ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– А як жа.

– Дык вось што. У наступную суботу будзьце асцярожныя.

Цiмацi раптам ускiнуў галаву i падступiў блiжэй да Томаса.

– Што вы маеце на ўвазе? Я член цэнтральнай камiсii. Я павiнен ведаць.

Томас паглядзеў на яго з асцярогай.

– Нiкому не кажыце, што ад мяне даведалiся.

– А што такое?

– У Асацыяцыi цярпець не могуць гэтых урадавых лагераў. Шэрыфавых падручных туды не пашлеш. Там, я чуў, людзi самi сабе законы пiшуць, i без ордэра нiкога нельга арыштаваць. Дык вось, калi ў вас распачнецца бойка цi там стралянiна, тады да вас заявяцца шэрыфавы падручныя i ачысцяць лагер ад усiх вас.

Цiмацi раптам неяк перамянiўся. Ён расправiў плечы, вочы ў яго сталi халодныя.

– Вы хочаце сказаць, што...

– Толькi нiкому не расказвайце, што ад мяне чулi, - прамовiў Томас з трывогай у голасе.
– У суботу вечарам у вашым лагеры выбухне бойка. А шэрыфавы агенты будуць напагатове.

Том недаўменна запытаўся:

– Навошта ўсё гэта? Людзi ж нiкому не перашкаджаюць.

– Я скажу табе навошта, - адказаў Томас.
– Людзi ў гэтым лагеры прывыкаюць да чалавечнага абыходжання. А потым трапiць з iх хто ў лагер перасяленцаў, i з iм будзе цяжка справiцца.
– Ён зноў сцёр насоўкай пот з твару.
– Ну iдзiце, працуйце. Далiбог, дагаварылiся мы з вамi да таго, што я без фермы застануся. Але вы мне як людзi падабаецеся.

Цiмацi павярнуўся да яго i падаў яму сваю худую мазолiстую руку, i Томас пацiснуў яе.

– Нiхто не даведаецца, хто нам сказаў. Дзякуй вам ад нас. Бойкi не будзе.

– Бярыцеся за справу, - сказаў Томас.
– I памятайце: дваццаць пяць цэнтаў у гадзiну.

– Папрацуем i за столькi...
– сказаў Уiлкi, - на вас.

Томас пакрочыў да дамка.

– Я праз хвiлiнку таксама прыйду, - сказаў ён.
– А вы бярыцеся за справу.
– Сеткаватыя дзверы зачынiлiся за iм.

Том i Ўолесы мiнулi выбеленую вапнай адрыну i па ўскрайку поля падышлi да доўгай вузкай канавы, уздоўж якой ляжалi секцыi бетоннай трубы.

– Вось тут мы i працуем, - сказаў Уiлкi Тому.

Яго бацька адчынiў адрыну i вынес адтуль дзве кiркi i тры рыдлёўкi. Ён сказаў Тому:

– На, бяры сваю красуню.

Том узважыў кiрку ў руцэ.

– Ого! Якраз мне да пары.

– Пабачым, што ты ў адзiнаццаць гадзiн запяеш, - усмiхнуўся Ўiлкi. Паглядзiм, якая яна табе пара.

Яны падышлi да канца няскончанай канавы. Том зняў пiнжак i кiнуў яго на груду выкапанай зямлi. Ён адсунуў кепку з iлба i ступiў у канаву. Папляваў на далонi. Кiрка ўзляцела ў паветра i апусцiлася, блiснуўшы на сонцы. Том цiха кракнуў. Кiрка ўзвiвалася ўгору i падала, i краканне чулася якраз у той момант, калi лязо ўгрызалася ў зямлю, рассякаючы грунт.

Уiлкi ўсклiкнуў:

– Вось гэта я разумею! Ну i землякоп нам, та, трапiўся! Ён з кiркай, як з роднай.

Том адказаў:

– Я намахаўся ёю, дзе трэба - ух! Так, так, сэр, - ух! Не адзiн год - ух! Прыемна лашчыць далонь - ух!
– Пад яго ўдарамi адколвалася глыба за глыбай. Сонца паднялося ўжо над фруктовымi дрэвамi, i вiнаграднае лiсце адлiвала золатам на лозах. Разрыхлiўшы шэсць футаў канавы, Том ступiў убок i выцер з iлба пот. Яго месца заняў Уiлкi. Рыдлёўка падымалася i апускалася, i груда выкiнутай зямлi абапал канавы расла ў даўжыню.

