ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Я сябе дрэнна адчуваю. Хачу, каб Конi прыйшоў. Без яго я рабiць нiчога не буду.

Мацi крута павярнулася да дачкi. Далонi яе i запясцi былi ў жоўтай кукурузнай муцэ.

– Разашарна, - строга сказала яна, - вазьмi сябе ў рукi. Досыць табе хныкаць. Сюды хутка з'явiцца жаночая камiсiя, што ж, мы на iх спадылба глядзець будзем?

– Дык жа ж мне нездаровiцца.

Мацi ступiла да яе, выставiўшы наперад зацярушаныя мукой рукi.

– Iдзi памыйся, - загадала яна.
– Бывае так, што свае хворасцi трэба трымаць пры сабе.

– Мяне нудзiць, - жаласлiва паскардзiлася Ружа Сарона.

Дык адыдзiся ўбок, i няхай вырве. Канешне, цябе будзе нудзiць. Усiх нудзiць. Адыдзiся ўбачок, потым прывядзi сябе ў парадак, ногi памый i туфлi надзень.
– Мацi зноў вярнулася да вогнiшча.
– I косы запляцi, - дадала яна.

На гарачай патэльнi сквiрчэла сала, i тук зашыпеў i пырснуў у бакi, калi мацi апусцiла ў яго цеста з лыжкi. Падлiўку яна згатавала ў кацялку - развяла муку ў растопленым сале, дадала вады, пасалiла i разбоўтала. Кава пачала падымацца ў вялiкай, на галон, бляшанцы, i ад яе пацягнула кававым водарам.

Бацька не спяшаючыся вяртаўся да палаткi, i мацi агледзела яго крытычным вокам. Ён запытаўся:

– Ты кажаш, Том атрымаў працу?

– Так, сэр. Пайшоў, яшчэ як мы спалi. Ану, адчынi гэту скрынку, вазьмi чысты камбiнезон i кашулю. I вось яшчэ што, самой мне зусiм няма часу, дык ты памый вушы Ўiнфiлду i Руцi. Там ёсць гарачая вада. Зробiш? Добра патры iм вушы i шыю. Каб дзеткi ў нас былi свежанькiя i аж блiшчалi.

– Во расшчабяталася, такой цябе я яшчэ нiколi не бачыў, - сказаў бацька.

– Трэба, каб у сям'i быў прыстойны выгляд! У дарозе не было як. А цяпер можна. Свой брудны камбiнезон пакiнь у палатцы, я яго потым памыю.

Бацька пайшоў пад навес i неўзабаве паявiўся ў злiнялым ад мыцця сiнiм камбiнезоне i кашулi. Ён павёў пасумнелых i ўстрывожаных дзяцей да санiтарнага блока.

Мацi крыкнула iм наўздагон:

– Добра патры iм вушы!

Дзядзька Джон паказаўся ў дзвярах мужчынскага аддзялення, вызiрнуў, потым вярнуўся, сеў на ўнiтаз i доўга сядзеў там, падпёршы балючую галаву рукамi.

Мацi зняла з патэльнi румяныя аладкi i толькi паспела апусцiць у гарачае сала некалькi лыжак рэдкага цеста, як на зямлю каля вогнiшча ўпаў нечы цень. Яна азiрнулася цераз плячо. Ззаду стаяў маленькага росту чалавек з худым, загарэлым, зрэзаным маршчынамi тварам i вясёлымi вачамi. Ён быў тонкi, як жэрдка. Яго беленькi чысты пiнжак дзе-нiдзе распоўзся ў швах. Чалавек усмiхнуўся ёй i сказаў:

– Добрай ранiцы.

Мацi глянула на яго белы касцюм, i твар яе падазрона нахмурыўся.

– Добрай, - адказала яна.

– Вы мiсiс Джоўд?

– Я.

– Мяне зваць Джым Роўлi. Я адмiнiстратар лагера. Зайшоў паглядзець, як тут у вас, цi ўсё ў парадку. Вам, можа, што-небудзь трэба?

Мацi недаверлiва разглядала яго.

– Не, - адказала яна.

Роўлi сказаў:

– Калi вы прыехалi, я ўжо спаў. На шчасце, у нас аказалася вольнае месца.
– Голас яго гучаў ветлiва.

Мацi прастадушна адказала:

– Тут усё вельмi добра. Асаблiва там, дзе мыюць бялiзну.

– Пачакайце, хутка жанчыны збяруцца на мыццё. Вось будзе весела! Як на малiтоўным сходзе. Ведаеце, мiсiс Джоўд, што яны ўчора зрабiлi? Хорам заспявалi. Пяюць гiмны i труць бялiзну ў такт. Было што паслухаць, паверце.

З твару мацi паступова сходзiў недавер да гэтага чалавека.

– Вiдаць, сапраўды прыемна было слухаць. Вы тут за начальнiка?

– Не, - адказаў Роўлi.
– Народ тут у нас такi, што пазбавiў мяне неабходнасцi начальстваваць. Падтрымлiваюць чысцiню ў лагеры, глядзяць, каб быў парадак - самi з усiм спраўляюцца. Такiх людзей я зроду не бачыў. У зале, дзе ў нас бываюць сходы, адзежу шыюць, цацкi робяць. Зроду такiх людзей не бачыў.

Мацi паглядзела на сваю нячыстую ўжо сукенку.

– А мы яшчэ ў брудным ходзiм, - сказала яна.
– Цяжка сачыць за сабой у дарозе.

– Хiба я не ведаю?
– сказаў адмiнiстратар лагера i пацягнуў носам. Скажыце... гэта ў вас кава так смачна пахне?

Мацi ўсмiхнулася:

– Праўда, смачна? На паветры заўсёды ўсё лепш пахне.
– I з пачуццём уласнай годнасцi прамовiла: - Мы палiчым за гонар, калi вы паснедаеце з намi.

Ён падышоў да вогнiшча, апусцiўся на кукiшкi i гэтым канчаткова абяззброiў мацi.

– Нам такi госць вялiкая пачэснасць, - сказала яна.
– Снеданне ў нас, праўда, не надта каб, але сардэчна запрашаем.

Карантыш усмiхнуўся:

– Я паснедаў ужо, дзякуй. Але ад кубачка кавы не адмоўлюся. Цудоўны пах.

– Ага, ага, калi ласка.

– Вы толькi не ўвiхайцеся так праз мяне.

Мацi налiла ў алавянны кубак кавы з вялiкай кансервавай бляшанкi i сказала:

– Цукру мы яшчэ не дасталi. Сёння, можа, купiм. Калi вы п'яце з цукрам, вам будзе нясмачна.

– З цукрам я не п'ю, - сказаў Джым Роўлi.
– Ён толькi смак добрай кавы перабiвае.

– А я люблю крыху з цукрам, - сказала мацi. Яна раптам пiльна паглядзела на яго, каб зразумець, чым ён так лёгка i хутка заваяваў яе прыхiльнасць. Яна шукала разгадкi ў яго на твары i не знаходзiла ў iм нiчога такога, акрамя прыязнасцi. Потым зiрнула на яго белы пiнжак з пасечанымi швамi i зусiм супакоiлася.

Ён папiваў каву з кубка дробнымi глыткамi.

– Жанчыны, напэўна, зойдуць да вас гэтым ранкам.

– Мы яшчэ не прыбралiся, - сказала мацi.
Добра было б, каб яны прыйшлi, калi мы ўжо крышачку спарадкуемся.

– Ну, яны ведаюць, як бывае, - адказаў адмiнiстратар.
– Самi так прыехалi. Не, што вы, камiсii ў нас тут добрыя - усё разумеюць.
– Ён дапiў каву i падняўся на ногi.
– Мне трэба iсцi далей. Калi што вам спатрэбiцца, заходзьце ў кантору. Мяне там заўсёды знойдзеце. Цудоўная кава, дзякуй.
– Ён паставiў свой кубак побач з iншымi на скрыню, памахаў рукой i пайшоў уздоўж палатак. Мацi чула, як ён загаворваў з людзьмi, што сустракалiся яму па дарозе. Яна апусцiла галаву, ледзь стрымлiваючы слёзы.

Бацька падышоў да палаткi, ведучы за сабой дзяцей. У вачах у iх яшчэ стаялi слёзыад перанесеных пакут - бацька няшчадна пацёр iм вушы. Яны iшлi прыцiхлыя i чысценькiя. Скура на асмаленым сонцам носе Ўiнфiлда аблупiлася.

– Вось, - сказаў бацька.
– Разам з брудам саскроб яшчэ i два пласты скуры. Давялося крышачку патузаць iх - нiяк стаяць спакойна не хацелi.

Мацi акiнула дзяцей крытычным позiркам.

– Цяпер на iх i паглядзець прыемна, - прамовiла яна.
– Ешце аладкi з падлiўкай. Трэба паспець яшчэ прыбраць i тут, i ў палатцы.

Поделиться с друзьями: