дачок.
– Дык што ж яны з паперай робяць?
– грозна запыталася Джэсi.
– Толькi карыстаюцца ёю. Слова гонару, толькi карыстаюцца.
– Як жа яны могуць! Чатырох-пяцi кавалкаў зусiм дастаткова за дзень. Што з iмi такое?
Жанчына прамямлiла:
– Панос. Ва ўсiх пяцi. Мы амаль зусiм без грошай. Яны наелiся няспелага вiнаграду. У iх страшэнны панос. Кожныя дзесяць хвiлiн бегаюць.
– I заступiлася за сваiх дачок:- Але паперу яны не крадуць.
Джэсi перавяла дух.
– Дык трэба было адразу нам сказаць. Проста вы абавязаны былi сказаць. Праз ваша маўчанне ганьба лягла на блок нумар чатыры. А панос можа быць у кожнага.
Жанчына жаласна заныла:
– Не слухаюцца - ядуць яшчэ зялёны вiнаград. А панос з дня на дзень робiцца ўсё мацнейшы.
Эла Самерс выпалiла:
– Медпункт. Ёй трэба звярнуцца ў медпункт.
– Эла Самерс, - прамовiла Джэсi, - я вам апошнi раз нагадваю - вы не старшыня.
– Яна зноў павярнулася да маленькай разгубленай жанчыны: - У вас грошай няма, мiсiс Джойс?
Жанчына засаромлена апусцiла вочы:
– Няма. Але мы, магчыма, хутка знойдзем працу.
– Чаго вы галаву апусцiлi? Нiчога процiзаконнага тут няма, - супакойвала яе Джэсi.
– Збегайце ў Уiдпэтчскую краму i вазьмiце сабе прадуктаў. Лагер мае там крэдыт на дваццаць даляраў. Можаце ўзяць на пяць. А калi атрымаеце працу, вернеце доўг у цэнтральную камiсiю. Вам гэта было вядома, - строга прамовiла яна.
– Як жа вы давялi да таго, што дочкi вашы галадаюць?
– Дабрачыннасцю мы нiколi не карысталiся, - адказала мiсiс Джойс.
– Гэта не дабрачыннасць, вы добра ведаеце, - угневалася Джэсi.
– Ужо не раз было гаворана. У нашым лагеры дабрачыннасцi няма. Мы яе не пацерпiм. Дык збегайце ў краму i вазьмiце сабе прадуктаў, а рахунак прынясiце мне.
Мiсiс Джойс нясмела запыталася:
– А калi так здарыцца, што мы не зможам выплацiць? У нас даўно няма працы.
– Як будзе магчымасць, выплацiце. А не будзе - гэта нi вас, нi нас не датычыцца. Адзiн чалавек паехаў з лагера, а праз два месяцы грошы прыслаў. Вы не маеце права дапускаць, каб вашы дзяўчаткi галадалi ў нас у лагеры.
Мiсiс Джойс спалохана пазiрала на Джэсi.
– Слухаю, мэм, - вымавiла яна.
– Абавязкова вазьмiце iм сыру ў краме, - загадала Джэсi.
– Гэта добра ад паносу.
– Слухаю, мэм.
– I мiсiс Джойс шмыгнула за дзверы.
Джэсi разгневана павярнулася да членаў камiсii:
– Яна не мае права так фанабэрыцца. I перад кiм? Перад сваiмi людзьмi.
Энi Лiтлфiлд сказала:
– Яна тут нядаўна. Можа, проста не ведала. Можа, раней ёй даводзiлася карыстацца дабрачыннасцю раз цi два. I не затыкайце мне, калi ласка, рот, Джэсi. Я маю права гаварыць.
– Энi зрабiла паўпавароту да мацi.
– Калi чалавек адчуў на сабе, што такое дабрачыннасць, гэта як кляймо застанецца на iм на ўсё жыццё. Наша дапамога не дабрачыннасць, а ўсё-такi яе нiколi не забудзеш. Ручаюся, Джэсi не паспытала гэтага на сабе.
– Не, - пацвердзiла Джэсi.
– А мне давялося, - гаварыла Энi.
– Мiнулай зiмой. Мы пакутавалi ад голаду - я, муж мой i малыя. А тады заладзiлi дажджы. Нехта нам параiў звярнуцца да Армii выратавання.
– Вочы ў Энi загарэлiся лютасцю.
– Мы галадалi... а яны прымусiлi нас поўзаць перад iмi дзеля абеду. Яны прынiзiлi нас. Яны... Ненавiджу iх! Можа, i мiсiс Джойс карысталася дабрачыннасцю. Можа, яна не ведала, што ў нас тут зусiм не тое. У нашым лагеры, мiсiс Джоўд, мы нiкому не дазволiм займацца дабрачыннасцю. Не дазволiм, каб хто-небудзь дапамагаў другому. Можна аддаваць адмiнiстрацыi лагера, а яна ўжо раздасць каму трэба. А дабрачыннасцi мы не дапусцiм!
– Голас у Энi зрываўся ад шаленства.
– Ненавiджу iх!
– паўтарыла яна.
– Я нiколi не бачыла свайго мужа прыбiтым, а гэтыя... гэтыя з Армii выратавання дамаглiся свайго.
Джэсi кiўнула галавой.
– Я чула пра такое, - цiха прамовiла яна.
– Людзi расказвалi... Ну, павядзём мiсiс Джоўд далей.
Мацi сказала:
– Як тут усё добра.
– Пойдзем у швейную, - прапанавала Энi.
– У iх там дзве машыны. Яны i коўдры прашываюць, i сукенкi шыюць. Вам, напэўна, самой захочацца там папрацаваць.
Як толькi да мацi прыйшла камiсiя, Руцi i Ўiнфiлд непрыкметна рэцiравалiся далей ад вачэй дарослых.
– Можа, лепш пайсцi з iмi, паслухаць?
– сказаў Уiнфiлд.
Руцi схапiла яго за локаць:
– Ну не! Нас праз гэтых сволачаў вымылi. З iмi я не пайду.
Уiнфiлд сказаў:
– Ты на мяне нагаварыла пра прыбiральню. А я нагавару, як ты абазвала гэтых цётак.
Па твары Руцi прабег цень страху:
– Не трэба. Я ведала, што ты не зламаў, таму i нагаварыла.
– Нiчога ты не ведала, - адрэзаў Уiнфiлд.
Руцi сказала:
– Давай паглядзiм усё, што ёсць тут.
– Яны пайшлi ўздоўж палатак i, бянтэжлiва азiраючыся, заглядалi ў кожную. У канцы праходу на роўным месцы была расчышчана пляцоўка для кракета. З паўтузiна дзяцей былi сур'ёзна занятыя гульнёй. На ўслончыку каля крайняй палаткi сядзела пажылая жанчына i сачыла за iмi. Руцi з Уiнфiлдам прыпусцiлi трушком.