– Я ўжо нешта чуў пра гэту цэнтральную камiсiю, - сказаў Том.
– Значыць, вы ўваходзiце ў яе?

– Так точна, сэр!
– адказаў Цiмацi.
– На нас ляжыць вялiкая адказнасць. На ўсiх нас. Мы стараемся, як можам, i людзi ў лагеры, як могуць, памагаюць нам. Каб толькi буйныя фермеры не так нам дапякалi. А то спакою не даюць.

Том скочыў у канаву, i Ўiлкi стаў з краю. Том загаварыў:

– А што з гэтай бойкай на танцах - ух! пра якую ён казаў?
– ух! Што яны задумалi?

Цiмацi iшоў следам за Ўiлкi, i яго рыдлёўка скрэбла i падчышчала дно канавы, рыхтуючы яе пад трубу.

– Вiдаць, хочуць выжыць нас з лагера, - гаварыў ён.
– Баяцца, што мы арганiзуемся, думаю. Магчыма, яны маюць рацыю. Лагер наш - гэта i ёсць арганiзацыя. Людзi клапоцяцца самi пра сябе. Струнны аркестр у нас найлепшы ў акрузе. Тым, хто галадае, адкрылi ў краме невялiкi крэдыт. Пяць даляраў - на такую суму можаш узяць харчу, i лагер за цябе ў адказе перад крамнiкам. З уладамi ў нас непрыемнасцей нiякiх не было. Вiдаць, гэта i палохае багатых фермераў. Не могуць засадзiць нас за краты - вось i страшна iм. Яны, пэўна, думаюць: тыя, што могуць самi сабой кiраваць, здольныя i на iншыя справы.

Том адышоўся ад канавы i выцер пот, якi залiваў яму вочы.

– Вы чулi, што напiсана ў газеце пра агiтатараў у лагеры на поўнач ад Бейкерсфiлда?

– Чулi, не глухiя, - адказаў Уiлкi.
– Такое ўжо не першы раз.

– Дык вось, я адтуль. Нiякiх агiтатараў там не было. Людзей, якiх яны называюць чырвонымi. I наогул, што гэта за людзi такiя - чырвоныя?

Цiмацi зрэзаў рыдлёўкай невялiкi грудок на дне канавы. Белае шчацiнне ў ягонай барадзе паблiсквала на сонцы.

– Шмат хто цiкавiцца чырвонымi, - усмiхнуўся Цiмацi.
– I вось адзiн тут у нас дазнаўся.
– Ён прыпляскаў рыдлёўкай насыпаную на край канавы зямлю.
– Ёсць тут у нас такi Гайнс. У яго ледзь не трыццаць тысяч акраў зямлi: персiкi i вiнаград - кансервавы завод i вiнаробня. Дык ад яго толькi i чуеш пра чырвоных: "Гэтыя праклятыя чырвоныя давядуць краiну да пагiбелi" i "Трэба гнаць адсюль гэтых чырвоных вырадкаў". А тут адзiн хлапец, навiчок у нас, аднаго дня слухаў, слухаў, пачухаў патылiцу ды кажа: "Мiстэр Гайнс, я ў гэтых краях нядаўна. Хто яны, тыя праклятыя чырвоныя?" А Гайнс адказвае: "Чырвоны гэта той сукiн сын, якi патрабуе трыццаць цэнтаў у гадзiну, калi мы плацiм дваццаць пяць". Хлопец падумаў, падумаў, зноў паскроб патылiцу i кажа: "Але ж, мiстэр Гайнс, я не сукiн сын, а калi чырвоныя вось такiя... дык я таксама хачу атрымлiваць трыццаць цэнтаў у гадзiну. Кожны хацеў бы. Мы, мiстэр Гайнс, усе чырвоныя, каб на яго лiха".
– Цiмацi падраўнаваў рыдлёўкай дно канавы, i цвёрдая зямля заблiшчала на зрэзе.

Том засмяяўся:

– I я б не ад таго.
– Яго кiрка высока ўзляцела i апусцiлася, i грунт даў трэшчыну. Пот залiваў яму лоб, сцякаў каля носа i паблiскваў кроплямi на шыi.
– А, чорт, - сказаў ён, - кiрка - добрая рэч - ух! калi ты з ёю ў ладах - ух! А прыладзiшся - ух!
– i разам з ёю праца спорыцца - ух!

Яны iшлi адзiн за адным, i канава паступова расла ў даўжыню, а сонца, усё вышэй падымаючыся ў ранiшнiм небе, абдавала iх спёкай.

Калi Том пайшоў, Руцi яшчэ крыху паглядзела праз адчыненыя дзверы ў санiтарны блок. Без Уiнфiлда, перад якiм можна было павыхваляцца, храбрасць яе звяла. Яна ступiла босай нагой на цэментавую падлогу, але праз момант адхапiла нагу назад. З палаткi ў далёкiм канцы праходу выйшла жанчына i пачала распальваць паходную жалезную печку. Руцi зрабiла некалькi крокаў да яе, але свая палатка пацягнула яе назад. Яна цiхенька падкралася да яе i зазiрнула пад брызент. Збоку, проста на зямлi, ляжаў дзядзька Джон, рот у яго быў адкрыты, з горла вырываўся булькатлiвы, захлёбiсты храп. Мацi i бацька спалi, укрытыя коўдрай з галавой, - ад святла. Эл ляжаў у процiлеглым ад дзядзькi Джона баку палаткi, прыкрыўшы вочы сагнутай у локцi рукой. Каля пярэдняй сценкi палаткi ляжалi Ружа Сарона i Ўiнфiлд, а месца побач з Уiнфiлдам было пустое - месца Руцi. Яна прысела на кукiшкi i пачала ўзiрацца. Позiрк яе спынiўся на кудзелiстай галоўцы Ўiнфiлда, i, адчуўшы яго, хлопчык расплюшчыў павекi i глянуў на сястру сур'ёзнымi вачамi. Руцi прыклала палец да вуснаў i паманiла яго рукой. Уiнфiлд пакасiўся на Ружу Сарона. Яе расчырванелы твар быў зусiм побач, яна дыхала, крыху растулiўшы губы. Уiнфiлд асцярожна прыўзняў коўдру i вышмыгнуў з-пад яе. Потым цiхенька вылез з палаткi да Руцi.

– Ты даўно ўстала?
– шэптам запытаўся ён.

Руцi бясшумна, з асцярогай азiраючыся, павяла яго ад палаткi i, калi адышлiся на бяспечную адлегласць, сказала:

– Я i не клалася. Усю ноч на нагах.

– Няпраўда, - сказаў Уiнфiлд.
– Ты манюка.

– Няхай так, - адказала Руцi.
– Толькi калi я манюка, дык нiчога табе не раскажу. Аднаго дзядзьку нажом зарэзалi, а потым прытупаў мядзведзь i звалок дзiцяня. А я табе пра гэта не раскажу.

– Нiякага мядзведзя не было, - няўпэўнена запярэчыў Уiнфiлд. Ён прыгладзiў валасы пальцамi i адцягнуў штаны ў кроку.

– Добра, няхай не было, - з'едлiва сказала Руцi.
– I тых белых гаршчочкаў з таго самага, з чаго пасуду робяць, - памятаеш, у каталогах бачылi?

Уiнфiлд вылупiў на сястру вочы. Ён паказаў рукой на санiтарны блок i запытаўся:

– Там?

– Я ж манюка. Ты ўсё роўна не паверыш, дык я i расказваць не буду.

– Пойдзем паглядзiм.

– Я там ужо была. Пасядзела на iх. Нават папiкала туды.

– А вось i не, - сказаў Уiнфiлд.

Дзецi пайшлi да будынiны, у якой быў санiтарны вузел, i Руцi цяпер ужо нiчога не баялася. Яна смела ўвайшла туды першая. Уздоўж адной сцяны прасторнага памяшкання былi туалеты - адсекi з дзвярамi спераду. Белы фаянс у iх ззяў чысцiнёй. Уздоўж процiлеглай сцяны выстраiлiся ўмывальныя ракавiны з кранамi, а насупраць увахода былi чатыры душавыя кабiнкi.

Поделиться с друзьями: